Ветка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ветка
трансьліт. Vietka
Краязнаўчы музэй
Краязнаўчы музэй
Coat of Arms of Vietka, Belarus.svg Flag of Vietka, Belarus.svg
Герб Веткі Сьцяг Веткі
Першыя згадкі: 1685
Горад з: 1935
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Веткаўскі
Насельніцтва: 8505 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2330
Паштовы індэкс: 247131
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°34′ пн. ш. 31°11′ у. д. / 52.567° пн. ш. 31.183° у. д. / 52.567; 31.183Каардынаты: 52°34′ пн. ш. 31°11′ у. д. / 52.567° пн. ш. 31.183° у. д. / 52.567; 31.183
Ветка на мапе Беларусі ±
Ветка
Ветка
Ветка
Ветка
Ветка
Ветка
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ве́тка — места ў Беларусі, на рацэ Сажы. Адміністрацыйны цэнтар Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 8505 чалавек[1]. Знаходзіцца за 22 км на паўночны захад ад места Гомель і чыгуначнай станцыі Гомель-Пасажырскі (лінія Жлобін — Церахоўка). Аўтамабільныя дарогі на Гомель, Добруш, Чачэрск; рачная прыстань.

Ветка — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), колішні цэнтар расейскіх старавераў у Вялікім Княстве Літоўскім.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім «Ветка» ўтварыўся, відаць, ад імя невялікай выспы на рацэ Сож. Назву зьвязваюць з асновай «вець», якую можна супаставіць зь беларускім словам паветка[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выяўленыя археолягамі селішча 3-й чвэрці 1-га тысячагодзьдзя н. э. (на могілках), паселішча позьняга сярэднявечча (3 км на поўнач ад Веткі, ува ўрочышчы Цялячае) і селішча (2 км на паўночны захад ад ад сучаснага места, на першай надабалонаванй тэрасе ракі Сож, ува ўрочышчы Селішча) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці. Першы пісьмовы ўпамін пра Ветку датуецца 1685 годам[3] (паводле іншых зьвестак у 1682 годзе[4]), калі тут, на землях Халецкіх, зьявілася слабада. Жыхарамі мясьціны былі стараверы з Маскоўскай дзяржавы, якія ратаваліся ад інквізыцыі, учыненай Маскоўскім патрыярхатам. Перасяленцы атрымалі грамату караля і вялікага князя, якая гарантавала ім рэлігійную незалежнасьць і падатковыя палёгкі.

У 1695 годзе ў Ветцы асьвяцілі першую на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага стараабрадніцкую царкву Покрыва Багародзіцы, пачалі будавацца стараабрадніцкія манастыры. У канцы XVII—XVIII стагодзьдзі сфармаваліся мясцовыя асаблівасьці іканапісу і афармленьня рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа разьбярства. У гэты час Ветка стала буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам[3]. У 1733 годзе тут разьмясьцілася рэзыдэнцыя япіскапа Эпіфанія, што спрыяла яе аўтарытэту сярод расейскіх раскольнікаў.

У 1735 годзе карныя расейскія войскі перайшлі граніцу Вялікага Княства Літоўскага і зруйнавалі Ветку разам з навакольнымі слабодамі, каля 14 тысячаў чалавек прымусова вывезьлі ў Сыбір[3]. У 1758 годзе аднавілі сваю дзейнасьць тутэйшая Пакроўская царква і стараабрадніцкі манастыр. У 1764 годзе расейскія карныя войскі зноў зьнішчылі Ветку і 15 навакольных слабодаў (вывезьлі ў Сыбір да 20 тыс. старавераў), у выніку гэтага «другога выгнаньня» паселішча назаўсёды страціла сваё значэньне як цэнтар расколу[3], аднак захавала ў стараверстве гістарычны і культурны аўтарытэт. У 2-й палове 18 стагодзьдзя Ветка ператварылася ў гандлёва-прамысловае мястэчка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шляхецкая сядзіба

