Стоўпцы
| Стоўпцы лац. Stoŭpcy | |||||
| Населены пункт | |||||
У цэнтры места | |||||
| |||||
| Краіна | Беларусь | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Вобласьць | Менская | ||||
| Раён | Стаўпецкі | ||||
| Дата заснаваньня | 20 чэрвеня 1593[1] | ||||
| Магдэбурскае права | 1729 | ||||
| Геаграфія | |||||
| Вышыня НУМ | 164 м[2] | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 53°29′ пн. ш. 26°44′ у. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 16 946 чал. (2018)[3] | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | +375 1717 | ||||
| Паштовы індэкс | 222660 | ||||
| СААТА | 6254501000 | ||||
| Нумарны знак | 5 | ||||
| Сайт | stolbtsy.gov.by | ||||
| Стоўпцы на мапе Беларусі ± Стоўпцы | |||||
Сто́ўпцы — места ў Беларусі, на правым беразе Нёману. Адміністрацыйны цэнтар Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 16 946 чалавек[3]. Знаходзяцца за 78 км на паўднёвы захад ад Менску. Чыгуначная станцыя на лініі Менск — Берасьце; каля магістралі Менск — Берасьце, вузел аўтамабільных дарог на Мір, Івянец, Нясьвіж, Рубяжэвічы.
Стоўпцы — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятой Ганны ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Казімера, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, зруйнаваны супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня тапоніму Стоўпцы[4][5]. Паводле аднаго зь іх назва паселішча ўтварылася ад слупоў (стаўпцоў, стаўпоў) на рацэ Нёман, з дапамогай якіх ажыцьцяўлялася праца парома. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім зьяўляецца назвай-арыенцірам: у даўнія часы стаўпамі пазначалі дарогі празь непрыкметную мясцовасьць[6]. Згодна з паданьнем, стаўпамі пазначылі месца былога манастыра, насельнікі якога памерлі ў часе эпідэміі халеры. Існуе і такая вэрсія: Стоўпцы, ад слова «стоўпы» — 'невялікія вежы для манахаў' — затворнікаў або «стоўпнікаў», што маглі жыць пры кляштары, заснаваным тут у 1624 годзе. Краязнаўцы таксама не адкідваюць вэрсіі пра стаўпы, што дзялілі ўладаньні Слушкаў і Радзівілаў[7].
Афіцыйнае напісаньне назвы места — Стоўбцы (рас. Столбцы).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Паводле некаторых зьвестак, Стоўпцы існавалі яшчэ ў 1511 годзе[8]. Афіцыйная дата заснаваньня паселішча — 20 чэрвеня 1593 году[1]. У пачатку XVII стагодзьдзя Стоўпцы знаходзіліся ў валоданьні А. Слушкі, які ў 1623 годзе заснаваў тут касьцёл, а ў 1639 годзе — кляштар дамініканаў.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у верасьні 1655 году маскоўскія захопнікі разрабавалі і спалілі Стоўпцы, зруйнавалі касьцёл. Акупанты зьнішчылі больш за палову жыхароў мястэчка[8][9]. Аднак Стоўпцы хутка аднавіліся і ў 1669 годзе атрымалі прывілей на правядзеньне таргоў і кірмашоў. 14 сьнежня 1675 году ў мястэчку пад тытулам Сьвятога Казімера кансэкравалі новы мураваны касьцёл.
