Аляксандар Ельскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ельскі.
![]() Аляксандар Ельскі. Партрэт работы І. Урублеўскага | |
![]() Герб «Пелеш» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 16 чэрвеня 1834 Дудзічы Ігуменскага павету |
Памёр | 10 верасьня 1916 (82 гады) Замосьце, Дудзіцкая воласць[d], Ігуменскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Род | Ельскія |
Бацькі | Караль Ельскі Людвіка Штайнбэр |
Жонка | Алена з Калячынскіх |
Дзеці | Аляксандра Банавэнтура, Ян |
Дзейнасьць | публіцыст, пісьменьнік, літаратуразнаўца, перакладнік, паэт і краязнавец |
Алякса́ндар Е́льскі (літаратурныя псэўданімы: Бацян з-над Пцічы, Літвін-грамадзянін[1]; 16 чэрвеня 1834, вёска Дудзічы Ігуменскага павету, цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці — 10 верасьня 1916, маёнтак Замосьце, цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці[2]) — беларускі краязнавец, гісторык, літаратар, этнограф, публіцыст. Сябра Акадэміі ведаў у Кракаве (1892).
Аляксандар Ельскі — адзін зь першых гісторыкаў беларускай літаратуры і зьбіральнікаў беларускіх рукапісаў.
Зьмест
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Ельскіх гербу «Пелеш», сын Караля Ельскага і Людвікі Штайнбэрг[3]. Дзед Аляксандра Ельскага Станіслаў быў пяцігорскім палкоўнікам у часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага і быў у шлюбе з графіняй Розай Прозар, дачкою віцебскага ваяводы. Яго бацька Караль Ельскі, уладальнік маёнткаў Дудзічы і Замосьце, быў скрыпачом-аматарам, атрымаў у свой час прафэсійную падрыхтоўку ў вядомых музыкантаў Кіфэлінга і Дашчынскага, напісаў некалькі твораў для скрыпкі, у тым ліку і «Палянэз 1837 году», ажаніўся са сваёй гувэрнанткай Людвікай Штайбух, ад гэтага шлюбу нарадзіліся Міхал — музыкант і кампазытар, уладальнік Дудзічаў, Аляксандр — уладальнік Замосьця, Юзаф — маладым памёр у Сыбіры пад час службы ў расейскім войску, Станіслава (у шлюбе Грушвіцкая).
Пачатковую адукацыю атрымаў у гімназіі ў г. Лаздэне (Усходняя Прусія), скончыў Менскую гімназію (1852). Служыў у войску, браў удзел у Крымскай вайне 1853—1856 гадоў. Быў міравым судзьдзём.
Каля 1850 году пабраўся шлюбам з Аленай Калячынскай, зь якой меў дачку Аляксандру Банавэнтуру і сына Яна.
У 1864 годзе ў сваім маёнтку Замосьце (Ігуменскі павет) зладзіў прыватны краязнаўчы музэй, у фондах якога было каля 7 тыс. кніжак, 20 тыс. рукапісаў, больш за 1 тыс. гравюраў, калекцыя карцінаў, зборы манэтаў, мэдалёў, прадметаў археалягічных знаходак[4].
Першы біёграф і сябар В. Дуніна-Марцінкевіча, ад якога прыняў частку архіву, перапісваўся з Ф. Багушэвічам і іншымі беларускімі пісьменьнікамі[5].
Памёр 10 верасьня 1916 году ў сваім маёнтку ў Замосьці, пахаваны ва ўрочышчы Кобань ля Дудзічаў і Замосьця.
Дасьледаваньні і творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Літаратурна-публіцыстычная дзейнасьць А. Ельскага пачалася з допісаў у газэту «Віленскі весьнік» прысьвечаных пераважна вызваленьню сялянаў ад прыгону. Добра ведаў францускую і нямецкую мовы.
Дасьледаваў гісторыю, этнаграфію, фальклёр, мову і літаратуру Беларусі. Пісаў на беларускай, польскай і расейскай мовах, добра ведаў францускую і нямецкую мовы. Іншамоўныя працы прысьвячаліся пераважна мінуламу Беларусі, яе гісторыі, эканоміцы.
Напісаў каля 10 тыс. гістарычна-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыкляпэдыі». У «Геаграфічным слоўніку…» апісаў мясцовасьці амаль усіх беларускіх паветаў, дзе называў мясцовыя гарадзішчы, курганы, замчышчы, земляныя валы.
