Уладзімер Караткевіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Караткевіч (неадназначнасьць).
Уладзімер Караткевіч лац. Uładzimier Karatkievič | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Уладзімер Сямёнавіч Караткевіч |
Нарадзіўся | 26 лістапада 1930[1] |
Памёр | 25 ліпеня 1984[1] (53 гады) |
Пахаваны | |
Сужэнец | Валянціна Караткевіч[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, перакладнік, паэт, настаўнік, пісьменьнік, сцэнарыст, празаік, навэліст |
Гады творчасьці | 1951 — 1984 |
Кірунак | гістарычная проза |
Жанр | аповесьць[d] і гістарычны раман[d] |
Мова | беларуская мова і расейская мова |
Дэбют | «Тут будет канал», «Якубу Коласу» (1951) |
Значныя творы | «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі» |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Творы на сайце Kamunikat.org | |
Уладзі́мер Сямё́навіч Каратке́віч (26 лістапада 1930, Ворша, Віцебская вобласьць — 25 ліпеня 1984, Менск, БССР) — беларускі пісьменьнік, празаік, драматург, публіцыст, перакладнік, сцэнарыст, клясык беларускае літаратуры. Адна з найбольш яскравых постацяў у беларускае літаратуры другое паловы XX стагодзьдзя[2]. Першы беларускі пісьменьнік, які зьвярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву[3].
Творчасьць Уладзімера Караткевіча адрозьніваецца рамантычнай скіраванасьцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным патасам і гуманістычным гучаньнем. Пісьменьнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філязофскім зьместам[4]. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Сівая легенда», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», эсэ «Зямля пад белымі крыламі»[5][6].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне. Сям’я. Маленства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Продкі Караткевіча былі шляхоцкага стану[7] й паходзілі зь беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсьціслава, Магілёва й іншых гарадоў. Адзін са сваякоў пісьменьніка па матчынай лініі, паводле сямейнай легенды — Тамаш Грыневіч, браў удзел у паўстаньні 1863—1864 гадоў[8]. Паўстанцы пад яго камандаваньнем былі разьбітыя, а яго самога расстралялі ў Рагачове[9]. Гэтую гісторыю Караткевіч апісаў у эпілёгу расейскамоўнай аповесьці «Предыстория» (бел. Перадгісторыя), і ў пралёгу раману «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).
Нарадзіўся 26 лістапада 1930 году ў горадзе Воршы Віцебскай вобласьці ў сям’і інтэлігентаў. Бацька — Сямён Цімафеевіч (1887—1959), закончыў гарадзкое вучылішча ў Воршы, яшчэ падлеткам сам зарабляў сабе на жыцьцё, працаваў у казначэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасьля працаваў інспэктарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці — Надзея Васілеўна (1893—1977), з роду Грынкевічаў, пасьля заканчэньня Марыінскай гімназіі ў Магілёве некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам, пасьля выхаду замуж занялася хатняй гаспадаркай. Маці добра ведала сусьветную літаратуру[7]. У сям’і было трое дзяцей — Уладзімер, ягоны старэйшы брат Валеры (1918 — загінуў у 1941 годзе), старэйшая сястра Натальля (у шлюбе — Кучкоўская; 1922—2003)[10]. У дзіцячыя гады сваяцкае асяродзьдзе шмат у чым уплывала на Ўладзімера. Вялікі ўплыў зрабіў дзед па кудзелі Васіль Юльлянавіч Грынкевіч (1861—1945), чалавек з багатым жыцьцёвым досьведам, у свой час даслужыўся да губэрнскага казначэя. Васіль Грынкевіч быў дасьціпным апавядальнікам, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданьняў, пераняў любоў да прыроды. Пазьней дзед стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Ад свайго дзеда Ўладзімер пачуў легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстаньня 1743—1744 гадоў. Многія расповеды дзеда сталі крыніцай для будучых твораў Уладзімера[11].
Уладзімер навучыўся чытаць вельмі рана, у тры з паловай гады. У дзяцінстве ня толькі любіў слухаць казкі й розныя гісторыі, якія яму чыталі старэйшыя, але імкнуўся дадумваць разьвіцьцё сюжэтаў. З самага раньняга дзяцінства цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Беларусі. У дзіцячыя гады разнастайнасьць ягоных талентаў выявілася й у схільнасьці да маляваньня, якая захавалася на ўсё жыцьцё. Таксама ён меў абсалютны слых, некаторы час займаўся ў музычнай школе[12]. Таксама моцна ён любіў прыроду; у дзяцінстве адной зь ягоных любімых кніг была кніга А. Брэма «Жыцьцё жывёлаў». У доме Караткевічаў было шмат кніг — і дзядулі, і кнігі бацькоў, і ягоныя[a]. У шэсьць гадоў ім былі напісаныя першыя вершы[13]. Яшчэ трохі пазьней паспрабаваў пісаць апавяданьні, якія сам жа й ілюстраваў. Акрамя вучобы хадзіў у музычную школу. Яшчэ ў даваенныя гады адправіў ліст Карнею Чукоўскаму, на які атрымаў адказ.
У 1938 годзе пайшоў у школу ў Воршы. Да пачатку вайны пасьпеў скончыць 3 клясы[13].
Гады вайны й нямейкай акупацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вайна застала ў Маскве, куды пасьля заканчэньня школы паехаў да сястры, якая там вучылася. Трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласьць, потым на Ўрал у Молатаўскую (Пермскую) вобласьць. Рабіў спробы ўцячы на фронт. Праз пэўны час высьветлілася, што Валодзевы бацькі змаглі эвакуявацца й жылі ў горадзе Чкалаве (Арэнбургу). Туды ж дабралася й сястра. Толькі ў жніўні 1943 году яна змагла прывезьці Валодзю да бацькоў у Арэнбург, дзе ён скончыў 6 клясаў. У кастрычніку 1941 году на фронце загінуў старэйшы брат Валодзі Валеры. Жонку Валерыя Вольгу, якая заставалася на захопленай нямецкімі войскамі тэрыторыі, загубілі акупанты. Летам 1944 году пасьля вызваленьня савецкімі войскамі Кіева Ўладзімер Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехаў у нядаўна вызвалены горад, дзе жылі сваякі. Восеньню 1944 году сям’я вярнулася ў Воршу.
