Перайсьці да зьместу

Браніслаў Тарашкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Браніслаў Тарашкевіч
лац. Branisłaŭ Taraškievič
Браніслаў Тарашкевіч
Браніслаў Тарашкевіч
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Адам Навука, «Тарас на Парнасе», Я. Тарас, Тарас Язычнік, Тарас Навіна
Нарадзіўся 20 студзеня (1 лютага) 1892
Памёр 29 лістапада 1938(1938-11-29) (46 гадоў)
Пахаваны
  • невядома
Жонка
  • Вера Сьнітка
  • Ніна Палянская
Дзеці Радаслаў
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці мовазнаўства, публіцыстыка, палітыка
Мова беларуская мова, старажытнагрэцкая мова, польская мова, лацінская мова і расейская мова
Дэбют 1913
Значныя творы Беларуская граматыка для школ
Подпіс
Творы на сайце Knihi.com
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Тарашкевіч (неадназначнасьць).

Бранісла́ў Ада́мавіч Тарашке́віч (1 лютага [ст. ст. 20 студзеня] 1892, Мацюлішкі Віленскага павету Віленскай губэрні, цяпер Віленскі раён, Летува — 29 лістапада 1938, НКВД) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, мовазнаўца, перакладчык, публіцыст. Акадэмік АН БССР (1928)[1].

Дзяцінства, Віленская гімназія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў засьценку Мацюлішкі Віленскага павету, 30 км на ўсход ад Вільні (цяпер Летува), у сям’і каталіцкага селяніна-серадняка. Зь сямі гадоў Браніслаў дапамагае бацьку з гаспадаркай, працуе пастухом. У народным вучылішчы Браніслаў паказвае выдатныя вынікі. Вестка пра гэта дайшла да маладой памешчыцы Гелены Стамброўскай. У 1906 годзе яна забрала Браніслава да сябе, апекавала яго й дапамагла паступіць у трэцюю клясу 2-й Віленскай гімназіі.

У асяродзьдзі гімназістаў карыстаўся павагай. У 16-гадовым узросьце Браніслаў пачынае зарабляць сабе на жыцьцё рэпэтытарствам. У гімназіі паказвае сябе добрым вучнем, мае сярэдні бал 4,3[2], у праграму ўваходзіла навучаньне па 4 сучасных мовах (расейская, польская, француская, нямецкая) і дзьвюх клясычных (старажытнагрэцкая, лацінская).

У гімназіі Тарашкевіч трапляе ў студэнцкія згуртаваньні. Адным з такіх згуртаваньняў была патрыятычна-незалежніцкая арганізацыя з клерыкальным адценьнем «Вызваленьне» (па-польску: Wyzwalenie). Дзейнічала яна пад лёзунгам: «Навука, Цнота, Айчына», мела на мэце працяг традыцыяў філяматаў і філярэтаў. Да гэтай арганізацыі належалі самыя перадавыя вучні гімназіі, але з рознымі жыцьцёвымі крэда, з рознымі, але талерантнымі поглядамі на нацыянальнае пытаньне. Тарашкевіч трапляе ў левае адгалінаваньне гуртка, там цікавяцца палітычнай філязофіяй і эканомікай.

У гэты ж самы час Тарашкевіч канчаткова самавызначаецца як беларус, перастае хадзіць у касьцёл, становіцца атэістам. Падчас навучаньня ў Вільні знаёміцца зь беларускай інтэлігенцыяй, наведвае выдавецтва Нашай Нівы, органа БСГ.

У 1911 скончыў 2-ю Віленскую гімназію з срэбным мэдалём.

Пецярбурскі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1911 году Браніслаў Тарашкевіч апынуўся ў сталіцы Расеі й быў безь перашкодаў прыняты на гісторыка-філялягічны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Тут на працягу чатырох гадоў вучыўся пад кіраўніцтвам славутых мовазнаўцаў: Яна Бадуэна дэ Куртэнэ, Яўхіма Карскага. Навуковым кіраўніком Браніслава быў акадэмік Аляксей Шахматаў.

