Перайсьці да зьместу

Менскі маторны завод

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

53°53′17″ пн. ш. 27°38′07″ у. д.HGЯO

«Менскі маторны завод»
Выява лягатыпу
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Дэвіз Мы дарым вам рух[1]
Заснаваная 12 кастрычніка 1962 (63 гады таму)
Заснавальнікі Рада народнай гаспадаркі Беларускай ССР
Уласьнікі Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь[2]
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Партызанскі раён, вул. Ваўпшасава, д. 4
Ключавыя фігуры Аляксандар Бацьвіньнік (генэральны дырэктар), Мікалай Самахвалаў (тэхнічны дырэктар)[3]
Галіна машынабудаваньне
Прадукцыя дызэльны рухавік, дызэль-генэратар, кампрэсарная станцыя, дызэльная помпа, каленчаты і разьмеркавальны вал, махавік, паліўная помпа, турбіна і шатун
Абарачэньне 857 млн рублёў[4] (2022 год; 313 млн $)[5]
Апэрацыйны прыбытак
Чысты прыбытак
Лік супрацоўнікаў
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь
Даччыныя кампаніі «Барысаўскі завод агрэгатаў», «Гомельскі завод пускавых рухавікоў», «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод» і «Стаўпецкі ліцейны завод»

«Ме́нскі мато́рны заво́д» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў кастрычніку 1962 году.

На 1 студзеня 2025 году ў холдынг «ММЗ» уваходзілі «Барысаўскі завод агрэгатаў» (Барысаў), «Гомельскі завод пускавых рухавікоў» (Гомель), «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод» (Жыткавічы) і «Стаўпецкі ліцейны завод»[8] (Стоўпцы). Прадпрыемства акцыянавалі ў лютым 2009 году[9]. У 2022 годзе вытворчасьць перавысіла 50 000 рухавікоў. Іх паставілі на канвэеры 49 заводаў і прадалі ў больш як 50 краінаў[10].

На 2025 год «Менскі маторны завод» вырабляў:

Дызэль-генэратар «МДГ 7056» (2019 год)

26 траўня 1960 году Рада міністраў СССР ухваліла Пастанову № 563 «Аб пачатку будаўніцтва у г. Менску маторнага заводу па вытворчасьці дызэльных рухавікоў». У праекце прадугледжваўся штогадовы выпуск 120 000 рухавікоў «Д-50» магутнасьцю 50—60 конскіх сілаў. Увосень 1960 году на паўночна-ўсходняй ускраіне Менску між «Менскім трактарным заводам» і «Менскім падшыпнікавым заводам» пачалі будаваць «Менскі маторны завод». Першым кіраўніком заводу быў прызначаны Ўладзімер Ражкоў. У студзені 1961 году пачалі абсталяваньне інструмэнтам. У лютым 1962 году ўтварылі аддзел галоўнага тэхноляга. У красавіку 1962 году пачалі мантаж першых 2-х аўтаматычных лініяў. 12 кастрычніка 1962 году сабралі першыя ўзоры 4-цыліндравых рухавікоў «Д-50». Да канца 1962 году змантавалі 14 аўтаматычных лініяў, 196 адмысловых і агрэгатных станкоў, 338 унівэрсальных станкоў, 34 прэсы і стэнд выпрабаваньня рухавікоў[17].

На 1 студзеня 1963 году завод налічваў 17 аддзелаў і службаў, 4 цэхі вытворчасьці і 4 дапаможныя цэхі. Рада народнай гаспадаркі Беларускай ССР выдала Распараджэньне № 963, якім прызнала завод часткова ўведзеным у карыстаньне на магутнасьць 50 000 рухавікоў за год. 23 ліпеня 1963 году асвоілі вытворчасьць трактарнага рухавіка «Д-50» з рэсурсам 2500 гадзінаў. Да канца 1963 году з канвэера сышло 11 360 рухавікоў «Д-50» на новы трактар «МТЗ-50». У 1964 годзе ўсе трактары «Беларусь» пачалі аснашчаць дызэльнымі рухавікамі Д-50. У сакавіку 1964 году ўвялі дзіцячы камбінат на 119 месцаў для дзяцей супрацоўнікаў заводу. У 1969 годзе асвоілі выпуск дызэльных рухавікоў Д-60 магутнасьцю 60—65 к.с. для пастаўкі трактароў «Беларусь» сэрыі 500 за мяжу. Вырабілі 500 000 рухавікоў. У 1970 годзе рэсурс рухавікоў падвоілі да 5000 гадзінаў і панізілі выдатак рухавіковай алівы на чад з 2-х да 1 %. Пачалі пастаўку рухавікоў ва Ўсходнюю Нямеччыну[17].

