Халопенічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Халопенічы
лац. Chałopieničy
Кляштар дамініканаў
Кляштар дамініканаў
Першыя згадкі: 1451
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Крупскі
Сельсавет: Халопеніцкі
Насельніцтва: 1381 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1796
Паштовы індэкс: 222024
СААТА: 6230863905
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°31′2″ пн. ш. 28°57′23″ у. д. / 54.51722° пн. ш. 28.95639° у. д. / 54.51722; 28.95639Каардынаты: 54°31′2″ пн. ш. 28°57′23″ у. д. / 54.51722° пн. ш. 28.95639° у. д. / 54.51722; 28.95639
Халопенічы на мапе Беларусі ±
Халопенічы
Халопенічы
Халопенічы
Халопенічы
Халопенічы
Халопенічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Хало́пенічымястэчка ў Беларусі, каля ракі Начы. Цэнтар сельсавету Крупскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1381 чалавек[1]. Знаходзяцца за 34 км на поўнач ад Крупак, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Крупкі (лінія МенскВорша); аўтамабільная дарога на Худаўцы.

Халопенічы — даўняе места[2] гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваўся кляштар дамініканаў у стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку этнографа Адама Багдановіча, бацькі Максіма, тапонім Халопенічы мае скіфскае паходжаньне: ад хола ці гола — 'вада, возера' і пея — 'рака'. Згодна зь іншай вэрсіяй, у аснове назвы меркаваны балтыйскі гідронім Халапея з такім жа значэньнем (возера, утворанае рэчкай). Географ Вадзім Жучкевіч тлумачыў тапонім праз слова халоп[3].

Побач з сучаснай афіцыйнай назвай Хало́пенічы[4] таксама ўжываецца варыянт Халапе́нічы[5].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дамініканскі кляштар, плян XVIII ст.

Першы пісьмовы ўпамін пра Халопенічы (Хлопавічы) як уладаньне Фёдара Даўгоўдавіча ў Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага датуецца 1451 годам, калі вялікі князь Казімер надаў канцлеру Міхалу Кезгайлу 10 даньнікаў і 11 цяглых сялянаў у шэрагу вёсак Лукомскай воласьці. У 1594 годзе маёнтак перайшоў да Мальхера Шэмета, у 1610 годзе — Войцеха Дарагастайскага. З 1620 году Халопенічы знаходзіліся ў валоданьні роду Нонгартаў і налічвалі 37 двароў.

У 1620—1644 гадох мястэчка было цэнтрам маёнтку, уладаньнем Мікалая Млечкі. Захаваўся ягоны дзёньнік, у якім зьмяшчаюцца інвэнтар за 1620 год, плян панскага дому, апісаньне кухоннага начыньня, скаціны, гаспадарчых прыладаў, сьпіс рэчаў, падараваных грэка-каталіцкай царкве, лекарскія і кулінарныя рэцэпты[6]. У 1638 годзе Мікалай Млечка збудаваў у Халопенічах касьцёл і заснаваў пры ім кляштар кармэлітаў. На 1669 год у мястэчку было 260 дымоў.

У 1670 годзе Халопенічы перайшлі да ваяводы амсьціслаўскага Мікалая Цеханавецкага, у 1670-я гады — да роду Халецкіх. У 1703 годзе Марцыян Дамінік Халецкі заснаваў тут кляштар дамініканаў і драўляны касьцёл (згарэў у 1844)[2], у 1712 годзе — збудаваў новую царкву. З 1730-х гадоў Халопенічы знаходзіліся ў валоданьні роду Храптовічаў[6]. На 1748 год частка маёнтку (116 двароў) належала Антонію Халецкаму[7].

Праект царквы-мураўёўкі, 1863 г.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), у выніку якога Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, Халопенічы атрымалі мескія правы і сталі сталіцай рэшты Аршанскага павету. Тут зьбіраліся павятовыя соймікі. У 1775 годзе Адукацыйная камісія адкрыла ў Халопенічах 3-клясную школу[2], само места налічвала 127 двароў. Паводле зьвестак на 1777 год тут было 78 двароў, штогод пачалі праводзіцца кірмашы. У 1783 годзе Яўхім Храптовіч надаў Халопенічам значныя эканамічныя правы, што спрыяла гаспадарчаму ўздыму і наплыву зьбеглых сялянаў зь іншым маёнткаў, у тым ліку з-за граніцы з Расейскай імпэрыяй. У 1784 годзе карныя расейскія войскі напалі на места дзеля захопу беглых[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Халопенічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Барысаўскага павету. У вайну 1812 году маёнтак Храптовічаў разрабавалі і разбурылі. У 1828 годзе ў Халопенічах збудавалі Прачысьценскую царкву, у 1840 годзе — заснавалі вінакурны завод. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады ў 1839 годзе зачынілі касьцёл, ліквідавалі кляштар дамініканаў. Толькі ў 1844 годзе тутэйшыя каталікі дамагліся дазволу аднавіць касьцёл. На 1844 год у Халопенічах дзейнічалі 2 яўрэйскія школы, сынагога, царква, працавалі заезны дом і цагельны завод.

