Перайсьці да зьместу

Крупкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Крупкі
лац. Krupki
Населены пункт
Сядзіба Сьвяцкіх
Сьцяг Герб
Краіна Беларусь
Вобласьць Менская
Раён Крупскі
Першыя згадкі 1575
Геаграфія
Плошча
  • 276,51 км²
Вышыня НУМ 174 ± 1 м
Часавы пас
Каардынаты 54°19′19″ пн. ш. 29°08′17″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 8650 чал. (2018)[1]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 1796
Паштовы індэкс 222010
СААТА 6230501000
Нумарны знак 5
Крупкі на мапе Беларусі ±
Крупкі
Крупкі
Крупкі
Крупкі
Крупкі
Крупкі

Кру́пкі — места ў Беларусі, на рацэ Бабры. Адміністрацыйны цэнтар Крупскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 8650 чалавек[1]. Знаходзяцца за 121 км на паўночны ўсход ад Менску, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Крупкі (лінія Менск — Ворша); на аўтамабільнай дарозе Менск — Ворша.

Крупкі — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захавалася сядзіба Сьвяцкіх у стылі мадэрну, помнік архітэктуры пачатку XX ст.

Існуе некалькі вэрсіяў, але навуковай можна лічыць адну — тапонім Крупкі[2] мае водна-рачное паходжаньне: паселішча ўзьнікла ў міжрэччы ракі Крупкі, што ўпадае ў раку Бобр. Таксама існуе народнае паданьне: згодна зь ім Крупкі ўтварыліся на месцы падвор’я сквапнага бацюшкі, якому не атрымалася падмануць свайго работніка (пазьней людзі жартавалі зь яго «а, гэта той, што крупак набаўляў»)[3].

У гістарычных крыніцах паселішча ўпамінаецца пад назвай Крупка.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Імаверна, Крупкі ўзьніклі ў сярэдзіне XVI ст. на землях маёнтку Шыйкі. Паселішча ўваходзіла ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні Сангушкаў[4].

У 1613 годзе на мапе Вялікага Княства Літоўскага Тамаша Макоўскага Крупкі значацца як мястэчка[5]. У 1627 годзе ўладальнік мястэчка Сымон Самуэль Сангушка перадаў яго сваёй жонцы Алене Корвін-Гасеўскай, у гэты час тут было 26 дымоў. Згадваецца ў інвэнтары 1653 года як мястэчка Крупка ці Сангушкаў, цэнтар аднайменнага маёнтка[6]. На 1667 год колькасьць дымоў узрасла да 60, існаваў млын[7].

У XVIII ст. Крупкі сталі цэнтрам графства[7]. На 1790 год тут было 82 дымы[7].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Крупкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сеньненскім павеце Магілёўскай губэрні. У канцы XVIII ст. мёнтак перайшоў у валоданьне Сьвяцкіх[8]. У 1859 годзе тут працавала мукамольная мануфактура.

На 1880 год у Крупках існавалі два млыны, на якіх выраблялася «найдалікатнейшая мука пшонная, што пад назвай Крупецкай альбо Крупчаткі развозілася да найгалоўнейшых местаў»[9]. У 1896 годзе Караль Сьвяцкі заснаваў фабрыку запалкавай саломкі. На прадпрыемстве працавала больш за 50 чалавек, вялікую частку прадукцыі вывозілі ў Амэрыку. На 1897 год у мястэчку налічвалася 186 двароў, працавалі гарбарны і маслабойны заводы, пошта і тэлефонны аддзел, расейская царкоўнапрыходзкая школа, царква, сынагога, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, 24 крамы, карчма, заезны двор, гуртовы вінны магазын; штогод праходзілі кірмашы 29 жніўня і 9 сьнежня. У 1900 годзе ў Крупках адкрылася лесапільня. На 1910 год у мястэчку было 190 будынкаў.

У Першую сусьветную вайну 26 лютага 1918 году Крупкі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крупкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Барысаўскі павет («падраён») Менскага раёну[10]. У 1924 годзе Крупкі сталі цэнтрам раёну (з 1938 году ў Менскай вобласьці). 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 1 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1991 годзе Крупкі атрымалі статус места. У 1999 годзе афіцыйна зацьвердзілі мескі герб.

  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 701 чал.; 1897 год — 1523 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1910 год — 1809 чал.; 1926 год — 2097 чал.; 1939 год — 3455 чал.; 1977 год — 5,5 тыс. чал.[13]; 1997 год — 8,9 тыс. чал.[14]; 1998 год — 8,7 тыс. чал.[15]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8,3 тыс. чал.; 2006 год — 8 тыс. чал.; 2009 год — 8675 чал.[16] (перапіс); 2010 год — 8,6 тыс. чал. [17]; 2016 год — 8630 чал.[18]; 2017 год — 8680 чал.[19]; 2018 год — 8650 чал.[1]

У Крупках дзеюць царква Сьвятога Мікалай і касьцёл Сьвятога Язэпа з парафіяльным цэнтрам.

У Крупках працуюць гімназія, сярэднія і музычная школы.

Мэдычные абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.

Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі.

Афіцыйная назваГістарычная назва
Інтэрнацыянальная вуліца (з 15.05.1925 г.)Шырневіцкая вуліца
Камсамольская вуліца (з 15.05.1925 г.)Лазьневая вуліца
Леніна вуліца (з 15.05.1925 г.)Барысаўская вуліца
Савецкая вуліца (з 15.05.1925 г.)Паштовая вуліца[20]

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай, лёгкай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Крупак
  • ТАА «Амкадор-Можа»
  • ААТ «Крупскі садавінагародніны завод»
  • ААТ «Лянок»
  • ВКУП «Крупскі ДАК»

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Інфраструктура

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Дзее Крупскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Крупчанка»[21].

У Крупках стаіць бюст касманаўта Ўладзімера Кавалёнка, які нарадзіўся ў сяле Белым Крупскага раёну.

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Царква (ХІХ ст.)
  1. 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ↑ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 23.
  3. ↑ Памяць. Яны праславілі Крупшчыну / уклад. Дз. М. Хромчанка. — Менск: Пэйпико, 2008. С. 28.
  4. ↑ Насевіч В. Крупка // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 147.
  5. ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на / Склад. і навук. рэд. Дз. М. Хромчанка; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.), Дз. Дз. Карань і інш. — Мн.: БелЭн, 1999.
  6. ↑ НГАБ, ф. 1875, воп. 1, спр. 1, с. 267
  7. 1 2 3 Насевіч В. Крупка // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 148.
  8. ↑ Chmara A. Krupka // Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 731.
  9. ↑ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 258.
  10. ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  11. ↑ Шашок І. Вуліца імя Леніна // Малое Палесьсе. Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2010. С. 192.
  12. ↑ Малое Палесьсе. Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2012. С. 116.
  13. ↑ ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 265.
  14. ↑ ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 264.
  15. ↑ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 487.
  16. ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ↑ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 337.
  18. ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ↑ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ↑ Барадаўка М. 17 ліпеня – дзень утварэння Крупскага раёна // Крупскі веснік, 17 ліпеня 2018 г.
  21. ↑ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]