Перайсьці да зьместу

Леаніды ня вернуцца да Зямлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леаніды ня вернуцца да зямлі
Нельга забыць
Жанр: раман
Аўтар: Уладзімер Караткевіч
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 15 лютага 1962
Публікацыя: 1962
Асобнае выданьне: 1982
Выдавецтва: Мн.: Маст. літ.

«Леані́ды ня ве́рнуцца да Зямлі́» («Не́льга забы́ць») — раман Уладзімера Караткевіча, складзены з пралёгу, які ўяўляе сабой асобную скончаную гісторыю, і з 33 разьдзелаў. У яго ўключаныя вершы, напісаныя быццам бы галоўным героем Андрэем Грынкевічам. Сам пісьменьнік вызначыў раман як «амаль што сэнтымэнтальны».

Раман быў надрукаваны ўпершыню ў часопісе «Полымя» ў нумарах 5, 6. Плянавалася выданьне кнігі «Леаніды ня вернуцца да Зямлі», куды павінны былі ўвайсьці аднайменны раман і аповесьць «Дзікае паляваньне караля Стаха», аднак Караткевіча абвінавацілі ў абстрактным гуманізьме, і восеньню 1963 году набор кнігі быў рассыпаны. Асобным кніжным выданьнем на беларускай мове раман пад назвай «Нельга забыць» выйшаў у 1982 годзе.

Рукапіс раману захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва, пад назвай «Няма забыцьця», з паметай на адвароце першай старонкі: «Пачаў у верасьні 60 г».

Раман прысьвечаны памяці сябра Караткевіча Гераніма Стулпана.

Пралёг

Падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага кіраўнік атраду інсургентаў Усяслаў Грынкевіч узяты ў палон і асуджаны на сьмерць. Але яго жонка атрымлівае ад Мураўёва памілаваньне для мужа — замену сьмяротнага пакараньня на пажыцьцёвую катаргу. Для таго, каб вызваліць мужа, ёй трэба перабрацца на іншы бераг ракі. Але рака ўсхадзілася, немагчыма пераплыць на пароме, бо зьнясе, і афіцэр Пора-Леановіч адмаўляе жанчыне ў дапамозе. Расейскі капітан Юры Гораў дапамагае Грынкевічавай трапіць на іншы бок ракі, але яна ўсё адно спазьняецца на 10 хвілінаў. Аказваецца, калі інсургентам даюць такое памілаваньне, у турму пасылаюць пасланца перадаць, каб сьпяшаліся з выкананьнем прысуду, і калі памілаваньне прыходзіць, мілаваць ужо няма каго. Калі Гораў даведваецца пра гэта, ён выклікае Пора-Леановіча на дуэль і забівае яго. Жонка Грынкевіча вырашае дабіцца справядлівасьці, яе высылаюць у Сыбір.

Асноўная частка

Праўнук Грынкевіча Андрэй, трыццацігадовы паэт, вучыцца ў Маскве, але ў яго творчасьці не хапае палёту. Андрэй лічыць, што ён ніколі ня зможа пакахаць, ён ня можа забыць старой раны: дзесяць гадоў таму загінула ў аўтамабільнай аварыі яго маладая жонка — Алёна Століч. Але аднойчы ён прыходзіць на лекцыю па тэорыі мастацтва, якую чытае Ірына Горава, яе думкі здраджваюць яму. Андрэй улюбляецца ў выкладчыцу. Але Горава замужам, Андрэй вельмі пакутуе ад нявызначанасьці іх адносінаў. Знайшоўшы каханьне ён пачынае пісаць цудоўныя глыбокія вершы, яго паэзія набывае тое, чаго так не хапала. Горава то прызнаецца яму ў каханьні, то становіцца да яго халоднай, яна нават спрабуе зьвесьці Андрэя са сваёй сяброўкай — прыгожай і разумнай мастачкай Ганнай. У адзін зь вечароў Андрэй вырашае скончыць жыцьцё самагубствам, але празь некалькі гадзін, паразмаўляўшы са сваім сябрам Янісам Вайвадсам, разумее, што гэта агідная баязьлівасьць. Урэшце, Горава вырашае кінуць мужа і быць з Андрэем, але пасьля складанай апэрацыі на сэрцы яна памірае.

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Пралёг раману друкаваўся як апавяданьне «Паром на бурнай рацэ».
  • Па матывах пралёгу раману Аляксеем Дударавым была напісана п’еса «Вераб’іная ноч», якая ідзе ў Драматычным тэатры беларускай арміі.
  • Існуе музычны гурт «Нельга забыць», які быў створаны напрыканцы 2009-га адмыслова пад праграму «Леаніды не вернуцца да зямлі…», паводле аднайменнага твора Ўладзімера Караткевіча. Праграма «Леаніды…» уяўляе сабой адлюстраваньне паэтычных вобразаў, якімі прасякнуты раман. Вершы — гэта творы галоўнага героя, 30-гадовага пісьменьніка, які дзякуючы сапраўднаму каханьню адчуў, што жывы, але прадчуваньне, што яны ніколі не будуць разам забівае яго, таму ўсё напісана на нэрве, трагічна і ўзьнёсла.
  • Караткевіч У. Нельга забыць/ У. Караткевіч. — Мн.: Маст. Літ., 1982. — 335 с.