У Пецярбургу пачынае стварэньне навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Піша статут да яго. Пазьней становіцца старастам гуртку[3].

У Пецярбургу Тарашкевіч даволі блізка сышоўся з Янкам Купалам, які ў той час пашыраў сваю адукацыю. Купала хоць і быў старэйшы на 10 гадоў, вельмі цаніў Тарашкевіча. Вось такі ліст атрымлівае пазьней Тарашкевіч ад Янкі Купалы:

«Дзядзька Тарас, што чуваць у Вас зь беларускай граматыкай? Ці зрабілі што-небудзь у гэтым напрамку? Калі маеце ўжо яе накід, то будзьце ласкавы прыслаць яго нам, калі не — то ўпэўніце ў сваёй добрай волі і спрыце і зрабіце гэта як найхутчэй. Просіць аб гэтым Вас п. Іваноўскі, старшыня Беларускага Выдавецкага Таварыства ў Вільні. Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусьціць у сьвет у „назіданіе“ маладому беларускаму пакаленьню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку ня сьпіце. Чакаем хутка ад вас адказу. Шчыра вам адданы.»[4]

У Пецярбургу Тарашкевіч трапляе ў розныя колы нацыянальных рухаў, прыхільна ставіцца да польскага нацыянальнага руху. Працуючы хатнім настаўнікам, Тарашкевіч пазнаёміўся зь сям’ёй Зябіцкіх. Вось што піша Юзэф Зябіцкі ў сваім дзёньніку:

«Гэты сын селяніна з-пад Вільні садзейнічае далейшаму ўмацаваньню польскасьці ў нашым доме… Неўзабаве пачаў дастаўляць жонцы польскую літаратуру, падабраную так, каб даць ёй магчымасьць пазнаць жыцьцё і імкненьні польскага народу, у духу якога павінная выхоўваць сыноў.»

У 1916 годзе скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Петраградзкага ўнівэрсытэту й быў пакінуты там пры катэдры расейскай мовы й літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт старажытнагрэцкай і лацінскай моваў.

Вяртаньне ў Беларусь. Пачатак палітычнай дзейнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1917 годзе становіцца актыўным удзельнікам і адным зь лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады. Знаходзіцца ў Менску падчас абвяшчэньня БНР. У аўтабіяграфіі пазьней піша, што ніколі не ўваходзіў ва ўрад, але й чужым у гэтых колах ня быў. Зь некаторых крыніцаў вынікае, што ён уваходзіў у склад «Вярхоўнай рады» беларускага эміграцыйнага ўраду, а зь іншых крыніц — што быў актыўным дзеячам у Беларускім народным камісарыяце ў Петраградзе ў лютым 1918 году, выконваў функцыю загадчыка аддзелу культуры й асьветы. У 1919 годзе — выкладчык беларускай і старажытнагрэцкай моваў у Менскім пэдагагічным інстытуце. З наступленьнем бальшавікоў на Менск зьяжджае ў Вільню.

Палітычная дзейнасьць у Польшчы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920 годзе — загадчык беларускага сэктара дэпартамэнту асьветы Сярэдняй Літвы. Намаганьнямі Б. Тарашкевіча ды іншых дзеячаў нацыянальнага адраджэньня напачатку 20-х гадоў на тэрыторыі Сярэдняй Літвы было адчынена каля 300 школаў з выкладаньнем на беларускай мове, настаўніцкая сэмінарыя ў Барунах, гімназія й настаўніцкія курсы ў Радашкавічах. У пачатку 1920-ых гадоў, непрацяглы пэрыяд, Тарашкевіч быў чальцом масонскіх ложаў «Тамаш Зан» у Вільні й ложы «Праўда» ў Варшаве[5][6].

З 1921 году — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. З 1921 па 1922 год быў абраны паслом у польскі сойм, у 1922—1924 гадах быў старшынёю Беларускага пасольскага клюбу.[7] У першы пэрыяд сваёй парлямэнцкай працы трымаўся ў цэлым палянафільскай арыентацыі, хоць востра крытыкаваў з соймавай трыбуны нацыянальную й сацыяльную палітыку польскіх урадаў. Спрабаваў знайсьці аб’ядноўваючы вэктар для польскага й беларускага народаў.

