Язэп Лёсік
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лёсік.
Язэп Лёсік лац. Jazep Losik | |
Язэп Лёсік, 1930-я гг. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Язэп Юр’евіч Лёсік |
Псэўданімы | Павал Ксяневіч, Язэп Ксяневіч, Язэп Ліхадзіеўскі, М. Кепскі, J. L. (Apalczeńniec)[1] |
Нарадзіўся | 6 (18) лістапада 1883 в. Мікалаеўшчына, Менскі павет, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Памёр | 1 красавіка 1940 (56 гадоў) Саратаў, Расейская СФСР, СССР |
Жонка | Ванда Лявіцкая |
Дзеці | Юрась, Люцыя, Алеся |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, публіцыст, мовазнаўца, пэдагог, нацыянальны й палітычны дзяяч |
Гады творчасьці | 1912—1930 |
Жанр | апавяданьне |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | «Рабы Міхась Крэчка, што быў за судзьдзю» // «Наша Ніва», 19 ліпеня 1912 |
Значныя творы | Апавяданьне «Не ўсе ж разам, ягамосьці!..» (1914) Зборнік апавяданьняў «Родныя вобразы» (1921, забаронены) |
Творы на сайце Knihi.com | |
Творы на сайце Kamunikat.org | |
Язэ́п Ю́р’евіч Лё́сік (18 лістапада [ст. ст. 6 лістапада] 1883; в. Мікалаеўшчына, цяпер Стаўпецкі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1 красавіка 1940; Саратаўская турма, цяпер Расея) — беларускі пісьменьнік, публіцыст, мовазнаўца, пэдагог, нацыянальны й палітычны дзяяч. Акадэмік АН БССР (1928). Родны дзядзька Якуба Коласа[2], брат Антона Лёсіка.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства й маладосьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 18 лістапада 1884 году[3][4] ў сяле Мікалаеўшчына Менскага павету. Ягоныя бацькі, Юрка й Хрысьціна Лёсікі былі безьзямельнымі сялянамі й арандавалі землі ў князёў Радзівілаў. Яны мелі сем сыноў і трох дачок[5]. Язэп быў іхным малодшым дзіцем, таму ў першыя гады жыцьця ня быў занадта загружаны абавязкамі. Ён скончыў другую клясу Мікалаеўскае народнае школы, па чым два гады рыхтаваўся да экзамэнаў у настаўніцкую сэмінарыю. Здаваў экзамэны ў Настаўніцкую сэмінарыю ў Нясьвіжы, але не паступіў[4]
У 1898 годзе Язэп паступіў у Маладэчанскую сэмінарыю (Віленская губэрня). Аднак на другі год быў звольнены зь яе бяз права паступленьня ў іншыя навучальныя ўстановы. Па пераезьдзе ў Ноўгарад-Северскі (Чарнігаўская губэрня), дзе працаваў ягоны брат, паступіў у гарадзкую вучэльню й скончыў яе ў 1902 годзе. У Ноўгарадзе-Северскім вытрымаў экзамэн на годнасьць настаўніка народнае школы.
Удзел у рэвалюцыі 1905 году й царскія рэпрэсіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў прызначаны выкладнікам расейскае мовы ў Бабруйскую сельскагаспадарчую школу (Менская губэрня). Працаваў у Бабруйску адзін год, у 1903 годзе ізноў вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі й быў прызначаны настаўнікам у школу ў мястэчку Грамяч. Хутка стаў знаёміць з палітычнымі пытаньнямі грамяцкіх сялянаў на сходах у школе, пра што стала вядома паліцыі. У 1905 яго арыштавалі. Гэта выклікала абурэньне жыхароў Грамяча, якія заплянавалі пайсьці ў турму й запатрабаваць вызваленьня Лёсіка, але ў выніку адмовіліся ад гэтае ідэі.
У 1907 перавезьлі на суд у Старадуб на Чарнігаўшчыне. Тут яму задалося зьбегчы з гораду й такім парадкам унікнуць суду. Па гэтым некаторы час хаваўся ў Стоўпцах (Менскі павет), Пецярбурґу, два гады жыў на станцыі Красноўка, недалёка ад Луганску (Екацярынаслаўская губэрня), дзе адзін зь ягоных старэйшых братоў быў дзяржаўным службоўцам.
