Перайсьці да зьместу

Вузьляны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вузьляны
лац. Vuźlany
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Пухавіцкі
Сельсавет: Пярэжырскі
Насельніцтва: 275 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1713
Паштовы індэкс: 222844
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°37′24″ пн. ш. 27°42′53″ у. д. / 53.62333° пн. ш. 27.71472° у. д. / 53.62333; 27.71472Каардынаты: 53°37′24″ пн. ш. 27°42′53″ у. д. / 53.62333° пн. ш. 27.71472° у. д. / 53.62333; 27.71472
Вузьляны на мапе Беларусі ±
Вузьляны
Вузьляны
Вузьляны
Вузьляны
Вузьляны
Вузьляны
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Вузьля́ны[1] (таксама — Узьля́ны[1]) — вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Вушанкі. Уваходзяць у склад Пярэжырскага сельсавету Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 275 чал. Знаходзяцца за 46 км на паўднёвы захад ад Мар’інай Горкі, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Седча.

Вузьляны — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася драўляная сынагога ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Вузьляны мае балтыйскае паходжаньне і адпавядае летувіскаму uzlos — 'гаць, насьціл з жэрдак на гразкай дарозе'[2]. Таксама існуе вэрсія пра паходжаньне назвы ад слова «вузел», бо вёска стаіць на скрыжаваньні дарог, «зьвязвае» паміж сабой шматлікія паселішчы.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Вузьляны ўпамінаюцца ў 2-й палове XVII ст. Паселішча падзялялася на дзьве паловы: у мястэчку Вузьлянах пражывала ў асноўным жыдоўскае насельніцтва, у сяле Палянах — пераважала беларускае. Сяло Паляны ўпершыню ўпамінаецца ў пачатку XVII ст. Гэта было невялікае паселішча, якое належала зямяніну.

Пазьней маёнтак перайшоў да Касьцёла. У 1771 годзе біскуп віленскі Ігнаці Якуб Масальскі фундаваў у Палянах царкву Покрыва Багародзіцы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Вузьляны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Пярэжырскай воласьці Ігуменскага павету Менскай губэрні. Расейскія ўлады адабралі маёнтак у Касьцёла і перадалі яго генэралу Пятру Ісьленьеву, які ў 1803 годзе саступіў гэтую маёмасьць генэралу Адаму Длускаму. Апошні ў 1805 годзе прадаў Вузьляны Паўлу Сакеру. У 1829 годзе ў Міхала, сына Паўла Сакеры, маёнтак набыў Ярэма Стрэнкоўскі. У 1840 годзе ўдава Стрэнкоўская падзяліла Вузьляны паміж сваімі дочкамі — Сузанай, жонкай Яна Лапы (ад яе імя сваю назву атрымаў фальварак Сузанпаль), і Юліяй, жонкай Багуслава Копаця[3].

На 1886 год у Вузьлянах было 73 двары, дзеялі царква і сынагога, працавалі паштова-тэлеграфны аддзел, вінакурня і 3 крамы. У канцы XIX ст. сярод землеўладальнікаў Вузьлянаў значыліся Філіпіна Копаць, шляхцянка, каталічка — маёнтак Вузьляны, 300 дзесяцін зямлі, Міхал Трафімаў, ганаровы грамадзянін, праваслаўны — маёнтак Сузанполь (Зузанполе), 200 дзесяцін зямлі.

У пачатку XX ст. на месцы сучасных Вузьлянаў было 2 вёскі з адпаведнай назвай. У адной было 75 двароў, у другой — 76. Побач зь імі знаходзіліся аднайменныя маёнтак (3 двары) і мястэчка (105 двароў). Дзеялі царква і сынагога, працавалі паштова-тэлеграфны аддзел, царкоўнапрыходзкая школа (адкрылася ў 1903 годзе). На сьвяты праводзіліся таржкі. У 1917 годзе існавала 5 населеных пунктаў з назвай Вузьляны: мястэчка (102 двары), сяло (78 двароў), вёска (яна ж Паляны, 103 двары), два маёнткі.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Вузьляны занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вузьляны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. У гэты час тут адкрылася працоўная школа 1-й ступені, у якой ў 1922 годзе навучаліся каля 70 дзяцей, працавалі 2 настаўнікі. 20 жніўня 1924 году Вузьляны стылі цэнтрам сельсавету. У 1933 годзе савецкія ўлады стварылі тут калгасы імя Сталіна і Леніна, працавалі 2 млыны, шавецкая майстэрня, 2 кузьні. У 1938 годзе статус паселішча панізілі да вёскі. У 1920—1930-я гады ў Вузьлянах працавалі школа, лякарня на 38 ложкаў, пажарная каманда, пошта, 14 крамаў, аптэка, цырульня, пякарня, карчма. Працавалі арцелі: шавецкая, кравецкая, швацкая, сталярная. Часалі поўсьць і валялі валёнкі. Абапал галоўнай вуліцы былі драўляныя ходнікі.

У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году Вузьляны знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 8 кастрычніка нацысты расстралялі 375 мірных жыхароў жыдоўскай нацыянальнасьці.

На 1970 год у Вузьлянах было 166 двароў, на 1996 год — 166, на 1 студзеня 2002 году — 151. 28 траўня 2013 году ў зьвязку зь ліквідацыяй Вузьлянскага сельсавету вёску перадалі ў склад Пярэжырскага сельсавету[4].

  • XIX стагодзьдзе: 1886 год — 624 чал.; 1897 год — 690 чал. (374 муж. і 431 жан.), зь іх 658 юдэяў
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 867 чал. у мястэчку Вузьлянах, 502 чал. у першай вёсцы Вузьлянах, 570 чал. у другой вёсцы Вузьлянах, 67 чал. у маёнтку Вузьлянах; 1917 год — 690 чал. у мястэчку Вузьлянах; 438 чал. у сяле Вузьлянах; 521 чал. у вёсцы Вузьлянах (яна ж Паляны); 78 чал. у двух маёнтках Вузьлянах; 1970 год — 447 чал.; 1996 год — 447 чал.[5]; 1999 год — 436 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2002 году — 399 чал.[6]; 2010 год — 275 чал.

У Вузьлянах працуюць дашкольная ўстанова, базавая школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, Дом культуры, ашчадная каса, комплексны прыёмны пункт побытавага абслугоўваньня, вэтэрынарны ўчастак, мэханічныя майстэрні, крама.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Могілкі юдэйскія

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 390.
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 383.
  3. ^ Jelski A. Uźlany // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 869
  4. ^ Пастанова Менскага абласнога савету дэпутатаў ад 28 траўня 2013 (рас.)
  5. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 289.
  6. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пухавіцкага р-на / Укл. А. А. Прановіч. — Мн.: Беларусь, 2003. — 748, [1] с.: іл. ISBN 985-01-0251-9.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]