Перайсьці да зьместу

Бірштаны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бірштаны
лац. Birštаny
лет. Birštonas
Населены пункт
Герб
Краіна Летува
Павет Ковенскі
Першыя згадкі 1382
Дата заснаваньня 1382
Горад з 1529
Геаграфія
Плошча 13 км²
Вышыня НУМ 79 м і 62 м
Часавы пас
Каардынаты 54°36′20″ пн. ш. 24°01′45″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 2422 чал. (2017)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Паштовы індэкс LT-59009
Сайт birstonas.lt
Бірштаны на мапе Летувы
Бірштаны
Бірштаны
Бірштаны

Біршта́ны (лет. Birštonas) — места ў Летуве, на правым беразе ракі Нёману. Адміністрацыйны цэнтар Бірштанскаага самакіраваньня Ковенскага павету. Насельніцтва на 2017 год — 2422 чалавекі. Знаходзяцца за 39 км на поўдзень ад Коўна.

Бірштаны — даўняе мястэчка гістарычнай Ковеншчыны.

Паводле францускага лінгвіста-германіста Раймонда Шмітляйна, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў, назва Бірштаны паходзіць ад германскага атрапоніму Bersten[1]. У Рэчы Паспалітай адзначаўся шляхецкі роду Бэрштэнаў (Berszten) гербу ўласнага[2].

Летувіскія аўтары адзначаюць нявысьветленасьць паходжаньня назвы места і спрабуюць выводзіць яе ад рэдкага прозьвішча або ад перакручваньня летувіскага beržynas 'бяроза'[3].

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Bersztańskie leśnictwo (1690 год)[4].

Упершыню ўпамінаюцца ў 1382 годзе як Birsten (Birstan)[5].

З XIV—XV стагодзьдзяў тут была сядзіба княскіх лоўчых. У 1518 годзе ўпамінаюцца як мястэчка, з 1539 году атрымалі права праводзіць штотыднёвыя кірмашы. Тут часта спыняліся вялікія князі літоўскія пад час каралеўскіх паляваньняў у мясцовых лясах.

Паводле дакумэнту 1565 году, «Я, Мальхер Станіслававіч Шэмет, цівун гаспадарскі зямлі Жамойцкае воласьці Берштанскае…»[6].

Па падзелах Рэчы Паспалітай Бірштаны апынуліся ў Расейскай імпэрыі. У 1846 годзе тут выявілі крыніцы мінэральнай вады, з гэтага часу паселішча атрымала значнае разьвіцьцё як курортны цэнтар. Тут штогод лекавалася каля 2000 чалавек, працавалі 72 ванны, дзеялі 3 гатэлі з 200 нумароў.

Па Першай сусьветнай вайне Бірштаны ўвайшлі ў склад Летувы, дзе сталі найбольш значным курортам краіны, але па Другой сусьветнай вайне саступілі гэты статус Друскенікам.

У 1966 годзе Бірштаны атрымалі статус места.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Сучасныя Бірштаны — гэта буйны летувіскі курорт. Вакол Бірштанаў шмат хваёвых лясоў, тут дзее некалькі санаторыяў. У паўднёвай частцы места, каля Нёману, ёсьць парк Вітаўта й Бірштанскі курган (або гара Вітаўта) вышынёй 85 мэтраў. На левым беразе Нёману — шлях памяці пра ахвяраў сталінізму.

Бірштаны атрымалі вядомасьць сваімі крыніцамі мінэральнай вады, вакол якіх збудавалі санаторыі. Мінэральная вада выкарыстоўваецца дзеля лячэбных працэдураў (мінэральных басэйнаў) і г. д. У ваколіцах існуюць дзьве найбольш вядомыя санаторыі: Бірштаны — Тулпы і Вэрсмэ Бос, якія прапаноўваюць агульную тэрапію, водную тэрапію, мінэральныя басэйны і масаж, а таксама шмат іншых лячэбных працэдураў. Мясцовая мінэральная вада ўтрымлівае між іншым і магн.

У сучасных Бірштанах шмат невялікіх гатэляў, а ў навакольлях існуюць сельскія домікі для адпачынку. Недалёка ад места ёсьць Вітаўтаў узгорак, дзе праводзіліся паляваньня вялікіх князёў літоўскіх.

У Бірштанах ладзяцца шматлікія фэстывалі. Адзін зь іх — гэта фэстываль джазу, акі праходзіць кожныя два гады ў канцы сакавіка. Гэты фэстываль прываблівае тысячы аматараў джазу, ня толькі зь Летувы, а і зь іншых краінаў.

  1. Schmittlein R. Voies et impasses de la toponymie lituanienne // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1958. P. 129.
  2. Gajl T. Herby Szlacheckie Rzeczypospolitej Obojga Narodow. — Gdańsk, 2003. S. 259.
  3. Vanagas A. Lietuvos miestų vardai (antrasis leidimas). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. P. 37—38.
  4. Metryka Litewska. Rejestry podymnego Welkiego Ksiestwa. Województwo wileńskie 1690 r. — Warszawa, 1989. S. 234.
  5. Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 689, 696.
  6. Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 7. — Lwów, 1910. S. 86.