Слуцкае княства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Слуцкае княства
Navahradak. Наваградак (1720).jpg
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус княства[d]
Адміністрацыйны цэнтар Слуцак
Князі Князі слуцкія
Час існаваньня 1395—1793
Месцазнаходжаньне Слуцкага княства
Слуцкае княства на мапе
Commons-logo.svg   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Слуцкае княства (Слуцка-Капыльскае княства) — адміністрацыйна-тэратарыяльная адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім. Уваходзіла ў склад Наваградзкага павету Наваградзкага ваяводзтва (у 1791 годзе стала асобным паветам). Ад сярэдзіны XV ст. сталіца — места Слуцак.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква ў Слуцку
Прачысьценская царква, Урэчча

Узьнікла ў 1395 годзе, калі вялікі князь Вітаўт адабраў у князя кіеўскага Ўладзімера Альгердавіча Кіеўскае княства і перадаў яму як кампэнсацыю Слуцак і Капыль з навакольнымі землямі ў якасьці ўдзельнага княства[1]. Ягоныя нашчадкі, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі княствам да 1612 году.

У 1507 годзе ўвайшло ў склад Наваградзкага павету, але адначасна захоўвала ў адміністрацыйнай, судовай і вайсковай структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся князю слуцкаму.

У 1582 годзе тры сыны Юрыя Алелькавіча падзялілі паміж сабою места і княства на 3 часткі (з сваёй адміністрацыяй у кожнай). Князямі слуцкімі ў гэты час былі Юры (1578—1586), Ян Сямён (1578—1592) і Аляксандар (1578—1591); два апошнія не пакінулі нашчадкаў. Частку Юрыя атрымала ягоная дачка Соф’я (1586—1612). Па сьмерці Аляксандра ягоную частку атрымаў брат Ян Сямён, па сьмерці якога ўсё княства зноў аб’ядналася як уладаньне Соф’і.

Па сьмерці князёўны Соф’і Случчына перайшла да яе мужа Януша Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, зь перапынкам у 1695—1744 гадох, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі. У 1744 годзе княства вярнулася да Радзівілаў нясьвіскай лініі.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Слуцкага княства ліцьвінамі: «показывал… тот литвин Федька [Яковлев слутчанин] проезжею память, писана по-литовски» (1621 год)[2], «старец Мелетий (литвин Слуцкого уезда)» (1624 год)[3], «…литвину слутчанину Василью Павлову <…> литвину слутчанину Илье Павлову» (1675 год)[4], «…сказался Мартинко родом литвин[a] города Слутца» (1684—1685 гады)[6]. А ў 1732 годзе адзін з жыхароў Капылю — Якаў Кісель — азначаецца як «стараліцьвін»[7].

Да канца XVIII стагодзьдзя заставалася ўнікальнай адміністрацыйна-тэратарыяльнай адзінкай Вялікага Княства Літоўскага[8]. У 1791 годзе на аснове княства ўтварыўся Случарэцкі павет.

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мескія гербы мелі Капыль і Слуцак.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На поўначы межавала зь Менскім паветам Менскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Рэчыцкім паветам Менскага ваяводзтва, на поўдні — з Мазырскім паветам Менскага ваяводзтва, на захадзе — з Наваградзкім паветам Наваградзкага ваяводзтва. Займала тэрыторыю да Нёмана на поўначы, Лані на захадзе, Пцічы на ўсходзе і Прыпяці на поўдні.

На тэрыторыі княства знаходзіліся месты і мястэчкі: Вызна, Глуск Дубровіцкі, Глуск Пагарэлы, Грозаў, Грэск, Дарогі, Капыль, Ленін, Любань, Пагост, Пясочнае, Раманаў, Старобін, Семежаў, Урэчча, Цімкавічы, у XVI стагодзьдзі — Петрыкаў. Магдэбурскае права атрымалі Капыль (27.08.1652) і Слуцак (1441).

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Князі слуцкія

Да XVI ст. знаходзілася ў васальнай залежнасьці ад улады вялікіх князёў. Кіраваньне ажыцьцяўляў удзельны князь з дапамогай баярскай рады. У князя слуцкага былі свае васалы — князі, баяры і путныя слугі, якія атрымлівалі за службу (вайсковую і адміністрацыйную) невялікія маёнткі. У валасьцях кіравалі намесьнікі князя.

У XVI ст. паступова пераўтварылася ў вялікую фэадальную вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства[9].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Случчыне сфармавалася самабытная лякальная школа дойлідзтва. Яе адметасьцю было выкарыстаньне складаных ярусных аб’ёмаў[10].

Мураваная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XVII ст. у мураваную архітэктуру Случчыны прыйшла стылістыка барока.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «бо сей Андрэй родам ліцьвін, сын Гердзенеў, літоўскага князя» (Цьвярскі летапіс 1306 году); «литвин родом» пра Даўмонта Пскоўскага («Пролог», напісаны ў Пскове ў канцы XIV ст.[5]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Грыцкевіч А. Слуцкае княства // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 27.
  2. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 78.
  3. ^ Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. 1. — Казань, 1914. С. 31.
  4. ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 158—160.
  5. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 200.
  6. ^ Труды… Тульской Губернской Учетной Архивной Комиссии. Кн. 1. — Тула, 1915. С. 515.
  7. ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 1, т. 4. — Киев, 1871. С. 441.
  8. ^ Грыцкевіч А. Слуцкае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 347.
  9. ^ Грыцкевіч А. Слуцкае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 591.
  10. ^ Лакотка А. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі. — Менск: Беларусь, 2003.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]