Паваенны час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У другой палове 1940-х гадоў Уладзімер працягваў навучаньне ў школе. Яго школьны сябар, Леанід Крыгман, адзначаў, што Ўладзімер у свае 14 гадоў валодаў энцыкляпэдычнымі ведамі па літаратуры й гісторыі[14]. У час вучобы ў старэйшых клясах сярэдняй школы Ўладзімер Караткевіч аддаваў даніну літаратурнай творчасьці — пісаў навэлы, апавяданьні, літаратуразнаўчыя артыкулы. У пасьляваенныя гады Ўладзімер, аршанскі школьнік, зьмясьціў на старонках рукапіснага часопісу «Званочак» некалькі сваіх вершаў, а таксама першую сваю прыгодніцкую аповесьць «Загадка Нэфэрціці». Акрамя таго ім быў напісаны шэраг апавяданьняў і артыкулаў[7]. Яшчэ ў восьмай клясе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы «Млын на Сініх Вірах» (пастаўленая ў 1959 г.)[14].
Кіеўскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1949 годзе Ўладзімер Караткевіч закончыў сярэднюю школу й паступіў на расейскае аддзяленьне філялягічнага факультэту Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Т. Шаўчэнкі, які скончыў ў 1954 годзе[15]. Пазьней у ім жа скончыў асьпірантуру. За гады вучобы выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў — у кола яго чытацкіх інтарэсаў уваходзілі творы клясыкаў сусьветнай літаратуры, украінскіх, расейскіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён ня толькі літаратурай, але й гісторыяй, у першую чаргу Беларусі. Пазнаёміўся з шматлікімі выданьнямі, прысьвечанымі нацыянальна-вызваленчаму паўстаньню 1863—1864 гадоў.
У Кіеве Ўладзімер Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і расейскай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску й па-польску. У яго студэнцкіх рэфэратах былі грунтоўна распрацаваныя некалькі літаратуразнаўчых тэмаў: пра творчасьць Пушкіна, Багдановіча й іншых. У гэты час ён задумаў вялікі гістарычны твор, дзе плянаваў падаць усе акалічнасьці паўстаньня 1863—1864 гадоў. Летам 1950 году ў Воршы, пасьля першага курсу філфаку, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха»[14].
На радзіме ў аршанскай раённай газэце «Ленінскі прызыў» у 1951 годзе былі надрукаваны два вершы Ўладзімера Караткевіча: «Тут будет канал» (бел. Тут будзе канал) (на расейскай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове). Летам 1952 году пад уражаньнем паездкі ў Вязынку — родныя мясьціны Янкі Купалы — быў напісаны нарыс «Вязынка», які разам з суправаджальным пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Ўладзіславе Францаўне. У гэты ж час ён накіраваў шэраг сваіх раньніх твораў (казкі, вершы, апавяданьні) для ацэнкі Якубу Коласу.
Адзін з аднакурсьнікаў і сяброў Караткевіча, Флярыян Няўважны(uk), казаў, што Ўладзімер быў душой кампаніі, і што студэнты ставіліся з павагай да ягонай мужнасьці й прынцыповасьці[16]. Пра свае студэнцкія гады, і пра Ўкраіну, якую Караткевіч вельмі любіў, ён напісаў у аповесьці «У сьнягах драмае вясна» (1957), ў эсэ «Абраная» (1982), а таксама ў эсэ пра Шаўчэнку «І будуць людзі на зямлі» (1964), пра Лесю Ўкраінку «Saxifraga» (1971), у нарысе пра Кіеў «Мой се градок!» (1982)[17].
У 1954 годзе Ўладзімер Караткевіч закончыў унівэрсытэт. Ягоная дыплёмная праца на тэму «Казка. Легенда. Паданьне» выклікала неадназначную рэакцыю, і толькі дзякуючы намаганьням акадэміка А. Бялецкага й выкладчыка А. Назароўскага ён атрымаў вышэйшую адзнаку. Увесну 1955 году ён здаў экзамэны кандыдацкага мінімуму й прыступіў да напісаньня дысэртацыі пра паўстаньне 1863 году, але так яе і ня скончыў[15]. У той жа час прыйшла й ідэя пра напісаньне рамана на гэтую ж тэму[16].
Пасьля ўнівэрсытэту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту, у 1954—1956 гг. працаваў настаўнікам расейскай мовы й літаратуры ў сельскай школе[15], у вёсцы Лесавічы ў Кіеўскай вобласьці Ўкраіны. У 1956—1958 гг. працаваў настаўнікам у Воршы[15]. Пазьней вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958—1960), сцэнарных курсах (1962) і Інстытуце кінэматаграфіі ў Маскве (цяпер Расейскі дзяржаўны інстытут кінэматаграфіі імя З. А. Герасімава) і стаў прафэсійным пісьменьнікам.
Менск
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку 1963 году Ўладзімер Караткевіч атрымаў у Менску аднапакаёвую кватэру па адрасе вул. Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. Празь некаторы час з Воршы ў Менску да яго пераехала ягоная маці. Увесну 1967 году яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай, д. 48, кв. 26. У тым жа 1967 годзе, увосень, падчас чытацкае канфэрэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» ў Берасьці, Уладзімер пазнаёміўся з выкладчыцай Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту Валянцінай Нікіцінай (у дзявоцтве Ватковіч, 1934—1983 гг.), зь якой 19 лютага 1971 году ён ажаніўся[18]. Ажаніўся Караткевіч даволі позна — амаль у 41 год[19].
Вясной 1973 году яны абмянялі кватэру Караткевіча на вул. Веры Харужай і ейны пакой на трохпакаёвую кватэру на вул. Карла Маркса, 36[20], дзе далей і жылі разам з маці Ўладзімера Караткевіча[21].
