Перайсьці да зьместу

Уладзіслаў Сыракомля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «У. Сыракомля»)
Уладзіслаў Сыракомля
лац. Uładzisłaŭ Syrakomla
Людвік Кандратовіч
Людвік Кандратовіч. А. Корзан, 1860 г.
Людвік Кандратовіч. А. Корзан, 1860 г.
Герб «Сыракомля»
Герб «Сыракомля»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 29 верасьня 1823
Смольгаў Бабруйскага павету
Памёр 15 верасьня 1862
Вільня
Пахаваны
Род Кандратовічы
Бацькі Аляксандар Каэтан Кандратовіч
Вікторыя з Златкоўскіх
Жонка Паўліна зь Мітрашэўскіх
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, драматург, перакладнік
Гады творчасьці з 1844
Мова польская мова[1], нямецкая, беларуская мова і лацінская мова[2]
Дэбют верш «Паштальён» (1844) у часопісе «Athenaeum» (Вільня)
Подпіс Выява аўтографу
http://www.rv-blr.com/biography/view/712

Уладзісла́ў Сырако́мля (сапраўднае Людвік Уладзіслаў Францішак Кандратовіч; 29 верасьня 1823, фальварак Смольгаў Бабруйскага павету, цяпер Любанскі раён — 15 верасьня 1862, Вільня) — беларускі і польскі паэт, драматург, перакладнік, літаратурны крытык і краязнаўца. Мовамі ягоных твораў былі польская і беларуская.

Творчасьць Уладзіслава Сыракомлі прыкметна паўплывала на фармаваньне беларускай літаратуры новага часу[3].

З шляхецкага роду Кандратовічаў гербу «Сыракомля», назву якога потым узяў за псэўданім. Сын Аляксандра Каятана і Вікторыі з Златкоўскіх. Бацькі былі арандатарамі і часта зьмянялі месца жыхарства.

Смольгаў, месца нараджэньня Людвіга Кандратовіча. Літаграфія з малюнка Напалеона Орды

У 1833 годзе пачаў навучаньне ў павятовай школе пры дамініканскім кляштары ў Нясьвіжы, якую расейскія ўлады зачынілі ў 1835 годзе. Давучваўся ў дамініканскай школе ў Наваградку (1836—1837). У 1840 годзе ўладкаваўся на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі.

Па жаніцьбе з Паўлінай Мітрашэўскай ў 1844 годзе пераехаў у фальварак Залучча (цяпер Стаўпецкі раён). Многа працаваў творча. У верасьні 1852 году пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. У красавіку 1853 году пачаў арандаваць фальварак Барэйкаўшчыну каля Вільні.

У 1856—1858 гадох неаднаразова выяжджаў у Варшаву і Познань (Прускае каралеўства). Пасьля гэтых паездак расейскія ўлады ўсталявалі за Л. Кандратовічам сакрэтны нагляд. У красавіку 1861 году выступіў на патрыятычнай маніфэстацыі ў Коўне зь вершамі. Выехаў у Варшаву, а на зваротным шляху яго арыштавалі і зьняволілі ў віленскай вязьніцы. Знаходзіўся пад арыштам каля месяца. Вызвалены пад нагляд паліцыі. Памёр у часе сьледзтва. Спачыў на віленскіх могілках Росы ў Вільні.

У Барэйкаўшчыне працуе музэй-бібліятэка Ўладзіслава Сыракомлі, ягонае імя носяць вуліцы ў Менску, Пінску, Горадні, Наваградку, Стоўпцах і Нясьвіжы. У Варшаве ў гонар паэта названыя адразу дзьве вуліцы: вуліца Людвіка Кандратовіча і вуліца Ўладзіслава Сыракомлі. Таксама паэт ушанаваны ў шэрагу іншых польскіх гарадоў вуліцамі Людвіка Кандратовіча, такіх як Гданьск, Гдыня, Сопат, Лембарк, Познань, Эльблёнг, Кракаў і Ўроцлаў, а таксама ў вёсцы Брэзна Лямборскае (Brzeźno Lęborskie) ды іншых.

Літаратурная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьвяртаўся да гісторыі краю, вераваньняў, звычаяў, вуснай паэзіі беларускага народу, паэтызаваў гераічнае мінулае продкаў. Дэбютаваў вершам «Паштальён» (1844), паводле пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі»). Пераклад «Паштальёна» на расейскую мову паэтам Л. Трэфалевым стаў папулярнай у Расеі народнай песьняй «Когда я на почте служил ямщиком…».

Як добры знаўца фальклёру, вуснай паэзіі беларусаў раскрыўся ў «Кароткім дасьледаваньні мовы і характару паэзіі русінаў Менскай правінцыі» (1856). Вывучэньню Беларусі прысьвяціў гістарычна-краязнаўчыя працы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Менск: беглы агляд сучаснага стану Менску» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусьця» (1861) ды іншае.

Падтрымліваў цесны зьвязак зь менскім літаратурным асяродзьдзем. За антыцарскія вершы быў арыштаваны. Пісаў па-польску, зь беларускамоўных твораў захаваліся толькі два — верш «Добрыя весьці» (1848, 1861) і лірычная мініятура «Ужо птушкі пяюць усюды».

Аўтар некалькіх п’есаў, якія ставіліся віленскім тэатрам. З драматычных твораў Уладзіслава Сыракомлі найбольшай папулярнасьцю карысталася п’еса «Kasper Kaliński».

Перакладаў на польскую мову творы разнастайных расейскіх, францускіх, украінскіх, нямецкіх і лацінскіх паэтаў. Сярод найбольш значных працаў — пераклады твораў Гётэ, Гайнэ, Лермантава, Шаўчэнкі, Някрасава, Бэранжэ і іншых. Творы У. Сыракомлі лічацца аднымі з найлепшых перакладаў паэзіі ў гісторыі польскай мовы.

