Перайсьці да зьместу

Пружаны

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 23:18, 7 лістапада 2017. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Пружаны
трансьліт. Pružany
Сядзібна-паркавы комплекс Швыкоўскіх
Сядзібна-паркавы комплекс Швыкоўскіх
Герб Пружанаў Сьцяг Пружанаў
Гімн Пружанаў: «Квітнеюць Пружаны ў дзівоснай красе…»[1]
Першыя згадкі: 1433
Магдэбурскае права: 6 траўня 1589
Былыя назвы:
  • Дабучын
  • Пружана
Мясцовая назва: Пружана
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Пружанскі
Старшыня райвыканкаму: Міхаіл Сяркоў
Вышыня: 157[2] м н. у. м.
Насельніцтва: 18 515 чал. (2017)[3]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1632
Паштовыя індэксы: 225131—225133
СААТА: 1256501000
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°33′24″ пн. ш. 24°27′52″ у. д. / 52.55667° пн. ш. 24.46444° у. д. / 52.55667; 24.46444Каардынаты: 52°33′24″ пн. ш. 24°27′52″ у. д. / 52.55667° пн. ш. 24.46444° у. д. / 52.55667; 24.46444
Пружаны на мапе Беларусі ±
Пружаны
Пружаны
Пружаны
Пружаны
Пружаны
Пружаны
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Пружа́ны — места ў Беларусі, на сутоцы ракі Мухі і канала Веца — пачатку ракі Мухаўца. Адміністрацыйны цэнтар Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 18 515 чалавек[3]. Знаходзіцца за 70 км[a] на паўночны ўсход ад Берасьця, за 11 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы (лінія Берасьце — Баранавічы). Вузел аўтамабільных дарог на Берасьце, Высокае, Кобрынь, Ружаны, Слонім, Бярозу, Поразава.

Пружаны — магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захаваўся сядзібна-паркавы комплекс Швыкоўскіх, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі клясыцызму касьцёл (Прачысьценская царква), помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Назоў

Існуюць розныя меркаваньні наконт паходжаньня назова Пружаны. Паводле гіпотэзы пісьменьніка і гісторыка Ю. І. Крашэўскага, ён паходзіць ад назова балцкага племені прусаў, якія і заснавалі тут паселішча Прусаны альбо Прусіяны[4][5][6]. Гэтая гіпотэза пацьвярджаецца гістарычнымі падзеямі: у 30-я гады XIII стагодзьдзя пад націскам князя Конрада Мазавецкага і ягоных хаўрусьнікаў-крыжакоў прусы былі вымушаныя перасяляцца. У 1276 року яны атрымалі дазвол вялікага князя літоўскага Трайдзеня пасяліцца на тэрыторыі ВКЛ[7].

Іншая легенда зьвязвае паходжаньне назвы з распаўсюджанай у гэтай мясцовасьці сельскагаспадарчай культурай — просам. Гэтая гіпотэза таксама пацьвярджаецца гістарычнымі дакумэнтамі: у «Запісах рассылкі гаспадарскіх лістоў у замкі з двароў, старостваў і цівунстваў» за 1564 рок паведамлялася, што проса для ўтрыманьня дзяржаўнага войска ў Бабруйскім замку дасылалася з Пружанаў ды іншых мясьцінаў[7].

Яшчэ адзін варыянт зьяўленьня назвы зьвязаны са значэньнем слова «прудзіць». Маўляў, паколькі за Ружанамі знаходзіліся вялікія сажалкі («пруды»), дык паселішча за імі сталі называць Пружаны. Але больш рэальныя дасьледаваньні ў гэтым кірунку мовазнаўцаў У. Юрэвіча і В. Лемцюговай, якія атаясамліваюць назву з «запрудай, прудам» — невялікім штучным ці натуральным вадаёмам, ля якога паўстала паселішча[7].

Існуе некалькі варыянтаў легенды, што зьвязвае паходжаньне назвы места з выявай на ягоным гербе. Беларускі этнограф М. Федароўскі ў дасьледаваньні «Люд беларускі на Русі Літоўскай» прыводзіць мясцовую легенду пра вандроўку каралевы Боны са сваёй дачкой. Калі яны пераяжджалі праз Мухавец, які быў тады паўнаводны і вірлівы, дачка ўпала ў ваду, і яе праглынуў зьмей. Дык назва Пружаны выводзіцца або ад дзеяньняў зьмея («пажэр» дзіця), або ад імя дачкі Боны — Прузэны (аднак падобнае імя болей нідзе не сустракаецца). Існуюць таксама варыянты легенды, быццам рачны зьмей не пажэр дзіця, а наадварот, нарадзіў ці выратаваў. У трэцім томе этнаграфічнага дасьледаваньня «Маляўнічая Расея(ru)» прыведзены аповед пра карміцельку, якая выпадкова ўпусьціла ў раку Муху маленькае дзіця ўладальніка места; рака «пажэрла» яго (варыянт — укусіла зьмяя), і ад гэтага месца Дабучын сталі называць Пажарла, а пасьля Пружанай[7].

Яшчэ адну легенду прыводзіць беларускі мовазнаўца Аляксей Ненадавец. Паводле яе, падчас падарожжа каралевы Боны па сваіх уладаньнях ейнае войска заехала на мост, і залатая карэта з сынам каралевы звалілася ў раку. З вады высунулася агромністая разьзяўленая пашча зьмея; ахоўнікі паспрабавалі ўратаваць дзіцё, аднак усе загінулі. Вызваліць каралевіча з палону выклікаўся ваяр Янка. Ён загадаў запрудзіць раку, каб вада сышла, а пасьля забіў зьмея. Бона Сфорца аддалі Янку ўсе землі ўздоўж ракі ў вечнае карыстаньне, а месца гэтае атрымала назву Пруджана[7].