У пачатку XVIIІ стагодзьдзя Стоўпцы знаходзіліся ў валоданьні С. Дэнгафа. Мястэчка пацярпела ў Вялікую Паўночную вайну (1700—1721), але зноў хутка аднавілася. У 1728 годзе Стоўпцы перайшлі да Чартарыйскіх і сталі цэнтрам графства. У гэты час тут было 144 двары, царква, касьцёл, ратуша, школа і кляштар з шпіталем, карчма, буйная рачная прыстань з 16 складамі[8]. У 1729 годзе мястэчка атрымала Магдэбурскае права.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стоўпцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе сталі цэнтрам воласьці Менскага павету. У 1799 годзе на Нёмане збудавалі мост, які злучыў мястэчка з Новым Сьвержанем і дарогамі на Нясьвіж і Мір. У 1822 годзе адкрылася прыходзкая вучэльня.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады канфіскавалі Стоўпцы ў Чартарыйскіх у дзяржаўны скарб, а ў 1844 годзе гвалтоўна ліквідавалі кляштар дамініканаў. На 1859 год у мястэчку быў 301 двор, на прыстані 20 дзяржаўных і 17 прыватных складоў, на 1867 год — 310 двароў. У 1860 годзе ад Стоўпцаў у Каралявец водным шляхам вывезьлі каля мільёна пудоў іржы, пшаніцы, аўса, ячменю ды іншага.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) 12 траўня 1868 году расейкія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Сьвятога Казімера пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1869 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага яны адкрылі ў мястэчку народную вучэльню для хлопчыкаў, у 1875 годзе — для дзяўчынак. У 1871 годзе за 2 км ад Стоўпцаў на Маскоўска-Берасьцейскай чыгунцы адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. У 1874 годзе ў мястэчку пачала працаваць запалкавая фабрыка. На 1886 год у Стоўпцах было 186 двароў, 2 царквы, сынагога, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, школа, 20 крамаў. На 1897 год на станцыі было 8 двароў. У 1905 годзе ў Стоўпцах адбыўся буйны страйк лесарубаў, у кастрычніку — жалобная дэманстрацыя з нагоды Курлоўскага расстрэлу. У 1909 годзе ў мястэчку адкрылася меская вучэльня.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Стоўпцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Стоўпцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Стаўпецкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[10]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР[11]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Стоўпцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе атрымалі статус места і сталі цэнтрам гміны і павету ў Наваградзкім ваяводзтве. Станцыя Стоўпцы стала прыгранічнай. 4 жніўня 1924 году на мястэчка напала вялікая дывэрсійная банда. Па гэтым ў Стоўпцах утварыўся батальён Корпусу Аховы Памежжа. 15 ліпеня 1931 году ў месьце пачало дзеяць Беларускае таварыства дабрачыннасьці.
У 1939 годзе Стоўпцы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1943—1944 гадох тут працавала падпольная польская школа. Сакрэтнае навучаньне вёў былы судзьдзя гродзкага суду А. Родэ (альбо Й. Родэ). Лекцыі адбываліся паводле перадваеннай праграмы польскіх гімназійных школаў, у кожны другі дзень, у кватэры Ю. Урбановіча. Настаўнік загінуў на вачах сваіх вучняў каля 6 ліпеня 1944 году, у час шматдзённай аблогі места савецкімі войскамі[12].
У 1960-я гады савецкія ўлады зьнішчылі помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя — касьцёл Сьвятога Казімера[13]. У 2001 годзе Міжнародны Камітэт Міру абвясьціў Стоўпцы «Местам Міру».
- Места на старых здымках
- Аднаўленьне касьцёла па вяртаньні каталікам
- Касьцёл, інтэр’ер
- Касьцёл, амбон
- Панарама
- Чыгуначная станцыя
- Сябры стралецкага зьвязу
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- XIX стагодзьдзе: 1867 год — 2035 чал.[14]; 1886 год — 1070 чал.[9]
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 2956 чал.; 1939 год — 7,5 тыс. чал.; 1970 год — 7,5 тыс. чал.; 1989 год — 12,1 тыс. чал.[9]; 1991 год — 14,2 тыс. чал.; 2000 год — 16,8 тыс. чал.[9]
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 16,8 тыс. чал.[15]; 2006 год — 15,5 тыс. чал.; 2009 год — 15 367 чал.[16] (перапіс); 2016 год — 16 839 чал.[17]; 2017 год — 16 858 чал.[18]; 2018 год — 16 946 чал.[3]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Стоўпцах працуюць 3 сярэднія, вячэрняя, пачатковая, спартовая школы, школа мастацтваў, школа-сад, дом дзіцячай і юнацкай творчасьці, 6 дашкольных установаў.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць мескія лякарня і паліклініка.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзеюць філярмонія, дом культуры, карцінная галерэя, 2 бібліятэкі, кінатэатар.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Стоўпцы разьвіваліся ад Нёмана ў паўночным кірунку, паміж аўтамабільнай дарогай і чыгункай, што абумовіла складаны нерэгулярны квартальны плян. Гістарычны цэнтар знаходзіцца ў паўднёвай частцы места, у раёне цэнтральнага сквэру і цяперашняй плошчы Леніна, пры перакрыжаваньні восевай магістралі вуліцы Ленінскай з пэрпэндыкулярнымі ёй вуліцамі Гагарына і Першамайскай. У наш час тут месьцяцца крамы і кінатэатар. На скрыжаваньні вуліцаў Ленінскай і Сацыялістычнай сфармаваўся сучасны адміністрацыйна-грамадзкі цэнтар. Гандлёвы цэнтар у паўночнай частцы, вакол прывакзальнай плошчы. Тут месьцяцца некалькі крамаў, рэстаран, гасьцініца. Новае жытловае будаваньне вядзецца ў двух мікрараёнах у паўночна-заходняй частцы Стоўпцаў. Мікрараёны абмяжоўвае вуліца Ленінскай, па другі бок якой знаходзіцца мескі парк.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