У 1971 годзе «Менскі маторны завод» атрымаў маркіроўку рухавікоў Дзяржаўным знакам якасьці першым у галіне. Кіраўнік заводу В.А. Ражкоў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. У 1974 годзе асвоілі новае сямейства 4-цыліндравых рухавікоў «Д-240» з наўпроставым упрыскам паліва і магутнасьцю 60—85 к.с. З канвэера сышоў мільённы рухавік. У 1975 годзе пачалі пастаўку рухавікоў у Баўгарыю, Пакістан і Віетнам. У 1978 годзе кіраўніком заводу прызначаны Іван Сямак. У 1980 годзе спынілі вытворчасьць рухавікоў Д-50 для Савецкага Саюзу. Завод атрымаў міжнародную прэмію «Залаты мэркурый» (Італія)[17].

Рухавік сямейства «Д-245» (2021 год)

У 1981 годзе з канвэера сышоў 2-мільённы рухавік, а завод атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу. У 1983 годзе стварылі вытворчае аб'яднаньне «Менскі маторны завод», у склад якога ўвайшлі: «Барысаўскі завод агрэгатаў» і Стаўпецкая філія. Заводзкая здраўніца «Мара» прыняла першых наведнікаў. У 1984 годзе асвоілі вытворчасьць рухавіка «Д-245». 2 студзеня 1985 году выйшаў першы нумар газэты «Маторабудаўнік», якая стала выходзіць двойчы на тыдзень на 4-х палосах фармату А3. У 1987 годзе токар-расточнік экспэрымэнтальнага цэху Л.І. Дзюсаў стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. У 1988 годзе кіраўніком заводу стаў І.Я. Вараб'ёў. З канвэера сышоў 3-мільённы рухавік. Выхаванка спортклюбу «Матор» стала срэбранай прызэркай Алімпійскіх гульняў у Сэуле (Паўднёвая Карэя). Увялі ў дзеяньне піянэрскі летнік «Церамок». У 1990 годзе спынілі вытворчасьць рухавікоў Д-50 і Д-60 для замежнага рынку. «ММЗ» увайшоў у асацыяцыю дзяржаўных вытворцаў дызэльных рухавікоў[17].

5 асноўных рухавікоў «ММЗ» (2025 год)

У 1992 годзе асвоілі вытворчасьць аўтамабільнага рухавіка «Д-245.1» для пастаўкі на «Завод імя Ліхачова» ў Маскве (Расея). У лютым 1992 году на сэрыйны цяжкавік «МАЗ-5433» сталі ставіць 180-сільны 6-цыліндравы рухавік «Д-260Т». У чэрвені 1992 году пачалі хадавое выпрабаваньне рухавіка «Д-265» на вугорскім аўтобусе «Ікарус-260». У 1993 годзе кіраўніком быў прызначаны Карл Шаўлоўскі. У студзені 1993 году распрацавалі праграму стварэньня магутнасьці для выпуску рухавікоў «Д-240Т» і «Д-260Т» з давядзеньнем да стандартаў «Эўра-1» і «Эўра-2». Улетку 1993 году рухавікі «Д-245.20» выпрабавалі на «Заводзе імя Ліхачова». Да ліпеня 1993 году рухавікі заводу паставілі ў 85 краінаў. «Менскпасажыраўтатранс» усталяваў рухавік «Д-245.20» на аўтобус «ЛАЗ». У верасьні 1994 году завод асвоіў вытворчасьць рухавіка «Д-247» для «Заволскага заводу вусенічных цягачоў» (Ніжагародзкая вобласьць, Расея). У экспэрымэнтальных цэху сабралі 6 першых рухавікоў «Д-260.5» з вэртыкальным разьмяшчэньнем цыліндраў, прызначаных да аўтобусаў «Менскага аўтамабільнага заводу». Сабралі і выпрабавалі першы сэрыйны рухавік «Д-265» для аўтобуса «Ікарус». Увялі ў дзеяньне базу адпачынку «Лясная Верацейка». У 1995 годзе асвоілі вытворчасьць трактарнага рухавіка «Д-260». Пачалі засьведчаньне рухавікоў. Досьледныя ўзоры рухавікоў пастаўлялі на «Завод імя Ліхачова», «Горкаўскі аўтамабільны завод», «Курганскі аўтобусны завод» і «Паўлаўскі аўтобусны завод» (Горкаўская вобласьць) у Расеі, а таксама на «Львоўскі аўтобусны завод» ва Ўкраіне[17].