Да нядаўняе пары датай заснаваньня места лічыўся 1487 год[8], калі ўпершыню згаданы Дабучын. Заснаваць тут паселішча пастанавіў князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі, які зьбіраўся зрабіць Дабучын дваром кобрынскіх князёў. Гэты факт даў падставу гісторыкам XIX—XX стагодзьдзяў сьцьвярджаць, што да 1589 року Пружаны называліся Дабучынам[4]. Сучасны назоў канчаткова замацаваны 3 траўня 1588 году разам з наданьнем Ганнай Ягелонкай месту Магдэбурскага права і гербу.

Дагэтуль некаторыя сталыя жыхары места карыстаюцца варыянтам назвы «Пружа́на» (лацінкай: Pružana). Гэты варыянт быў ужываны на мапах ужо з часу Рэчы Паспалітае (першая дакладная мапа ВКЛ Мікалая Крыштапа Радзівіла, каля 1603, перавыдадзеная ў 1613; таксама 1690[9] і 1720[10]) і польскіх (1921—1939; вайсковыя[11]), таксама немцамі (1941—1944). На мяжы XX—XXI стагодзьдзяў выдавалася газэта «Голас Пружаны». Варыянт «Пружана» выкарыстоўваецца таксама ў некаторых публікацыях клясычным правапісам беларускай мовы[12].

Гісторыя

XV стагодзьдзе

Датай заснаваньня Пружаны лічыцца 1433 рок, калі ў пісьмовых крыніцах упершыню сустракаецца згадка пра Прушанскую воласьць. У гэтым годзе вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч зьвярнуўся зь лістом да Ягайлы. Скардзячыся на Сьвідрыгайлу, ён паведамляе:

« …около Берестя, около Каменца всё пусто учінілі, а ещё волості Прушаную, Кобрін, Здітов, Вяды і Слонімское волості зачінілі. »

У хроніках Ордэну крыжакоў пад 1401 рокам таксама згаданы тэрмін «Прушын» (von Pruszin hin ken Russin), што супрацоўнікі Пружанскага музэю называюць першай згадкай пра Пружаны[13]. Аднак верагодней, што гэтак у летапісах называецца менавіта Прусія[14].

Сам горад упершыню называецца Пружанамі ў 1463 року як паселішча Кобрынскага княства. У 2-й палове XV стагодзьдзя тут існавалі княскі паляўнічы двор, псярня, 2 вуліцы — Сялецкая і Задворная[15], жыдоўскае пахавальнае братэрства(en)[16]. У 1463 року ў жыдоўскім квартале паўстала першая сынагога (згарэла ў 1863).

У 1473 князь Іван Кобрынскі з жонкай Фядорай, дачкой Івана Рагатынскага, зафундавалі пабудову ў Дабучыне царквы ў гонар Нараджэньня Божага, пра што сьведчыць акт, датаваны 9 кастрычніка 1473, які знаходзіцца ў літоўскай мэтрыцы і ў царкоўнай кнізе. Аднак ягоная аўтэнтычнасьць паддаецца сумневу. Адным з доказаў таго, што дакумэнт падроблены, зьяўляецца той факт, што ў ім кн. Іван Кобрынскі названы ўладаром цэлай жмудзкай зямлі, хоць дакладна вядома, што ў гэты час (1450—1485) генэральным старостам Жмудзі быў Ян Кезгайлавіч. Царква знаходзілася між вытокам Мухаўцу і паваротам на цяперашнюю вуліцу Камсамольскую. Згарэла ў першай палове XIX стагодзьдзя.

Да нядаўняе пары датай заснаваньня места лічыўся 1487 год[8], калі ўпершыню згаданы Дабучын. Заснаваць тут паселішча пастанавіў князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі, які зьбіраўся зрабіць Дабучын дваром кобрынскіх князёў. Паводле іншых зьвестак, паселішча заснаванае прускімі насельнікамі, якія, уцякаючы ад перасьледу крыжакоў, схаваліся ў валоданьнях кобрынскіх князёў ля вёскі Дабучын, а пазьней паселішча атрымала ад іх і назву[6].

У 1492 годзе Дабучын увайшоў у Кобрынскае княства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, якое падпарадкоўвалася і належала вялікаму князю. У 1495 жыды былі выгнаныя з Пружанаў паводле загаду вялікага князя Аляксандра.

XVI стагодзьдзе

Аднак ужо ў красавіку 1503 року Аляксандар Ягелончык дазволіў жыдам вярнуцца ў Вялікае Княства Літоўскае і вярнуў ім маёмасьць. Наступны князь Жыгімонт Стары ўраўняў жыдоў у падатках зь мяшчанамі, вызваліў іх ад абавязку выстаўляць на вайну тысячу вершнікаў, прадаставіў свабоду гандлю і рамёстваў[17].

Па сьмерці кобрынскага князя Юрыя Пацэвіча (1506) ягонай жонцы Фядоры давялося судзіцца за права валоданьня княствам. У 1507 року вялікі князь Аляксандар выдаў Фядоры пацьвярджальную грамату на валоданьне трацінаю спадчынных і вотчынных маёнткаў у Кобрыні і Дабучынах[18].

Па сьмерці апошняе прадстаўніцы роду кобрынскіх князёў Ганны Дабучын у складзе Кобрынскага староства, перададзенага ў арэнду маршалку гаспадарскаму Вацлаву Касьцевічу, у 1520 увайшоў у Кобрынскі павет Падляскага ваяводзтва. Касьцевіч заснаваў тут у 1522 року каталіцкую царкву сьвв. Жыгімонта і Вацлава.