У 1911 вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі, дзе яго ізноў арыштавалі й перавезьлі ў Старадуб на суд. Яму прысудзілі бестэрміновае высяленьне ў Сыбір, дзе жыў да 1917, спачатку ў Кірэнску (Іркуцкая губэрня), а потым у некаторых сёлах Кірэнскага павету. Нядоўгі час жыў у Бадайбо.
У засланьні Язэп заняўся самаадукацыяй. Здабываў сродкі на сваё існаваньне фізычнаю працаю й толькі ў Бадайбо быў за пісара, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе зачыніла, бо ў засланьні ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй адмысловасьці. У Сыбіры Язэп сустрэўся з Алесем Гаруном, зь якім потым не разлучаўся.
Адарваны ад сваёй Бацькаўшчыны, супрацаваў з «Нашаю Ніваю», падтрымліваў зьвязак зь пісьменьнікамі й знаёмымі настаўнікамі ў Беларусі.
Палітычная дзейнасьць у беларускім нацыянальным руху
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вярнуўся ў Беларусь у сакавіку 1917 і спыніўся ў Менску, дзе далучыўся да дзейнасьці беларускага нацыянальнага руху[4]. Ён быў адным з актыўных удзельнікаў Беларускае Сацыялістычнае Грамады (БСГ). Як яе прадстаўнік увайшоў у склад створанага 7-9 красавіка 1917 году Беларускага Нацыянальнага Камітэту (БНК)[6].
21-23 ліпеня 1917 году прыняў удзел у чарговым зьезьдзе беларускіх арганізацыяў і нацыянальных партыяў, у ходзе якога БНК быў распушчаны. У апошні дзень зьезду быў абраны ў прэзыдыюм створанае замест БНК Цэнтральнае рады беларускіх арганізацыяў. Уваходзіў у склад Вялікае беларускае рады. Браў удзел у Першым Усебеларускім канґрэсе[6].
У 1917—1918 гадох ён рэдагаваў ґазэту «Вольная Беларусь»[7]. Ён быў адным з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году[6]. У 1918 годзе, падчас функцыянаваньня структураў БНР пад нямецкай акупацыяй, ён падтрымаў беларускую адукацыю. Разам зь Язэпам Варонкам і Кастусём Езавітавым рэарганізаваў беларускае культурна-асьветніцкае таварыства «Прасьвета» ў культурна-асьветніцкае таварыства «Бацькаўшчына»[8]. Уваходзіў у склад Рады БНР[9]. У сярэдзіне красавіка 1918 году ён разглядаўся палітыкамі БНР, як адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка ўраду — старшынём Народнага сакратарыяту БНР[10]. 26 красавіка 1918 году ягоны подпіс быў знойдзены пад тэлеграмай, высланай на наступны дзень ад імя ўраду й Рады БНР да нямецкага імпэратара Вільгельма II. Тэлеграма ўтрымлівала падзяку за «вызваленьне Беларусі» й просьбу аб аказаньні падтрымкі БНР у яе хаўрусе зь Нямеччынаю[9]. Гэты крок быў нэґатыўна ўспрыняты й прывёў да таго, што Раду БНР пакінулі многія яе чальцы, а БСГ распалася[11].
Старшыня Рады БНР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 траўня 1918 году Язэп Лёсік быў абраны старшынём Рады БНР (фармальным кіраўніком дзяржавы)[12]. Замяніў на гэтай пасадзе Яна Сераду[13]. Па распадзе БСГ стаў адным са стваральнікаў Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі. Як старшыня Рады імкнуўся давесьці да прызнаньня незалежнасьці БНР на міжнароднай арэне, а таксама папярэдзіць страту тэрыторыяў, якія палітыкі БНР разглядалі, як частку іх дзяржавы. 7 кастрычніка разам з прэм’ер-міністрам Янам Серадой падаў канцлеру Нямеччыны пратэст супраць перадачы беластоцкага, бельскага й гарадзенскага паветаў[14]. 20 кастрычніка быў часткаю дэлеґацыі БНР да канцлера Нямеччыны, якая павінная была данесьці просьбу аб прызнаньні БНР Нямеччынаю й просьбу аб фармаваньні беларускага войска. Дэлеґацыя не была прынятая. 22 кастрычніка быў адным з прадстаўнікоў БНР, які папрасіў прэзыдэнта ЗША аб прызнаньні дзяржавы, палітычнай падтрымцы й абароне тэрыторыі па эвакуацыі нямецкіх войскаў[15].