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ветка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, з 1784 году ў Беліцкім павеце Магілёўскай губэрні (з 1852 году ў Гомельскім павеце). У 1834—1840 гадах тут збудавалі Праабражэнскую царкву. Асноўная частка зямель знаходзілася ў валоданьні адстаўнога генэрал-маёра В. Шлейфэра, пазьней — Станевічаў. Да 1840 году ў Ветцы працавала суконная фабрыка купца Алазарава. У 1860 годзе з прыстані адыйшло 36 суднаў з рознымі таварамі і 69 лясных плытоў. Было разгружана 47 суднаў. 3 поўдня прыбывалі збожжа, соль і іншыя тавары, а ў Хэрсонскі порт кіраваліся розныя пароды драўніны, канаты, якары. Актыўна дзейнічалі прыстань і пераправа праз Сож. На местачковай вэрфі, заснаванай у 1840 годзе, будавалі рачныя караблі (бярлінцы). Штогод праводзіліся 2 кірмашы (Сырны і Спасаўскі). У Ветцы праводзіўся продаж Крымскай солі, якая дастаўлялася Дняпром і Сажом і давала вялікія прыбыткі. 3 1853 году працавалі 2 майстэрні апрацоўкі скуры. Узоры апрацаванай тут скуры экспанаваліся ў Магілёўскім губэрнскім музэі. У 1864—1874 гадах працавалі 3 крупарушкі, у 1870—1880 гадах — 6 невялікіх канатных прадпрыемстваў. 11 траўня 1865 году пажар зьнішчыў 98 двароў.

У 1868 годзе ў Ветцы адкрылася жаночая народная вучэльня, у 1874 годзе — мужчынская народная вучэльня. На 1880 год у мястэчку было 994 драўляных і 11 мураваных будынкаў, 4 мураваныя і 120 драўляных крамаў, 6 ветракоў, канатны і скураны заводы; заможныя купцы мелі ўласныя параходы. На 1885 год — 11 мураваных і 994 драўляныя будынкі. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 1169 жылых будынкаў, царква, капліца, стараверскі і юдэйскія малітоўныя дамы, мужчынская і жаночая народныя вучэльні, прыёмны пакой, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, 2 прыстані, хлебазапасны магазын, 8 млыноў, 12 кузьняў, 2 цагельныя і 6 канатных заводаў, 3 гарбарныя майстэрні, 5 крупарушак, 245 крамаў, у тым ліку кнігарня, бібліятэка, 5 корчмаў. Побач быў аднайменны фальварак з цагельняй. 3 1908 году дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. На 1909 год — 15 мураваных і 1752 драўляныя (зь іх 980 жылых) будынкаў, 2327 дзесяціны зямлі, школа, вінная крама, млын, хлебазапасны магазын, мэдычны прыёмны пакой, праваслаўная і стараверская цэрквы, юдэйскі малітоўны дом. У 1910 годзе адкрылася лякарня на 15 ложкаў. У Першую сусьветную вайну з пачатку 1918 да 2 сьнежня 1918 году мястэчка займалі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ветка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Ветку вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну. 20 траўня 1931 году пачала выходзіць раённая газэта. У гэты час у мястэчку працавалі вінзавод, торфараспрацоўчая і трыкатажная арцелі, цагельня, абутковая, кравецкая, шавецкая, канатная, дрэваапрацоўчая майстэрні, машынна-трактарная станцыя (з 1934 году), крухмала-патачны завод, маслазавод, нафтавы млын. У 1931 годзе ў Ветцы заснавалі ткацкую арцель, у 1938 годзе — панчошна-трыкатажную фабрыку. 15 ліпеня 1935 году паселішча атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну з 18 жніўня 1941 да 28 верасьня 1943 году Ветка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1978 годзе ў Ветцы заснавалі музэй народнай творчасьці, які адкрыўся для наведвальнікаў у лістападзе 1987 году. Да верасьня 2009 году ў Ветцы працавала ААТ «Веткаўская ткацкая фабрыка», пасьля яно было далучанае да ААТ «Рэчыцкі тэкстыль» у якасьці вытворчага цэху[5]. Да лютага 2012 году ў горадзе працавала КУП «Веткаўскі малочны завод», якое пасьля было далучана да Рагачоўскага малчнакансэрвавага камбінату[6].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэльеф раўнінна-ўзгоркавы, на ўсходняй ускраіне рака Сож (прыток ракі Дняпро), на поўначы мяжуе зь лесам.