Дызэльная помпа «ММЗ» (2021 год)

У 1996 годзе асвоілі вытворчасьць аўтамабільных рухавікоў «Д-245.12» і «Д-245.9», а таксама камбайнавага рухавіка «Д-260.4». У красавіку 1996 году пачаў працу ўчастак каленчатага вала для рухавікоў «Д-260» і «Д-265». Запусьцілі участак гільзы блёку цыліндраў. Атрымалі замову на 10 000 рухавікоў для трактароў «МТЗ-510» у Пакістане. Стварылі вытворчасьць 1000 6-цыліндравых рухавікоў. Вырабілі досьледны ўзор рухавіка для трактара, які выпускаў «Паўднёвы машынабудаўнічы завод» ў Днепрапятроўску (Украіна) і для «МАЗу». У 1997 годзе асвоілі вытворчасьць аўтамабільных рухавікоў «Д-247.7» і «Д-260.5», а таксама камбайнавага «Д-260.7». 14 красавіка 1997 году з канвэера сышоў 4-мільённы рухавік. У 1998 годзе запусьцілі канвэер зборкі 6-цыліндравых рухавікоў. У траўні 1998 году сабралі 3-тысячны, а ў сьнежні — 5-тысячны 6-цыліндровік. Аўтамабільныя рухавікі засьведчылі паводле Эўра-1, а трактарныя — паводле Правілаў № 96 Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН ва Ўстанове дасьледаваньня маторных транспартных сродкаў(cs) (УДМТС; Чэхія). 5 сакавіка 1999 году кіраўніком заводу быў прызначаны Мікалай Лобач, які дагэтуль 10 гадоў узначальваў «Барысаўскі завод агрэгатаў». У 1999 годзе асвоілі вытворчасьць трактарнага рухавіка «Д-245.16» для «Анескага трактарнага заводу» (Карэлія, Расея). Трактарныя рухавікі засьведчылі ў Агенцтве аховы навакольля ЗША (ААН ЗША). У жніўні 1999 году на «Маскоўскім аўтасалёне» (Расея) прадставілі мадыфікацыі 4-х 6-цылідравікаў. «Паўлаўскі аўтобусны завод» усталявалі менскі рухавік на новы міжгародні аўтобус ПАЗ-3209 «Аўрора». У 2000 годзе асвоілі вытворчасьць трактарнага рухавіка «Д-245.2». 27 чэрвеня 2000 году Міністэрства прамысловасьці Беларусі зацьвердзіла Загад № 217 аб пераўтварэньні «ММЗ» ва ўнітарнае прадпрыемства. 30 чэрвеня 2000 году з канвэера сышоў 10-тысячны 6-цыліндравік[17].

ХХІ стагодзьдзе

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 2001 годзе асвоілі вытворчасьць камбайнавага рухавіка «Д-260.9». 18 красавіка 2001 году ад УДМТС (Прага) атрымалі пасьведчаньне для аўтамабільных рухавікоў «Д-245» і «Д-260» магутнасьцю 80–184 кіляватаў на адпаведнасьць нормам выкідаў Эўра-2. На «Паўднёвы машынабудаўнічы завод» паставілі досьледныя ўзоры рухавікоў «Д-243» і «Д-245». Засьведчаныя паводле Еўра-2 рухавікі «Д-245.11», «Д-245.30», «Д-260.11», «Д-260.12» і «Д-265» прадставілі на «Маскоўскім аўтасалёне». У 2002 годзе «Аграмас» стаў дылерам «ММЗ» у Віетнаме. У 2003 годзе трактарны рухавікі магутнасьцю 55-186 кВат засьведчылі на адпаведнасьць Эўра-2 адпаведна Дырэктыве ЭЗ 2000/25 і Правілам ААН ЗША. Распрацавалі рухавікі на 250 і 280 к.с. для «МТЗ». У 2004 годзе супрацоўнікі Фізыка-тэхнічнага інстытуту НАН Беларусі атрымалі ад Мінпрамысловасьці Беларусі прэмію ў галіне навукі і тэхнікі за распрацоўку алюмінавых поршняў для рухавікоў «ММЗ». Выпрабавальную станцыю Цэнтру стандартызацыі і мэтралёгіі (ЦСМ) аснасьцілі 6 стэндамі выпрабаваньня 6-цыліндравікаў і 10 – 4-цыліндравікаў. Пачалі пастаўкі рухавікоў на расейскі «Растсельмаш» (Растоў-на-Доне). Далучылі земляробчае прадпрыемства «Сьветлая ніва» ў Пухавіцкім раёне. У 2005 годзе «Горкаўскі аўтазавод» стаў найбольшым спажыўцом менскіх рухавікоў. Досьледныя ўзоры рухавікоў «Д-245.7» і «Д-245.9», адпаведныя стандарту Эўра-3, паставілі «ГАЗу», «ЗіЛу» і «МАЗу». На жніве 2005 году рухавікі на 300 і 350 к.с. прайшлі выпрабаваньне ў складзе збожжаўборачных камбайнаў «Ліда-1300» ад «Лідааграмашу», «КЗС-10КМ» і «УЭС-280» ад «Гомсельмашу», а таксама ў складзе трактароў «МТЗ-2822» і «МТЗ-3022»[17].