Уладзімер Караткевіч прысьвяціў жонцы Валянціне Браніславаўне верш «Таўры» й раман «Чорны замак Альшанскі» (1979), які пачынаецца словамі: «В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасьцю»[21]. Валянціна Браніславаўна стала высокакваліфікаваным гісторыкам, мела высокі аўтарытэт у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру АН БССР, узнагароджаная Дзяржаўнай прэміяй БССР[22].
У другой палове 1970-х гг. пачаў працаваць на Беларускім тэлебачаньні, дзе ён вёў праграму «Спадчына», прысьвечаную гісторыі й культуры беларускай зямлі[15].
Пісьменьнік любіў шмат вандраваць — зь сябрамі й жонкай, у складзе здымачных групаў і навуковых экспэдыцыяў ён наведаў шмат мясьцінаў у Беларусі, таксама наведваў іншыя краіны: двойчы быў у Польшчы (1971, 1977), тройчы ў Чэхаславаччыне (1973, 1975, 1979)[20].
Апошнія дні лютага 1983 году былі вельмі трагічнымі для пісьменьніка — у адзін дзень, 28 лютага, памерлі ягоная жонка й родная цётка па матчынай лініі — Яўгенія Васілеўна, у якой ён жыў у вызваленым у 1944 годзе Кіеве[23]. Паводле словаў пісьменьніка, ён у тыя дні «адчуваў сябе на мяжы нэрвовага надлому»[22]. У шлюбе з Валянцінай Браніславаўнай ён пражыў 12 гадоў, але дзяцей у іх не было.
У пачатку чэрвеня Караткевіч паехаў у Воршу, у бацькоўскі дом да пляменьніцы. У Менск вярнуўся ў пачатку сьнежня. У пачатку лютага 1984 году ім былі напісаныя некалькі вершаў, аднак у канцы лютага Караткевіч моцна захварэў і каля месяца праляжаў у рэанімацыі. Вясной пачаў адчуваць сябе лепш[22].
Незадоўга да сьмерці Караткевіч наведаў блізкія й дарагія яму мясьціны. Ён зьезьдзіў у Рагачоў, у Кіеў на юбілейную сустрэчу выпускнікоў Кіеўскага ўнівэрсытэту. 12 ліпеня 1984 году ён зь сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся ў Менск[20].
Памёр 25 ліпеня 1984 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках у Менску.
Погляды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Закранаў пытаньне назваў Літвы і Жамойці ў рамане «Каласы пад сярпом тваім», дзе малады Кастусь Каліноўскі сьцьвярджае сваю літоўска-беларускую ідэнтычнасьць («я сам лічу сябе „ліцьвінам“, беларусам, тутэйшым»), прытым адзначае пра Віскую зямлю (усход Польшчы), што «там жывуць і жмудзіны, і немцы, і палякі, і беларусы». Таксама паводле раману, «— Я маю на ўвазе не Літву-жмудзь, — упарта кусаючы вусны, сказаў юнак [Кастусь Каліноўскі]. — Я маю на ўвазе Літву-Беларусь… І потым, вы ж добра ведаеце, адкуль вырасла тая памылка»[24].
Сярод малюнкаў Уладзімера Караткевіча захаваўся дызайн адзеньня з трыма палосамі — белай, чырвонай і белай — і гербам Пагоняй у цэнтры[25].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як паэт Караткевіч дэбютаваў у 1951 годзе[7] — апублікаваў у аршанскай раённай газэце «Ленінскі прызыў» два вершы: «Тут будет канал» (на расейскай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове)[15].
У пачатку творчага шляху Караткевіч зьвярнуўся да беларускае гісторыі й фальклёру, пра што сьведчаць ягоныя творы «Казкі і легенды маёй Радзімы», «Лебядзіны скіт», казка «Вужыная каралева». Фантазія пісьменьніка раскрываецца ў казцы «Надзвычайная котка», якую ён пазьней дапрацаваў і назваў «Чортаў скарб». У гэтай казцы пісьменьнік традыцыйны фальклёрны сюжэт напоўніў арыгінальнымі вобразамі й дэталямі, мяккім лірызмам і дабрадушным гумарам[26].
Уладзімер Караткевіч вывучаў, запісваў, і шырока выкарыстоўваў у сваёй творчасьці фальклёр. Будучы студэнтам ён дасьледаваў у сваёй дыплёмнай працы сацыяльныя казкі й легенды ўва ўсходнеславянскім фальклёры. У другой палове 1950-х гадоў ён выношваў ідэю стварэньня нацыянальнае эпапэі — ён плянаваў напісаць каля 100 тамоў[27][28], у якіх павінныя былі быць «Казкі і літаратура для дзяцей ў стылі Г. К. Андэрсэна» й «Запісы фальклёру»[27]. Некалькі старажытных легендаў пра сьвятых Міколу й Касьяна, зьвязаных зь беларускім фальклёрам, у перакладзе Караткевіча, былі зьмешчаныя ў кнізе Аляксандра Назарэўскага «Из истории русско-украинских связей» (Кіеў, 1963 г.).
Шэраг арыгінальных казак ім былі створаныя ў 1970-я — пачатку 1980-х гадоў. На аснове адной зь беларускіх казак узьнікла казка «Верабей, сава і птушыны суд». Несправядлівасьць, як самая ганебная для грамадзтва зьява, ім асуджаецца ў казцы «Кацёл з каменьчыкамі», у якой арганічна аб’ядналіся эпічная апавядальнасьць і праніклівая эмацыйнасьць[29].
У казцы «Нямоглы бацька» пісьменьнік зьвяртае ўвагу на неабходнасьць у павазе й любові да бацькоў. У старажытныя часы на беларускае зямлі быў закон, паводле якога старых бацькоў адводзілі ў лес паміраць. Так сьпярша абыйшоўся са сваім бацькам і герой казкі Пятро. Аднак неўзабаве, насуперак усталяванаму закону, ён уначы ўпотай забраў бацьку. І ў галодны год мудры бацька падказвае сыну, як трэба зрабіць, каб выратаваць людзей ад голаду. Пры стварэньні гэтае казкі Караткевіч, верагодна, абапіраўся на казку «Стары бацька» Аляксандра Сержпутоўскага, аднак пры гэтым ім была выказаная ўласная аўтарская пазыцыя. У казцы аўтар у тактычнай й далікатнай дыдактычнай форме кажа пра неабходнасьць цаніць дабрыню й мудрасьць[30].
