Шарсьцін
Шарсьцін лац. Šarścin | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Веткаўскі |
Сельсавет: | Шарсьцінскі |
Насельніцтва: | 446 чал. (2009) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2330 |
СААТА: | 3208876066 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°39′20″ пн. ш. 31°3′34″ у. д. / 52.65556° пн. ш. 31.05944° у. д.Каардынаты: 52°39′20″ пн. ш. 31°3′34″ у. д. / 52.65556° пн. ш. 31.05944° у. д. |
± Шарсьцін |
Шарсьці́н[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Сажы і беразе возера Крывога. Цэнтар сельсавету Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2009 год — 446 чалавек. Знаходзіцца за 18 км на паўночны захад ад Веткі, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Касьцюкоўка (лінія Жлобін — Гомель); палявая дарога злучае вёску з шашой Данілавічы — Ветка.
Шарсьцін — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выяўленыя археолягамі гарадзішча VII—III стагодзьдзяў да н. э. (1 км на паўночны захад ад Шарсьціна, ува ўрочышчы Гарадзішча), селішча культуры верхняга пласта Банцараўшчыны — VI—VIII стагодзьдзяў н. э. і эпохі Русі (0,4 км на паўночны захад ад вёскі), селішча раньняга жалезнага веку (0,5 км на поўнач ад заходняй ускраіны), селішча раньняга жалезнага веку і эпохі Русі (на паўночна-ўсходняй ускраіне) і селішча эпохі нэаліту (0,3 км на ўсход ад вёскі) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню Шарсьцін упамінаецца ў XV стагодзьдзі. У 1471 годзе ён знаходзіўся ў валоданьні Ю. Дранішчы, у 1560 годзе — ротмістра Гомельскага замка К. Ленскага, на гасьцінцы Рагачоў — Гомель.
У 1640-х гады Шарсьцін значыцца ў інвэнтары Гомельскага староства. У 1752 годзе ўпамінаецца ў актах Галоўнага Трыбуналу.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Шарсьцін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губэрні. У 1785 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Дзерналовічаў. У 1797 годзе тут адкрылася гута.
На 1845 год у Шарсьціне было 85 двароў. На 1848 год існавалі аднайменныя мястэчка, 3 фальваркі і 2 вёскі. На 1860 год — 85 двароў, драўляная царква Раства Багародзіцы (у 1865 годзе рамантавалася). На 1881 год — 180 двароў, хлебазапасны магазын, расейская народная вучэльня (у 1889 годзе — 33 навучэнцы). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі аднайменныя мястэчка (15 двароў, школа, прыстань, цагельня, 6 крамаў, карчма), сяло (192 двары, царква, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, 2 ветракі, крупадзёрка, 3 кузьні) і фальварак (6 двароў, капліца, вятрак, кузьня). У 1899 годзе пачаў працаваць броварны завод. На 1909 год — 215 двароў. 23 жніўня 1911 году згарэлі 67 двароў, 36 гумнаў, скарбовая вінная крама і 2 дзіцяці. У 1911 годзе адкрылася пошта.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Шарсьцін занялі войскі Нямецкай імпэрыі[2].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шарсьцін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Шарсьцін вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавету. У гэты час тут было 285 двароў, пошта, хата-чытальня, пачатковая школа, аддзяленьне спажывецкай каапэрацыі, лекарскі пункт. У 1929 годзе працавалі 4 вятракі, 2 кузьні, сталярная і шорная майстэрні. У 1930 годзе пачала працаваць цагельня. На 1940 год у вёсцы было 293 двары.
На 2003 год у Шарсьціне быў 231 двор, на на 2004 — 230. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1860 год — 896 чал.; 1890 год — 727 чал., зь іх 683 праваслаўныя і 44 юдэі[3]; 1897 год — 118 чал. у мястэчку Шарсьціне, 1149 чал. у сяле Шарсьціне і 34 у фальварку Шарсьціне
- XX стагодзьдзе: 1926 год — 1460 чал.; 1959 год — 1240 чал.; 1999 год — 532 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2003 год — 513 чал.[4]; 2004 год — 528 чал.[5]; 2009 год — 446 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Шарсьціне працуюць школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян Шарсьціна складаецца з доўгай простай вуліцы амаль шыротнай арыентацыі, да цэнтру якой з поўдня далучаецца кароткая простая вуліца. Забудова пераважна драўляная сядзібнага тыпу.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сядзібна-паркавы комплекс (XIX ст.)
Каля Шарсьціна захаваліся гарадзішча мілаградзкай культуры і селішчы зарубінецкай і калочынскай культур і раньняга Сярэднявечча.
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Раства Багародзіцы
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 113.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Krzywicki J. Szerstyń // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 905.
- ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 382.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890.
|