У 2006 годзе на далучаным заводзе «Аграэнэргамаш» стварылі вытворчасьць станкоў. З канвэера сышоў 50-тысячны рухавік «Д-260». У лістападзе 2006 году выпусьцілі першы сэрыйны рухавік «Д-262» на 300 к.с., 150 якіх закантрактавалі для «Лідааграпраммашу». Набылі абсталяваньне хімапрацоўкі шасьцерняў, станок віхрафрэзэрнай апрацоўкі каленвала і шліфавальныя станкі для каленвала. 22 траўня 2007 году заключылі дамову на распрацоўку і пастаўку прыладаў упрыску паліва ад нямецкага прадпрыемства «Бош» (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг). 25 кастрычніка 2007 году выпрабавалі рухавік «Д-249». 15 лістапада 2007 году пачалі сэрыйную вытворчасьць рухавіка пад Эўра-3, для чаго асвоілі выпуск 79 арыгінальных дэталяў, запусьцілі 20 адзінак абсталяваньня, стварылі ўчастак падзборкі аўтарухавікоў і пераабсталявалі 10 выпрабавальных боксаў. На 2008 год атрымалі заяўку на 141 000 рухавікоў. У лютым 2008 году трактарныя 4-цыліндравікі «Д-243.2», «Д-245», «Д-245.5» і «Д-245.43» засьведчылі на ЎДМТС. На ўчастку электраэразійнай апрацоўкі і разьбашліфоўкі ўсталявалі выразны станок. У цэху мэталарэжучых станкоў змантавалі 2 фрэзэрна-расточныя станкі зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) для вырабу блёкаў цыліндраў рухавікоў «Д-263». У ліпені 2008 году чатыры 8-цыліндравыя рухавікі «Д-280» на 425 к.с., якія сабралі з дэталяў ад «Тутаеўскага маторнага заводу» (Яраслаўская вобласьць, Расея), выпрабавалі на самазвалах «БелАЗ». Да канца 2008 году на «БелАЗ» адгрузілі яшчэ 10 такіх рухавікоў. У лістападзе вырабілі досьледныя ўзоры рухавіка «Д-245.9», якія пасьля стэндавага выпрабаваньня адправілі ў Расею на «ПАЗ» і «ГАЗ». 30 сьнежня 2008 году Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі зацьвердзіў Загад № 380, якім пераўтварыў «ММЗ» у адкрытае акцыйнае таварыства. Яго органам кіраваньня быў Мінпрам Беларусі[17]. Завод вырабляў радныя 4- і 6-цыліндравыя дызэльныя рухавікі магутнасьцю да 425 конскіх сілаў. Меў прадстаўніцтва ў Расеі (Нагінск, Маскоўская вобласьць), куды збываў больш за траціну сваіх вырабаў. У 2008 годзе выпусьціў 124 тыс. рухавікоў[18].

24 лютага 2009 году запусьцілі рухавік пад Эўра-5. У сакавіку 2009 году на «Гомсельмаш» адгрузілі 425-сільны рухавік «Д-280.1» для выпрабаваньня на энэргасродку «КВК-800». У красавіку 2009 году далучылі «Лідзкі ліцейна-мэханічны завод» для вытворчасьці мясцовых нарыхтовак пад рухавікі. На вытворчасьці спэцтэхнікі пачалі выпуск аўтабэтоназьмяшальнікаў «МАБС-6» і «МАБС-7». На шасі «МАЗу» ставілі адзін рухавік у якасьці сілавога агрэгата, а другі — для кручэньня зьмешвальнага барабана. 31 жніўня 2009 году экспэрымэнтальны цэх стварыў 300-сільны 6-цыліндравік «Д-262» для трактароў «МТЗ-3022». Наладзілі выпуск бэтонапомпаў «МБС-20», а з расейскай «Бэцэмай» — самаходаў для ямачнага рамонту дарогі. У цэху малых сэрыяў усталявалі новую камэрную печ для нітрацэмэнтацыі дэталяў у дадатак да 2-х іншых. У 2010 годзе ў складзе ЦСМ адчынілі ўчастак фірмовага рамонту рухавікоў. У красавіку 2010 году рухавік «Д-249» на 190 к.с. пад Эўра-4 усталявалі на цяжкавік «МАЗ-4570» для выпрабаваньня. На заводзе стварылі службу перавозак. Пачалі выпрабоўваць рухавік «Д-262» на 300 к.с. з электроннай палівападачай у агульную магістраль. Трактар з такім рухавіком мог замяніць 4 трактары «Беларус-1221». Замовілі 3 выпрабавальныя стэнды для праверкі гермэтычнасьці. Атрымалі новае плавільнае абсталяваньне для цэху алюмінавага ліцьця. Вырабілі досьледны ўзор дызэль-генэратара «МДГ-40». 24 сьнежня 2010 году з канвэера сышоў 100-тысячны 6-цыліндравік[17]. У 2010 годзе выручка вырасла да 743 млрд рублёў (248 млн $), а апэрацыйны і чысты прыбытак скараціліся да 46,2 млрд (15,4 млн $) і 28,5 млрд рублёў (9,5 млн $) адпаведна. Завод налічаў 5847 супрацоўнікаў.