Пасьля ягонае сьмерці ў 1532 годзе землі Кобрынскага староства перайшлі да каралевы Боны Сфорцы, другой жонкі Жыгімонта I, якая аднавіла царкву[19] і заахвочвала разьвіцьцё рамёстваў, гандлю і земляробства. Пружаны за яе ўладай сталі мястэчкам. У 1563 ейны рэвізор Дзьмітры Сапега склаў інвэнтарную кнігу(ru), паводле якой тут зафіксавана 278 гаспадарак і 7 вуліц (Кобрынская, Хватка, Загор’е, Дзярэчын, Сялецкая, Шырокая і Задворная[13]); працавалі 10 мясьнікоў, 7 краўцоў, 6 кавалёў. Пружанскі каралеўскі двор служыў рэзыдэнцыяй пад час паляваньня каралеўскай сям’і ў Ружанскай і Белавескай пушчах. У склад двару ўваходзілі аднапавярховы драўляны палац на мураваным фундамэнце, 2 флігелі, гаспадарчыя пабудовы[20]. Цікава, што ў даволі падрабязным апісаньні земляў, пашаў, сенажацяў і да т. п. няма згадкі пра рэчкі Муха і Вец, адно пра Мухавец ды Пружонку[18].

З 1566 году — у складзе Берасьцейскага павету Берасьцейскага ваяводзтва.

3 траўня 1588 году каралева Ганна Ягелонка даравала мястэчку Магдэбурскае права разам зь пячаткаю і гербам «у срэбным полі зьвілістая блакітная зьмяя з залатой каронай на галаве вывяргае дзіця»[21], запазычаным ад роду Сфорцаў. Ад гэтага часу за местам замацавалася назва Пружаны.

З прывілеем места атрымала дазвол на 2 рэгулярныя кірмашы штогод: на другі дзень па Тройцы і на дзень Перамяненьня Пана або на Ўзьвіжаньне; у даход места пераходзілі падушныя, памерныя, сталповыя і лапаткавыя зборы. Месьцічы атрымалі дазвол на ўласныя крамы, васкабойні і вагі(pl). 6 траўня 1589[6] прывілей Ганны Ягелонкі быў пацьверджаны[22] загадам караля Жыгімонта III з наданьнем дадатковага прывілею на правядзеньне 4 кірмашоў шторок.

Гэта садзейнічала далейшаму разьвіцьцю ў горадзе рамёстваў і гандлю. Да пачатку XVII стагодзьдзя Пружаны зрабіліся буйным рамесьніцкім цэнтрам, які славіўся вытворчасьцю задымленага чорнага глінянага посуду і кафлі. У інвэнтары Пружанаў 1597 году адзначаны палац, 2 падворкавыя пабудовы, гаспадарчыя пабудовы, млын.

XVII стагодзьдзе

Сядзіба Швыкоўскіх. Гравюра паводле А. Манюшка-Наўрачынскай, XIX ст.

Ад пачатку XVII стагодзьдзя Пружаны славіліся вытворчасьцю задымленага чорнага глінянага посуду і кафлі.

Жыдоўская грамада Пружаны па пастанове Літоўскага вааду(en) за 1623 рок улучаная ў склад Берасьцейскае кагальнае акругі. У 1628 року на паседжаньні вааду, якое адбылося ў Пружанах, было пастаноўлена і надалей ладзіць ягоныя паседжаньні тут. Аднак насамрэч з тае пары ніводзін сход тут так і не адбыўся[23]. 20 сьнежня 1644 року кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза сваім прывілеем надаў жыдам дазвол будаваць сынагогі (з тою ўмоваю, каб яны не паходзілі на каталіцкія касьцёлы), набываць хаты, займацца вінакурствам і рамёствамі, варыць піва і мёд, весьці гандаль. З гэтае пары Пружана актыўна засялялася жыдамі. У 1650 прывілеі (за выняткам набыцьця зямлі для сынагогаў) пацьвердзіў Ян Казімер, пасьля яны пацьвярджаліся таксама ў 1677 і 1698[16].

Адна зь першых школаў на тэрыторыі Пружаншчыны зьявілася пры кляштары манахаў-базылянаў. Праграма навучаньня ў базылянскіх школах прадугледжвала вывучэньне рускай, грэцкай, лацінскай, царкоўнаславянскай, польскай, нямецкай, францускай моваў. Выпускнікі мелі права паступаць ва ўнівэрсытэт[24].

У час войнаў другой паловы XVII — першай паловы XVIII стагодзьдзяў было зруйнавана каля 80% забудовы Пружанаў, у 1661 року застаўся толькі 91 дым.

XVIII стагодзьдзе

Жыды (у тым ліку з сэкты караімаў[b]) у XVIII стагодзьдзі складалі ўжо блізу 40% насельніцтва мястэчка, якое складала 1500 жыхароў (першая сынагога паўстала яшчэ ў 1463).

У 1776 у выніку разбурэньняў Пружана была пазбаўленая Магдэбурскага права, але ў 1791 прывілей вернуты[13]. Да канца стагодзьдзя эканоміка была адноўленая, адбываўся гандаль збожжам, жывёлай і гарэлкай.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў (1795) места апынулася ў складзе Расейскае імпэрыі, цэнтар павету Слонімскай губэрні, ад 1797 году — Літоўскай, урэшце ад 1801 году — Гарадзенскай. Кацярына II падаравала Пружанскія землі графу, генэралу-фэльдмаршалу Румянцаву-Задунайскаму. Па ягонай сьмерці ў 1796 імі валодалі нашчадкі Мікалай, пасьля Міхаіл Румянцавы. У 1798—1803 Міхаіл Румянцаў здаваў маёнтак у арэнду павятоваму маршалку Фэліцыяну Грабоўскаму.