У 1958 годзе ён напісаў сатырычна-гумарыстычную аповесьць «Цыганскі кароль», пры напісаньні якой быў выкарыстаны факт існаваньня на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII стагодзьдзя цыганскага «каралеўства». Матэрыялам для аповесьці паслужыў нарыс гісторыка Адама Кіркора «Народнасьці Літоўскага Палесься і іх жыцьцё», які быў апублікаваны ў 3 томе «Маляўнічай Расеі» ў 1882 годзе. Пісьменьніку ўдалося насычана, у духу флямандзкае школы, славеснымі фарбамі апісаць стравы й гулянкі ў «палацы» Якуба Знамяроўскага[31]. У гэтай аповесьці Караткевіч ня толькі зьедліва характарызуе цыганскае «каралеўства» й недарэчную сыстэму дзяржаўнага кіраваньня, але й разважае пра гістарычны лёс Беларусі, кранаючы тагачасныя сацыяльна-грамадзкія й нацыянальныя праблемы[32].
Уладзімер Караткевіч зьяўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсьць. Буду» (1986). Ён плённа выкарыстоўваў у сваёй творчасьці здабытак сусьветнае культуры, і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасьць да фальклёру і гістарычным сюжэтам (вершы «Машэка», «Матчына душа», «Паўлюк Багрым»). У «Балядзе пра Вячка, князя простых людзей» (1957) пісьменьнік зьвярнуўся да вобраза князя Вячка, які ў першае палове XIII стагодзьдзя змагаўся супраць нямецкіх рыцараў. У балядзе князь паказаны як сапраўдны патрыёт свае бацькаўшчыны. Нават параненым, ён біўся супраць мноства ворагаў, і загінуў у баі. Ідэя самаахвярнае барацьбы характэрная для творчасьці Караткевіча[33].
Тэма абуджэньня беларускага народу ў 1880-х гадох была раскрытая Караткевічам у апавяданьні «Кніганошы» (1962), у якім паказаны бесьсьмяротны дух народу, імкненьне простага люду да праўды й асьветы[34]. Таксама ягонае прозе ўласьцівая рамантычная паэтыка. Радасьцю жыцьця напоўненае апавяданьне «Дрэва вечнасьці», асабліва месцы, прысьвечаныя Палесьсю й палешукам. У апавяданьні пісьменьнік выказаў зачараваньне палескімі краявідамі й веліччу палескіх песень. Вобразы прыроды раскрытыя ім у рамане «Каласы пад сярпом тваім», аповесьці «Чазенія», нарысах «Званы ў прадоньнях азёр», «Абдуванчык на кромцы вады». Як пісьменьнік-анімаліст паказаў сябе ў апавяданьні «Былі ў мяне мядзьведзі»[35].
Уладзімер Караткевіч прафэсійна вывучаў гісторыю паўстаньня 1863—1864 гадоў. Гэта паслужыла асновай для апавяданьняў «Паляшук», «Сіняя-сіняя», рамана «Каласы пад сярпом тваім» (1965), драмы «Кастусь Каліноўскі» (1965), і іншых паэтычных твораў і публіцыстычных артыкулаў. Часткова гэтая цікавасьць абумоўленая й тым, што ў сям’і захоўвалі памяць пра сваяка па матчынай лініі, аднаго з кіраўнікоў паўстаньня на Магілёўшчыне Тамаша Грыневіча, расстралянага ў Рагачове[36]. Гэты факт лёг у аснову пралёгу да раману «Леаніды ня вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць» (1962).
У гісторыка-дэтэктыўнай аповесьці «Дзікае паляваньня караля Стаха» пісьменьнік адлюстраваў падзеі 1880-х гадоў у адным з глухіх куткоў Беларусі. У гэтай аповесьці аўтар імкнуўся паказаць грамадзтва таго часу, зь ягонымі нацыянальнымі, культурнымі і гістарычнымі асаблівасьцямі, зь ягонымі патрыятычнымі ідэямі. Аўтарам асуджаецца здрада радзімы, нацыянальнае й сацыяльнае зло[32]. Выкарыстаныя прыёмы дэтэктыўнага жанру і ў напісаным пазьней сацыяльна-псыхалягічным і філязофскім рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979), у якім Караткевіч разважае пра сувязь часоў. У рамантычнай аповесьці «Сівая легенда» (1960) праз карціны сялянскага паўстаньня на Магілёўшчыне ў першае палове XVII стагодзьдзя аўтар асэнсоўвае лёс Айчыны.
Адным з найбольш значных для беларускае літаратуры твораў зьяўляецца раман «Каласы пад сярпом тваім»[37]. У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасьці пісьменьніка, узноўленая шырокая панарама жыцьця народа, перададзена атмасфэра ў грамадзтве напярэдадні паўстаньня. Падзеі рамана адбываюцца ў 1850—1861 гадох, тым ня менш пісьменьніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважаньняў і выказваньняў герояў ахапіць у ім падзеі амаль цэлага стагодзьдзя і ў цэлым асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксьце. Аўтару ўдалося адзначыць прычыны паўстаньня й ягоныя асаблівасьці. Караткевіч паказаў, што яно мела нацыянальна-вызваленчы характар[38].
У 1966 годзе Караткевіч напісаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», сюжэт якога заснаваны на рэальных падзеях[39]. Штуршком для напісаньня паслужыў запіс з «Хронікі…» Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў XVI стагодзьдзі, напачатку княжаньня Жыгімонта I, зьявіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом. У рамане адлюстраваны лятунак беларускага народу аб зьяўленьні Хрыста як збаўцы й выратавальніка. Раман уяўляе сабой прытчу, філязофскія роздумы пра прызначэньне чалавека[31].
