Палута Бадунова
Палута Бадунова лац. Pałuta Badunova | |
Дата нараджэньня | 7 верасьня 1885 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 29 лістапада 1938 (53 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | палітык |
Сябра ў | Цэнтральная рада беларускіх арганізацыяў, Беларускі настаўніцкі саюз і Народны сакратарыят БНР |
Палу́та (Пелаге́я) Алякса́ндраўна Бадуно́ва (7 верасьня 1885 — 29 лістапада 1938) — беларуская палітык, адна зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сябра Рады і Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі, стаяла на пазыцыях незалежнасьці Беларусі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў мястэчку Навабеліца (цяпер — адзін з раёнаў Гомелю). Бацька, Аляксандар Восіпавіч, арандаваў невялікі маёнтак, што і было асноўным прыбыткам сям’і, у якой гадавалася сямёра дзяцей — два сыны і пяць дачок. Палута скончыла двухклясную навучальню ў Буйнічах каля Магілёву, пасьля якой вытрымала іспыты на годнасьць хатняй настаўніцы расейскай мовы і геаграфіі. Ад 1905 году пачала працаваць у школах Гомельскага павету.
У 1914—1917 гадах вучылася на вышэйшых гісторыка-літаратурных курсах у Петраградзе, дзе і адбылося знаёмства Палуты з асяродкам маладой беларускай інтэлігенцыі. У чэрвені 1917 году была абраная сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. Была дэпутаткай Петраградзкага Савету рабочых і сялянскіх дэпутатаў. З 5 жніўня 1917 году — сябра рэвізійнае камісіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацыяў у Менску. Брала ўдзел у працы І Усебеларускага зьезду.
21 лютага 1918 году ўвайшла ў Народны сакратарыят БНР, заняла пасаду народнага сакратара апекі. Удзельнічала ў адкрыцьці беларускіх дзіцячых прытулкаў і школаў. Старшыня арганізаванага ў Менску 4 траўня 1918 году дабрачыннага беларускага таварыства «Цётка». Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сакратар ЦК партыі. 12 лістапада 1919 году абраная намесьнікам старшыні Народнай Рады БНР.
17 лістапада 1919 году разам зь Язэпам Мамонькам і Вацлавам Ластоўскім была арыштаваная польскімі ўладамі. У красавіку 1920 году, як прадстаўнік БПСР, вяла перамовы з ЦК РКП(б) у Маскве. На зьезьдзе БПСР 25 сьнежня 1920 году ў Менску адстойвала палітычную лінію лавіраваньня ў адносінах да савецкай улады, лічачы магчымай трансфармацыю БССР у сувэрэнную нацыянальную дзяржаву.
Уначы з 16 на 17 лютага 1921 году падчас акцыі па прымусовай «ліквідацыі БПСР» Палута разам зь іншымі сябрамі партыі была арыштаваная бальшавікамі. Ёй, кіраўніцы правай плыні партыі эсэраў, інкрымінавалася сувязь з падпольнымі арганізацыямі ў Віцебскай, Смаленскай, Гомельскай губэрнях, а таксама з арганізацыямі па іншы бок савецка-польскага фронту. Падчас знаходжаньня пад арыштам значна пагоршыўся стан яе здароўя. Нарэшце, 16 жніўня 1921 году яна была вызваленая.
У канцы сьнежня 1922 году нелегальна перайшла польскую мяжу і накіравалася ў Вільню. Недзе празь месяц была арыштаваная польскай жандармэрыяй з мэтай высьвятленьня асобы і вяртаньня ў СССР. Толькі ў жніўні яе вызвалілі з-пад арышту з патрабаваньнем неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы. Але да таго як пакінуць Польшчу, Палута пасьпела сустрэцца і выступіць перад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху ў Вільні, Гданьску, пазьбегнуўшы затрыманьня.
У 1923—1925 гадах жыла ў Празе. Тут паступіла ва Ўкраінскі вышэйшы пэдагагічны інстытут імя М. Драгаманава, але моцна захварэла, і вучоба была перапыненая. Існуе вэрсія, што яе нэрвовае захворваньне магло быць зьвязана з тым, што таварышы па партыі, асабліва Т. Грыб, зь якім ў яе раней было каханьне, прапанавалі адаслаць яе ў ЗША «налажваць выдавецкую справу»[1]. Палута Бадунова трапіла ў клініку, пасьля выхаду зь якой выгладала абсалютна зламаным чалавекам, і нехта зь сяброў паведаміў пра гэта яе сястры ў Менск.
Моцным ударам для Бадуновай стала навіна аб ліквідацыі БПСР, гэтае рашэньне было прынятае зьездам партыі, што адбыўся ў кастрычніку 1924 году ў Менску.
