Івянец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Івянец
трансьліт. Ivianiec
Сымбаль мястэчка — «Белы касьцёл»
Сымбаль мястэчка — «Белы касьцёл»
BIA Iwieniec COA.png
Герб Івянца
Першыя згадкі: XIV ст.
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Валожынскі
Насельніцтва: 4214 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1772
Паштовы індэкс: 222370
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°53′24″ пн. ш. 26°44′29″ у. д. / 53.89° пн. ш. 26.74139° у. д. / 53.89; 26.74139Каардынаты: 53°53′24″ пн. ш. 26°44′29″ у. д. / 53.89° пн. ш. 26.74139° у. д. / 53.89; 26.74139
Івянец на мапе Беларусі ±
Івянец
Івянец
Івянец
Івянец
Івянец
Івянец
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Івяне́ц — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Волме. Уваходзіць у склад Валожынскага раёну Менскай вобласьці, адміністрацыйны цэнтар Івянецкага сельсавету. Насельніцтва на 2018 год — 4214 чалавек[1]. Знаходзіцца за 31 км ад Валожына, за 40 км ад чыгуначнай станцыі Койданава (лінія Менск — Баранавічы). Аўтамабільныя дарогі на Менск, Койданаў, Стоўпцы, Наваградак.

Івянец — даўняе мястэчка, колішняя сталіца графства на гістарычнай Меншчыне, якому ўпершыню ў краіне распрацавалі зямельную сымболіку[2]. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла («Белым касьцёлам») у стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, разбудаваны з гатычнага збора ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Івянца

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Івянец упамінаецца ў 2-й палове XIV ст., калі ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Вітаўта. Пад 1522 годам Івянец значыцца як мястэчка Менскага павету, уладаньне Салагубаў. У сярэдзіне XVI ст. тут зьявілася пратэстанцкая супольнасьць, дзейнічалі кальвінскі збор, школа і шпіталь. У 1606 годзе ў мястэчку збудавалі драўляны касьцёл. На 1640 год у Івянцы было 27 двароў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі ўчынілі тут значныя разбурэньні[3].

У пачатку XVIII ст. утварылася Івянецкае графства. У 1702 годзе стольнік менскі Тэадор Ваньковіч заснаваў у мястэчку касьцёл і кляштар францішканаў, у 1745 годзе падскарбі Ян Міхал Салагуб збудаваў мураваны касьцёл. У 1780 годзе ў Івянцы было 174 двары, існавалі Рынак і 7 вуліцаў[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Царскія ўлады перавялі асабіста вольных местачкоўцаў у стан прыгонных сялянаў (толькі ў 1860 годзе яны дамагліся свабоды і вяртаньня мяшчанскага званьня)[4]. З 1810 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Плявакаў. На 1859 год у Івянцы было 189 двароў[5], на 1861 год — 189. Местачкоўцы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).

Па здушэньні паўстаньня ў 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў Івянцы народную вучэльню, а 28 лістапада 1869 году гвалтоўна перарабілі касьцёлы Сьвятога Міхала і Найсьвяцейшай Тройцы ў цэрквы Маскоўскага патрыярхату. У 1880-я гады ў мястэчку было 288 дамоў[6], 2 школы, 35 крамаў, 17 ганчарных майстэрань, 2 заезныя двары, 2 царквы, 2 сынагогі, праводзіліся штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год. У Івянцы неаднаразова спыняліся беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і пісьменьнік Ядвігін Ш. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, колькасьць двароў павялічылася да 399, дзейнічалі 2 царквы і 2 капліцы, працавалі народная вучэльня, 2 малітоўныя школы, 2 багадзельні, прыёмны пакой, вадзяны млын, 15 майстэрняў з абпальваньня гаршкоў, 9 кузьняў, 64 крамы, 2 карчмы і гарэлачны склад, праводзіліся 2 кірмашы штогод і таргі ў нядзелі. У пачатку XX ст. працавалі лякарня і амбуляторыя, у якіх працавалі доктар, 3 фэльчары, некалькі санітарак. У Першую сусьветную вайну ў лютым 1918 году Івянец занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Івянец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 году Івянец занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе ў 1923 годзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час Івянец знаходзіўся за 16 км ад граніцы з БССР. Рэчка Волма, што цякла празь паселішча, брала свой пачатак па-за гэтай граніцай. Івянец месьціўся на пагорках у атачэньні лясоў і складаўся зь некалькіх вуліцаў, найбольшымі зь якім былі: вул. Пілсудзкага (гістарычная Койданаўская), на ёй месьціліся пошта, гродзкі суд і тры школьныя будынкі, вул. Т. Касьцюшкі (гістарычная Ракаўская) з адміністрацыяй гміны, будынкам агульнаадукацыйнай школы, шпіталем і касьцёлам Сьвятога Аляксея, вул. 3 Мая (гістарычная Віленская), на ёй знаходзіліся найбольш значныя жылыя будынкі, два гатэлі, паліцэйскі пастарунак, аптэка, касьцёл Сьвятога Міхала. У 1934 годзе распачалася электрыфікацыя паселішча. Прыватныя асобы заснавалі электрычную станцыю. Яна месьцілася над рэчкай, у будынках даўняга двару Салагубаў. Праца машыны электрычнай станцыі выкарыстоўвалася на мясцовай лесапільні. У 1936 годзе ў Івянцы збудавалі новую школу на вуліцы Закляштарнай, большасьць вуліцаў забрукавалі, а некаторыя асьвятлілі. На 1938 год у мястэчку было 574 будынкі (зь іх 10 мураваных), працавалі шматлікія цагельні, кінатэтар «Jutrzenka» (бел. Зорка) у Доме жаўнера, вайсковы аэрапорт пры кашарах.