У 1973 годзе пісьменьнік напісаў аповесьць «Лісьце каштанаў», якая стала адной з самых аўтабіяграфічных зь ягоных твораў[40]. Аповесьць уяўляе сабой хвалюючыя й сумныя ўспаміны пра некалькі месяцаў, праведзеных ім у вызваленым ад нацыстаў Кіеве, роздумы пра лёс пакаленьня, чыё дзяцінства й юнацтва прыйшліся на час вайны.
Па-мастацку падрабязнай распавёў Караткевіч пра Беларусь, ейную культуру, мову, літаратуру, фальклёр і прыроду ў нарысе «Зямля пад белымі крыламі» (1977). У гэтым нарысе ён ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасьці да 1970-х гадоў, закрануўшы найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдзкая бітва 1410 году, Люблінская унія 1569 году, і іншыя важныя моманты з гісторыі Беларусі[37]. Глыбокімі разважаньнямі над сэнсам жыцьця й лёсам роднае зямлі насычаная аповесьць «Ладзьдзя Роспачы» (1978). У аповесьці выкарыстана многа алегарычных сымбаляў. Так, сама ладзьдзя Роспачы — гэта Беларусь, якая пераадольвае змрок забыцьця й непрытомнасьці, уваскрашаецца й адраджаецца[41].
Караткевіч таксама напісаў шэраг п’есаў, эсэ, артыкулаў, кінасцэнароў. Трагедыя й веліч нацыянальнае гісторыі ім асэнсаваныя ў п’есах «Кастусь Каліноўскі» (1963), «Званы Віцебска» (1974), «Калыска чатырох чараўніц» (1982), «Маці ветру» (1985)[32].
Уладзімерам Караткевічам былі перакладзеныя на беларускую мову творы Г. В. Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франко, Махтумкулі, М. Карыма, Э. Гашпаравай.
Уладзімер Караткевіч пісаў пра гісторыю свайго народу, пра ягонае мастацтва, культуру, духоўнае жыцьцё. Ён выступаў у абарону беларускае мовы й культуры, помнікаў архітэктуры й прыроды. Ён аказаў вялікі ўплыў на грамадзкае, эстэтычнае й духоўнае жыцьцё беларускага народу[42].
Творы Караткевіча перакладзеныя на ангельскую, баўгарскую, грузінскую, гішпанскую, латыскую, летувіскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, расейскую, славацкую, таджыцкую, узбэцкую, украінскую, францускую, чуваскую, эстонскую мовы[43].
Ацэнка й значэньне творчасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апублікаваная ў 1964 годзе адна зь першых аповесьцяў Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха», у якой аўтар заявіў пра сябе як пра пісьменьніка-гісторыка, прынесла яму некаторую папулярнасьць. Пазьней яна нават была экранізаваная. Але раман «Леаніды ня вернуцца да зямлі» быў падвергнуты рэзкай крытыцы. «Афіцыйны» крытык Якаў Гярцовіч на старонках «Советской Белоруссии» папракнуў Караткевіча ў кніжнасьці, другаснасьці, а ягоных герояў назваў адарванымі ад жыцьця фармалістамі, якіх мала цікавіць зьмест савецкага мастацтва й ягоная ідэйная накіраванасьць[44]. Падобна адгукнуўся маскоўскі рэцэнзэнт Віктар Чалмаеў. Праблема была ў тым, што выказваньне ўласнага меркаваньня аўтараў гэтых артыкулаў было ўспрынятае як дырэктыўнае ўказаньне[b]. У самім апавяданьні ідзе гутарка пра мэтэарытную плынь — Леаніды, але ў тыя гады краінай кіраваў Леанід Брэжнеў, і ў гэтым убачылі крамолу. Галоўнае ўпраўленьне па справах літаратуры і выдавецтваў у катэгарычнае форме патрабавала зьмяніць назоў. У самога Караткевіча не запыталі на гэта дазволу, і ў часопісе «Полымя» раман быў пераназваны ў «Нельга забыць». А ў 1965 годзе ў тым жа журнале быў апублікаваны раман «Каласы пад сярпом тваім», адным з герояў зьяўляецца Кастусь Каліноўскі. Кніга вельмі дакладна адлюстроўвала жыцьцё Беларусі XIX стагодзьдзя, але цэнзары прад’явілі так шмат прэтэнзіяў, што яны была выдадзена толькі пасьля вялікае колькасьці правак. Падобны лёс чакаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». А творы «У сьнягах драмае вясна» (1957) і «Зброя» былі надрукаваныя толькі пасьля сьмерці пісьменьніка[44].
Адзін з дасьледнікаў творчасьці Ўладзімера Караткевіча, літаратуразнаўца Анатоль Верабей назваў Караткевіча гонарам і сумленьнем беларускае літаратуры, пісьменьнікам, які змог цалкам раскрыць душу народу й ягоны нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадзкія й эстэтычныя ідэалы[45].
Народны пісьменьнік Беларускае ССР Янка Брыль характарызаваў Караткевіча як нястомнага працаўніка, літаратара, які пастаянна й грунтоўна працаваў над сабой. Ён таксама гаварыў, што многія ведалі Ўладзімера Караткевіча як чалавека невычарпальнага сьветлага настрою, які ўмеў сьмяяцца як дзіцё, усёй душой любіў родных людзей і родную зямлю[2].
Беларуская пісьменьніца й літаратурны крытык Людміла Рублеўская кажа, што цэлае пакаленьне беларускіх літаратараў, да якога належыць і яна сама, «выйшла з творчасьці Ўладзімера Караткевіча, прыняўшы сэрцам ягоны гістарычны рамантызм, ягоны трагічны й прыгожы міт пра Беларусь»[46].
Караткевіч стаў адной з найбольш яркіх фігураў беларускае літаратуры XX стагодзьдзя. Асаблівая ягоная заслуга — распрацоўка гістарычнае тэматыкі. Ён падняў у сваіх творах шырокія пласты нацыянальнае гісторыі, перадаўшы дух мінуўшчыны[2].
Казкам Караткевіча ўласьцівыя натуральнасьць гучаньня, займальны сюжэт, багацьце фантазіі й пазнавальнасьць. У іх арганічна зьмешчаныя фальклёр і фантастычнасьць, таямнічасьць і рэальнасьць. Яму ўдалося абнавіць казачныя сюжэты, паэтычна й узьнёсла перадаць народную мараль і этыку, закрануць філязофскія праблемы[47].