У 1919 годзе па акупацыі Гарадзеншчыны й Віленшчыны Войскам польскім Язэп Лёсік браў удзел у размовах з генэральным камісарам Ежы Асмалоўскім на тэму палітычнае будучыні тых земляў, у тым ліку пра плебісцыт[16]. 10 жніўня ў Менску ўвайшоў у склад утворанага там Часовага беларускага нацыянальнага камітэту — нацыянальнага прадстаўніцтва беларусаў, якое не выкасоўвала фэдэрацыі з Польшчаю пры ўмове прызнаньня БНР[17].
19 верасьня 1919 году ў якасьці старшыні БНР прыняў удзел у сустрэчы з кіраўніком польскае дзяржавы Юзэфам Пілсудзкім у Менску. У ходзе сустрэчы дэлеґацыя папрасіла Пілсудзкага аб прызнаньні незалежнасьці й цэласнасьці БНР, дазваляючы аднаўленьне працы яго органаў, аб паступовай перадачы ўлады ў рукі Рады, аб фармаваньні беларускага войска й сумесным змаганьні супраць бальшавікоў. Дэлеґацыя не атрымала якіх-небудзь абавязкаў з боку польскага лідэра[18].
Дзейнасьць па расколе ў Радзе БНР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]13 сьнежня 1919 году ён прыняў удзел у пасяджэньні Рады БНР у Менску. На наступны дзень пасяджэньне было сарванае, а дэлегаты Рады БНР пакінулі будынак. У ім засталося 8 чальцоў Беларускае партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, 3 чальцы Беларускае партыі сацыялістаў-фэдэралістаў і некалькі асобаў, якія называлі сябе дэлегатамі Рады БНР. Гэтая група зьдзейсьніла пераварот супраць Рады[19]. Астатняя частка Рады сустрэлася ў прыватнай кватэры Аляксандра Ўласава, дзе была створаная Найвышэйшая рада БНР. Язэп Лёсік стаў яе чальцом[20].
20—24 сакавіка браў удзел у перамовах паміж прадстаўнікамі грамадзянскага кіраваньня ўсходніх земляў і беларускім акружэньнем. Лёсік прадстаўляў на перамовах пазыцыю Цэнтральнае беларускае рады Віленшчыны й Гарадзеншчыны, у адпаведнасьці зь якою беларускі бок зьвяртаецца да польскіх уладаў з просьбай абараніць усю Беларусь, прызнаць волю беларускага народу, прызнаць роўнасьць беларускае мовы й спрыяць разьвіцьцю беларускае адукацыі. Пры гэтым беларускія палітыкі падчыркнулі, што чакаюць незалежнасьці БНР, але бачаць яе будучыню ў зьвязе з Польшчаю[21]. Польскі бок ня выканаў патрабаваньняў.
У 1919—1920 гадох, у той час, калі Менск быў пад польскай акупацыяй, Лёсік супрацаваў зь беларускамоўнымі часопісамі «Звон» і «Беларусь», якія там выдаваліся. Некаторы час быў таксама рэдактарам другога[22].
Дзейнасьць у БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ліпені 1920 году па паўторнай акупацыі Менску бальшавікамі й у канцы польска-савецкае вайны абвясьціў аб «прызнаньні прынцыпаў Савецкае ўлады» й адышоў ад палітычнае дзейнасьці[22]. Закінуў палітычную дзейнасьць і заняўся навуковаю, культурнай, адукацыйнаю й літаратурнаю працаю. Зь ліпеня 1921 году выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце й у Беларускім пэдагагічным тэхнікуме. У 1922 годзе быў абраны чальцом Інбелкульту. Прыняў удзел у рабоце Тэрміналяґічнае камісіі Інбелкульту, і з пачатку 1930-х гадоў ён займаў пасаду яе прэзыдэнта. У 1927 годзе ён быў прызначаны дырэктарам Інстытуту беларускае мовы, і ў 1928 годзе — чальцом і акадэмікам Акадэміі навук Беларусі[22].