XIX стагодзьдзе

Сядзіба Швыкоўскіх. Акварэль Н. Орды, 2-я пал. XIX ст.

9 верасьня 1801 году загадам расейскага цара Аляксандра I Пружанскі павет зрабіўся часткаю Гарадзенскае губэрні, у складзе якой прабыў больш за 100 гадоў. У 1803 годзе складзены першы плян Пружанаў. У найбольш старую частку гораду ўваходзілі адцінкі вуліцаў Кобрынская (цяпер Савецкая) і Слонімская (цяпер Камсамольская) ды забудова на поўнач ад сутокі рэчак Муха і Вец і поймы Мухаўца.

Румянцавы нядоўга валодалі землямі павету, хутка распрадаўшы іх Трэмбіцкаму(pl), Булгарыну і Влодкам. Пружаны сталі ўласнасьцю маршалка кобрынскага Паўла Ягміна, а напрыканцы першай чвэрці стагодзьдзя нарэшце перайшлі да Бэрнарда Швыкоўскага.

У француска-расейскую вайну 1812 году Пружаны занятыя і разрабаваныя францускімі войскамі пад кіраваньнем генэрала Рэнье. У 1817 ў Пружане заставалася 242 драўляныя хаты.

Першы цагляны будынак — меская вязьніца — паўстаў у 1820 годзе. У 1834 годзе як вынік вострай неабходнасьці ў атрыманьні ведаў па элемэнтарнай граматыцы і арытмэтыцы была адчыненая жыдоўская мяшчанская вучэльня. Аднак у гэтай установе навучаліся толькі жыдоўскія дзеці, а да таго ж яна не давала сярэдняй адукацыі, а адпаведна і магчымасьць працягнуць адукацыю. Таму пружанская шляхта пачала дамагацца адкрыцьця школьнай установы для свайго саслоўя.

У 1837 року была адчыненая дваранская вучэльня, якая лічылася адной з найлепшых у заходняй Беларусі. Тут было 10 настаўнікаў і 130 вучняў, тэрмін навучаньня складаў 5 рокаў. Гэтую вучэльню ў 1844 скончыў вядомы беларускі гісторык і этнограф Павал Баброўскі. Аднак ужо ў 1848 яна была зачыненая з прычыны актыўнага ўдзелу настаўнікаў у грамадзка-палітычным жыцьці краю[24].

Зь сярэдзіны стагодзьдзя ў месьце ладзіліся тэатральныя прадстаўленьні.

У 1838 року плошча Пружаны складала 1398 дзесяцінаў. 3 вуліцы забрукаваныя (Новасялецкая, Рынкавая, часткова Кобрынская). У месьце пражывалі 15 сьвятароў, 10 ганаровых грамадзянаў, 34 купцы. У гандлёвых радах дзейнічалі 44 крамы; драўляных хат 562 і 3 мураваныя (гаўптвахта, астрог, меская скарбніца). Дзейнічалі гарбарня, медны завод, 9 кавальняў, 9 млыноў, бровар, бойня і лазьня, якімі валодаў жыд Янкель Гольдбэрг. Асноўным заняткам жыхароў быў гандаль віна-гарэлачнай прадукцыяй: у прыватных хатах знаходзіліся 5 вінных склепаў, 47 піўніцаў, 4 карчмы, 12 шынкоў. Гандлявалі таксама палатнянымі і суконнымі вырабамі[25].

Герб узору 1845 року
Герб Пружанаў у складзе Гарадзенскай губэрні
Герб узору 1861 року

У 1843 па сьмерці Пятра Бэрнардавіча Швыкоўскага маёмасьць падзялілі два ягоныя сыны Валенці і Міхаіл, у выніку чаго пружанскі ключ быў падзелены на ўласна Пружану і Белавусаўшчыну[26].

У 1845 годзе места атрымала новы герб «на сьветла-карычневым тле яліна, на галінах якой вісіць паляўнічая труба».

У 1857 дзейнічалі бровар, маслабойня, тытунёвы, мукамольны і мылаварны заводы, 44 карчмы. У горадзе мешкалі 22 купцы, больш за 200 ганчароў, каля 80 краўцоў, 10 кавалёў, 20 цесьляроў, 10 рамесьнікаў.

13 лютага 1863 году атрады паўстанцаў Кастуся Каліноўскага (100 чалавек пад кіраўніцтвам С. Сангіна і Р. Рагінскага) занялі Пружаны. Жыхары гораду спачувальна паставіліся да паўстанцаў, і гарадзкія ўлады не далі рады даць адпор «каліноўцам». У гэтым самым годзе згарэла найстарэйшая пружанская сынагога.

У 1866 збудаваны праваслаўны Сабор Аляксандра Неўскага[c], праз 12 рокаў паўстала Спаса-Прэабражэнская царква. У 1873 дзейнічалі 4 сынагогі і бясплатная жыдоўская больніца. Дзейнічала лякарня, зельня (аптэка). Існавалі тры брукаваныя вуліцы. Побач зь местам працавала цагельня. У 1878 працавалі дзьве праваслаўныя царквы (адна зь іх прыходзкая), каталіцкія касьцёл і капліца, паштовая станцыя, павятовая школа, шпіталь, тытунёвая і 2 запалкавыя фабрыкі, 2 бровары, паравы млын.

7 ліпеня 1873 року ў месьце зьявіўся тэлеграф[27].

У 1881 на месцы старога збудаваны мураваны касьцёл. У 1896 годзе на зьмену старым драўляным гандлёвым радам пабудаваныя новыя цагляныя — «Белыя лаўкі».

У 1896 украінскія жыхары намагаліся стварыць у Пружане самадзейны тэатар, аднак не атрымалі дазволу ад віленскага генэрал-губэрнатара[28].

