Бранск
Бранск | |||||
![]() | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 985 | ||||
Былая назва: | Дзябранск | ||||
Краіна: | Расея | ||||
Суб’ект фэдэрацыі: | Бранская вобласьць | ||||
Плошча: | 230 км² | ||||
Вышыня: | 190 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 405 723 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 1764,01 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | 4832 | ||||
Паштовы індэкс: | 241000 | ||||
Нумарны знак: | 32 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°15′ пн. ш. 34°22′ у. д. / 53.25° пн. ш. 34.367° у. д.Каардынаты: 53°15′ пн. ш. 34°22′ у. д. / 53.25° пн. ш. 34.367° у. д. | ||||
Бранск на мапе Расеі ![]() ![]() Бранск | |||||
![]() | |||||
http://bryansk032.ru/ |
Бранск — горад у Расейскай Фэдэрацыі, на абодвух берагах ракі Дзясны пры ўпадзеньні ў яе Болвы і Сьнежаці. Адміністрацыйны цэнтар Бранскай вобласьці. Насельніцтва 405 723 (на 2018 год).
Зьмест
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Бранску
Упершыню горад згадваецца ў Іпацьеўскім летапісы як «Дзебранск» пад 1146 годам[1], пазьней — ува Ўваскрасенскім, Лаўрэнцеўскім, Траецкім летапісах і іншых крыніцах.
Дакладная дата заснаваньня Бранску невядомая, але ўскосныя паказаньні на яе ўтрымоўваюцца ў раньніх рускіх летапісах і адносяцца да канца X стагодзьдзя Археалягічныя дадзеныя, атрыманыя пры раскопках старога гарадзішча на Чашыным кургане ў 1976—1979 гадох, паказваюць на тое, што горад на тэрыторыі цяперашняга Бранску паўстаў у апошняй чвэрці X стагодзьдзя. Зыходзячы з гэтых і іншых зьвестак, умоўным годам заснаваньня Бранску лічаць 985 г.
Пасьля пажару ў гарадзішчы на Чашыным кургане горад быў наноў збудаваны на Пакроўскай гары. Летапісныя крыніцы згадваюць пра места ў 1146 годзе.
Старажытны Бранск уваходзіў у склад Чарнігаўскага княства. Пасьля разбурэньня ў 1239 годзе Чарнігава, Ноўгарада-Северскага і іншых гарадоў княства мангола-татарамі было ўтворанае (у 1246 годзе) удзельнае Бранскае княства, а першым бранскім князем быў Раман Міхайлавіч, затым яго сын Алег. Аднак пасьля пастрыжэньня апошняга ў манахі бранскі і чарнігаўскі стальцы засталіся вакантнымі і Бранск перайшоў пад уладу смаленскіх князёў.
У 1310 годзе бранцы ня вытрымалі нападу татараў, іхны князь Сьвятаслаў быў забіты ў баі, і з тых часоў бранскія князі атрымлівалі дазвол на княжаньне ад Арды. Апошні князь бранскі і смаленскі Васіль атрымаў ярлык на княжаньне ад мангольскіх ханаў у 1356 годзе, але неўзабаве (1360- гады[2]) места было далучанае вялікім князем Альгердам да Вялікага Княства Літоўскага.
Новы князь Дзьмітры Альгердавіч пасьпяхова абараняў Бранск ад спробаў Масковіі падпарадкаваць сабе ўсё Бранскае княства. Між іншым, ён жа істотна дапамог князю Дзьмітрыю маскоўскаму ў час Кулікоўскай бітвы (1380 год), выступіўшы з уласнай харугвай на ягоным баку. Па сьмерці князя Дзьмітрыя (1399 г.) места перайшло да Вітаўта, некаторы час ім кіраваў Ягайла, а пасьля Сьвідрыгайла.