Кампрэсарныя станцыі «ММЗ» (2019 год)

За 2011 г. «Менскі маторны завод» паставіў за мяжу 56,1% сваіх вырабаў[19]. У 2011 годзе ў цэху малых сэрыяў запусьцілі абсталяваньне для вытворчасьці шасьцерняў. У ЦСМ запусьцілі абсталяваньне для закручваньня нітаў мацаваньня галовак блёка цыліндраў у 6-цыліндровіках. У інструмэнтальным цэху ўвялі ў дзеяньне 5-каардынатны вэртыкальны апрацоўчы цэнтар з ЛПК. У расейскім Нагінску (Маскоўская вобласьць) заснавалі гандлёвы дом «ММЗ». У Чэхіі засьведчылі тры мадэлі 6-цыліндровікаў на ўзроўні 3Б, каб пастаўляць у краіны Эўразьвязу. Распрацавалі сьнегаўборачную машыну «СУМ-160». Досьледны рухавік «Д-280.1» на 600 к.с. пад Эўра-4 перадалі для ўсталёўкі на досьледны капотны цяжкавік «МАЗ». На заводзе стварылі ўчастак зборкі джгутоў магутнасьцю 1400 камплектаў за месяц, каб выпускаць рухавікі стандарту Эўра-3. Ва ўправе галоўнага канструктара стварылі канструктарскае бюро рухавікоў малой магутнасьці, каб распрацаваць 3-цыліндравік. Чатыры мадэлі рухавікоў «Д-425» засьведчылі пад Эўра-4, сэрыйны выпуск якіх пачалі 1 студзеня 2012 году. 14 кастрычніка 2011 году прадставілі школьны аўтобус «МАЗ-324» з рухавіком «Д-245-35» на 177 к.с. На Беларускім інавацыйным тыдні прадставілі вытворчасьць 4-і 6-цыліндравікаў ад 80 да 350 к.с. пад Эўра-4 і -5, а таксама 8-цыліндравік «Д-280.3» для капотнага «МАЗа». У 2012 годзе 4 мадэлі рухавіка «Д-245» засьведчылі пад Эўра-4, у тым ліку «Д-425.35». У сакавіку 2012 году далучылі «Досьледна-экспэрымэнтальны завод тэхналягічнага абсталяваньня» («ДЭЗТА»). У чэрвені 2012 году запусьцілі 3-цыліндравік «ММЗ-3ЛД». 20 лістапада 2012 году Міністэрства эканомікі Беларусі ўнесла ў дзяржаўны рэестар холдынг «ММЗ», у які ўвайшлі «Гомельскі завод пускавых рухавікоў», «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод» (Гомельская вобласьць), «Лідзкі ліцейна-мэханічны завод» («ЛЛМЗ») і «ДЭЗТА». На «Горкаўскім аўтазаводзе» ў Расеі пачалі канвэерную зборку машынаў з рухавіком «Д-245.7» пад Эўра-4. У 2013 годзе пачалі сэрыйную вытворчасьць рухавікоў пад Эўра-5 і ступеньню 3Б. Малагабарытны рухавік «ММЗ-3ЛД» паставілі на «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» («БЗТДА»), а таксама ў Расею на «Курскэлектраагрэгат» і «Пнэўмабудмашыну» (Екацярынбург). Рухавікі паставілі ў Лаос для пераабсталяваньня цяжкавікоў «ЗіЛ» і «ГАЗ»[17].