Яўрэйская сям’я з Халопеніч. Фатограф Лейбман

У 1863 годзе з мэтай русіфікацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў Халопенічах народную вучэльню (у 1892 годзе навучаліся 56 хлопчыкаў і 14 дзяўчынак). Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў мястэчка перастала быць прыватнаўласніцкім.

Маёнтак Лапаў, 1903 г.

На 1880 год у Халопенічах было 139 двароў, гаспадарскі драўляны двор, млын, касьцёл, царква, жыдоўская школа. У 1881 годзе адкрыўся валасны фэльчарскі пункт, запрацавала паравая машына, у 1898 годзе — паравы млын. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Халопенічах дзейнічалі касьцёл і царква, працавалі народная вучэльня, лякарня, пошта, бровар, ільнопрадзільня, 15 крамаў, адбываліся 2 рэгулярныя кірмашы. На 1900 год — 255 двароў. У 1913 годзе адкрылася земская лякарня. На 1917 год — 413 двароў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Халопенічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі[8].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Халопенічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Барысаўскі павет («падраён») Менскага раёну[9]. У 1924—1931 і 1935—1960 гадох Халопенічы былі цэнтрам раёну. На 1923 год у мястэчку налічвалася 413 двароў. У 1924 годзе адкрыліся 7-гадовая і жыдоўская школы, у 1928 годзе тут заснавалі арцель «Свая праца». у 1931 годзе — арцелі кравецкую «Новы шлях» і швацкую «Свабодная праца». Таксама працавалі паравы млын, электрастанцыя, дзіцячы сад. Дзейнічаў моладзевы клюб, пры ім — тэатар. 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стала цэнтрам пасялковага савету. У Другую сусьветную вайну з 1 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году Халопенічы знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1950-я гады пачалі працаваць торфа- і хлебазавод.

30 сьнежня 2009 году Халопенічы сталі цэнтрам сельсавету.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1844 год — 702 чал., у тым ліку шляхты 5, мяшчанаў 6, сялянаў 586, жыдоў 105; 1880 год — 539 чал.[10] або 1014 чал.[11]; 1897 год — 2254 чал.; 1900 год — 2196 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1917 год — 1923 чал.; 1923 год — 1923 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 1,6 тыс. чал.[12]; 2005 год — 1,7 тыс.; 2006 год — 1,6 тыс.; 2009 год — 1495[13] чал. (перапіс); 2010 год — 1626 чал.[7]; 2015 год — 1393 чал.[14]; 2016 год — 1385 чал.[15]; 2017 год — 1398 чал.[16]; 2018 год — 1381 чал.[1]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Халопенічах працуюць сярэдняя і музычная школы, дзіцячы дом, лякарня, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Карла Маркса вуліца Віленская вуліца (пачатак)
Гара Галькевіцкая вуліца (працяг)
Кашавога вуліца Гаравая вуліца
Ленінская вуліца Падбярэская вуліца (пачатак)
Узнацкая вуліца (працяг)
Новасавецкая вуліца Барысаўская вуліца
Першамайская вуліца Чарэйская вуліца
Пралетарская вуліца Кавалёўская вуліца
Рэвалюцыйная вуліца Замкавая вуліца
? Рынак пляц

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы машынабудаваньня, харчовай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мястэчку стаіць помнік Адаму Багдановічу[17].

  • Кляштар дамініканаў (1798)
  • Могілкі юдэйскія
  • Царква Прачыстай Багародзіцы (1863)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл і кляштар кармэлітаў (1640)
  • Кляштар марыявітак
  • Сынагога

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ а б в г ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 411.
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 393.
  4. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 222
  5. ^ Стары Ліцьвін. Халапенічы // Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2012. С. 63.
  6. ^ а б Стары Ліцьвін. Халапенічы // Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2012. С. 64.
  7. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 442.
  8. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  9. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 443.
  11. ^ Jelski A. Chołopienicze // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 625.
  12. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 532.
  13. ^ Перепись населения год — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]