У 1500 годзе Бранск захапіла войска Івана III і далучыла места да Маскоўскай дзяржавы. Напачатку XVI стагодзьдзя пачалася вайна з Рэччу Паспалітай, падчас якой Бранск выступаў як апорны пункт маскоўскіх сілаў. У разгар вайны крымскі хан Мэхмэд I Гірай запатрабаваў ад Васіля III вярнуць горад Рэчы Паспалітай, аднак Васіль не выканаў патрабаваньняў. Шмат гадоў Бранск быў яблыкам разладу паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй. Назва гораду прысутнічала амаль у кожнай мірнай дамове.
У 1607 годзе на Бранск двойчы нападаў Дзьмітры Самазванец II. У першы раз горад быў спалены, каб не дастацца «злодзею», да канца ж году адбудаваны практычна нанова.
Нягледзячы на сталую ваенную пагрозу, Бранск рос, насельніцтва павялічвалася. У 1616 годзе ў горадзе жыло 497 чалавек, а ў 1622 годзе ваявода князь Даўгарукаў адпісваў, што ў горадзе ўжо 1069 здольных насіць зброю.
З XVII стагодзьдзі Бранск апынуўся на ростанях найважнейшых гандлёвых шляхоў, якія зьвязалі Ўкраіну з Масквой, і з гэтага часу пачалося імклівае разьвіцьцё гандлю. Пры Пятры I горад быў наноў ўмацаваны. На Дзясьне заклалі карабельную вэрф, на якой будаваліся караблі Бранскай флятыліі для паходу супраць Турэччыны. У 1783 годзе ў Бранску заснаваны арсэнал для вырабу аблогавай і палявой артылерыі.
У 1709 годзе Бранск увайшоў у склад Кіеўскай губэрні, а ў 1778 годзе атрымаў мескі герб «у чырвоным полі залатая марціра зь дзьвюма пірамідамі бомбаў» і зрабіўся цэнтрам павету Арлоўскай губэрні. У XIX стагодзьдзі Бранск — цэнтар прамысловага раёну: у 70-х гадох узьнікла акцыянэрнае таварыства Бранскага рэйкапракатнага, жалезарабочага і мэханічнага заводаў (у наш час ЗАТ «Вытворчы комплекс «Бранскі машынабудаўнічы завод»).
Паводле Другой Устаўной Граматы ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у сакавіку 1918 году, Бранск абвяшчаўся тэрыторыяй БНР. Але ў склад Гомельскай губэрні, нягледзячы на паведамленьні асобных дасьледнікаў[3], Бранск ніколі не ўваходзіў[4][5].
У 1920—1929 гадох быў цэнтрам Бранскай губэрні. У 1923 годзе географ Аркадзь Смоліч у сваё кнізе «Геаграфія Беларусі» ахарактарызаваў Бранск як беларускае места.[6]
Падчас Вялікай Айчыннай вайны, з 6 кастрычніка 1941 году, Бранск быў акупаваны нямецкімі войскамі. 17 верасьня 1943 году вызвалены савецкімі войскамі, з тых часоў гэта дата адзначаецца як дзень гораду. У лясах Браншчыны быў цэнтар партызанскага руху, дзейнічалі партызанскія атрады колькасьцю каля 60 тысячаў чалавек.
5 ліпеня 1944 году была ўтворана Бранская вобласьць, і Бранск зрабіўся яе адміністрацыйным цэнтрам. У 1956 годзе ў склад Бранску ў якасьці раёну ўлучаны горад-спадарожнік Бежыца.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бранск падзелены на чатыры гарадзкія раёны: Бежыцкі, Валадарскі (улучае мястэчкі Вялікае Поўпіна і Сьнежацкая), Савецкі, Фокінскі (улучае мястэчка Белыя Берагі).
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Насельніцтва Бранску складае 405 723 чалавекі (на 2018 год).