У 1923 годзе ўрад БССР абвясьціў амністыю дзеячам беларускага руху, якія не змагаліся са зброяй у руках. Гэта ўсё суправаджалася палітыкай беларусізацыі, узбуйненьнем тэрыторыі БССР, пераходам да НЭПу. Чарговы раз даверыўшыся бальшавікам, недзе ў сярэдзіне 1925 году пачалі масава вяртацца эмігранты. У студзені 1925 году Палута вярнулася ў СССР. Наступныя пяць гадоў жыла ў сваёй сястры Марыі ў Менску, спрабавала наладзіць супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай культуры.
Першая хваля рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі, што пачалася ў 1930 годзе, Палуту не закранула, магчыма быў улічаны стан яе здароўя. У 1930 годзе вярнулася ў Гомель. Працавала настаўніцай у Навабеліцкай школе, на курсах беларусазнаўства ў Гомелі.
Улетку 1937 году пачалася новая хваля рэпрэсіяў. 3 верасьня 1937 году Палута была арыштаваная. 30 лістапада 1937 году Асобая тройка НКУС БССР вынесла прысуд — 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў. 25 траўня 1938 году прыгавораная да найвышэйшай меры пакараньня. Расстраляная 29 лістапада 1938 году ў Менску.
Рэабілітаваная 21 чэрвеня 1989 году па пастанове Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР па прычыне адсутнасьці складу злачынства.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гомельскія грамадзкія актывісты зьвярнуліся да ўладаў з просьбай пераназваць вуліцу баўгарскага камуніста Дзімітрава, на якой жыла П. Бадунова, у яе гонар. Разам са зваротам было перададзена 200 подпісаў гамельчукоў. У сувязі з гэтым Гомельскі гарвыканкам мае намер правесьці збор зьвестак аб дзейнасьці міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Палуты Бадуновай і разгледзець пытаньне аб пераназваньні ў яе гонар гарадзкой вуліцы. Просьба не была задаволеная.[2]
Фільм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2012 годзе была зьнятая дакумэнтальна-мастацкая стужка пра Палуту Бадунову «Палута Бадунова – успомніць і не забыць», рэжысэр Валеры Мазынскі. Ідэя зрабіць фільм належыць гамельчукам, у прыватнасьці — журналістцы і гісторыку Ларысе Шчыраковай. Яна пачала сама здымаць яго паводле кніжкі Валянціны Лебедзевай, а потым зьвярнуліся да Валерыя Мазынскага. Галоўную ролю выканала гомельская сяброўка Беларускай асацыяцыі журналістаў Ларыса Шчыракова. У кінастужцы таксама зьняліся грамадзкія актывісты з Гомелю.
Чэскі эпізод з жыцьця Палуты здымаўся ў Чэхіі — у сярэдняй Чэхіі, у Мысьліборыцах, у старым замку. Таксама здымкі праходзілі ў Карлавым унівэрсытэце. Прэм’ера фільму адбылася на восеньню 2012 году на тэлеканале «Белсат».[3][4]
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- П. Бадунова. Пасьмертныя ўспаміны. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). † 24. ІІ. 1922 г. // Адраджэньне : часопіс. — 1922. — № 1. — С. 267—271.
- П. Б. Памяці А. Бурбіса. † 29. ІІІ. 1922 г. // Адраджэньне : часопіс. — 1922. — № 1. — С. 272—277.
- Палута Бадунова. Творы. Вільня: Gudų Kultūros Draugija, 2018. Рэдактар і складальнік Уладзіслаў Гарбацкі. ІSBN 978-9955-578-19-2.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Елена Гапова. Любовь как революция или «несмотря на Грамши» Полуты Бодуновой // Травма:пункты. Сборник статей / Ред. и сост. Сергей Ушакин и Елена Трубина. – М.: НЛО, 2009. С. 840—863.
- ^ Іх імёнамі названы вуліцы горада//arche.by
- ^ Валерый Мазынскі здымае фільм пра беларускую «жалезную лэдзі». barysau.by (10 красавіка 2012). Праверана 25 красавіка 2012 г.
- ^ Увосень - прэм’ера фільму пра беларускую жалезную лэдзі Навіны. Белсат (25 красавіка 2012). Праверана 25 красавіка 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Елена Гапова. Любовь как революция или "несмотря на Грамши" Полуты Бодуновой // Травма: пункты. Сборник статей / Ред. и сост. Сергей Ушакин и Елена Трубина. — М.: НЛО, 2009. С. 840-863.
- Валянціна Лебедзева. Пакліканая свабодай: нарыс жыцця і дзейнасці Палуты Бадуновай. — Гомель: На правах рукапісу, 2018. — 80 с. — (БНР 100).
- Валянціна Лебедзева. Пуцявінамі змагання і пакутаў: Палута Бадунова. Мн.: Тэхналогія, 2004. ISBN 985-458-094-6.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палута Бадунова — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 7 верасьня
- Нарадзіліся ў 1885 годзе
- Нарадзіліся ў Гомлі
- Памерлі 29 лістапада
- Памерлі ў 1938 годзе
- Памерлі ў Менску
- Выпускнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Сябры Рады БНР
- Міністры апекі БНР
- Беларускія настаўнікі
- Беларускія пэдагогі
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Расстраляныя беларускія пэдагогі