У 1897 годзе ў месьце было 769 двароў, 14 дробных прадпрыемстваў, павятовая прыходзкая вучэльня, 2 царквы, касьцёл, сынагога, некалькі жыдоўскіх малітоўных дамоў. У 1899 годзе ў Пружанах адчынілася другаклясная школка для падрыхтоўкі пэдагогаў. Першым яе загаднікам быў сьвятар Іаан Катовіч.

XX стагодзьдзе

Рынак, фота пач. XX ст.

У 1904 року 1157 двароў (зь іх 71 мураваны), 2 шпіталі, аптэка, 5 навучальных установаў, 2 друкарні, бібліятэка-чытальня, 13 фабрык і заводаў. Ладзіліся 5 кірмашоў шторок[29].

Напачатку стагодзьдзя ў Пружане паўсталі сіянісцкія арганізацыі, у 1905 створаны атрад самааховы. Дзейнічалі 9 сынагогаў, Талмуд Тора, жыдоўская вучэльня, могілкі. У 1915 была адкрытая школа з выкладаньнем на ідышы.

Падчас рэвалюцыі 1905—1907 у Пружанах адбываліся страйкі працоўных макароннай, тытунёвай фабрык і вінакурні.

У жніўні 1915 году Пружаны акупаваныя войскамі Нямеччыны. Вялікая колькасьць насельнікаў эвакуяваная ў глыб Расеі. Большасьць зь іх трапілі ў Башкірыю[13]. Немцы збудавалі чыгунку, якая злучыла места са станцыяй Лінова на лініі БерасьцеБаранавічы. Выкладаньне ў жыдоўскай школе вялося па-нямецку, але ў 1917 ізноў было вернутае выкладаньне на ідышы.

У студзені 1919 Пружану на некалькі дзён занялі бальшавікі. 30 студзеня 1919 з рук бальшавікоў яе адбіў Віленскі аддзел Польскага войска пад кіраўніцтвам ротмістра Ўладыслава Дамброўскага(pl)[30]. 7 чэрвеня 1919 Пружаны ўвайшлі ў склад Берасьцейскай акругі Грамадзянскай управы Ўсходніх земляў[прыбраць шаблён] — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[31]. З 27 ліпеня да 19 верасьня 1920 горад зноў займалі бальшавікі[32].

Міжваенная Польшча

18 сакавіка 1921 году паводле ўмоваў Рыскае дамовы Пружанскі павет у складзе Палескага ваяводзтва зрабіўся часткаю міжваеннай Польскае Рэспублікі, цэнтар гміны. Сядзіба староства знаходзілася ў сядзібе Веры Кляйнміхель.

Нягледзячы на ад’езд вялікай колькасьці жыдоў у ЗША, іхняя колькасьць павялічылася і ў 1921 складала 4152 чалавекі[33]. У 1927 амаль 60% насельніцтва пружанцаў складалі жыды, якія займалі 16 з 24 пасадаў у выбарных органах улады. На цэнтральных вуліцах (раён Дамброўскай, Берасьцейскай, Кобрынскай і доктара Пацэвіча) жылі пераважна жыды; прадстаўнікі іншых веравызнаньняў (хрысьціяне) насялялі пераважна ўскрайкі.

У 1922 годзе ў Пружанах была адчыненая гімназія імя Адама Міцкевіча. Працавала настаўніцкая сэмінарыя. У 20-я—30-я рокі дзейнічалі 5 жыдоўскіх школаў, у 1929 адкрытая ешыва.

У 1930 року дзейнічала адна сынагога. Выдаваўся жыдоўскі Бундысцкі штотыднёвік «Пружэнэр лебн» (1930—1939), з 1931 — сіянісцкі штотыднёвік «Пружэнэр штымэ».

Ладзіліся тры кірмашы шторок: 15 і 30 кастрычніка, а таксама кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі на наступны дзень па Пяцідзясятніцы паводле старога стылю[34]. 18 красавіка 1934 году да гораду далучылі паселішчы з аднайменнай гміны — частка маёнтку Губэрня й маёнтак Аўгустынаўка (123,9 гектараў)[35].

Працавалі два памяшканьні для паказу нямога кіно; пазьней быў адчынены кінатэатар на сталай аснове. Ладзіліся выступы вандроўных тэатраў.

Даваенныя Саветы

19 верасьня 1939 году Пружаны акупавалі войскі СССР, 4-й Арміі камдыва Васіля Чуйкова. Неўзабаве польскія вайскоўцы, якія вярнуліся да сваіх сем’яў, былі інтэрнаваныя. У лютым 1940 року распачаліся арышты і высылка польскай інтэлігенцыі: шляхцічаў, прамыслоўцаў, лекараў, юрыстаў, настаўнікаў, лесьнікоў, купцоў[36].

Ад 15 студзеня 1940 па 1941 год места было раённым цэнтрам Берасьцейскай вобласьці Беларускай ССР у складзе Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Зь 1 студзеня 1940 року прадпрыемствы, гандаль і вытворчасьць былі нацыяналізаваныя. У Пружанах было 1385 двароў, электрастанцыя, 6 мэханічных млыноў, 2 маслабойныя, кафэльны заводы, 2 сьлясарныя майстэрні[37]. Былі створаныя новыя працоўныя месцы для краўцоў, абуткоўцаў, кавалёў, стальмахаў, цырульнікаў; на працу прымаліся ўсе незалежна ад нацыянальнасьці, у тым ліку і на адміністрацыйныя пасады. Абрагам Брэсцкі ў сваіх успамінах згадвае, што гэта было нязвыкла пасьля пэрыяду пад польскай акупацыяй[38][39].