Выдаў зборнік «100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народу» (1908). Аўтар працаў: «Піва і варэньне піва ў нашым мінулым» (1883), «Заўвагі пра сялянскае пытаньне» (1884), «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэньня беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Напамін пра бібліятэку Юльяна Бэргеля, пастара ў Слуцку» (абедзьве 1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленьні з народнымі звычаямі ад першабытных да астатніх часоў» (т. 1—2, 1893—1897), «Гістарычныя зьвесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Нарыс звычаяў шляхты ў супастаўленьні з эканомікай і доляй народу ў Польшчы і Літве» (т. 1—2, 1897—1898), «Гістарычныя зьвесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899), «Згубны культ чужаземшчыны ў нас у сьвятле айчыннай літаратуры» (1901). «Нарыс гісторыі Менскага біскупства» (1907) і іншых.
Аўтар верша «Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу, беларускаму паэту», дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на беларускай мове ў духу асьветніцтва і хрысьціянскай маралі «Сынок» (1895), «Выбірайма я ў прочкі! Скарэй у Томск!», «Нашы перасяленцы» (абедзьве 1896), «Слова аб праклятай гарэлцы…» (1900), «Гутарка аб тым, якая мае быць „Зямля і Воля“ сельскаму народу» (1906). У іх асуджаў асобныя маральныя заганы тагачаснага грамадзтва, заклікаў да прыватных рэформаў, рацыянальнага вядзеньня гаспадаркі.
На беларускую мову пераклаў 1-ю частку паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1893), асобныя ягоныя вершы, кнігу польскага эканаміста Ю. Супінскага «Сем вечароў», перакладаў паэму А. Мальчэўскага «Марыя».
Рукапісныя і кніжныя зборы А. Ельскага па ягонай сьмерці апынуліся ў Кракаве, Варшаве (фонд Прозараў і Ельскіх у Галоўным архіве старажытных актаў), часткова — у Менску і Вільні.
У нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве ў аддзеле рукапісаў знаходзіцца «Кніга для запісу асобаў, якія аглядаюць зборы ў Замосьці, пачатая ў 1882 годзе». Тут ёсьць запісы на беларускай, расейскай, францускай і нават дацкай мовах. Пра маштабы зьбіральніцкай дзейнасьці А. Ельскага сьведчаць яго лісты, адрасаваныя вядомаму польскаму раманісту Ю. І. Крашэўскаму, якія захоўваюцца ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве. Пасьля паўстаньня 1863—1864 А. Ельскі апынуўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, таму вымушаны быў распрадаваць сваю вялікую калекцыю, у тым ліку звыш 2000 гравюраў, эскізаў і малюнкаў галяндзкіх, ангельскіх, польскіх і айчынных мастакоў, каля 60 карцінаў, бібліятэка 10 тыс. кніг, сярод іх старадрукі 17 ст., хронікі, матэрыялы паўстаньняў і вайны 1812 году, лісты А. Міцкевіча і Т. Касьцюшкі, а таксама іх асабістыя рэчы, каштоўныя калекцыі фарфору, шкла, слуцкіх паясоў, каля 20 тыс. аўтографаў і дакумэнтаў.
Выйшлі ўспаміны пляменьніка А. Ельскага — Уладзіслава Ельскага (1859—1946) «На зямлі продкаў»[6], дзе між іншым згадваецца А. Ельскі, падрабязнасьці яго жыцьця і дзейнасьці, і ўзнаўляецца радавод Ельскіх. Апублікаваны рэестар (зроблены ў асноўным па памяці ўнукам пісьменьніка — Генрыхам Ельскім) калекцыяў А. Ельскага[7]. Па чутках у А. Ельскага былі непрыязныя адносіны з Янкам Купалам. Быццам Ельскаму не падабаліся творы Купалы і яго лібэральна-асьветніцкія погляды.
Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі // «Наша вера». № 4(22), 2002.
- Выбранае. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — 496 с.
- Выбранае // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4. − 2005. − № 2.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Адам Мальдзіс. Ельскі Аляксандр Карлавіч // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 349.
- ^ Uładzimir Chilmanowicz Białoruski kalendarz historychny. — Białystok: 2011. — С. 127. — ISBN 978-83-930408-8-9
- ^ Aleksander Jelski h. Pielesz(пол.). Potomkowie Sejmu Wielkiego. Праверана 17 сакавіка 2011 г.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 492.
- ^ Адам Мальдзіс. Ельскі Аляксандр Карлавіч // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 350.
- ^ Ельскі, У. На зямлі продкаў // Уклад. Уладзімір Мархель, перакл. з польск. Ірыны Марачкінай. / Шляхам гадоў. №?(?), 199?. (Успаміны захоўваліся ў нашчадкаў Ельскіх, ніколі не выдаваліся.)
- ^ Шляхам гадоў. № 1, 1990.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Менск: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Аляксандар Ельскі. Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі // «Наша вера» № 4 (22), 2002.
- Аляксандр Ельскі. Аберагаючы памяць народа (Скарбы Замосця) // Беларусіка — Albaruthenica. Кн. 20. — Мн.:, 2001. ISBN 985-6638-34-8.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аляксандар Ельскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў