Церахоўка (гарадзкі пасёлак, Добрускі раён)
Церахоўка | |
трансьліт. Cierachoŭka | |
Чыгуначная станцыя | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Добрускі |
Сельсавет: | Церахоўскі |
Вышыня: | 121 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 3044 чал. (2018)[1] |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2333 |
Паштовы індэкс: | 247070 |
СААТА: | 3212857906 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°13′3″ пн. ш. 31°26′57″ у. д. / 52.2175° пн. ш. 31.44917° у. д.Каардынаты: 52°13′3″ пн. ш. 31°26′57″ у. д. / 52.2175° пн. ш. 31.44917° у. д. |
± Церахоўка | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Церахо́ўка[2] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Вуці. Цэнтар сельсавету Добрускага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 3044 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 30 км ад Добрушу. Чыгуначная станцыя на лініі Гомель — Бахмач (Украіна). Аўтамабільныя дарогі зьвязваюць мястэчка з Добрушам, Гомелем, Дабранкай.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім «Церахоўка» ўтварыўся ад імя Церах[3].
Існуюць два паданьні пра паходжаньне назвы паселішча. Паводле першага зь іх, жылі тры браты Церах, Мікалай і Васіль. Церахоўка ўзьнікла на месцы, дзе жыў Церах. Паводле другога паданьня, жыў быў Церах, які языком мянташыць любіў болей, чым працаваць. І жонка яго была гэткая ж. Але дачка ўрадзілася не ў бацькоў, і ёй было крыўдна за іх. Аднойчы вырашыла яна зь сябрам перавыхаваць бацькоў. Яны інсцэнавалі прыход нячысьціка за дачкой, але бацькі адкупіліся абяцаньнем пачаць працаваць. З таго часу зажылі заможна, а людзі прыгаварвалі «Жывуць як Церах зь Церахоўкаю»[4].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Церахоўка ўпершыню ўпамінаецца ў XVIII стагодзьдзі як вёска ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводзтва.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Церахоўка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1776 годзе расейскія ўлады разам з Гомельскім маёнткам падаравалі вёску генэрал-фэльдмаршалу П. Румянцаву. У гэты час у Церахоўцы было 97 двароў. Яна ўваходзіла ў Клімаўскі фальварак Беліцкага павету. У 1834 году вёска перайшла ў валоданьне князя І. Ф. Паскевіча. У 1852 год Церахоўка ўвайшла ў Краснабудзкую воласьць Гомельскага павету.
У 1871 годзе чыгунка злучыла Церахоўку з Гомелем. На 1886 год у вёсцы было 245 двароў, дзейнічала царква, працавалі пачатковая школа і 4 ветракі. У 1896 годзе ў вёсцы збудавалі шпіталь, у якім тады працавалі дзьве мэдычныя сястры і лекар. У той жа час адкрылася пачатковая школа.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Церахоўка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала вёску разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
У 1926 годзе Церахоўка вярнулася ў склад БССР, у Краснабудзкім раёне. У жніўні 1927 году вёска стала цэнтрам раёну. 27 верасьня 1938 году Церахоўка атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
У Другую сусьветную вайну з 23 жніўня 1941 да 27 верасьня 1943 году Церахоўка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 25 сьнежня 1962 году мястэчка ўвайшло ў склад Добрускага раёну.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1788 год — 598 чал.; 1798 год — 877 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1834 год — 1328 чал.; 1886 год — 1571 чал.; 1897 год — 1105 чал.
- XX стагодзьдзе: 1926 год — 1588 чал.; 1939 год — 3,1 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2003 год — 3,2 тыс. чал.[5]; 2006 год — 2,1 тыс. чал.; 2008 год — 2,0 тыс. чал.; 2009 год — 1821 чал.[6] (перапіс); 2016 год — 3128 чал.[7]; 2017 год — 3057 чал.[8]; 2018 год — 3044 чал.[1]
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзейнічаюць царква Сьвятога Арханёла Міхаіла (з 1995 году) і рэлігійная супольнасьць эвангелістаў.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Церахоўцы працуюць сярэдняя школа і цэнтар пазашкольнай работы.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы лёгкай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасьці.
- Завод перапрацоўкі льну
- Хлебазавод
- Пункт мытнага афармленьня
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З Гомелю ў Церахоўку рэгулярна ходзяць аўтобусы і прыгарадныя цягнікі.
Вуліцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьпіс вуліцаў: Беларуская, Вакзальная, Жданава, Чыгуначная, Заводзкая, Залінейная, Камсамольская, Леніна, Лермантава, Мічурына, Кастрычніцкая, Першамайская, Перамогі, Пушкіна, Савецкая, Стэпавая.
Таксама існуюць Мічурына і Савецкі завулкі, Лугавы праезд.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За 27 км ад Церахоўкі знаходзіцца Курган Сяброўства (Манумэнт Сяброўства) — пункт сходу дзяржаўных граніцаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Школа
-
Шпіталь
-
Вадацяжная вежа
-
Студня
-
Царква
-
Кавярня
-
Крама
-
Элеватар
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Леанід Гаўрылкін (1935—1989) — беларускі пісьменьнік, драматург. Сябра Саюзу пісьменнікаў Беларусі.
- Аляксандар Кароткі — бас Вялікага тэатру ў Маскве
- Аляксандар Касьцючэнка (1958—2019) — тэатральны мастак. Сябра Беларускага саюзу мастакоў (2000).
- Леанід Рахленка (1907—1986) — народны артыст СССР, які працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы
- Руся — рок-сьпявачка
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 136.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 373.
- ^ Гомельшчына ў легендах і паданьнях / Складаньне, запіс і апрацоўка А. М. Ненадаўца. — Менск: Беларусь, 2001.
- ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 106.
- ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Гомельшчына ў легендах і паданьнях / Складаньне, запіс і апрацоўка А. М. Ненадаўца. — Менск: Беларусь, 2001. ISBN 985-01-0108-3