У чэрвені 2013 году сабралі першыя 2 аўтамабільныя газадызэльныя рухавікі «ГД-245.7» на 122 к.с. і «ГД-245.9» на 136 к.с. У верасьні 2013 году запусьцілі выпрабавальны стэнд для рухавікоў да 50 кВат. 20 верасьня выпрабавалі рухавікі «ММЗ-3ЛД» і «ММЗ-ЛДГ». У кастрычніку 2013 году атрымалі пасьведчаньне паводле Правілаў № 24, 49 і 85 ЭЭК ААН на рухавік «Д-245.7» для расейскіх цяжкавікоў «Газон Нэкст». 15 лістапада 2013 году сабралі 100-ы рухавік «ММЗ-3ЛД». У канцы 2013 году рухавікі заводу атрымалі пасьведчаньне ўзроўню 3А для продажу ў Паўночнай Амэрыцы. У 2014 годзе 6-цыліндравікаі атрымалі пасьведчаньне ступеняў 3А і 4 у Чэхіі. У сакавіку 2014 году ў цэх малых сэрыяў паступіў восьмы 3-каардынатны станок з ЛПК для ўчастка карпусных дэталяў на рухавікі пад Эўра-4 і -5, а таксама «ММЗ-3ЛД». Для ўчастка гільзы блёка цыліндраў у Стоўпцах даставілі новае абсталяваньне на 8000 т чыгуннага ліцьця. Досьледныя ўзоры рухавіка «Д-245.9» вырабілі для «Паўлаўскага аўтазаводу». Пачалі сэрыйны выпуск 3-цыліндравікаў з турбанадзьмувам для «БЗТДА». У Этыёпію паставілі 220 рухавікоў для пераабсталяваньня цяжкавікоў «ЗіЛ» і «ГАЗ». У цэху малых сэрыяў на ўчастку чыгунных і дробных дэталяў укаранілі 2 новыя такарныя агрэгатныя станкі. У 2-м мэталаапрацоўчым цэху ўкаранілі 2 устаноўкі аўтаматычнай загартоўкі з нагрэвам токам высокай частасьці (ТВЧ) разьмеркавальных валаў. Рухавік «ММЗ-3ЛДТІ» на 49 к.с. з турбакампрэсарам і інтэрпулерам атрымаў пасьведчаньне ступені 3А для пастаўкі ў Эўразьвяз. У 2015 годзе на філіі ў Стоўпцах стварылі досьледны зор пенагенэратара са сьціснутым паветрам для Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі. У Віетнам закантрактавалі 579 рухавікоў «Д-245.9» і «Д-245.12» для пераабсталявання цяжкавікоў «ЗіЛ» і «ГАЗ». «Гомельскі завод пускавых рухавікоў» («ГЗПР») пачаў выпускаць прычапныя цыстэрны для харчовых вадкасьцяў на 900 літраў. Рухавіком «ММЗ-3ЛД» абсталявалі самаходнае шасі «Ўладзімерскага матора-трактарнага заводу». 19 лістапада 2015 году запусьцілі 4-цыліндравік «ММЗ-3ДТІ». На Кубу адправілі 943 рухавікі[17].

Збожжавоз «МАЗ-4571» з рухавіком «Д-245.35Е5» (2019 год)