«…Добра разумеем, што польскія войскі прыбылі на нашую бацькаўшчыну з мэтай ператварэньня земляў былога Вялікага Княства Літоўскага ў крэпасьць для абароны Рэчы Паспалітай Польскай… З гэтага вынікае, што… інтарэсы Польшчы зьяўляюцца і нашымі інтарэсамі. Таму гэтая супольнасьць інтарэсаў дае нам магчымасьць будучую работу па адбудове незалежнай Беларусі весьці на грунце згод з польскім народам. Узаемаразуменьне на аснове прызнаньня польскім народам незалежнасьці і цэласнасьці Беларусі, зьвязанай з Рэччу Паспалітай сумеснай абаронай свайго незалежнага існаваньня, лічым за пажаданае і карыснае для абодвух народаў. Польская акупацыя пакінула пасьля сябе справядлівы горыч і расчараваньне ў шчырасьці палітыкі Польшчы, якая аднеслася да Беларусі толькі як да сваіх крэсаў усходніх. Аднак сьвядомая беларуская народная думка не перастала шукаць падтрымкі Польшчы, верачы, што прынцыпы сапраўднай дэмакратыі павінны ўрэшце перамагчы».[8]

Выява з часопісу Маланка, адлюстроўвае папулярнасьць БСРГ 1926 г.

У 1923 годзе Беларускім пасольскім клюбам, а менавіта Тарашкевічам распрацоўваецца праект аўтаноміі Беларусі. Юрыдычны бок кансультуе й ухваляе вядомы адвакат Тадэвуш Урублеўскі. Але праект так і ня быў заслуханы ў сойме[9]. У лютым 1924 году разам з Радаславам Астроўскім і Аляксандрам Уласавым прыняў удзел у стварэньні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клюбе і заменены на Васіля Рагулю. Паступова мяняе свае погляды й на магчымасьць дэмакратычных зьменаў у Польшчы. У прамове ў сейме 25 сакавіка 1925 году Тарашкевіч гаварыў:

«Абвінавачваеце нас у камунізьме, у распальваньні дывэрсійнага руху, бандыцкага, як вы кажаце, а па сутнасьці руху паўстанцкага, абвінавачваеце нас у тым, што ня хочам быць ляяльнымі ў адносінах да польскай дзяржавы, але прыгадайце, што прыйшлі мы ў гэты сойм менавіта дзеля таго, каб знайсьці тут прававую аснову; былі мы, праўда, на кароткі час, наіўнымі, мы паддаліся канстытуцыйным ілюзіям, мы спадзяваліся, што законы і канстытуцыя надзейна гарантуюць палітычныя і нацыянальныя правы. Мы прыйшлі ў гэты сойм, каб змагацца за аўтаномію. Мы выбралі прэзыдэнта, мы галасавалі за ўрад Сікорскага, каб падкрэсьліць сваю ляяльнасьць. А што сталася? За тое, што мы набраліся сьмеласьці выбраць прэзыдэнта, вы яго забілі».[10]

