Францішак з Асыжу (кантата)
Францішак Асіскі | |
па-польску: Francіszek z Assіsu | |
Жанр: | Кантата |
---|---|
Аўтар: | Уладзіслаў Сыракомля |
Мова арыгіналу: | польская |
Год напісаньня: | 1857 |
Публікацыя: | 1857 |
Асобнае выданьне: | 1859 |
Выдавецтва: | Крысьціян Тэафіл Глюксбэрг |
Колькасьць старонак: | 15 |
«Франці́шак з Асы́жу» (па-польску: Francіszek z Assіsu) — кантата Уладзіслава Сыракомлі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Твор быў апублікаваны ў 1857 годзе ў № 1 віленскага часопіса «Teka Wіleńska», які выдаваў Адам Кіркор. Тамсама быў часткова зьмешчаны нарыс паэта пра Менск[1]. У 1859 годзе лібрэта выйшла асобным выданьнем, якое ілюстраваў Міхал Эльвіра Андрыёлі[2]. У прадмове да яго Сыракомля пісаў:[1]
’’Прадмет натхніў нас у адзін момант. Па сваёй сутнасьці ён патрабаваў араторыі, кантаты, адным словам, пэўнага музычнага апяваньня. У тую ж хвіліну мы пасьпяшаліся расказаць пра яго нашаму знакамітаму Станіславу Манюшку, а запал, зь якім слаўны маэстра прыняў і падзяліў нашую думку, так горача паўплываў на нас, што гэтую кантату мы напісалі на адным дыханьні".’’
Паводле прызнаньня Ў. Сыракомлі, ідэю для свайго твора й сюжэт ён узяў з дасьледаваньня А. Ф. Азанама, а менавіта са складзенага ім жыцьцяпіса сьв. Францішка з мэтаю патлумачыць «Боскую камэдыю» Дантэ[3].
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Францішак Асіскі прадстаўляецца як пясьняр Бога і як пясьняр Айчыны. У абедзьвюх іпастасях ён перажывае духоўнае змаганьне: спачатку з салаўём, а затым з самім сабою. Існасьць гэтага спаборніцтва з птушкай, паводле твора Ў. Сыракомлі, заключалася ў тым, каб даведацца, хто са стварэньняў здольны найлепш праславіць Бога — чалавек, душа якога часам абцяжараная эгаізмам, але здольная любіць, плакаць і раскайвацца, альбо птушка, якая заўжды сьпявае шчыра, бескарысьліва й проста, але шчабеча толькі адну песеньку. У ходзе сюжэту салавей перамагае Францішка. Але Сыракомля паказвае, што Бог насамрэч неабдымны й ніякі гімн хвалы не здолее выказаць усю Яго славу й веліч, таму пераможцы тут быць ня можа.
Далей ідзе канфлікт вакол ідэі апяваньня й праслаўленьня Айчыны. Францішак сустракае грамаду менестрэляў, якія разам з войскам рыцараў праходзяць праз мясьціны, дзе ён размаўляў з прыродаю й аддаваўся забыцьцю ў малітоўным экстазе, што было вынікам усьведамленьня яго бясьсільля ў спробе праславіць Бога. Францішак задумаў скласьці песьню на хвалу Айчыны, але й тут меў паразу, перад жаданьнем уласнага сэрца. Пазьней ён каіцца, што зьвярнуўся да сьвецкай песьні й што запалаў зямной жарсьцю. У гэтым павароце сюжэта выяўляецца іншая ідэя — свабода сэрца, якая дазваляе любіць Айчыну, але не сьпяваць ёй песень[3].
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фэлікс Фарнальчык выказаўся пра часопіс і твор Сыракомлі:[1]
’’Гэтыя творы, як і некаторыя іншыя, напісаныя ў той жа пэрыяд, нечакана закраналі ноты пакорнай рэлігійнасьці, у пэўным сэнсе нават згодніцтва й складаньня зброі ў барацьбе з сарматызмам. Гэтую зьяву можа растлумачыць тагачасны стан жыцьця паэта, разьбітага й прыгнечанага плёткамі, а таксама блізкае супрацоўніцтва з прыслужлівым рэдактарам «Tekі» Адамам Ганоры Кіркорам, што павінна было пацягнуць за сабою адрачэньне Сыракомлі ад празьмерна радыкальных сацыяльных і палітычных акцэнтаў, якія не маглі быць ухваленыя патронам.’’
Аднак Ганна Серэхан не згодная з думкай польскага дасьледчыка, бо гэта неаргумэнтаваная ацэначная характарыстыка, а таксама даводзіць няслушнасьць падобнай думкі[1].
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2011 г. у № 1 часопіса «Наша вера» Ганна Серэхан разам са сваім артыкулам зьмясьціла свой урыўкавы пераклад[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Серэхан, Г. Кантанта Ў. Сыракомлі «Францішак Асіскі» і духоўныя пошукі літаратуры Рамантызму (бел.). — 2011. — С. 27.
- ^ Syrokomla, Wł. Francіszek z Asіssu (пол.). — Wіlno: P. F. Rafałowіcz, 1859. — 31 с.
- ^ а б Серэхан, Г. Кантанта Ў. Сыракомлі «Францішак Асіскі» і духоўныя пошукі літаратуры Рамантызму (бел.). — 2011. — С. 29.
- ^ Серэхан, Г. Кантанта Ў. Сыракомлі «Францішак Асіскі» і духоўныя пошукі літаратуры Рамантызму (бел.). — 2011. — С. 30-31.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Серэхан, Г. Кантанта У. Сыракомлі «Францішак Асізскі» і духоўныя пошукі літаратуры Рамантызму (бел.). — 2011. — № 1. — С. 27-31.
- Syrokomla, Wł. Franciszek z Assisu (пол.). — Wilno: Teofil Glücksberg,, 1857. — № 1. — С. 1-15.