У лютым 2016 году распрацавалі дызэль-генэратар з рухавіком «ММЗ-3ЛДГ» на шасі. У траўні 2016 году рухавік «Д-245.35» атрымаў пасьведчаньне пад Эўра-5. У чэрвені іх адгрузілі на «МАЗ». У ліпені «Ялабускі аўтамабільны завод» стаў дылерам у Татарстане. Стварылі 3-цыліндравік «ММЗ-3ЛДГ.1» на 18 к.с. на замову расейскай «Праект-Тэхнікі» (Рыбінск) для электраагрэгатаў і электрастанцыяў. У 2017 годзе вырабілі першы 6-цыліндравік пад Эўра-5 для «МАЗу». Стварылі 4-цыліндравік «ММЗ-4ДТІ.А» з палівападачай у агульную магістраль. Вырабілі досьледны ўзор 2-цыліндравіка «ММЗ-2ЛД» з ураўнаважвальным момантам ад сілаў інэрцыі 1-га парадку. У траўні 2017 году рухавік «262.С2» на 330 к.с. паставілі на першы трактар «Амкадар-5300». Вырабілі досьледны ўзор 4-цыліндравіка «ММЗ-4ДТГ» на 23 кВат для «Праект-Тэхнікі». У 2018 годзе на Кубе рухавікамі «Д-260.562» пераабсталявалі амэрыканскія і савецкія цяжкавікі, у тым ліку «КамАЗ-5324». Пры заводзе стварылі філію катэдры арганізацыі і кіраваньня Факультэту эканомікі і мэнэджмэнту БДЭУ. Пачалі сэрыйную пастаўку прамысловых рухавікоў на аснове «ММЗ-3ЛДТ» для «Ялабускга аўтазаводу». Стварылі 4-цыліндравік «ММЗ-3,6ДТІ». Першы ўзор рухавіка «ММЗ-4ДТГ.1» на 23 кВат адправілі для выпрабаваньня на «Шумерлінскі завод спэцыялізаваных аўтамабіляў» (Чувашыя, Расея). Цягам 2018 году на Кубу адгрузілі 400 грузавікоў. Дылерамі заводу сталі «Аграпанонка МТЗ Фінке» ў Сэрбіі і «Агратрак» у Барнавуле (Сыбірская фэдэральная акруга, Расея). «ММЗ» атрымаў пасьведчаньне навуковай арганізацыі ад Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях Беларусі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На Кубу паставілі рухавікі для пераабсталяваньня трактароў «МТЗ-80» і «МТЗ-82». У кастрычніку 2019 году прадставілі рухавікі на 2-м Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры. У 2019 годзе найлепшымі сталі дылеры ў Казахстане, Вугоршчыне, Польшчы і Летуве. Рухавікі паставілі ва Ўзбэкістан на «Ташкенцкі завод сельскагаспадарчай тэхнікі» і ў Эгіпет[17].

4 cьнежня 2019 году на ліцейнай вытворчасьці ў Стоўпцах адбылася першая плаўка мэталу зь ліцьцём у халодна-цьвярдзельную сумесь (ХЦС). Для памежных войскаў Беларусі вырабілі 5 дызэль-генэратараў. 30 студзеня 2020 году ў Стоўпцах запусьцілі ўчастак фасонных адлівак. У Эгіпце заключылі 4 дылерскія дамовы. У красавіку 2020 году на Кубу паставілі рухавікі для пераабсталяваньня самаходаў «УАЗ-469». У траўні 2020 году газапоршневы 6-цыліндравік «ММЗ-262ЗПГ» абсягам 7,98 літраў прадставілі на выставе ў Татарстане. У ліпені 2020 году менскі рухавік атрымаў пасьведчаньне ўзроўню 5 у Чэхіі. Аўстрыйскаму прадпрыемству «Вінтэрстайгер» адгрузілі рухавік «ММЗ-4ДТІ.1» на 73 к.с. для сэлекцыйнага камбайна. Закупілі каардынатна-вымяральную машыну і прамысловы кампутарны тамограф для канструктарскіх дасьледаваньняў. Колькасьць замежных дылераў у Эўразьвязе, Усходняя Азіі і Афрыцы павялічылі зь 19 да 37. Для дызэль-генэратараў на марскіх караблях распрацавалі турбарухавікі «ММЗ-3ЛДТГ» і «ММЗ-4ДТІГ». У выпрабавальным цэнтры ўсталявалі вымяральнікі выкідаў для даводкі рухавікоў да Эўра-6. На «Каўроўскі электрамэханічны завод» (Уладзімерская вобласьць) паставілі 60 рухавікоў «Д-243-С2» для замены на пагрузчыках «Ант-1000». «ММЗ» стаў першым заводам Беларусі, які атрымаў пасьведчаньне для ўдзел у дзяржаўных закупках Расеі. Завод уступіў у лізінгавую праграму «Ашчадбанку Расеі»[17]. У 2020 годзе сабралі 41 708 рухавікоў 163 мадыфікацыяў магутнасьцю ад 7 да 330 кВат. Іх паставілі ў больш як 40 краінаў[20].

Трактар «МТЗ-82.1» з рухавіком «Д-243» (2019 год)