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджаньня тут праводзілася дэзактывацыя, частку жыхароў перасялілі ў чыстыя месцы.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1764 год — 20 тыс. чал.[7]
  • XIX стагодзьдзе: 1826 год — 2057 чал.; 1860 год — 4180 чал., у тым ліку 579 праваслаўных, 1953 стараверы, 1633 юдэяў[8]; 1874 год — 7,2 тыс. чал.; 1880 год — 5982 чал., у тым ліку 1310 праваслаўных, 12 каталікоў, 2111 старавераў, 2548 юдэяў.[8]; 1897 год — 7134 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 10 340 чал.; 1926 год — 5,9 тыс. чал.[9]; 1939 год — 6 тыс. чал.; 1968 год — 6,2 тыс. чал.[10]; 1991 год — 9,6 тыс. чал.; 1995 год — 6,3 тыс. чал.[11]; 1999 год — 7,7 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 7,8 тыс. чал.[12]; 2006 год — 8,1 тыс. чал.; 2008 год — 8,1 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 8,2 тыс. чал.; 2009 год — 7927 чал.[13] (перапіс); 2016 год — 8340 чал.[14]; 2017 год — 8394 чал.[15]; 2018 год — 8505 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Ветцы працуюць 2 сярэдняя і музычная школы, 4 дашкольныя ўстановы.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, 4 бібліятэкі, клюб.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле генэральнага пляну Веткі, распрацаванага ў 1974 годзе, цэнтар места забудоўваецца 2—5-павярховымі дамамі. Пераважае 1-павярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, адметная багатым разьбяным ўпрыгожваньнем фасадаў. Уздоўж Сажа ўтварылася паркавая зона.

Плян складаецца з 4 паралельных паміж сабой вуліцаў мэрыдыянальнай арыентацыі, уздоўж ракі Сож і яе абалоны, злучаных завулкамі. Другую частку забудовы складаюць 5 вуліцаў шыротнай арыентацыі, злучаных завулкамі. На ўсход ад цэнтральнага пляцу месьцяцца кароткія мэрыдыянальныя вуліцы. Грамадзкі цэнтар — пляц, дзе разьмяшчаюцца адміністрацыйныя і гандлёвыя будынкі.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Леніна вуліца Спаская вуліца
Першамайская вуліца Манастырская вуліца
Пралетарская вуліца Сярэдняя вуліца[16]

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы лёгкай, харчовай прамысловасьці, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Веткаўскі музэй народнай творчасьці, дзе захоўваюцца ўнікальныя старадрукі XVI—XVIII стст., рукапісы пач. XVI — пач. XX стст., абразы XVII — пач. XX стст., узоры разьбы па дрэве, шыцьцё золатам, пэрлінамі, мастацкае ткацтва, народныя строі і інш.

Ветка — цэнтар мастацкага рамяства (разьбярства па дрэве)[18].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гістарычная забудова (кан. ХІХ — пач. ХХ стст.; фрагмэнты)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква Покрыва Багародзіцы (XVII ст.; стараверская)
  • Царква і манастыр Багародзіцы (XVII ст.; стараверскія)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У 1772 годзе ў Ветцы 15 тыдняў хаваўся Емяльян Пугачоў[3], кіраўнік сялянскага паўстаньня 1773—1775 гадоў у Расеі; тут яму далі імя цар Пётар III
  • У вёсцы Моталь Янаўскага раёну існуе завулак Веткаўскі, названы ў гонар места Ветка

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Менск: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 50.
  3. ^ а б в г д Асіпкова М. Ветка // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 405.
  4. ^ Лявонцьева С. Ветка // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 254.
  5. ^ Информация об открытом акционерном обществе «Речицкий текстиль»(рас.). Государственный комитет по имуществу Республики Беларусь. Архіўная копія ад 25 кастрычніка 2011 г.
  6. ^ О предприятии(рас.). ОАО Рогачевский молочноконсервный комбинат. Архіўная копія ад 19 лютага 2015 г.
  7. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  8. ^ а б Krzywicki J. Wietka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 428.
  9. ^ Лявонцьева С. Ветка // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 255.
  10. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  11. ^ БЭ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 121.
  12. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.
  13. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Гомельщина. — Минск, 2010.
  17. ^ БИЗНЕС-КАТАЛОГ. Белорусский государственный концерн по производству и реализации товаров легкой промышленности (10 сакавіка 2015). Архіўная копія ад 12 верасьня 2015 г.
  18. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Менск, 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Веткасховішча мультымэдыйных матэрыялаў