Адбыўся перавод адукацыйных установаў на савецкую сыстэму. Была ўведзеная «дзесяцігодка». У Пружане былі адчыненыя сярэднія школы на ўсіх чатырох мовах (беларускай, ідышы, польскай і расейскай). Для дарослых таксама была створаная вышэйшая школа. Навучаньне было бясплатным. Неўзабаве колькасьць шкаляроў павялічылася ўдвая ў параўнаньні зь мінулымі рокамі[38]. Дзейнічала грамадзкая бібліятэка зь вялікай колькасьцю кніг на ўсіх чатырох мовах. Выходзіла газэта «Новы шлях».

Два сіроцкія прытулкі (жыдоўскі і хрысьціянскі), якія дзейнічалі пад Польшчай, былі аб’яднаныя ў адзін пад дзяржаўным кіраваньнем. Ён разьмяшчаўся на вуліцы Пацэвіча. Дзеці атрымоўвалі добрае харчаваньне, утрыманьне і адукацыю[38].

Мэдычная дапамога таксама зрабілася бясплатнай. Гарадзкі шпіталь утрая павялічыў колькасьць ложкаў для хворых. Зьявілася магчымасьць таксама выклікаць доктара на дом. Была адчыненая вэнэралягічная клініка і раддом.

Другая сусьветная вайна

У часы нямецка-савецкае вайны 1941—1945 гадоў, ад 23 чэрвеня 1941 году — Пружаны пад нямецкаю акупацыяю. Тут створанае гета, дзе ўтрымлівалася да 10 000 чалавек, зь якіх было загублена больш за 4000.

17 ліпеня 1944 году ў Пружаны зноў увайшлі савецкія войскі Першага Беларускага фронту. За ваенны час места было зруйнаванае на 70%, у ім налічвалася 5 тысячаў жыхароў.

Савецкая ўлада

Замкавая вуліца, фота 1-й пал. XX ст.

16 жніўня 1945 Польшча і СССР прынялі дамову аб мяжы. Такім чынам, паводле міжнароднага права, Пружаны фармальна перасталі быць часткай польскай тэрыторыі пад савецкай акупацыяй і наноў сталі раённым цэнтрам Берасьцейскай вобласьці Беларускай ССР.

У 1944 адноўленыя райпрамкамбінат, харчовы камбінат, масласырзавод, скураны і мылаварны цэхі, вузел сувязі, 2 сярэднія школы. У 1945 адчынены дзіцячы дом, у 1956 — школа-інтэрнат.

Схема перапляніроўкі Пружанаў распрацаваная ў Баранавічах у 1959 року. У пачатку 60-х рокаў жыдоўскія могілкі былі зачыненыя. Будынак сынагогі аддадзены «Пружанскім электрасеткам». У 1974 року ў менскай філіі Цэнтральнага НДІ горадабудаўніцтва быў складзены генэральны плян забудовы Пружанаў, паводле якога яны значна зьмяніліся.

8 сьнежня 1991 году ў беларускай урадавай рэзыдэнцыі ў Белавескай пушчы (каля былога хутару Віскулі, Пружанскі раён) кіраўнікі Беларусі (С. Шушкевіч, В. Кебіч), Расеі (Б. Ельцын, Г. Бурбуліс) і Украіны (Л. Краўчук, В. Фокін) падпісалі Белавескія пагадненьні аб спыненьні існаваньня Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублікаў і аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

З 1991 году Пружаны — у складзе Рэспублікі Беларусь.

XXI стагодзьдзе

3—4 кастрычніка 2003 году ў Пружанах прайшоў дзяржаўны фэст-кірмаш «Дажынкі-2003» (выдаткавана 60 мільярдаў рублёў)[40], у выніку чаго выгляд цэнтральнае часткі места значна зьмяніўся.

У 2007 року адкрыты пружанскі Лядовы палац[41], які стаў першай падобнай установай у месьце раённага падпарадкаваньня[42].

У 2010 збудаваны водны палац з аквапаркам.

Геаграфія

Геаграфічнае становішча

Места знаходзіцца за 70 км[a] на паўночны ўсход ад Берасьця, за 11 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы на лініі Баранавічы — Берасьце. У Пружанах пачынаецца рака Мухавец (басэйн Віслы).

Адлегласьць ад Пружанаў да розных местаў (аўташляхамі)[43]
Сьцяг Нарвэгіі Осьлё ~ 1870 км
Сьцяг Расеі Калінінград ~ 446 км
Сьцяг Польшчы Беласток ~ 150 км
Сьцяг Эстоніі Талін ~ 891 км
Сьцяг Летувы Вільня ~ 295 км
Сьцяг Беларусі Горадня ~ 157 км
Сьцяг Расеі Архангельск ~ 2219 км
Сьцяг Расеі Масква ~ 995 км
Сьцяг Беларусі Менск ~ 283 км
Сьцяг Польшчы Бельск-Падляскі ~ 95 км
Сьцяг Польшчы Варшава ~ 279 км
Сьцяг Вялікабрытаніі Лёндан ~ 1913 км
Ружа вятроў
Ружа вятроў
Сьцяг Беларусі Бяроза ~ 40 км
Сьцяг Расеі Ліпецк ~ 1231 км
Сьцяг Расеі Камсамольск-на-Амуры ~ 9723 км
Сьцяг Беларусі Берасьце ~ 83 км
Сьцяг Польшчы Кракаў ~ 499 км
Сьцяг Італіі Мілян ~ 1798 км
Сьцяг Беларусі Кобрынь ~ 48 км
Сьцяг Украіны Львоў ~ 365 км
Сьцяг Баўгарыі Плоўдзіў ~ 1762 км
Сьцяг Беларусі Драгічын ~ 84 км
Сьцяг Украіны Севастопаль ~ 1502 км
Сьцяг Грузіі Тбілісі ~ 2747 км