Савецкія рэпрэсіі й сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1922 годзе быў выдадзены ягоны падручнік «Практычная граматыка беларускае мовы», які быў нэґатыўна прыняты савецкімі ўладамі, а ґазэта «Звязда» нават абвясьціла яго «контррэвалюцыйным». У пачатку лістапада 1922 году быў арыштаваны, але ў сьнежні быў выпушчаны па ўмяшаньні наркама асьветы Ўсевалада Ігнатоўскага.
Па ўдзеле ў Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі пачаўся перасьлед Лёсіка ды іншых дзеячоў беларускае культуры: Некрашэвіча, Смоліча, Ластоўскага й іншых. 14 ліпеня 1930 году Язэп Лёсік быў арыштаваны з сфабрыкаванае справы «Саюзу вызваленьня Беларусі» на курорце ў Мацэсьце (Сочынскі раён, Чарнаморская акруга, Паўночна-Каўкаскі край, Расейская СФСР), дзе ён лячыўся ад ішыясу: 2 гады ня мог хадзіць бяз кія. Закончыць курс лячэньня яму ня далі, з Каўказу арыштаваным прывезьлі ў Менск і пасадзілі ў турму Дзяржаўнае палітычнае ўправы НКВД, так званую «амэрыканку». Адначасна зь ягоным арыштам у ягоным доме на Шпітальнай вуліцы праходзіў ператрус. Пачаўся ператрус а 10-й гадзіне ўвечары й працягваўся да 8-е гадзіны раніцы.
6 сьнежня 1930 году Савет народных камісараў БССР на патрабаваньне бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнае партыі (бальшавікоў) Беларусі пазбавіў яго званьня акадэміка[23][24]. Пастановаю Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году сасланы на 5 гадоў у Саратаўскую вобл. у г. Аткарск на Волзе (Саратаўская губэрня, Расейская СФСР). Тут яму дазволілі працаваць у пэдагагічным тэхнікуме, дзе ён выкладаў расейскую мову й літаратуру. Потым перайшоў у такі ж тэхнікум у Дубоўцы, таксама на Волзе. У лістападзе 1934 году атрымаў амністыю ВЦВК бяз права вяртаньня ў Менск[25]. У 1935 і 1936 гадох прыяжджаў у Менск у НКУС, але не дабіўся дазволу жыць у Беларусі.
Пераехаў у Бранск (Расейская СФСР), ды ня здолеў знайсьці дарэчную працу й быў скіраваны ў Навазыбкаў (Бранская вобласьць), дзе яму прапанавалі пасаду настаўніка ў школе каля станцыі Злынка. Ад Злынкі недалёка да Гомлю (Беларуская ССР), і таму Язэп зь сям’ёй часта езьдзіў у Гомель, каб паглядзець беларускія тэатральныя пастаноўкі й хоць такім парадкам адчуць сваю блізкасьць да роднае Беларусі. Але Язэпу не давялося тут закончыць і навучальнага году. НКУС патрабаваў неадкладнага выезду туды, куды быў высланы, г. зн. зноў у Саратаўскую губэрню. Ён жыў у вёсцы Дубоўка, дзе працаваў у школе настаўнікам, але быў звольнены. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры й выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэкаў грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Язэпа Лёсіка прадугледжвалася «спальваць»[26]. Восеньню 1937 году сям’я пераехала ў горад Аткарск, дзе ён працаваў у якасьці выкладніка расейскае мовы й літаратуры ў пэдагагічным тэхнікуме[22]. Нязначны выпадак сутычкі аднаго камсамольца-студэнта зь Язэпам на пэдагагічным ґрунце — з прычыны дрэннае адзнакі — прывёў да таго, што на яго быў напісаны лжывы данос у справе працы ў пэдагагічнай навучэльні.
Арыштаваны 25 чэрвеня 1938 году з справы «Контррэвалюцыйнае арганізацыі палітссыльных у Саратаве»[25]. 31 сакавіка 1940 году на спэцыяльным пасяджэньні НКУС быў прысуджаны да пяці гадоў ГУЛАГу. Памёр на наступны дзень у Саратаўскай турме, паводле афіцыйнае вэрсіі ад сухотаў[7]. Паводле іншае крыніцы, быў застрэлены адразу па абвяшчэньні выраку[22]. У гэты час ён быў зусім здаровы й нельга было думаць, што неўзабаве памрэ. Але не прайшло году, як жонка атрымала паведамленьне, што Язэп памёр. У апошні раз ягоная сям’я мела кантакт зь ім 16 ліпеня 1938 году, калі атрымала разьвітальную паштоўку[22]. Месца ягонага пахаваньня невядомае.
Рэабілітацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў пасьмяротна двойчы рэабілітаваны: 8 кастрычніка 1958 году па другім прысудзе праз Акруговы суд Саратава й 10 чэрвеня 1988 году — Вярхоўным Судом Беларускае ССР па першы прысудзе[7][22][25].
У 1990 годзе яму вярнулі званьне акадэміка. Групавая справа Лёсіка й іншых разам з фатаздымкамі захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі (№ 20951-с)[25].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З восені 1917 году — у шлюбе з Вандаю Лявіцкаю, дачкой Ядвігіна Ш.. У іх было трое дзяцей (Юрась, Люцыя, Алеся)[27][25].
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Удзельнік Беларускага навуковага зьезду. Сябра Інбелкульту (1921—1930). Удзельнік Беларускае акадэмічнае канфэрэнцыі (1926).
Адназначна вызначаў спадкаемнасьць Беларусьсю Вялікага Княства Літоўскага й крытыкаваў замахі на згаданую спадкаемнасьць з боку Летувы, што знайшло адлюстраваньне ў артыкуле «Літва — Беларусь: гістарычныя выведы», выдадзеным у 1921 годзе ў выданьні «Школа и культура Советской Белоруссии»[28][29]:
Беларусь у пазьнейшыя часы дзяржаўнай незалежнасьці насіла найменьне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жмудзкага й інш., або карацей — Вялікае Княства Літоўскае. <…> Сталася так, што пад Літвою разумеюць землі, заселеныя жмудзінамі, або даўнейшую Жамойць. <…> А што важней за ўсё, дык гэта тое, што Літва й Жмудзь — дзьве рэчы зусім розныя, і, апіраючыся на летапісныя весткі, ні ў якім разе ня можна зваць цяперашніх жмудзінаў літоўцамі. <…> Мала гэтага, цяперашнія літоўцы (жмудзіны) упэўнілі нават усю Эўропу, што гэты іх маленькі жмудзкі народ абладаў колісь магутнай і слаўнай Літоўска-Рускай дзяржавай. <…> Расійскія і польскія гісторыкі, дзякуючы сваім імпэрыялістычным тэндэнцыям, не вытлумачылі сабе значэньне слова Літва і вераць створанай ілюзіі, што ўвесь гістарычны скарб б. В. К. Літоўска-Рускага (Беларускага) належыць цяперашнім жмудзінам. Але правільнае асьвятленьне гістарычных фактаў сьведчыць нам пра тое, што Літва — гэта было славянскае племя, увайшоўшае ў склад цяперашняга беларускага народа. Літва, Лютва, Люцічы — іменьні славянскага племя <…> і калі нашы продкі — беларусіны ў прошлых сталецьцях звалі сябе літвінамі, то яны ведалі, што казалі | ||
Адназначна выступаў за захаваньне кірылічнага альфабэту. Дужа ўхваляў «навуковасьць і лягічнасьць» сэрбскага кірылічнага альфабэту.
У 1923—1925 гадох выступіў з крытыкаю граматыкі Тарашкевіча, прапаноўваў значныя зьмяненьні ў беларускім альфабэце, правапісе, граматыцы, прызначаныя да іх спрашчэньня на падставе народнае беларускае традыцыі. Між іншым, у альфабэце: замены «ы->и», «й->ј», «э->є», увядзеньне літараў «ӡ» і «ӡ̌» для перадачы афрыкатаў «дз» і «дж»; у правапісе: напісаньне галосных «я, е, ё, ю» на пачатках складоў у форме «ј+а, е, о, у», значнае пашырэньне прынцыпу «аканьня», скасаваньне мяккага знаку («мёртвае літары») між падвойных зычных і пасьля «з-с, ц-дз» перад мяккімі зычнымі.
Пэдагогіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адзін зь першых арганізатараў дарэмных беларускіх курсаў (Менск, восень 1917), ініцыятар аднаўленьня «Беларускага вучыцельскага хаўрусу», адзін з аўтараў яго статуту. Выкладнік у БДУ (1921-—1930). Аўтар шэрагу падручнікаў беларускае мове: «Практычная граматыка» (1921)[a], «Беларуская мова. Пачатковая граматыка» (1924), «Беларуская мова. Правапіс» (1924)[b].