Пасьля гэтага зблізіўся зь левым крылом БПК. 24 чэрвеня 1925 году разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Паўлам Валошыным і Пятром Мятлом выйшаў са складу БПК і заснаваў пасольскі клюб Беларускай сялянска-работніцкай грамады. З Сымонам Рак-Міхайлоўскім таксама супрацоўнічаў у рэдкалегіі газэты Беларуская доля. Стаў старшынём клюбу, а пасьля й створанай на яго аснове масавай палітычнай партыі. Шчыльна зблізіўся зь лідэрамі КПЗБ і ў студзені 1926 году быў прыняты ў партыю. Таемна ўдзельнічаў у III канфэрэнцыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (студзень 1926 году). Адзін з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага банку[11][12]. У студзені 1927 году разам зь іншымі лідэрамі вызваленча-рэвалюцыйнага руху быў арыштаваны польскай дэфэнзывай. У траўні 1928 году на «Працэсе 56-і» засуджаны на 12 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў спробе дзяржаўнага перавароту з мэтай далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкага Саюзу. Падчас турэмнага тэрміну на Лукішках у 1929 годзе Тарашкевіч чытае «Капітал» К. Маркса, «Разьвіцьцё капіталізму ў Расеі» Леніна, «Фінансавы капітал» Гільфрэндынга. У 1929 тэрмін зьняволеньня быў зьменшаны да 8 гадоў, а ў траўні 1930 году Тарашкевіч паводле распараджэньня прэзыдэнта Польшчы быў датэрмінова выпушчаны з астрогу. Актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парлямэнт, узначальваў пракамуністычны выбарчы камітэт Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клюбу «Змаганьне». Жыў у Гданьску. У лютым 1931 году арыштаваны польскімі ўладамі пры спробе праехаць праз польскую тэрыторыю з Гданьску ў Бэрлін. У лістападзе 1932 году асуджаны на 8 гадоў катаржнай турмы.

У 1933 годзе польскі прэзыдэнт Ігнацы Масьціцкі падпісаў распараджэньне аб вызваленьні Браніслава Тарашкевіча[13]. Зь верасьня 1933 году ў абмен на арыштаванага савецкай уладай Францішка Аляхновіча[14] Браніслаў Тарашкевіч пераехаў у СССР. Працаваў загадчыкам аддзелу Польшчы й Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква).

6 траўня 1937 году арыштаваны па абвінавачаньні ў сфабрыкаванай справе так званага «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 5 студзеня 1938 году «двойкай» НКУС і Пракуратурай СССР прыгавораны да расстрэлу. Як сьцьвярджае афіцыйная вэрсія, ён быў расстраляны 29 лістапада 1938 году[13]. Дасьледчык Леанід Маракоў выказвае меркаваньне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў падчас катаваньняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў[15]. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 26 студзеня 1957 году.

У 1923 годзе ажаніўся зь Верай Сьніткай, праваслаўнай беларускай з Радашкавічаў[16].

У 1925 годзе Браніслаў Тарашкевіч стаў бацькам. Сына назвалі Радаслаў. У сям’і яго называлі Славікам. Ён загінуў у баях за родныя мясьціны ў 1944 годзе, быў партызанам.

У 1933 годзе назаўсёды разьвітваецца зь першай сям’ёй праз палітычны абмен у СССР, жонка й сын маюць права паехаць за бацькам і маюць намер гэта зрабіць, але па невядомых прычынах застаюцца ў Польшчы[17].

У 1934 годзе ў Маскве бярэцца шлюбам з другой жонкай, выпускніцай вышэйшых літаратурных курсаў, Нінай Палянскай. У далейшым Ніна Палянская старанна змагалася за рэабілітацыю мужа.

Навуковая й літаратурная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Беларуская граматыка Тарашкевіча, 1918

У 1913 годзе пачынае працаваць над граматамі XII ст. па загадзе Шахматава едзе ў Рыскі архіў старажытных граматаў. Працуе над гістарычнай граматыкай беларускай мовы.

Дакладна ня вызначаная навуковая ступень Тарашкевіча. Ня знойдзеныя дакумэнты аб атрыманьні ім званьня прафэсара, але аб гэтым ёсьць ускосныя сьведчаньні[18].

Выступаў у беларускім друку з 1914 году, у часопісах «Раніца» і «Лучынка»[19]. У 1918 годзе, працуючы загадчыкам культурна-асьветнага аддзелу Белнацкаму, падрыхтаваў і выдаў у Вільні, у вядомай віленскай друкарні Марціна Кухты, першую «Беларускую граматыку для школ». У ёй аўтар абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся ў той час у выданьні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, у пісьмовым друку; улічыў здабыткі тагачаснай лінгвістычнай навукі (дасьледаваньні Аляксея Шахматава, Яўхіма Карскага) і досьвед папярэднікаў. Граматыка доўгі час была галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва ў часы беларусізацыі 1920-х гг. Граматыка пасьля вытрымала 6 перавыданьняў, выкарыстоўваецца й пасьля рэформы беларускага правапісу 1933 году, атрымаўшы назоў «тарашкевіца».