Ягонай паэзіі ўласьцівыя патрыятычны патас, асацыятыўнасьць мысьленьня, праніклівы лірызм і філязафічнасьць. Таксама паэзіі Караткевіча ўласьцівыя падвышаная экспрэсіўнасьць, эмацыйнасьць, напружанасьць дзеяньня, кантрастнасьць і яркасьць вобразаў. Ягоныя вершы напоўнены радасьцю й сьвятлом, і, разам з тым, яны элегічна-лірычныя, поўныя драматызму й трагізму[48].
Шматгранна й непаўторна раскрыўся ягоны талент у прозе, якой уласьцівыя праніклівая лірыка, эпічная апавядальнасьць і псыхалягічная паглыбленасьць. У сваёй прозе Караткевіч падняў шырокія пласты беларускае гісторыі, стварыў пазнавальныя характары, раскрыў багаты духоўны сьвет пэрсанажаў беларускае гісторыі[48].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Раманы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аповесьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Апавяданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Нарысы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зборнікі вершаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Казкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Легенды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Публіцыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
П’есы сцэнары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
П’есы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Сцэнары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Пасьмяротныя выданьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдадзены Збор твораў у 8-мі тамах (1987—1991). Выдадзены зборнік ягоных перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993). Выдадзеная кніга «Творы» (1996), куды ўключанае тое, што не друкавалася пры жыцьці пісьменьніка. Надрукаваныя лісты мастака да Якуба Коласа, Максіма Танка, Янкі Брыля, латыскіх, украінскіх, польскіх, славацкіх і некаторых іншых пісьменьнікаў, навукоўцаў, сяброў і знаёмых[49].
У 2011 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало 25-томнае выданьне твораў пісьменьніка пад рэдакцыяй Анатоля Вераб’я[50]. Апрача іншага, у збор будуць уключаныя творы, якія не друкаваліся пры жыцьці пісьменьніка, малюнкі, лісты, дзёньнікі, сцэнарыі дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў, інтэрвію, выступленьні[51]. Тэксты друкуюцца з адмененымі нематываванымі рэдактарскімі й цэнзарскімі праўкамі. Да збору твораў будуць прыкладзеныя два CD-дыскі: на першым будуць зьмешчаныя вершы й песьні ў выкананьні Караткевіча, на другім — ягоныя выступленьні на радыё, тэлебачаньні, у Саюзе пісьменьнікаў, здымкі ў мастацкім фільме «Жыціе і ўзьнясеньне Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»)[52]. Плянуецца, што апошні том выйдзе ў 2020 годзе, да 90-гадовага юбілею Караткевіча.
Экранізацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мастацкія фільмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Хрыстос прызямліўся ў Гародні (1967)
- Чырвоны агат (1973)
- Дзікае паляваньне караля Стаха (1979)
- Лісьце каштанаў (1981)
- Чорны замак Альшанскі (1983)
- Паром (1988) (паводле аповесьці «Паром на бурнай рацэ»
- Маці ўрагану (1990)
- Сівая легенда (1991)
Дакумэнтальныя фільмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьведкі вечнасьці (1964)
- Памяць (1966)
- Чырвоны агат (1973)
Мультыплікацыйныя фільмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ладзьдзя роспачы (1987)
Опэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сівая легенда (1978, кампазытар Дз. Смольскі)
- Дзікае паляваньне караля Стаха (1989, кампазытар У. Солтан)
Уладзімер Караткевіч зьяўляецца аўтарам лібрэта балету «Кастусь Каліноўскі» (1973)[45].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ордэн Дружбы Народаў (1980)
- прэмія Саюзу пісьменьнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1983) — за раман «Нельга забыць» (Леаніды ня вернуцца да зямлі)
- Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1984 — пасьмяротна) — за раман «Чорны замак Альшанскі»[53].
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пра Караткевіча створаная дакумэнтальная стужка «Быў. Ёсьць. Буду» (1989), відэафільмы «Успамін» і «Рыцар і слуга Беларусі» (абодва — 1991).
Імя Караткевіча носіць бібліятэка № 14 у Віцебску[54], бібліятэка-філія № 6 у Наваполацку[55], дзіцячая бібліятэка ў Воршы[56], грамадзкая бібліятэка ў Таліне (Эстонія)[57]. У Таліне з 2010 году працуе Нядзельная школа беларускае культуры імя Ўладзімера Караткевіча[58].
У Воршы (вул. Леніна, 26) існуе музэй пісьменьніка, адкрыты ў 2000 годзе. Экспазыцыя складаецца зь дзьвюх заляў; адна прысьвечаная біяграфіі пісьменьніка, другая — творчасьці. Экспазыцыя ўключае ў сябе абстаноўку пасьляваеннага дому на вуліцы Касманаўтаў у Воршы, з мэбляй пісьменьніка й ягонымі рэчамі. Таксама тут узноўлены фрагмэнт кабінэту менскае кватэры Караткевіча[59]. Матэрыялы пра жыцьцё й творчасьць пісьменьніка экспануюцца ў Рагачоўскім музэі народнае славы, Віцебскім краязнаўчым музэі[15]. У экспазыцыі аршанскай школы № 3[d] ёсьць заля памяці пісьменьніка[60]. Мэмарыяльны пакой Уладзімера Караткевіча ёсьць у Менскім дзяржаўным прафэсійна-тэхнічным каледжы электронікі[15].
У Віцебску ўсталяваны помнік у 1994 годзе (скульптар І. Казак, архітэктар В. Рыбакоў). Помнік у Воршы адкрыты 27 чэрвеня 1992 году да 925-годзьдзя Воршы. Першапачаткова помнік месьціўся на месцы згарэлага ў вайну дому, у які сям’я Караткевіча засялілася ў 1939 годзе, але пазьней помнік быў перанесены ў цэнтральны парк Воршы. 14 красавіка 2011 году быў усталяваны помнік Караткевічу ў Кіеве. Аўтарамі скульптуры сталі беларусы Кастусь Селіханаў і Алег Варвашэня, архітэктар — Аляксандар Корбут[61]. На дамах у Воршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гадоў, і ў Менску, дзе была ягоная кватэра, усталяваныя памятныя дошкі[15]. Памятная дошка ўсталяваная на будынку школы № 8 у Воршы, у якой Караткевіч працаваў у 1956—1958 гадох[62].