Літаратурная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы вядомы твор: апавяданьне «Рабы Міхась Крэчка, што быў за судзьдзю», надрукаваны ў «Нашай Ніве» (19 ліпеня 1912). Апавяданьне «Не ўсе ж разам, ягамосьці!..» выходзіла асобнаю кніжкаю (1914). «Апавяданьне бяз назвы» (друк. у ґазэтах «Вольная Беларусь» і «Беларусь», 1917—1920). Зборнік апавяданьняў «Родныя вобразы», забаронены да друку Галоўлітам БССР праз «нацыяналістычны», «рэлігіёзна-дагматычны» характар у 1921.
Некалькі вядомых вершаў. Шмат твораў у публікацыях і рукапісах страчаныя.
Пераклаў на беларускую мову «Камуністычны Маніфэст» (1923).
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як літаратар адзначаны як «талентны апавяданьнік», ягоная творчасьць як «вельмі нацыянальная, народна-беларуская…» (М. Гарэцкі, 1919). У пазьнейшыя савецкія часы (1960—1970-я) адзначалася, што ён «у творах… дапускаў памылкі нацыяналістычнага характару».
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Язэп Лёсік. Бітва пад Грунвальдам у апісаньні кронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш. // Адраджэньне : часопіс. — 1922. — № 1. — С. 148—163.
- Язэп Лёсік. «Апавяданьне без назвы». Прадмова: Алесь Жынкін. / Іван Чыгрынаў // Спадчына : часопіс. — менск: «Полымя», 1991. — № 3. — С. 44—63.
- Юрась Гарбінскі, Алесь Жынкін. «Сібірскія дарогі беларускай гісторыі» / Генрых Далідовіч // Маладосць : часопіс. — Менск: «Полымя», 1992. — № 12. — С. 219—232. — ISBN ISSN 0131-2308.
- Язэп Лёсік. «Творы» Апавяданні. Казкі. Артыкулы / Уклад., прадм. і камент. Алесь Жынкін. — Менск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына). — 7900 ас. — ISBN 5-340-01250-6
- Язэп Лёсік. Граматыка беларускай мовы: фонэтыка = Граматыка беларускай мовы: фонэтыка. Менск—1926. — Факсімільнае выданьне. — Менск: Народная асвета, 1995. — 131 с. — (Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць). — 6150 ас. — ISBN 985-03-0249-6
- Язэп Лёсік. 1921-1930: Збор твараў. Да 120-годдзя Язэпа Лесіка / Уклад., прадм. і камент. Жынкін А.У. — Менск: Логвінаў, 2003. — 395 с. — 300 ас. — ISBN 985-6372-31-3
- Язэп Лёсік. Мы перш за ўсё беларусы: проза, публіцыстыка / укладанне В. Дранчука; прадмова В. Міцкевіч. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2004. — 71 с. — («Мне сонцам свеціць Наднямонне»). — 1000 ас. — ISBN 985-6730-80-6
- Язэп Лёсік. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы / прадмова Зьмітра Санько ; пасляслоўе Алеся Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2016. — 33 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-458-266-5
- Язэп Лёсік. Выбраныя творы / укладанне Кастуся Александровіча ; прадмова і каментар Алеся Марціновіча ; навуковы рэдактар Іван Саверчанка. — Менск: Беларуская навука, 2019. — 572 с. — (Беларускі кнігазбор: т. 99. Серыя 1, Мастацкая літаратура). — 400 ас. — ISBN 978-985-08-2467-7
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях. Ваўкалак, беларуская легэнда. Пераклад з польскае мовы Язэпа Лёсіка. // Адраджэньне : часопіс. — 1922. — № 1. — С. 83—90.
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Ідылія : опера ў 2 актах / пераклалі Я. Купала і Я. Лёсік // Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Збор твораў: т. 1: Драматычныя творы. Вершаваныя аповесці і апавяданні.. — Менск: Мастацкая літаратура, 2007. — ISBN 978-985-02-0975-7.
