Адам Кіркор
Адам Кіркор | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 21 студзеня 1818 |
Памёр | 23 лістапада 1886 |
Пахаваны | |
Род | Кіркоры |
Бацькі | Караль Кіркор[d] Тэкля з Валадковічаў[d] |
Дзейнасьць | журналіст, археоляг, гісторык, публіцыст, выдавец |
Адам Ганоры Кіркор (21 студзеня 1818, вёска Сьлівіна Клімавіцкага павету[2] — 23 лістапада 1886) — беларускі грамадзкі дзяяч лібэральнага кірунку, этнограф, публіцыст, выдавец, гісторык, краязнаўца, археоляг, літаратуразнаўца. Сябра-карэспандэнт Імпэратарскага археалягічнага таварыства (1856), сябра Расейскага геаграфічнага таварыства (1857) і Акадэміі ведаў у Кракаве (1873).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду Кіркораў гербу ўласнага, сын Караля і Тэклі з Валадковічаў. Меў брата Аляксандра і сястру Тэклю[3].
Навучаўся ў Магілёўскай і Віленскай гімназіях (апошнюю скончыў экстэрнам у 1838 годзе). Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1842 годзе. Выдаваў у Вільні ў 1843—1858 гадох навукова-літаратурныя альманахі «Радэгаст», «Разумовыя дзеньнікі», «Віленскі альманах», часопіс «Віленскі зборнік». У апошнім зьмяшчаў свае працы з гісторыі, этнаграфіі і археалёгіі Літвы.
Быў сябрам Віленскай археалягічнай камісіі, кіраўніком Віленскага музэю старажытнасьцяў, якому ахвяраваў уласную археалягічна-этнаграфічную калекцыю, сабраную ў час экспэдыцыі па Менскай і Віленскай губэрнях.
Праводзіў археалягічныя раскопкі ў Ашмянскім, Барысаўскім, Віленскім, Вялейскім, Лідзкім, Менскім, Наваградзкім і Сьвянцянскім паветах, дасьледаваў каля 1000 курганоў[4].
У 1859 годзе годзе заснаваў уласную друкарню, якая выдала шмат навуковых і мастацкіх кнігаў. Рэдагаваў газэту «Виленский вестник» (1859—1865). У 1863 годзе прыцягваўся ўладамі Расейскай імпэрыі да сьледзтва ў зьвязку з удзелам у паўстаньні ягонай жонкі А. Маеўскай, на варшаўскай кватэры якой хаваўся кіраўнік паўстанцкага ўраду Рамуальд Траўгут[5]. Страціў магчымасьць працаваць у Вільні; пераехаў у Пецярбург. Тамака разам з М. Юматавым у 1868—1871 гадох выдаваў газэту «Новое время». Чытаў з 1872 году лекцыі з гісторыі славянскіх літаратураў, у тым ліку беларускай, у Кракаўскім прамыслова-тэхнічным музэі. Яму належаць публікацыі «Рэшткі язычніцкіх звычаяў на Беларусі», «Пра этнаграфічную мяжу літоўскай і славянскай народнасьцяў у Літве» ды іншыя.
Адзін зь першых пазнаёміў навуковы сьвет Расеі і Польшчы з багацьцем духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў, адлюстраваў гістарычныя і этнаграфічныя своеасаблівасьці беларускага народу, даў этнічную і сацыяльна-побытавую характарыстыку тыпаў беларусаў, адзначыў самастойнасьць беларускай мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якая ўбачыла сьвет у 1874 годзе, выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную зьяву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных, фальклёрных відаў творчасьці[6].
Аўтар мэмуараў «Літоўскія абразкі» (1874), «Зь віленскіх успамінаў» (1884), «Успаміны з 1860—1863» (1884—1885)[2].
Ліцьвіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Азначаў сябе ліцьвінам: «Я ліцьвін — ніколі ня зьнішчыць у мяне гэтага пачуцьця»[7].
Асноўныя працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Историко-статистические очерки Виленской губернии. Т. 1—2. Вильна, 1852—1853;
- Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Этнографический сборник, издаваемый РГО. СПб, 1858. Вып. 3;
- Przechadzki po Wilnie i jego okolicach. Wilno, 1862 (2 wyd. 1859; 3 wyd. 1865);
- O literaturze pobratymczych narodów słowiańskich. Kraków, 1874;
- Живописная Россия. Т. 3. Ч. 1: Литовское Полесье. Ч. 2. Белорусское Полесье. СПб., 1882 (факсымільнае перавыданьне: Мн., 1993).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/kirkor-adam-honory/
- ^ а б Кіркор Адам Ганоры Карлавіч // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 280.
- ^ Яцкевіч З. Радавод Адама Ганорыя Кіркора ў святле новых архіўных дакументаў // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны. Вып. 2 / Рэдкал.: С. М. Ходзін (адказ. рэд.) і інш. — Мн.: БДУ, 2005. С. 87.
- ^ Караў Д. Кіркор Адам Ганоры Карлавіч // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 280.
- ^ КІРКОР Адам Ганоры // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 498.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 72.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Нарадзіліся 21 студзеня
- Нарадзіліся ў 1818 годзе
- Нарадзіліся ў Магілёўскай губэрні
- Памерлі 23 лістапада
- Памерлі ў 1886 годзе
- Памерлі ў Кракаве
- Пахаваныя на Ракавіцкіх могілках у Кракаве
- Беларускія гісторыкі
- Беларускія этнографы
- Беларускія публіцысты
- Беларускія краязнаўцы
- Беларускія археолягі
- Беларускія літаратуразнаўцы
- Беларускія грамадзкія дзеячы і дзяячкі