Аўтарам двухтомнай «Гісторыі літаратуры ў Польшчы» (1851—1852) ды іншых твораў.

Магіла Ўладзіслава Сыракомлі на могілках Росах у Вільні. Побач налева — магіла жонкі, Паўліны
  • Przekłady poetów polsko-łacińskich epoki zygmuntowskiej
  • Gawędy i rymy ulotne (1853)
  • Urodzony Jan Dęboróg
  • Poezje ostatniej godziny
  • Wyzwolenie włościan
  • Margier. Poemat z dziejów Litwy (1855)
  • Margier Konstantego Gorskiego
  • Wielki Czwartek (1856)
  • Janko Cmentarnik (1857)
  • Kasper Kaliński (1858)
  • Chatka w lesie (1855—1856)
  • Hrabia na Wątorach (1856)
  • Możnowładcy i sierota (1859)
  • Wiejscy politycy (1858)
  • Wojnarowski
  • Podróż swojaka po swojszczyźnie
  • Dzieje literatury w Polsce

Падобна таму, як зьвяртаўся да роднай Наваградчыны Адам Міцкевіч у пралогу да паэмы «Пан Тадэвуш» — «О Літва, айчына мая!…», Уладзіслаў Сыракомля зьвяртаўся да роднай Случчыны ў самым пачатку паэмы «Ян з роду Дубарог» — «О Радзіма Літва, о Айчына сьвятая»[4].

Сучасьнікі называлі Ўладзіслава Сыракомлю «лірнікам літоўскім»[5], «літоўскім паэтам», «песьняром Літвы». Сам ён неаднаразова казаў «Я — ліцьвін» і падкрэсьліваў, што і яго прапрадзед быў «шчырым ліцьвінам»[6]. У 1855 годзе пісаў пра творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: «Пекная гэта галіна славянскай мовы… і старая! Бо гэта мова нашага Літоўскага статуту і заканадаўства… на ёй размаўлялі тры чвэрці даўняй Літвы, народ, шляхта і паны»[7]. А ў адным з сваіх вершаў падкрэсьліваў: «Пра адно я толькі сьпяваю, хоць на розныя ноты: Хай жыве наша Літва! Хай жывуць ліцьвіны!»[a][9][10].

Гісторык Кастусь Цьвірка зьвяртае ўвагу на тое, што гаворачы пра Літву як сваю радзіму, Уладзіслаў Сыракомля меў на ўвазе ня што іншае, як Беларусь. Пра гэта добра разумелі праз 50 год па яго сьмерці і польскія аўтары: Чэслаў Янкоўскі ў артыкуле «„Літва“ Сыракомлі» пісаў, што, калі б Уладзіслаў Сыракомля ўстаў з магілы, то ён «апынуўся б не на Летуве, а на Беларусі, дзе ўбачыў сьвятло і дзе пражыў свой век — паміж Залуччам і Барэйкаўшчынай»[11]. Польскі гісторык літаратуры Аляксандар Брукнэр прыйшоў да высновы, што Ўладзіслаў Сыракомля — «сапраўдны пясьняр беларускай зямлі, ні ў якім разе не летувіскай-жмудзкай… яго „Улас“[b], „Янка-цьвінтарнік“ і г. д., яго засьцянковая шляхта, Лагода ці Дэмбарог нават — гэта сапраўдная беларуская кроў»[12][13].

Беларускі пераклад:

  • Выбр. тв. Мн., 1966;
  • Вандроўкі па маіх былых ваколіцах: Успаміны, даследаванні гісторыі і звычаяў. Мн., 1992;
  • Мінск. Мн., 1992;
  • Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка. Мн., 1993.
  1. ^ польск. «Ja jedno tylko śpiewam, choć na różną nutę: Niech żyje nasza Litwa! niech żyją Litwini!»[8]
  2. ^ т.б. Włas-Błażej
  1. ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  2. ^ Kondratowicz, Ludwik // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ Маркель У. Сыракомля Уладзіслаў // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 459.
  4. ^ Некрашэвіч-Кароткая Ж. Ідэнтыфікацыйныя дыспазіцыі ў старажытных наратывах як гетэрагеннае культурнае ядро: беларускі гісторыка-літаратурны дыскурс // Філалагічныя штудыі = Studia philologica, 2020. С. 74—75.
  5. ^ Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І. Крэнь, І. Коўкель, С. Марозава, С. Сяльверстава, І. Фёдараў. — Менск: РІВШ БДУ, 2000. С. 324.
  6. ^ Цвірка К. Лірнік беларускай зямлі // Уладзіслаў Сыракомля. Выбраныя творы. — Менск: «Кнігазбор», 2006. С. 3.
  7. ^ Сяргей Абламейка, Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі, Радыё Свабода, 19 лістапада 2019 г.
  8. ^ Poezye Ludwika Kondratowicza (Władysława Syrokomli). T. 7. — Warszawa, 1872. S. 186.
  9. ^ Цвірка К. Лірнік беларускай зямлі // Уладзіслаў Сыракомля. Выбраныя творы. — Менск: «Кнігазбор», 2006. С. 4.
  10. ^ Цвірка К. Беларускі лірнік // Уладзіслаў Сыракомля. Выбраныя творы. — Менск: «Беларуская навука», 2011. С. 6.
  11. ^ Tygodnik illustrowany. Nr. 37, 1912.
  12. ^ Brückner A. Z niwy białoruskiej. — Kraków, 1918. S. 11.
  13. ^ Цвірка К. Беларускі лірнік // Уладзіслаў Сыракомля. Выбраныя творы. — Менск: «Беларуская навука», 2011. С. 6—7.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]