Крытыка, рэцэнзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Иосиф Волк-Левонович. Язэп Лёсік: Сынтакс Беларускае мовы. Дзяржаўнае Выдавецтва. Менск 1925 г., стр. 268. (рас.) / S podporou ministerstva škollství a národní osvěty vydávají // O. Hujer a M. Murko. «Slavia» : časopis pro slovanskou filologii. — Praha: Tiskem a nákladem České Grafické Unie A. S. v Praze, 1927 (Ročnik V). — С. 571—592. — ISSN 0037-6736.
- П. Бузук. Кнігапіс. Язэп Лёсік. Граматыка беларускае мовы. Фонэтыка. Выдана коштам аўтара. Менск. 1926 г., стар. 131. // Полымя : часопіс. — 1926. — № 3. — С. 191—195.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Язэп Лёсік. Творы: Апавяданні. Казкі. Артыкулы / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: Маст. літ., 1994. С. 325.
- ^ Мяснікоў, А. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. — 2-е выд., дапрац. — Мінск : Литература и искусство, 2009. — 344 с.
- ^ Лёсік Я. 1921—1930: Зб. тв. / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: НАРБ; Выд. Логвінаў, 2003. — 396 с. — ISBN 985-6372-31-3 (НАРБ), [[Спэцыяльныя:BookSources/985-6701-29-5 (І. П. Логвінаў)|ISBN 985-6701-29-5 (І. П. Логвінаў)]]
- ^ а б в Антон Лёсік (4 верасьня 2008) З жыцця Язэпа Лёсіка. Праект Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі «Пакаяньне». Праверана 6 жніўня 2009 г.
- ^ ’Гарон, А.’ «Новая земля» дзядзькі Антося: малавядомыя старонкі з жыцця Якуба Коласа / Антаніна Гарон // Звязда. — 2007. — 31 кастрычніка. — С. 7.
- ^ а б в Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 302
- ^ а б в Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Т. 2.
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 289
- ^ а б Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 297
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 295
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 298—299
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 302, 314
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 281
- ^ Dorota Michaluk. Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 328
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 333
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 417
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 455
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 462
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 484
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 485—486
- ^ Dorota Michaluk Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. С. 497—498
- ^ а б в г д е ё Біяграфія Язэпа Лёсіка, на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа.
- ^ Мікалай Галадзед Пастанова Савета Народных Камісараў БССР ад 6 снежня 1930 г. аб пазбаўленні годнасці акадэмікаў // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 298. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
- ^ Канстантын Гей. Рэзалюцыя бюро ЦК КП (б)Б ад 6 снежня 1930 г. аб кампаніі пратэсту ў сувязі са справай нацдэмаў // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 297-298. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
- ^ а б в г д Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ Алесь Жынкін. «Мае дарагія…» // Маладосць : часопіс. — 1990. — № 11 (453). — С. 153—162.
- ^ Лёсік Я. Літва — Беларусь: гістарычныя выведы // Школа и культра Советской Белоруссии. — 1921. № 2. — С. 12—22.
- ^ Літва — Беларусь: гістарычныя выведы / Язэп Лёсік; [прадмова З. Санько; пасляслоўе А. Жлуткі]. — Мн.: Тэхналогія, 2016. — 33, [2] с. — ISBN 978-985-458-266-5
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргей Запрудзкі. Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны. (бел.) // Генадзь Сагановіч Беларускі гістарычны агляд = Belarusian historical review. — Менск: Рэдакцыя БГА, 2003, сьнежань. — Т. 10. Сшытак 1—2 (18—19). — С. 319—352. — ISSN 1392-902Х.
- Запрудскі С. М. Лёсік Язэп Юр'евіч. // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 306—308.
- Мясьнікоў А. Лёсік Язэп // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9 — С. 232.
- Мясьнікоў А. Лёсік Язэп // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2 — С. 359—360.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
|
- Нарадзіліся 18 лістапада
- Нарадзіліся ў 1883 годзе
- Памерлі 1 красавіка
- Памерлі ў 1940 годзе
- Нарадзіліся ў Мікалаеўшчыне
- Удзельнікі Першага ўсебеларускага кангрэсу
- Беларускія мовазнаўцы
- Беларускія літаратары
- Беларускія публіцысты
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Вязьні «Амэрыканкі»
- Высланыя
- Палітыкі БНР
- Сябры Рады БНР
- Асуджаныя па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»
- Акадэмікі Акадэміі навук БССР