Язэп Сажыч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Язэп Сажыч
прэзыдэнт БНР
1982 — 1997
Папярэднік: Вінцэнт Жук-Грышкевіч
Наступнік: Івонка Сурвілла
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 5 верасьня 1917(1917-09-05)
Сьцяг Нямеччыны (1871-1918, 1933-1935) Гарадзечна, сёньня Наваградзкі раён
Памёр: 19 лістапада 2007(2007-11-19) (90 гадоў)
Сьцяг ЗША Saint Clair Shores, Мічыган, ЗША
Партыя: Беларуская незалежніцкая партыя
Сужэнец: Барбара Мазура
Дзеці: Язэп Сажыч, Алена Сажыч
Бацька: Сымон Сажыч
Маці: Вера Дарашэвіч
Адукацыя: Марбурскі ўнівэрсытэт

Язэп Сажыч (5 верасьня 1917, в. Гарадзечна, сёньня Наваградзкі раён19 лістапада 2007, Эн-Арбар, штат Мічыган, ЗША) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, вайсковец.

Сям'я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сям’я Сажычаў паходзіла зь Нягневічаў пад Шчорсамі. Дзед Язэпа Тамаш, адслужыўшы ў войску 25 гадоў, атрымаў дзьве дзесяціны зямлі каля Наваградку. Бацька Язэпа, Сымон Сажыч, які меў 4 дзяцей, напачатку 20 ст. паехаў на заробкі ў ЗША, дзе жыў у Нью-Ёрку, развозіў піва. За заробленыя грошы накіраваў старэйшага сына ў вышэйшую народную вучэльню ў Наваградку. Даведаўшыся, што жонка памерла, вярнуўся на Беларусь, дзе, дакупіўшы зямлі, ажаніўся з маці Язэпа — Верай Дарашэвіч. Памёр у 1919 ад гішпанкі.

Дзяцінства й маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў польскую гімназію ў Наваградку, дагэтуль пэўны час навучаўся ў беларускай гімназіі. У 1938 мабілізаваны ў польскае войска, дзе быў пасланы навучацца ў школе падхаружых у Торуні, якую скончыў у званьні сяржанта.

Падчас другое сусьветнае вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзельнік нямецка-польскае вайны 1939 ад самага яе пачатку, камандзір узводу. 14 верасьня быў цяжка паранены ды трапіў у нямецкі палон. Быў пераведзены ў шпіталь у Лодзі, адкуль празь Беласток і Баранавічы вярнуўся ў Наваградак. Працаваў скарбнікам у сельпо, пасьля паступіў на ўлікова-эканамічны факультэт Львоўскага ўнівэрсытэту. З нападам Нямеччыны на Савецкі Саюз быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, але дэзэртаваў і вярнуўся ў Львоў. Супрацоўнічаў з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў, працаваў у харчовай краме.

Пазьней вярнуўся ў Наваградак, дзе ўдзельнічаў у арганізацыі беларускіх вайсковых адзінак. Служыў у Беларускай дапаможнай паліцыі. Улетку 1942 прызначаны камэндантам падаафіцэрскае школы Беларускае народнае самапомачы. У лютым 1943 на загад Франца Кушаля зарганізаваў у Лідзе Беларускі батальён чыгуначнай аховы, удзельнічаў у яго фармаваньні ў Маладэчне, Стоўпцах, Баранавічах. Ад ліпеня 1943 таксама выкладаў у афіцэрскай школе ў Менску. Пасьля таго, як напрыканцы 1943 немцы адсунулі ад кіраваньня беларускіх афіцэраў, стаў афіцэрам прапагандавага батальёну. Напачатку 1944 увайшоў у Беларускую краёвую абарону, кіраваў ротай. У чэрвені 1944 удзельнічаў у ахове Другога Ўсебеларускага кангрэсу, тады ж уступіў у Беларускую незалежніцкую партыю.

Зь ліпеня 1944 — на эміграцыі. Быў перавезены на францускую мяжу, у Саарбрукен. Там атрымаў загад пры першай магчымасьці з падначаленымі перайсьці да францускіх партызанаў і ўсталяваць зь імі кантакты ад імя падпольных беларускіх уладаў. Калі пра гэта даведалася СД, быў пераведзены ў Бэрлін. Удзельнічаў у стварэньні беларускага дэсантнага батальёну Дальвіц, увайшоў у склад 1-га кадравага батальёну БКА. У Баварыі выконваў функцыі камэнданта афіцэрскае школы 30-е грэнадэрскае дывізіі Вафэн-СС (1-е беларускае). Напярэдадні заканчэньня вайны пасьпеў яшчэ прайсьці курсы ў нямецкай афіцэрскай школе ў Растоку.

На эміграцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сканчэньне вайны сустрэў у Цюрынгіі, там і ажаніўся з Барбарай Мазурай. Даведаўшыся, што Цюрынгія пераходзіць у савецкую зону акупацыі, перабраўся зь сям’ёй у Гесэн. Там у яго нарадзілася дачка Алена. Вывучаў мэдыцыну ў Марбурскім унівэрсытэце, адначасова працаваў на сухотнай станцыі.

У 1950 з дыплёмам лекара выехаў у ЗША. Працаваў анэстэзіёлягам, два гады вывучаў анэстэзію. У 1961 у яго нарадзіўся сын Язэп (у будучым пратэстанцкі місіянэр). Стаў адным з заснавальнікаў аддзела Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня ў штаце Мічыган, заарганізаваў там праваслаўную парафію Сьвятога Духа. У 1952 прызначаны палкоўнікам беларускага войска. З 1953 — сябра Рады БНР. Заснаваў аддзел Згуртаваньня беларускіх вэтэранаў у Дэтройце, выконваў абавязкі сакратара ў справах вэтэранаў пра Радзе БНР. У 19821997 — старшыня Рады БНР. У сакавіку 1993 удзельнічаў у сьвяткаваньні 75-е гадавіны незалежнасьці Беларусі ў Менску.Памёр 19 лістапада 2007 году ў Saint Clair Shores, Мічыган. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША).[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]