Каласы пад сярпом тваім
Каласы пад сярпом тваім | |
па-беларуску: Каласы пад сярпом тваім | |
Жанр: | Раман |
---|---|
Аўтар: | Уладзімер Караткевіч |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 1965 |
Публікацыя: | часопіс «Полымя» |
Асобнае выданьне: | Менск, 1968 |
Выдавецтва: | Полымя |
«Каласы́ пад сярпо́м тваі́м» — гістарычны раман Уладзімера Караткевіча, выдадзены ў 1965 годзе ў часопісе «Полымя», асобным выданьнем — у 1968 годзе ў Менску. Асноўны пэрыяд падзеяў твору — конадзень Паўстаньня Кастуся Каліноўскага.
Гісторыя твора
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле задумы, раман меў зьмяшчаць 3 часткі: 1-я — Усход (Сяйва дня), 2-я — Брань, 3-я — Вараньнё (Галгофа).
Пісьменьнік думаў напісаць раман, у першай частцы якога хацеў паказаць напярэдадні паўстаньня 1863—1864 гадоў, у другой — само паўстаньне, а ў трэцяй — яго разгром. Але была напісаная толькі першая кніга пад назваю «Выйсце Крыніц». Гэтая кніга пры выданьні была падзеленая на 2[Крыніца?].
Мае прысьвячэньне «Маёй маці. Кожнай беларускай маці, — прысвячаю» і біблейскі эпіграф з Мацьвея. У другой кнізе былі напісаныя толькі 2 разьдзелы, якія пры жыцьці пісьменьніка не друкаваліся. Упершыню яны пабачылі сьвет у часопісе «Полымя», 1989, № 1. Другая кніга мае эпіграф з пасланьня Сьв. Паўла да эфэсцаў. Пісьменьнік зьбіраўся скончыць твор, пра што сьведчаць дзёньнікавыя запісы.
Мастацкія асаблівасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раман апісвае станаўленьне беларускае нацыі, малюючы тры пакаленьні шляхоцкай сям’і Загорскіх. Галоўным героем зьяўляецца Алесь Загорскі, чыё станаўленьне і разьвіцьцё малюецца ад 14 да 20 гадоў. Таксама апісаныя высакародныя сем’і Раўбічаў і Клейнаў, абшарнікі Кроер, Таркайлы і іншыя, сялянская сям’я Кагутоў, паўстанцы Чорны Война і Корчак, сябры Алеся зь Віленскай гімназіі і Пецярбурскага ўнівэрсытэту: Кастусь і Віктар Каліноўскія, Усяслаў Грыма, Мсьціслаў Маеўскі ды іншыя. З гістарычных пэрсанажаў прысутнічаюць, акрамя Кастуся Каліноўскага, Ізмаіл Сразьнеўскі, Тарас Шаўчэнка, Пётар Валуеў, з падзеяў — дзейнасьць «Агула», скасаваньне прыгоннага права й іншыя.
Раман зьмяшчае апісаньні беларускіх абрадаў, звычаяў, шмат фальклёрнага матэрыялу, у прыватнасьці легенда пра белы жарабё становіцца сымбалічным лейтматывам твора.
Матэрыял прадстаўлены ў храналягічнай пасьлядоўнасьці зь нешматльікімі часовымі зваротамі (успамінамі герояў ці гісторыямі іх жыцьця). Таксама ў кампазыцыі раману прысутнічаюць тры фрагмэнты мэтанаратыўнага характару і вершы, якія складае галоўны герой.
Літва і Жамойць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раман закранае пытаньне назваў Літвы і Жамойці: «— Я маю на ўвазе не Літву-жмудзь, — упарта кусаючы вусны, сказаў юнак [Кастусь Каліноўскі] . — Я маю на ўвазе Літву-Беларусь… І потым, вы ж добра ведаеце, адкуль вырасла тая памылка»[1]. Таксама паводле раману, малады Кастусь Каліноўскі дэкляруе сваю літоўска-беларускую ідэнтычнасьць («я сам лічу сябе „ліцьвінам“, беларусам, тутэйшым»), прытым адзначае пра Віскую зямлю (усход Польшчы), што «там жывуць і жмудзіны, і немцы, і палякі, і беларусы».
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раман «Каласы пад сярпом тваім» — адзіная кніга, якая была надрукаваная ў Беларусі шрыфтам Брайля.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Півавар К. Беларуская ментальнасць у моўнай прасторы мастацкага тэксту : манаграфія. — Віцебск, 2015. С. 42.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Іўчанкаў В. І. Метафара як сродак мастацкай вобразнасці ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» / В. І. Іўчанкаў // Весці АН БССР. Серыя грамад. навук. — Мінск, 1987. — № 6. — С. 109—115.
- Анатоль Верабей. Проблема историзма в прозе Владимира Короткевича. практ. конф., Минск, 19 апр. 2011 г. — Минск: РИВШ, 2011. — С. 102—108.