Год | 1897 | 1913 | 1939 | 1959 | 1970 | 1992 | 2002 | 2008 | 2018 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Насельніцтва, тыс. чал. | 23,5[7] | 30,7 | 87,5 | 207,0 | 318,0[8] | 460,5[9] | 431,5 | 413,9 | 405,7 |
Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бранск — буйны прамысловы цэнтар. Асноўныя галіны прамысловасьці — машынабудаваньне, мэталаапрацоўка. Таксама разьвіты хімічная, электратэхнічная і электронная, дрэваапрацоўчая, тэкстыльная, харчовая прамысловасьць. Больш за 1200 прадпрыемстваў выпускаюць:
- цеплавозы, цеплавозныя і карабельныя дызэлі, грузавыя вагоны;
- аўтагрэйдары, асфальтамяшальнікі і іншую дарожную тэхніку;
- сельскагаспадарчую тэхніку;
- будаўнічыя матэрыялы;
- швацкія вырабы;
- і іншую прамысловую прадукцыю.
За 2008 год па прадпрыемствах апрацоўчых вытворчасьцяў аб’ём адгружаных тавараў уласнай вытворчасьці, выкананых працаў і паслуг уласнымі сіламі склаў 38,4 млрд рублёў.
Буйныя прадпрыемствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- «Бранскі машынабудаўнічы завод»;
- «Бежыцкі сталеліцейны завод»;
- «Бранскі аўтамабільны завод»;
- «Бранскі завод колавых цягачоў»;
- «Ірмаш» (дарожна-будаўнічая, землекапальная тэхніка);
- «Брансксельмаш»;
- «Тэрматрон-Завод» (абсталяваньне для чыгунак, пад’ёмна-транспартнае абсталяваньне);
- «Бранскі арсэнал» (дарожна-будаўнічае абсталяваньне);
- «Бранскі эксперыментальны завод па рамонце дызэльных машынаў»;
- «Бранскі хімічны завод ім. А. І. Паддубнага»;
- «Група-Крэмній» (інтэгральныя схемы, паўправадніковыя прыборы);
- «Бранскі электрамэханічны завод»;
- «Бранскпрамбэтон»;
- «Бранская папяровая фабрыка»;
- «Бранскі кардон»;
- «Бранскі камвольны камбінат»;
- «Брансксьпіртпрам»;
- «Бранканфі» (кандытарскія вырабы);
- «Мелькрук» (мука, крупы, макаронныя вырабы, піва, солад);
- «Бранскі малочны камбінат»;
- «Бранскі мясакамбінат».
Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бранск — буйны чыгуначны вузел: праз горад праходзяць лініі на Маскву, Кіеў, Гомель, Смаленск, Арол і Вязьму, па якіх ажыцьцяўляюцца пасажырскія і грузавыя перавозкі.
Разьвязка стратэгічных і міжнародных аўтатрас: М3 (Масква — Кіеў), М13 (Бранск — Кобрынь), А141 (Арол — Рослаў).
Праз Бранск пралягае «нафтаправод Сяброўства», газаправоды Дашава — Масква, Шабелінка — Масква (з адгалінаваньнем на Гомель).
У горадзе разьмешчаны міжнародны аэрапорт «Бранск», чыгуначны вакзал «Бранск I», аўтобусны вакзал і аўтобусная станцыя.
Пасажырскія перавозкі ажыцьцяўляюцца маршрутнымі таксі (больш за 1400 машынаў на 53 маршрутах) тралейбусамі (гл. Бранскі тралейбус), аўтобусамі (33 маршруты), а таксама прыгараднымі электрацягнікамі і аўтаматрысамі.
Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Муніцыпальная сыстэма адукацыі ўлучае 188 адукацыйных установаў:
- 76 агульнаадукацыйных школ (зь іх 2 ліцэі, 9 гімназіяў);
- 98 дашкольных адукацыйных установаў (14 600 выхаванцаў);
- 10 цэнтраў і дамоў творчасьці;
- 2 навучальна-вытворчыя камбінаты ў Бежыцкім і Савецкім раёнах гораду;
- муніцыпальная адукацыйная ўстанова для дзяцей, якія маюць патрэбу ў псыхоляга-пэдагагічнай дапамозе: «Бранскі гарадзкі цэнтар псыхоляга-мэдычна-сацыяльнага суправаджэньня»;
- муніцыпальная адукацыйная ўстанова «Бранскі гарадзкі інфармацыйна-мэтадычны цэнтар у сыстэме дадатковай пэдагагічнай адукацыі (падвышэньня кваліфікацыі)».
Прафэсійную вышэйшую адукацыю ажыцьцяўляюць 5 ВНУ:
- Бранскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт;
- Бранскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя акадэміка І. Г. Пятроўскага;
- Бранская дзяржаўная інжынэрна-тэхналягічная акадэмія;
- Бранская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія
- Бранскі адкрыты інстытут кіраваньня і бізнэсу
Акрамя таго, у Бранску адкрыты філіі 18 ВНУ:
- Маскоўскі пэдагагічны дзяржаўны ўнівэрсытэт;
- Расейскі дзяржаўны сацыяльны ўнівэрсытэт;
- Расейскі дзяржаўны адкрыты тэхнічны ўнівэрсытэт шляхоў зносін;
- Расейскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт;
- Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт фізычнай культуры імя П. Ф. Лесгафта;
- Маскоўскі ўнівэрсытэт Міністэрства ўнутраных справаў Расейскай Фэдэрацыі;
- Расейскі ўнівэрсытэт каапэрацыі;
- Маскоўскі псыхоляга-сацыяльны інстытут;
- Усерасейскі завочны фінансава-эканамічны інстытут;
- Маскоўскі інстытут рэклямы, турызму і шоў-бізнэсу;
- Маскоўскі новы юрыдычны інстытут;
- Міжнародны славянскі інстытут;
- Сучасная гуманітарная акадэмія;
- Маскоўская фінансава-юрыдычная акадэмія;
- Міжнародная акадэмія бізнэсу і кіраваньня;
- Акадэмія права і кіраваньня Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў;
- Арлоўская рэгіянальная акадэмія дзяржаўнай службы.
У горадзе працуе 168 бібліятэк рознай ведамаснай прыналежнасьці. Найбуйнейшая — Бранская абласная навуковая ўнівэрсальная бібліятэка ім. Ф. І. Цютчава.
Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тэатры, кінатэатры, канцэртныя залі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Бранскі абласны дзяржаўны тэатар драмы ім. А. К. Талстога,
- Бранскі абласны тэатар юнага гледача,
- Бранскі абласны тэатар лялек,
- Дзіцячы музычны тэатар «Арфэй».
- Філярмонія (канцэртная заля «Сяброўства»).
- Канцэртная заля Палаца культуры «БМЗ».
- 4 кінатэатры, зь іх 3 муніцыпальныя.
- Цырк на 1945 месцаў.
- Плянэтар.
Музэі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Бранскі Дзяржаўны аб'яднаны краязнаўчы музэй:
- Бранскі краязнаўчы музэй,
- Музэй гісторыі партызанскага руху на Браншчыне (Мэмарыяльны комплекс «Партызанская паляна»),
- Бранскі літаратурны музэй.
- Бранскі абласны мастацкі музэй,
- Музэй братоў Ткачовых.
- Музэй «Бранскі лес» — першы ў Расеі прафэсійны музэй лесу. Згарэў амаль дашчэнту ў ноч на 8 сакавіка 2009 году.
- Парк-музэй ім. А. К. Талстога — дэкаратыўна-паркавы ансамбль драўлянай скульптуры.
- Мэмарыяльны музэй Д. М. Мядзьведзева.
Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сьвята-Пакроўскі сабор[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Месцазнаходжаньне: Савецкі раён, Пакроўская гара.
Збудаваны ў 1626 годзе на сродкі бранскага стольніка Е. Т. Алымава замест старажытнай саборнай драўлянай царквы, якая згадваецца ў дакумэнтах 1603, 1613 гадоў. Архітэктура храма спалучае старажытныя традыцыі стылю XVII ст. Гэта мураваны бясслупны пяцігаловы двухпавярховы храм. Ніжні храм асьвячоны ў гонар сьвяціцеля Аляксія, Мітрапаліта Маскоўскага і «ўсея Русі», цудатворца; верхняя — у гонар Пакрова найсьвяцейшай Багародзіцы. Цікавай асаблівасьцю храма зьяўляецца разьмяшчэньне бакавых частак па баках сьвету. Да 1798 году храм быў саборным (галоўным у горадзе), а пасьля — прыхадзкім. У 1799 годзе была разабрана верхняя шатровая званіца, а пазьней чатыры бакавых часткі і зроблена шырокая двухпавярховая прыбудова з новай званіцай. У 1918 годзе храм быў зачынены, а ў 30-я гады званіца і цэнтральная частка былі разбураныя, і ў будынку храма разьмясьціўся дзяржаўны архіў. Напачатку 70-х гадоў была зроблена рэстаўрацыя царквы з прыстасаваньнем будынка пад Дом народнай творчасьці. У 1991 годзе сабор вернуты вернікам і з 24 траўня 1991 году ў храме праходзяць рэгулярныя набажэнствы.
Горна-Мікольская царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Месцазнаходжаньне: Савецкі раён, Пакроўская гара. 53°14′53″ пн. ш. 34°22′31″ у. д. / 53.248060° пн. ш. 34.375220° у. д.
Збудаваная ў 1751 годзе. У архітэктурных дэталях карнізаў, ліштве вокнаў, кутніх лапатках прасочваюцца старыя традыцыі, узыходныя да XVII ст.
Камяніца купца Аўраамава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Месцазнаходжаньне: Савецкі раён, Пакроўская гара.
Збудаваная ў 1870 годзе.
Сьвенскі манастыр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Месцазнаходжаньне: Савецкі раён, непадалёк ад тэлецэнтру.
Разьмяшчаецца ў маляўнічым месцы на гары правага берага ракі Дзясны. Паводле паданьня ў 1288 годзе вялікі князь чарнігаўскі Раман Міхайлавіч, быўшы ў сваёй вотчыне ў Бранску, асьлеп, а вылечыўся з дапамогай цудатворнага абраза. У памяць пра гэта ён заснаваў на беразе Дзясны, насупраць упадзеньня ў яе рэчкі Сьвінь, Усьпенскі манастыр (немілагучная назва «Сьвінскі» ў першай палове васямнаццатага стагодзьдзя было зьменена на «Сьвенскі»).
Па ўсім пэрымэтры манастыра збудавана сьцяна вышынёй месцамі да 10 м, маюцца байніцы. У наш час яго навакольлі зьяўляюцца месцам правядзеньня штогадовага Сьвенскага кірмаша.
Спаса-Грабаўская царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Храм, спраектаваны ў псэўдарускім стылі, збудаваны ў 1904 годзе. Аўтарам праекту быў бранскі архітэктар-мастак Н. А. Лебедзеў. У 1929 годзе царкву зачынілі, а яе верхнюю частку зруйнавалі. Пазьней усярэдзіне храма разьмяшчаўся морг, затым Дом займальнай навукі і тэхнікі. Прабітыя новыя вокны для першага паверху і дапушчаныя іншыя парушэньні яе архітэктурнага аблічча. З 7 студзеня 1993 году храм ізноў пачаў дзейнічаць.
Курган Неўміручасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Месцазнаходжаньне: Савецкі раён, парк «Салаўі». 53°16′07″ пн. ш. 34°21′51″ у. д. / 53.268619° пн. ш. 34.364191° у. д.
