Перайсьці да зьместу

Ян Серада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Серада
лац. Jan Sierada
Старшыня Рады БНР
сакавік 1918 — 14 траўня 1918
Папярэднік пасада заснавана
Наступнік Язэп Лёсік
Міністар гаспадаркі БНР
21 лютага 1918 — ліпень 1918
Папярэднік пасада заснавана
Наступнік Тодар Вернікоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся1 (13) траўня 1879
в. Задзьвея, Наваградзкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёрне раней за 19 лістапада 1943
СССР, дакладна невядома
ПартыяБеларуская сацыялістычная грамада
АдукацыяВаршаўскі вэтэрынарны інстытут (1903)
Сужэнец Ксенія Сьцяпанаўна[1]
Дзеці Мікалай (1908—1993)[Крыніца?], Натальля (1909—1991)

Ян Мікі́тавіч Серада́ (Іван, Янка; 13 траўня [ст. ст. 1 траўня] 1879, с. Задзьвея, Наваградзкі павет, сучасны Баранавіцкі раён — пасьля 19 лістапада 1943) — беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч, пэдагог, публіцыст. Першы Старшыня Рады БНР.

Нарадзіўся (13 траўня [ст. ст. 1 траўня] 1879 году ў Задзьвеі Наваградзкага павету Менскай губэрні. У 1903 годзе скончыў Варшаўскі вэтэрынарны інстытут. У 1905—1906 гадах служыў у арміі ў Маньчжурыі. Працаваў вэтэрынарам у Менскай губэрні (1907—1911), тады ж выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы. Быў мабілізаваны ў час Першай сусьветнай вайны, працаваў вэтэрынарам на фронце[2].

Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады. Старшыня прэзыдыюму Ўсебеларускага кангрэсу (1917). Старшыня Рады БНР (1918). Сябра ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў (1918). Уваходзіў у Часовы Беларускі нацыянальны камітэт, прэзыдыюм Найвышэйшай рады БНР (1919—1920).

Працаваў у Наркамаце земляробства БССР. Навуковы супрацоўнік і загадчык бібліятэкі (1925—1927) Інбелкульту, выкладчык Менскага беларускага пэдагагічнага тэхнікуму (1921—1925). Арганізатар і дырэктар Менскага вэтэрынарна-заатэхнічнага тэхнікуму (1923—1924). Дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках (ліпень 1925 — сьнежань 1929). Навуковы супрацоўнік Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі (з 1927).

Быў арыштаваны ДПУ БССР 4 ліпеня 1930 году ў сувязі са справай «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году сасланы ў Яраслаўль тэрмінам на 5 гадоў. Паўторны прыгавор вынесены 27 сьнежня 1941 году; атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі. Датэрмінова вызвалены 19 лістапада 1943 году з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 ліпеня 1988 году, па другім — 16 студзеня 1989 году.

Публікаваўся з 1914 году (часопіс «Саха»). Выступаў у друку з навуковымі, навукова-папулярнымі і публіцыстычнымі артыкуламі на сельскагаспадарчыя тэмы.

  • Як трэба каваць коні. Мн., 1926
  • Вэтэрынарыя і зоагігіена. Кн. 1—2. Мн., 1927—1928
  • Пабудова сіласаў у калгасах і саўгасах. Мн., 1930
  1. ^ Прэзыдэнт Рады БНР — першы Прэзыдэнт Беларусі
  2. ^ Васілеўскі, Ю. В. Серада Янка // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 14. с. 342