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамэра й «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вуліца Браніслава Тарашкевіча ў Менску (Партызанскі раён, 2020 год)

Імем Б. Тарашкевіча названыя вуліцы ў Менску, Маладэчне і Радашкавічах. 5 сакавіка 1969 году ягоным імем названы ліцэй зь беларускай мовай навучаньня ў горадзе Бельск-Падляскі (Польшча). У Радашкавічах на тэрыторыі бальнічнага комплексу (на месцы колішняга замка), вуліца Тарашкевіча, 16, захаваўся дом жонкі Браніслава Тарашкевіча Веры Андрэеўны Ніжанкоўскай, дзе ў 1923—1931 гг. ён бываў і працаваў. Вера Ніжанкоўская (21 лютага 1901 — 7 траўня 1998) ураджэнка вёсцы Кальзьберг (Менскі раён) пакінула пра свайго мужа ўспаміны[20].

  1. ^ Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч // Пакутнікі Беларусі
  2. ^ Дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва РБ, Фонд 3, Вопіс 1, справа 225, старонка 3 // Сведчанне аб паспяховасці 1910/1911 год.
  3. ^ Справаздача пра дзейнасьць гуртку з 1912. С. 92—115// Бібліятэка летувіскай акадэміі навук у Вільні.
  4. ^ В. Рагойша Народныя песняры Мн. 1972. — С. 254.
  5. ^ Камунікат. Аўтабіяграфія Браніслава Адамавіча Тарашкевіча. 1933 г. (фрагмэнты) // Вольныя муляры ў беларускай гісторыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / Укладальнік і навуковы рэдактар доктар гістарычных навук А. Ф. Смалянчук. — Менск: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2005. — 280 с.: іл.
  6. ^ А. И. Серков. Русское масонство 1731—2000. Энциклопедический словарь. (рас.)
  7. ^ Грамадзяне! (Адозва) // Беларускі звон : тыднёвая часопісь. — 25 жніўня 1922. — № 16 (41). — С. 1.
  8. ^ B. Taraszkewicz, Białoruskie postułaty polityczne, «Przymierze», 1920. — С. 6.
  9. ^ Рагуля В. // Успаміны; Нью Ёрк, 1957. С. 41.
  10. ^ Sprawozdania stenograficzne, okres I, posiedzenie 129; 13.06.1924
  11. ^ Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926—1932 гг.): утварэнне і дзейнасць А. С. ГОРНЫ, А. Л. ІЛЬІН // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016.
  12. ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19
  13. ^ а б Ігар Капылоў. Тарашкевічы // Ігуменскі тракт. — 14 студзеня 2014. — № 1 (59).
  14. ^ Дзень з календара: 6.09.1933 у Коласаве сустракаюцца Ф. Аляхновіч і Б. Тарашкевіч. // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 5 верасьня 2008
  15. ^ https://web.archive.org/web/20160305014710/http://news.tut.by/culture/261187.html
  16. ^ Пецюкевіч М. // Успаміны; Бергман. А // Слова аб Браніславе Тарашкевічы. — Мн. 1992. С. 56.
  17. ^ Бергман А. // Слова аб Браніславе Тарашкевічы. — Мн. 1992. — С. 93.
  18. ^ Бергман А. // Слова аб Браніславе Тарашкевічы, Мн. 1992. С. 25.
  19. ^ Тацьцяна Падаляк. Браніслаў Тарашкевіч і яго «Беларуская граматыка для школ» // Зьвязда : газэта. — 20 студзеня 2007. — № 13 (25878). — ISSN 1990-763x.
  20. ^ Дзмітры Крывашэй, Адам Мальдзіс. Літаратурныя мясціны Беларусі. // Маладосць : часопіс. — 2011. — № 3 (688). — С. 139.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]