|---|---|---|
| Багінскага вуліца | Дамініканская вуліца | |
| Вечаркевіча вуліца | Шпітальная вуліца | |
| Гагарына вуліца | Паштовая вуліца | |
| Гайдука вуліца | Рубяжэвіцкая вуліца | |
| Горкага вуліца | Нававіленская вуліца | |
| Камуністычная вуліца | Шырокая вуліца | |
| Леніна плошча | Рынак пляц Касьцельны пляц | |
| Ленінская вуліца | Койданаўскі гасьцінец Менская вуліца Падгорная вуліца | Юзэфа Пілсудзкага вуліца (1933—1939) |
| Мамантава вуліца | Крывая вуліца | |
| Першамайская вуліца | Віленская вуліца | |
| Піянэрская вуліца | Румовая вуліца[19] Школьная вуліца | |
| Пушкіна вуліца | Школьная вуліца Паромная вуліца | |
| Савецкая вуліца | Загуменная вуліца Царкоўная вуліца | |
| Сацыялістычная вуліца | Вакзальная вуліца | Перацкага вуліца (1934—1939) |
| Танкістаў вуліца | Рэдутавая вуліца | |
| Царука вуліца | Папова Гара вуліца (?) | |
| Цітова вуліца | Палявая вуліца |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Касьцельны завулак[20]. Таксама ў месьце існавалі вуліцы Могілкавая, Садовая і Юрыдыка.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Прадпрыемствы харчовай, машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Стоўпцаў |
|---|
|
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Уздоўж берагоў Нёмана — зона адпачынку дзяржаўнага значэньня «Стоўпцы»[21]. У месьце дзее мастацкая галерэя, у Акінчыцах — мэмарыяльная сядзіба Якуба Коласа (частка філіі Літаратурна-мэмарыяльнага музэю Якуба Коласа). Спыніцца можна ў гасьцініцы «Стоўпцы».
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Забудова гістарычная (ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Могілкі: каталіцкія, каплічка (ХІХ ст.); юдэйскія
- Сынагога (канец ХІХ ст.)
- Царква Сьвятой Ганны (1825; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Маскоўскага патрыярхату)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды Стоўпцаў
- Вуліца
- Камяніца
- Новы касьцёл
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Фабіян Акінчыц (1886—1943) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, рэдактар
- Канстанцін Лапко (нар. 1946) — навуковец, кандыдат хімічных навук
- Канстантын Міцкевіч (Якуб Колас) (1882, засьценак Акінчыцы, цяпер у межах Стоўпцаў — 1956) — клясык беларускае літаратуры
- Юры Сабалеўскі (1889—1957) — беларускі палітычны і нацыянальны дзяяч
- Івонка Сурвіла (Шыманец) (нар. 1936) — дзяячка беларускай эміграцыі, Старшыня Рады БНР у выгнаньні
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Лазоўская Т. Стоўбцы святкуюць 425-годдзе // Звязда, 27 чэрвеня 2018 г.
- ↑ GeoNames (анг.) — 2005.
- 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ↑ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 24.
- ↑ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 362.
- ↑ Турко А. Калі дзень нараджэння Стоўбцаў? // Прамень. № 176—177, 14 верасьня 2011 г.
- 1 2 3 Галоўка С. Стоўбцы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 636.
- 1 2 3 4 Галоўка С. Стоўбцы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1..
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Grędzik-Radziak A. Oświata i szkolnictwo polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej i współczesnej Białorusi 1939–2001. — Toruń: Europejskie Centrum Edukacyjne, 2007. S 76–77.
- ↑ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 460.
- ↑ Jelski A. Stołpce // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 365.
- ↑ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 189.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
- ↑ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 51.
- ↑ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2
- Верхняе Панямонне: альманах лакальнай гісторыі. Вып. 1. — Менск: І.П. Логвінаў, 2012. — 154 с. — ISBN 978-983-6991-72-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Grędzik-Radziak A. Oświata i szkolnictwo polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej i współczesnej Białorusi 1939–2001. — Toruń: Europejskie Centrum Edukacyjne, 2007. — 441 с. — ISBN 978-83-60738-09-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||