Імя Караткевіча носіць Фонд дапамогі маладым пісьменьнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура»[15].
Імем Уладзімера Караткевіча названыя вуліцы ў Віцебску, Горадні[63], Рагачове й Воршы[e][15].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Хатняя бібліятэка згарэла падчас вайны разам з домам.
- ^ У СССР у канцы 1962 году паднялася хваля барацьбы з «фармалізмам», распачатая з таго, што М. Хрушчоў наведаў маскоўскіх мастакоў і рэзка раскрытыкаваў іх. «Фармалістаў» пачалі шукаць ува ўсіх творчых калектывах, у тым ліку і ў Саюзе пісьменьнікаў БССР, у Інстытуце літаратуры АН БССР.
- ^ Першапачатковая назва «Леаніды ня вернуцца да Зямлі», так заўсёды яго называў сам Караткевіч, у тым ліку і ў запісных кніжках апошніх гадоў жыцьця. Упершыню пад назвай «Нельга забыць» раман быў апублікаваны ў часопісе Полымя, 1962, № 5, 6. Кніжнае выданьне раману — 1982 год.
- ^ У гэтай школе вучыўся пісьменьнік
- ^ Тут у 1950-х гадох жыла сям’я Караткевіча.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ а б в Верабей 2005. С. 3.
- ^ Грушэцкі А. Л. Беларускі дэтэктыў. Міфы і рэальнасць // Літаратура і мастацтва : газэта. — Мн.: Выдавецкі дом «Звязда», 2014. — В. 4777. — № 28. — С. 6.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 459—460.
- ^ Короткевич Владимир Семенович (рас.). Энциклопедический словарь (2009). Праверана 2014-04-01 г. Архіўная копія ад 2014-04-01 г.
- ^ Гардзіцкі А. К. Караткевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.
- ^ а б в г Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 460.
- ^ Верабей 2005. С. 4.
- ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ Караткевіч У. С. «Дарога, якую прайшоў» // Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў.. — Мн.: 1966. — С. 190—191.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 5.
- ^ Караткевіч У. С. «Дарога, якую прайшоў» // у кн. Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў., Мн., 1966. С. 192
- ^ а б Верабей 2005. С. 6.
- ^ а б в Верабей 2005. С. 7.
- ^ а б в г д е ё ж з і к Уладзімір Караткевіч: асоба і творчасць. Сайт «Архівы Беларусі». Праверана 11 сьнежня 2014 г.
- ^ а б Верабей 2005. С. 10.
- ^ Верабей 2005. С. 7-8.
- ^ Верабей 2005. С. 14.
- ^ Вольга Анціповіч (30 ліпеня 2009) Тайная любовь писателя Владимира Короткевича (рас.). kp.by. Праверана 29 сьнежня 2014 г.
- ^ а б в Верабей 2005. С. 15.
- ^ а б Верабей 2005. С. 218.
- ^ а б в Верабей 2005. С. 219.
- ^ Верабей 2005. С. 214.
- ^ Півавар К. Беларуская ментальнасць у моўнай прасторы мастацкага тэксту : манаграфія. — Віцебск, 2015. С. 42.
- ^ Трефилов С. Как Владимир Короткевич предсказал моду на байки с «Пагоняй»: рассматриваем книгу рисунков классика // КП Беларусь. 10.03.2020 г.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 462.
- ^ а б Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 463.
- ^ Верабей 2005. С. 13—14.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 465.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 465—466.
- ^ а б Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 479.
- ^ а б в Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 480.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 467.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 469.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 472—473.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 474.
- ^ а б Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 478.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 478—179.
- ^ Уладзімір Караткевіч (рас.) Лабаратория Фантастики. fantlab.ru. Праверана 29 сьнежня 2014 г.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 477.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 476.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 481.
- ^ Біяграфія Уладзімера Караткевіча на who.bdg.by («Хто ёсьць хто ў Беларусі») (рас.)
- ^ а б Надзея Белахвосьцік (26 сьнежня 2010) Пра Ўладзімера Караткевіча (рас.). Сельская Газета. Праверана 29 сьнежня 2014 г.
- ^ а б Верабей 2005. С. 206.
- ^ Людміла Рублеўская (26 лістапада 2005) Гений, странник, комета, или Портрет писателя в стиле коллаж... (рас.). Советская Белоруссия. Праверана 29 сьнежня 2014 г.
- ^ Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 466—467.
- ^ а б Макарэвіч, Яфімава 2008. С. 468.
- ^ Верабей 2005. С. 204.
- ^ Ларыса Цімошык. Быць Караткевічам // Зьвязда : газэта. — 26 лістапада 2010. — № 228 (26836). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзімір Караткевіч. Збор твораў у 25 тамах. Т. 1 2012. С. 5.
- ^ Уладзімір Караткевіч. Збор твораў у 25 тамах. Т. 1 2012. С. 6.
- ^ Верабей 2005. С. 207.
- ^ Библиотека-филиал № 14 им. В. Короткевича ГУ «Централизованная библиотечная система г. Витебска» (рас.)
- ^ Библиотека-филиал № 6 им. В. Короткевича сети публичных библиотек г. Новополоцка (рас.)
- ^ Детская библиотека им. В. Короткевича сети публичных библиотек г. Орша (рас.)
- ^ Общественная библиотека им. Владимира Короткевича в Таллинне (рас.)
- ^ Дзяніс Марціновіч (25 студзеня 2012) Нядзельная школа беларускай культуры імя Уладзіміра Караткевіча. Блог Дзяніса Марціновіча. Праверана 8 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 8 лютага 2015 г.