Курган Неўміручасьці — помнік загінулым у барацьбе зь нямецкім нацызмам. Гэта адзін з асноўных помнікаў гораду.
Быў закладзены 11 траўня 1967 году ў гарадзкім парку культуры і адпачынку «Салаўі». Сёньня гэта велічнае збудаваньне, якое вянчае велізарная пяціканцовая зорка.
Сьвятую зямлю з брацкіх магіл у гарадах і сёлах Браншчыны, зь легендарных месцаў гарадоў-герояў, з баўгарскай Шыпкі — знака братэрства славянскіх народаў, прынесьлі да месца закладкі Кургана маці, чые сыны не вярнуліся з вайны, вэтэраны вайны, рэвалюцыі і камсамола, Героі Савецкага Саюзу, кавалеры ордэнаў Славы, кіраўнікі і ўдзельнікі партызанскага руху і падпольлі, ваяры Савецкага Войска, камсамольцы, піянэры, акцябронкі.
Тысячы юнакоў і дзяўчат працавалі на збудаваньні Кургана. Ён уяўляе сабою земляны насып агульным аб’ёмам звыш 20 тысячаў кубічных мэтраў і вышынёй 12 мэтраў.
У падставе Кургана закладзены гарматны ствол з капсулай, у якой утрымоўваецца зварот да нашчадкаў-бранцаў 2017 году: «Дарагія таварышы, сябры, людзі XXI стагодзьдзя!.. Ніколі не забывайце гераічнага мінулага нашага партызанскага краю! Заўсёды памятайце, якім коштам дасталася воля вашым дзядам! Беражыце яе, як зрэнку вока… Мы адпісваем вам самае дарагое, што ёсьць у савецкага чалавека, — гонар сваёй Радзімы! Любіце сваю краіну так, як любілі яе мы, вашы старэйшыя таварышы, аднадумцы, сябры. Прымнажайце магутнасьць Радзімы Саветаў!»
У асновы Кургана прыступкі шырокіх сходаў падводзяць да пляцоўкі, на фасадзе якой надпіс: «У імя міру аддалых жыцьці свае Курган Неўміручасьці збудаваны камсамольцамі і моладзьдзю гораду ў год пяцідзесяцігодзьдзя ВЛКСМ».
Архітэктар — В. Н. Гарадкоў, аўтар пілёна — В. А. Цяплякоў.
Гарады-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Арол, Расея
Паўночнадзьвінск, Расея
Гомель, Беларусь
Магілёў, Беларусь
Чарнігаў, Украіна
Канін, Польшча
Карлава, Баўгарыя
Дупніца, Баўгарыя
Новыя Акмяны, Летува
Добеле, Латвія
Д'ёр, Вугоршчына
Лоўэл, ЗША
Знакамітыя бранцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Аляксандар Перасьвет — герой Кулікоўскай бітвы.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Іпацьцеўскі летапіс. С. 239
- ^ Бранск // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 340
- ^ Бранск-Северскі // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- ^ 90 лет со дня образования Гомельской губернии
- ^ Административно-территориальное деление Беларуси
- ^ Алег Трусаў. Беларуская Атлянтыда: Без бар’ераў. Северскія землі // Радыё Свабода, 19 кастрычніка 2007
- ^ Брянск // Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
- ^ Брянск // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Брянск // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Бранск-Северскі // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Андрэй Катлярчук. Беларусы Бранскага краю. Этнічная гісторыя і сучаснасць // ARCHE, 2-2001 (Народны нумар)
- Brańsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 353
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бранск — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Бранск (Бранск-Северскі) на Radzima.org
- Сайт адміністрацыі Бранскай вобласьці(рас.)
- Сайт Бранскай гарадзкой адміністрацыі(рас.)
- Тэрытарыяльны орган Фэдэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі па Бранскай вобласьці(рас.)
- Бранскі адукацыйны партал(рас.)
- Герб горада(рас.)
- Інтэрактыўная мапа Бранску(рас.)
|