Раванічы
| Раванічы лац. Ravanіčy | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Менская |
| Раён | Ігуменскі |
| Сельсавет | Раваніцкі |
| Геаграфія | |
| Вышыня НУМ | 182 м |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 53°52′48″ пн. ш. 28°36′34″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 749 чал. (2010) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 1714 |
| Паштовы індэкс | 223223 |
| Нумарны знак | 5 |
| Раванічы на мапе Беларусі ± Раванічы | |
Рава́нічы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Вушы. Цэнтар сельсавету Ігуменскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 749 чалавек. Знаходзіцца за 31 км на паўночны ўсход ад Ігумену, за 45 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Менск — Ворша); на аўтамабільнай дарозе Ігумен — Раваніцкая Слабада.
Раванічы — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Сьвятога Антонія і палацава-паркавы комплекс Слатвінскіх, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першыя насельнікі гэтай мясцовасьці — дрыгавічы — жылі ў паўзямлянках, зямлянках, равах. Паўзямлянка мела 2—3 драўляныя вянцы, укапаныя на 50—70 см у зямлю, і накрывалася дахам. У яе цэнтры знаходзілася вогнішча, вымашчанае камянямі, альбо печ-каменка. Плошча такога збудаваньня магла складаць больш за 15—16 м². Разьмяшчаліся яны амаль упрытык адно ад аднаго. У сувязі з гэтым можна адзначыць наступныя характарыстыкі тапоніму «Раванічы». Па-першае, продкі выкарысталі множны лік. Значыць, паселішча дрыгавічоў займала вялікую плошчу й мела значную колькасьць насельніцтва. У канчатку слова можна знайсьці ня толькі тыповую ўказку на множны лік, але й на слова «нічы». Значыць вёска ўзьнікла на месцы былых равоў, зямлянак, якія меліся быць пакінутымі — былі нічыя. Літара «н» у слове не выпадковая. З гэтага вынікае, што Раванічы складаюцца з двух словаў — «равы нічыя». Зь цягам часу нашчадкі дрыгавічоў пачалі жыць толькі ў наземных пабудовах. Равы пакінулі, але мясьціны для жыцьця людзей тут былі вельмі прыдатнымі. Таму пазьней зноў выкарысталі гэтую пляцоўку для паселішча.
Такім чынам, назва вёскі Раванічаў тлумачыцца як паселішча, разьмешчанае на равах — месца жыцьцядзейнасьці дрыгавічоў[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Гісторыя Раванічаў налічвае больш за тысячу гадоў. На тэрыторыі, якую займае сучасная вёска, калісьці жылі дрыгавічы. Яны ўпамінаюцца ў IX ст. у «Аповесьці мінулых часоў», а таксама бізантыйскім гісторыкам Канстанцінам Багранародным у 948 годзе. У самой вёсцы захаваліся археалягічныя помнікі той далёкай эпохі — 2 курганныя могільнікі. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Раванічы як сяло ў валоданьні Гаштольдаў датуецца 1535 годам. Паводле інтэнтару 1549 году, яны былі цэнтрам воласьці і налічвалі 68 двароў.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай Раванічы ўвайшлі ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. Паводле падымнага тарыфу 1667 году, маёнтак Раванічы ў памеры 33 дымоў быў у валоданьні Крыштапа Гарабурды, а ў 1690 годзе — Яна і Крыштапа Гарабурдаў. У 1700 годзе яны перайшлі да князя Мікалаю Францішка Агінскага, у 1790 годзе — да Андрэя Слатвінскага, які фундаваў тут касьцёл Сьвятога Антонія.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Раванічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ігуменскім павеце Менскай губэрні. У 1799 годзе тут збудавалі царкву, працаваў бровар, у 1843 годзе — суконная (40 работнікаў), дывановая і шкляная фабрыкі, у 1863 годзе — расейская народная вучэльня. На 1800 год у Раванічах было 13 двароў[3], на 1886 год — 4 двары, народная вучэльня. 2 царквы, касьцёл, капліца, суконная фабрыка, шкіпінарны завод, крама; у 1888 годзе працавалі бровар і крухмальны заводд (каля 20 работнікаў). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі аднайменныя вёска (28 гаспадарак), сяло (3 двары) і 2 маёнткі (16 двароў, бровар). Да 1917 году тут было 48 двароў, працавала пошта.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Раванічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Раванічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, дзе 20 жніўня 1924 году сталі цэнтрам сельсавету. На пачатак 1930-х гадоў працавалі бровар, рымарская майстэрня, лесапільня, кузьня, стальмашня.
На 1999 год у Раванічах было 326 двароў, на 2001 год — 324 двары. У 2000-я гады Раванічы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
- Палац з боку става, 1914 г.
- Фрагмэнт палаца, да 1918 г.
- Палац, 1918 г.
- Палац, 1930-я гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Раванічах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Палацава-паркавы комплекс Слатвінскіх
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Сядзіба пачала фармавацца за Антоніем Слатвінскім. У першай палове XIX стагодзьдзя збудавалі палац у клясычным стылі і шматлікія гаспадарчыя пабудовы. На месцы саду старой сядзібы заклалі пэйзажны парк, у якім да нашае пары засталіся адзіныя на Беларусі дрэвы — белы дуб і клён серабрысты.
Касьцёл Сьвятога Антонія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У 1790 годзе Андрэй Слатвінскі фундаваў у Раванічах касьцёл Сьвятога Антонія. Будоўля ішла ў найболей прыпаднятай частцы маёнтку і ў наступным часе прызначалася пад фамільную пахавальню. Да нашае пары касьцёл захаваўся бяз даху — гарэў недзе ў 80-я гады.
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Царква Раства Багародзіцы (1799; Сьвяты Пасад[7])
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Яніна Германовіч (1909—1959) — жонка беларускага паэта Тодара Кляшторнага
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 502.
- ↑ Ярашэвіч І. Чэрвеньшчына: гісторыя ў тапонімах. — Менск: «Літаратура і мастацтва», 2009.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на / Уклад.: Г. М. Аўласенка, З. І. Малейка. — Мн.: БЕЛТА, 2000.
- ↑ Дулеба Г. Раванічы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 37.
- ↑ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. С. 191.
- ↑ Раванічы, гістарычная даведка
- ↑ Jelski A. Rawanicze // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 566.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на / Уклад.: Г. М. Аўласенка, З. І. Малейка. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 621 с.: іл. ISBN 985-6302-21-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888.
- Федорук А. Т. Садово-парковое искусство Беларуси. — Минск: Ураджай, 1989. — 247 с.
- Федорук А. Т. Старинные усадьбы Минского края. — Минск: Полифакт, 2000. — 416 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||