- ^ Яўгенія Каркіяйнэн (2 ліпеня 2014) Последний рыцарь белорусской истории. Фоторепортаж из Оршанского музея Владимира Короткевича (рас.). TUT.BY. Праверана 30 сьнежня 2014 г.
- ^ Владимир Короткевич — первый белорусский писатель, который писал в стилях хоррор и готики (рас.). Сталічнае тэлебачаньне (4 студзеня 2011). Праверана 30 студзеня 2015 г. Архіўная копія ад 30 студзеня 2015 г.
- ^ У Кіеве ўсталявалі помнік У. Караткевічу(недаступная спасылка)
- ^ Музей, Дняпро і родная хата. Вандроўка па мясцінах Уладзіміра Караткевіча ў Оршы. TUT.BY (26 лістапада 2014). Праверана 29 студзеня 2015 г. Архіўная копія ад 29 студзеня 2015 г.
- ^ Рашэнне Гродненскага раённага савета дэпутатаў 26 мая 2011 г. № 82 (рас.). pravo.by.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Верабей А. Л. Абуджаная памяць: нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча. — Мн., 1997. — 256 с.
- Верабей А. Л. Жывая повязь часоў. — Мн., 1985.
- Верабей А. Л. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 57 — 58
- Верабей А. Л. Уладзімір Караткевіч. Жыццё і творчасць / Пад рэд. Гарбачэўскай Т. А.. — 2-е. — Мн.: Беларуская навука, 2005. — 271 с. — ISBN 985-08-0666-4
- Верабей А. Л. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 111—112
- Гардзіцкі А. К. Караткевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — ISBN 5-340-00709-X
- Грушэцкі А. Л. Душа і сэрца Беларусі. Уладзімір Караткевіч (1930—1984) // Настаўніцкая газэта. — Мн.: Міністэрства адукацыі РБ, 29 ліпеня 2014. — В. 7537. — № 89. — С. 24.
- Караткевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Караткевіч Уладзімір // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Менск: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
- Лойка А. А. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // Беларуская савецкая энцыкляпэдыя. У 12 т. / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ.
- Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: партрэт пісьменніка і чалавека. — Мн., 1990. — 230 с.
- Макарэвіч А. М., Яфімава М. Б., і інш. Уладзімір Караткевіч // Беларуская дзіцячая літаратура / Пад рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай. — Мн.: Вышэйшая школа, 2008. — С. 459—481. — 688 с. — 3500 ас. — ISBN 978-985-06-1440-7
- Марціновіч Д. «Донжуанскі спіс» Караткевіча: Літаратуразнаўчыя даследаванні і артыкулы. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2012. — 114 с (Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Серыя «Мінскія маладыя галасы»). — ISBN 978-985-7026-43-2
- Марціновіч Д. Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2014. — 178 с.: іл.; [2] л. укл. — ISBN 978-985-7058-53-2
- Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. — Мн., 2000. − 300 с.
- Штэйнер І. Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…: паэзія У. Караткевіча і класічныя традыцыі. — Мн., 2008. — 120 с.
- Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. — Мн., 1995.
- Яршоў І. Зямля Караткевіча / І. Яршоў, В. Сіднякова. — Орша, 1997. — 238 с.
- Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв’ю, эсэ / уклад. Г. В. Шаблінскай. — Мн., 2005. — 518 с. — (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).
- Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы / Уклад.: А. Верабей, М. Мінзер, С. Панізнік. — Мн.: Літаратура і мастацтва, 2010.
- Уладзімір Караткевіч. Збор твораў у 25 тамах / прад., падрыхт. тэкстаў і камент. А. Верабей; рэд. тома В. Рагойша. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — Т. 1. — 533 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1333-4
- Уладзімір Караткевіч. Збор твораў у 25 тамах / прад., падрыхт. тэкстаў і камент. А. Верабей; рэд. тома Т. Шамякіна. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2014. — Т. 3. — 774 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1522-2
- Karatkievič, Uładzimir // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
- Творы Ўладзімера Караткевіча на сайце «Беларуская Палічка»
- Творы Ўладзімера Караткевіча на сайце kamunikat.org
- Творы Ўладзімера Караткевіча на сайце «Родныя вобразы»
- Уладзімір Караткевіч: асоба і творчасьць // Беларускі навукова-дасьледчы цэнтар электроннай дакумэнтацыі
- Цытаты Ўладзімера Караткевіча на сайце «Dumki.org»
- Юры Цьвяткоў, студыя «Летапіс» (1989). Быў. Ёсьць. Буду // Беларусьфільм, 7 траўня 2012 г. Праверана 10 студзеня 2015 г.
- Анатоль Верабей (1991). Рыцар і слуга Беларусі // Беларускі відэацэнтар, 29 кастрычніка 2012 г. Праверана 10 студзеня 2015 г.
- Сяргей Лук’янчыкаў, студыя «Летапіс» (1995). Акафіст Уладзімеру // Беларусьфільм, 7 траўня 2012 г. Праверана 10 студзеня 2015 г.
- Віктар Корзун, студыя «VivaFutura» (2010). Уладзімер Караткевіч. Душа застанецца // Белсат, 13 чэрвеня 2013 г. Праверана 10 студзеня 2015 г.
- Словы Ўладзімера Караткевіча на вечарыне, прысьвечанай 50-годзьдзю // Тэлеканал «Лад», 8 верасьня 2013 г. Праверана 10 студзеня 2015 г.
- Нарадзіліся 26 лістапада
- Нарадзіліся ў 1930 годзе
- Нарадзіліся ў Воршы
- Памерлі 25 ліпеня
- Памерлі ў 1984 годзе
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску
- Кавалеры ордэна «Дружбы Народаў»
- Ляўрэаты Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа
- Уладзімер Караткевіч
- Выпускнікі Кіеўскага ўнівэрсытэту
- Беларускія драматургі
- Беларускія літаратары
- Беларускамоўныя пісьменьнікі
- Беларускія паэты
- Беларускамоўныя паэты і паэткі
- Беларускія перакладчыкі
- Перакладчыкі на беларускую мову
- Беларускія сцэнарысты
- Аўтары гістарычных раманаў
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў БССР
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР