Перайсьці да зьместу

Хадыка (паэма)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хадыка
па-польску: Chodyka
Жанр: Паэма
Гутарка
Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: 1847
Перакладчык: Яўгенія Пфляўмбаўм

«Хады́ка» (па-польску: Chodyka) — паэма-гутарка Ўладзіслава Сыракомлі, адна зь першых паэмаў творцы.

Сваім творам паэт даводзіць, што сэнс чалавечага жыцьця заключаецца ня ў клопаце пра самога сябе, а пра блізкага, у любові да Бога і да сабе падобнага[1].

Гутарка «Хадыка» ўзнаўляе пачутае паэтам ад бацькі Адама Плуга палескае паданьне пра асочніка(d), які ў гарачцы крыўды забіў лоўчага і тры дзясяткі гадоў хаваўся ў пушчы. У інтэрпрэтацыі Сыракомлі паданьне абрастае дэталямі і падрабязнасьцямі, ён імкнецца пранікнуць ва ўнутраны сьвет героя, асэнсаваць яго паводзіны ў гэтай цяжкай сытуацыі[2].

Зінаіда Драздова заўважае таксама блізкасьць гутаркі да жыційнай літаратуры (жыціі прападобнага Майсея Мурына, прападобнага Давіда)[2].

Дзеяньне адбываецца ў Слуцку. Жыцьцё Хадыкі ў цёмнай непралазнай пушчы было нялёгкім. Пакуль меў порах, ён здабываў зьвера ці птушку, а скончыўся порах — харчаваўся карою, часта галадаў і жыў у скрусе. Найбольш паляшук цярпеў ад дакору сумленьня, што ён зьдзейсніў сьмяротны грэх — забіў чалавека. Герой разумее, што сумленьне — голас Бога, ад якога нідзе не схавацца[2]. У адзінотным жыцьці Хадыкі ўвесь час прысутнічае чорт, які то раіць яму павесіцца, нават абяцае падшукаць для гэтай мэты асіну, то заклікае выходзіць на дарогу і здабываць хлеб несумленным шляхам разбою і рабаўніцтва. Герой бароніцца ад нячысьціка малітвай, хоць часам малітва ў яго ня йдзе. Герой сябе не апраўдвае, але прызнае сваю віну. Спакутаваны Хадыка пазьней ужо пачаў шукаць, дзе павесіцца, але раптам знайшоў пчаліны рой, з-за чаго задумваецца, каб заняцца пчалярствам. Ад працы герой атрымлівае задавальненьне, натхняецца ідэяй прыносіць людзям карысьць, а таксама ратуецца ад нячысьцікаў. Такім чынам, паляшук выбірае Бога, замест д’ябла[1]. Змучаны адзінотай Хадыка шукае людзей. Выйшаўшы да іх, ён расказвае сапраўдную гісторыю свайго жыцьця і просіць пакараньне за ўчыненае ім забойства. Споведзь пакаранага доўгім блуканьнем закранула князя Радзівіла. Прысуд у творы не агалошваецца, але сканчаецца сьмерцю Хадыкі ў кляштары[3].

Тадэвуш Піні адзначаў:[4]

«Хадыка» пры ўсёй прастаце апавяданьня такі захапляльны, такі сумны, што чытаецца займальна на адным дыханьні.

Беларускі філёлаг Леў Цьвяткоў пісаў:[5]

Хадыка — гэта сымбаль прыгнечанага, замучанага варожымі сіламі беларускага народу. Гэты народ змушаны, калі нельга дабром, дык хаця шляхам крывага паўстаньня, выявіць свой пратэст.

У 1879 годзе ў Маскве выйшаў зборнік выбраных твораў Сыракомлі ў перакладзе на расейскую мову, дзе быў зьмешчаны і «Хадыка» ў перакладзе Ліядора Пальміна[6]. На беларускую мову твор пераклала Яўгенія Пфляўмбаўм[7], пераклад быў апублікаваны пад імем мужа[8].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]