У чэрвені 2021 году вырабілі першую прамысловую партыю рухавікоў сямейства «ММЗ-4Д». У кастрычніку 2021 году ў расейскай Цюмені адчынілі прадстаўніцтва гандлёвага дому. У сакавіку 2022 году ў Нагінску запусьцілі вытворчасьць рухавікоў «ММЗ-3ЛД» на 35—49 к.с. У красавіку ў Табольску (Цюменская вобласьць) пачалі выпускаць усюдыходы з рухавікамі «ММЗ». У чэрвені ў 6-м мэталаапрацоўчым цэху ўсталявалі трохвымерны прынтэр для вырабу пясчана-палімэрных формаў і стрыжняў. У сакавіку 2023 году на Стаўпецкім ліцейным заводзе адлілі нарыхтоўку 16-цыліндровага блёка цыліндраў. «ГЗПР» запусьціў машыну тэрмічнай рэзкі мэталу. У ліпені адчынілі стэнд выпрабаваньня рухавікоў да 500 кВат. У жніўні расейскае прадпрыемства «Марскія прапульсіўныя сыстэмы» спусьціла на ваду рачныя караблі з 4-ма 4-цыліндровікамі «ММЗ-4ДТГРР» на 46 кВат. У цэх малых сэрыяў паставілі 3 паземна-фрэзэрныя станкі. У верасьні на выставе камтранспарту ў Маскве прадставілі рухавікі «ММЗ-4ДГ» і «ММЗ-4ДГ.1» для аўтаномных лядоўняў і ацяпляльняў. У лютым 2024 году «ГЗПР» вырабіў цэнтрабежную самаўсмоктвальную помпу «НЦСЦ-6». У сакавіку ў склад холдынгу ўвайшоў «Барысаўскі завод агрэгатаў», які вырабляў турбакампрэсары, аліўныя помпы і фільтры. У красавіку ў цэху алюмінавага ліцьця ўкаранілі футроўку плавільных печаў, што зьнізіў іх выдаткі. У мэталаапрацоўчых паставілі 2 новыя паземныя 3-каардынатныя станкі. У траўні «ГЗПР» запусьціў вытворчасьць кругавых і франтальных дажджавальнікаў. У экспэрымэнтальны цэх паставілі паліравальны станок для шыек каленчатых валаў. У кастрычніку ў БДАТУ адчынілі лябараторыю «ММЗ». 31 кастрычніка запусьцілі зборачную вытворчасьць ва Ўзбэкістане[17].

  1. Уладзімер Ражкоў (восень 1960 — 1978), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971)
  2. Іван Сямак (1978—1988)
  3. І.Я. Вараб'ёў (1988—1993)
  4. Карл Шаўлоўскі (1993 — 5 сакавіка 1999)
  5. Мікалай Лобач (5 сакавіка 1999 — 27 сьнежня 2014)
  6. Ігар Емельяновіч (27 сьнежня 2014 — 11 верасьня 2018)
  7. Аляксандар Рагожнік (11 верасьня 2018 — 31 сьнежня 2022)
  8. Аляксандар Бацьвіньнік (ад 1 студзеня 2023 году)[17]
  1. Кіраўніцтва па фірмовым стылі = Руководство по фирменному стилю. — Менск: Менскі маторны завод, 2020. — С. 11. — 78 с.
  2. https://mmz-motor.by/blr/o-predpriyatii/istoriya-predpriyatiya/ (белар.) — 2025.
  3. Кіраўніцтва // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  4. К.А. Кандраценка, А.В. Сычова, Аляксандар Бацьвіньнік, А.В. Кавалёва. Справаздачнасць паводле МСФС за 2022 год (рас.) // ААТ «Менскі маторны завод», 16 чэрвеня 2023 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  5. Афіцыйныя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія штодзённа, на 31.12.2023 // Нацыянальны банк Беларусі, 31 сьнежня 2023 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  6. 1 2 https://mmz-motor.by/upload/documents/Otchyotnost%60%20MSFO%20za%202022%20god.pdf — 2023.
  7. https://web.archive.org/web/20230301000000*/http://www.po-mmz.minsk.by/upload/finans/forma1_1.xls — 2023.
  8. Іншая прадукцыя // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  9. Марына Носава (4 лютага 2010) Менскі маторны завод плянуе стварыць сумесную вытворчасьць з амэрыканскай кампаніяй Navistar Эканоміка. БелаПАН. Праверана 25 красавіка 2012 г.
  10. «Менскі маторны завод» за год павялічыў вытворчасьць рухавікоў больш як на 11 працэнтаў // БелТА, 12 студзеня 2023 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  11. Рухавік // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  12. Дызэль-генэратарныя ўстаноўкі // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  13. Кампрэсарныя станцыі // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  14. Дызэль-помпавыя ўстаноўкі // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  15. Паветранадзiмалка 792-00.00.00-2 // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  16. Запчасткі // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  17. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 Гісторыя прадпрыемства // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
  18. Тацяна Паляжай (24 лютага 2009) А. Лукашэнка наведае Менскі маторны завод. Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 25 красавіка 2012 г.
  19. Павал Берасьнеў. «Галоўная пэрспэктыва для разьвіцьця Партызанскага раёна — асваеньне новых тэрыторыяў» // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2012. — № 66 (27181). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  20. «Менскі маторны завод» у 2020 годзе сабраў амаль 42 тыс. рухавікоў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 студзеня 2021 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]