Бабруйскі павет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бабруйскі павет
Агульныя зьвесткі
Краіна Расейская імпэрыя, БССР
Статус Менская губэрня
Адміністрацыйны цэнтар Бабруйск
Дата ўтварэньня 5 траўня 1795
Дата скасаваньня 1924
Насельніцтва (1908) 327 тыс.
Нацыянальны склад 67,4% беларусы, 19,4% жыды, 10% расейцы
Плошча 12,2 тыс. км²
Скасаваны 17 ліпеня 1924
Месцазнаходжаньне Бабруйскага павету
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Бабруйскі павет (па-расейску: Бобруйскій уездъ) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка з цэнтрам у Бабруйску ў 1795—1924 гадах.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бабруйскі павет утвораны 3 траўня 1795[1] году ў складзе Менскае губэрні. Першым маршалкам шляхты Бабруйскага павету быў А. Аскерка (1795—1797). У 1897 плошча павету складала 12,2 тыс. км². 29 жніўня 1919 — 10 жніўня 1920 павет уваходзіў у склад Гомельскае губэрні. У 1924 годзе Бабруйскі павет ліквідаваны. Большая частка яго тэрыторыі ўвайшла ў склад Бабруйскае акругі.

Падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1890 годзе павет падзяляўся на 22 воласьці: Азарыцкую, Асавецкую, Бацэвіцкую, Бортніцкую, Броскую, Гарадоцкую, Гарбацэвіцкую, Глускую, Горкаўскую, Жыцінскую, Забалоцкую (Любанскую), Замоскую (ад 1924 Чычэрынская), Качэрыцкую, Любоніцкую, Новадароскую, Парыцкую, Рудабельскую (ад 1920 Акцябарская), Сьвіслацкую, Стэпскую, Туркоўскую, Чэрнінскую. Апроч таго павет падзяляўся на паліцэйскія адзінкі — станы (кватэры — у Глуску, Міхалёве, Парычах, Сьвіслачы) і на земскія пастарункі.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напачатку ХІХ ст. кожны сёмы жыхар павету быў шляхцічам, але ў выніку разбораў шляхты яе колькасьць значна скарацілася. Найбуйнейшымі шляхецкімі родамі ў павеце былі Булгакі, Быкоўскія, Воўк-Левановічы, Забелы, Кялчэўскія, Прушыноўскія й іншыя. У 1897 у павеце жыло 318,8 тыс. чалавек, у 1908 — тут ужо жыло 327 тыс. чалавек, зь іх 67,4 % было беларусаў, 19,4 % — жыдоў, 10 % — расейцаў.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Землеўладальнікі-расейцы, якія набылі маёнткі на Бабруйшчыне, самі гаспадаркай не займаліся, а даручалі гэта ўпраўленцам ці здавалі іх у арэнду. У шляхецкіх маёнтках мясцовага паходжаньня дзейнічалі нават заводы: медны й поташны ў Багушоўцы Быкоўскіх, цукровы Булгакаў, жалезны прынцэсы дэ Манака ў Глебавай Рудні, гута Прушаноўскіх у Вікторыне.

З адменай прыгоньніцтва ў 1861 годзе заможныя сяляне пачалі сяліцца на хутарох (17 у 1897). Сяляне з павету хадзілі на чыгуначныя работы, высечку і сплаў лесу па Дняпры, Бярэзіне і Дзьвіне, пралі лён, пяньку, выраблялі прадметы хатняга і гаспадарчага ўжытку. Была шырока распаўсюджаная мукамольная й кравецкая вытворчасьць. Тысячы сялянаў Бабруйшчыны займаліся рамонтна-будаўнічымі работамі.

У павеце існавалі цэлыя плянтацыі хмелю. У многіх маёнтках будаваліся карчмы й заезныя двары. Карчмы былі ў вёсках Зарэчча, Бабіна, Пятровічы, Брожа, Коўрын, Туркі, Бірча, Шароўшчына, піўныя лаўкі — Пабокавічах, у Гарбацэвічах, Багушоўцы. Пашырыўся розьнічны гандаль. У 1880-я пачаў разьвівацца сталы лавачны гандаль. Дробныя лаўкі былі ў Малых Бортніках, Міхалёве, Турках, Кавалёх, Навіках.

Праз Бабруйскі павет праходзілі шматлікія шляхі: ваенна-камунікацыйная дарога зь Менску ў Бабруйск, шаша з Бабруйску ў Слуцак, Маскоўска-Варшаўская шаша. У 1848 годзе была здадзеная ў эксплюатацыю дарога Берасьце — Бабруйск, у 1851 Берасьце — Магілёў. Быў пабудаваны паштовы тракт Менск — Бабруйск. Пры дарозе будаваліся застаўныя дамы (у Глушы, Саломенцы, Баравой), дзе разьмяшчаліся заставы, вартоўні й правяралі дакумэнты. Будаваліся й паштовыя станцыі (найбуйнейшая ў Багушоўцы, тут у 1897 жыло 18 чалавек). У 1871 годзе праз Бабруйск прайшла чыгунка, чыгуначныя станцыі зьявіліся ў Брожы і Кавалёх. Напачатку ХХ стагодзьдзя ў Глушы было адчыненае першае паштова-тэлеграфнае аддзяленьне.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царкоўнапрыходзкія школы ў павеце дзейнічалі ў Панюшкавічах, Панкратавічах (ад 1887), Міхалёве (ад 1884). Апроч таго існавалі 8 школаў граматы, якім пазьней быў нададзены статус аднаклясных народных вучэльняў: у Гародчыне, Пустошцы, Жарабцах (Юр’ева), Варатыні, Аўсімавічах, Фартунах, Коўрыне, Пятровічах. Дадатковыя народныя вучэльні былі створаныя напачатку ХХ ст. у вёсках Вобча, Восава, Забудзькі, Мікулічы ды іншыя.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Именной указ, данный Сенату. — О составлении Минского наместничества из тринадцати округов. //Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792—1796)/ Издание Виленской комиссии для разбора древних актов. — Вильна: типография «Русский Почин», 1903. — с. 42

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]