У 1939 годзе Івянец увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1962 году ў Валожынскім раёне). 12 кастрычніка 1940 году паселішча атрымала афіцыйны статут пасёлку гарадзкога тыпу. У гэты час тут было 523 двары. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1998 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Івянца, створаны на аснове гербу «Праўдзіч» роду Салагубаў. 18—20 ліпеня 2008 году ў мястэчку прайшла 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі[7].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1815 год — 418 чал.[8]; 1861 год — 1799 чал.; 1897 год — 2445 чал.[3]
  • XX стагодзьдзе: 1923 год — 2226 чал.[3] у мястэчку Івянцы і 38 чал. у фальварку Івянцы[9]; 1931 год — 3084 чал., зь іх 1521 хрысьціянін і 563 юдэі; 1940 год — 3303 чал.; 1971 год — 3,7 тыс. чал.[3]; 1994 год — 5,2 тыс. чал.[3]; 1998 год — 5 тыс. чал.[10]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 4,8 тыс. чал.; 2008 год — 4,8 тыс. чал.[11]; 2009 год — 4320 чал.[12] (перапіс); 2016 год — 4178 чал.[13]; 2017 год — 4206 чал.[14]; 2018 год — 4214 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Івянцы працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, кінатэатар.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян Івянца гістарычна склаўся паводле традыцыйнай схемы: сетка вуліцаў бярэ свой пачатак ад Рынку, разьмешчанага ў цэнтры мястэчка. Ад гэтага пляцу разыходзяцца шэсьць вулічных кірункаў, зь якія тры пераходзяць у шляхі да іншых местаў і мястэчак: Ракаў (гістарычная вул. Ракаўская), Стоўпцы (гістарычная вул. Віленская) і Койданаў (гістарычная вул. Койданаўская).

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
17 Верасьня вуліца Ракаўская вуліца Тадэвуша Касьцюшкі вуліца
1 Мая вуліца Віленская вуліца 3 мая вуліца
Камсамольская вуліца Койданаўская вуліца Пілсудзкага вуліца
Леніна вуліца Зашкольная вуліца[15]
Прамысловая вуліца Княская вуліца
Пушкіна вуліца Закляштарная вуліца[16]
Свабоды плошча Рынак пляц

З урбананімічнай спадчыны Івянца да нашага часу гістарычныя назвы захавалі Надрэчная, Падлесная і Школьная вуліцы.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Івянец — адзін з ганчарных цэнтраў Беларусі[17]. У даўнія часы мясцовая прадукцыя вывозілася ня толькі ў навакольныя сёлы і мястэчкі, але і на рынкі Вільні і Менску. Ганчарнае рамяство існуе тут і ў наш час.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Івянцы знаходзіцца музэй традыцыйнай культуры (краязнаўчы музэй).

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ На фэсце Св. Міхала ў Івенцы ўпершыню прэзентаваны герб Івянецкага графства. www.ivenec.euПраверана 5 кастрычніка 2011 г.
  3. ^ а б в г д е Батвіннік М., Шаблюк В. Івянец // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 469.
  4. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 88.
  5. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
  6. ^ Jelski A. Iwieniec // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 324.
  7. ^ 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі ў Івянцы, Catholic.by
  8. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 423.
  9. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 425.
  10. ^ БЭ. Т. 7. — Менск, 1998. С. 159.
  11. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 422.
  12. ^ Перепись населения — 2009. Минская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Івянец, Radzima.org
  16. ^ Радкі з гісторыі раёна, «Працоўная слава»
  17. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Івянецсховішча мультымэдыйных матэрыялаў