Клімат

 Кліматычныя зьвесткі для Пружанаў 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 10,80 17,00 21,90 29,90 31,30 32,40 36,00 34,90 31,80 26,40 18,00 13,50 36,00
Сярэдні максымум t, °C −0,85 1,75 9,63 17,17 20,91 23,37 25,11 24,89 21,03 14,98 7,90 2,02 25,11
Сярэдняя t, °C −4,4 −3,2 1,5 8,9 13,2 16,3 18,2 17,5 13,3 8,1 2,5 −2,1 8,5
Сярэдні мінімум t, °C −7,94 −8,17 −6,55 0,67 5,51 9,23 11,38 10,01 5,59 1,22 −2,82 −6,29 −8,17
Абсалютны мінімум t, °C −37,7 −33,1 −25,8 −8 −4 0,00 4,00 −0,8 −4,5 −9,8 −21,8 −28 −37,7
Крыніца: Рэкорды надвор’я. Мэтэастанцыя Пружаны (рас.). Рэспубліканскі гідрамэтэаралягічны цэнтар. Праверана 17 красавіка 2014 г.

Насельніцтва

XVI стагодзьдзе

  • 1563—1252 чал.[8]

XVII стагодзьдзе

  • канец стагодзьдзя — 571 жыд (42%)[44]

XVIII стагодзьдзе

  • 1766 год — 641 жыд[16]
  • 1786 год — 317 жыдоў (30,9%)[16]
  • 1791 год — 2094 чал.[8]
  • 1797 год — 1285 жыдоў і караімаў[16]

XIX стагодзьдзе

  • 1817 год — 824 чал., у тым ліку 374 юдаісты[6]
  • 1838 год — каля 4000 чал.[13]
  • 1847 год — 2583 жыды[16]
  • 1857 год — 5476 чал.[45]
  • 1859 год — 4489 чал.[45]
  • 1860 год — 5665 чал., у тым ліку 2908 юдаістаў[6]
  • 1868 год — 2575 жыдоў (61%)[44]
  • 1878 год — 7044 чал., у тым ліку 1746 праваслаўных, 543 каталікі, 4750 юдаістаў і 5 магамэтанаў[6]
  • 1888 год — 7291 чал.[29]
  • 1897 год — 7636 чал. (3701 муж. і 3933 жан.), зь якіх 67,5% юдаістаў (5080 чал.[44]), 25,6% праваслаўных, 6,2% каталікоў[46]

XX стагодзьдзе

  • 1904 год — 9231 чал.[29]
  • 1907 год — 9184 чал.[47]
  • 1910 год — 11 400 чал., у тым ліку 3983 праваслаўных, 859 каталікоў, 6550 юдаістаў і 8 магамэтанаў[48]
  • 1921 год — 4152 жыды (65,6%)[16]
  • 1930 год — 6332 чал.[34]
  • 1931 год — 4208 жыдоў (55,2%)[16]
  • 1935 год — 8000 чал.[49]
  • 1959 год — 10 707 чал.[50]
  • 1974 год — 14,6 тыс. чал.[51]
  • 1979 год — 17 256 тыс. чал.[52]
  • 1989 год — 23,1 тыс. чал.[52][53]
  • 1999 год — 20,2 тыс. чал.[52]
  • 2000 год — 10 жыдоў[16]

XXI стагодзьдзе

  • 2004 год — 19,8 тыс. чал.
  • 2006 год — 19,3 тыс. чал.
  • 2009 год — 19 032 чал.[54]
  • 2016 год — 18 459 чал.[55]
  • 2017 год — 18 515 чал.[3]

Адукацыя

У месьце працуюць 1 гімназія, 4 сярэднія школы, школа мастацтваў, 2 юнацка-спартовыя школы, 7 дашкольных установаў[56], цэнтар творчасьці дзяцей і юнацтва.

Аграрна-тэхнічны каледж.

Культура

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, Палац культуры, музэй-сядзіба «Пружанскі палацык».

Ладзяцца фэсты: рэспубліканскі джазавай музыкі; міжнародны звышлёгкай авіяцыі і паветраплаваньня. У ім бяруць удзел аэраклюбы, прыватныя ўдзельнікі, авіямадэлісты, пілёты зь Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіны, Чэхіі.

Эканоміка

Працуюць прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, будаўнічых матэрыялаў, завод радыёдэталяў, ільнозавод, лясгас.

У 1995—2004 дзейнічаў бровар «WPB».

Спорт

Транспарт

Вузел аўтамабільных дарог на Берасьце, Высокае, Кобрынь, Ружаны, Слонім, Бярозу-Картускую, Поразава.

Мясцовыя аўтамабільныя дарогі[58]
Нумар Маршрут
Н524 Пружаны — Клепачы — Котра
Н526 Пружаны — Доўгае — Палонна-Забалацьце
Н535 Пружаны — Шубічы — Клетнае
Н553 Пружаны — Ляхі — Каштанаўка
Н561 Пружаны — Казлы

Абслугоўваньнем насельніцтва па 8 мескіх маршрутах займаецца РУДТП «Аўтапарк № 11 г. Пружаны» філія ААТ «Берасьцеаблаўтатранс». Рухомы склад: аўтобусы МАЗ-103, МАЗ-104, МАЗ-206, Нёман-5201; аўтобусы сярэдняе клясы МАЗ-256, Радзіміч А092; міжгародны аўтобус МАЗ-152[59].

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Касьцёл (Прачысьценская царква), зьнішчаны бальшавікамі ў сяр. 1950-х

Пружаны — цэнтар ганчарнага рамяства. Празь места праходзяць турыстычны маршрут «Памяць зямлі беларускай»[60] і аглядная экскурсія «Мая пружанская зямліца»[61].

  • Гатэль «Мухавец».
  • Рэстарацыя «Палескія паданьні».
  • Сядзіба «Пружанская» (агратурыстычныя паслугі)[62][63][64]
  • Сядзіба «Кветачная» (агратурыстычныя паслугі).
  • Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык» (у сядзібна-паркавым комплексе Швыкоўскіх).

Славутасьці

Страчаная спадчына

Гарады-сябры

Выхадцы і жыхары

Выхадцы

Жыхары

Аб’екты, названыя ў гонар

У 1980 року на Гданьскай Паўночнай(pl) вэрфі паводле польскага праекту B-400 тыпу «Спрут» быў пабудаваны вялікі аўтаномны маразільны траўлер «Пружаны». Усяго ў гэтай сэрыі паміж 1978 і 1980 рокамі ў Гданьску былі збудаваныя 5 судзінаў[69]: чатыры («Спрут», «Плунге», «Архімэд», «Пасваліс») былі перададзеныя ў Клайпеду, «Пружаны» — Ліепайскай базе акіяначнага рыбалоўнага флёту (БАРФ, Латвійская ССР). Бартавы №РА-6004, пасьля атрыманьня Латвіяй незалежнасьці бартавы №LZ-6004 «Pruzani»[70], нумар(en) Міжнароднай марской арганізацыі(en) 7610438[69]; брута-танаж(en) 5926 тонаў, грузападымальнасьць(en) — 3541 тона[71][72]. У 1994 ён сеў на мель, пасьля чаго ў 1996 року сьпісаны і ўтылізаваны[73].

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. ^ а б беспасярэдняя фізычная адлегласьць; коламі паміж Пружанаю і Берасьцем — 83 км (празь Відамлю) ці, лепшаю дарогаю, 92 км (праз Кобрынь).
  2. ^ зьявіліся ў VIII ст. і не прызнавалі Талмуду
  3. ^ Цяпер улучаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі пад №113Г000590

Крыніцы

  1. ^ lavren (27 студзеня 2010) Гімн горада Пружаны Сымболіка. Pruzhany.net. Праверана 16 жніўня 2017 г.
  2. ^ Пружаны Фота Планета Праверана 16 жніўня 2017 г.
  3. ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  4. ^ а б Старонкі мінулага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 23.
  5. ^ Пружаны (Пружаны Pruzhany) (рас.) Гербы Брестской области Праверана 12 жніўня 2014 г.
  6. ^ а б в г д е Prużana // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 110.
  7. ^ а б в г д Пружаны: экскурс у гісторыю (chm) Мая Пружанская зямліца. Раённая адукацыйная сетка г. Пружаны. Праверана 3 жніўня 2014 г.
  8. ^ а б в г Пружаны // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 466.
  9. ^ SENIEJI ŽEMĖLAPIAI — F. de Witt. Magni Ducatus Lithuaniae…1690 (лет.). Maps4U.lt. Праверана 7 верасьня 2014 г.
  10. ^ SENIEJI ŽEMĖLAPIAI — M.Seutter.Novissima et accuratissima Magnis Ducatus Lithuaniae…1720 (лет.). Maps4U.lt. Праверана 7 верасьня 2014 г.
  11. ^ http://www.mapywig.org/m/WIG100_300DPI/P38_S39_PRUZANA_300dpi.jpg
  12. ^ Ягор Маёрчык. Пружана // Радыё Свабода, 16 лютага 2005
  13. ^ а б в г д С. Ю. Демидов. (10 лютага 2010) Опорные даты по истории г. Пружаны (рас.). портал города Пружаны. Праверана 27 ліпеня 2014 г.
  14. ^ Генадзь Сагановіч «Русь» у вайне з Нямецкім ордэнам (канец XIII — пач. XV ст.) // Беларускі гістарычны агляд. — сьнежань 2001. — Т. 8. — № 1—2 (14—15).
  15. ^ Пружаны // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. — С. 481
  16. ^ а б в г д е ё ж з і Пружаны (рас.). Расейская жыдоўская энцыкляпэдыяПраверана 19 жніўня 2014 г.
  17. ^ Эта бедная Белая Русь…  (рас.) // Лехаим. — лістапад 2006. — № 11 (175).
  18. ^ а б Пружаны в 1931 году (рас.) Карты Брестской области Праверана 7 верасьня 2014 г.
  19. ^ br. Jan Fibek OFMCap (5 жніўня 2008) Апошнія паведамленні (пол.) Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. «Радзіма майго духу». Праверана 19 жніўня 2014 г.
  20. ^ Пружаны // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. — С. 481—482
  21. ^ Пружаны // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  22. ^ Старонкі мінулага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 24.
  23. ^ ЕЭБЕ/Пружаны (рас.) Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. ВикитекаПраверана 19 жніўня 2014 г.
  24. ^ а б Іосіф Машкала. На пачатку стагодзьдзя настаўнік меў зарплату падпалкоўніка // Раённыя будні. — 6 лістапада 1997. — С. 4.
  25. ^ Пружаны // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. — С. 483
  26. ^ Историческая справка. Владельцы (рас.). Сярэдняя школа №3 г. ПружаныПраверана 14 лістапада 2011 г.
  27. ^ Плывуць купальскія вяночкі // Раённыя будні. — 2 ліпеня 2013. — № 51 (9596). — С. 8.
  28. ^ Володимир Леонюк. Хронологія Берестейщини // Словник Берестейщини. — Львів: Видавнича фірма «Афіша», 1996. — С. 353. — ISBN 966-95063-0-1
  29. ^ а б в Пружаны // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. — С. 485
  30. ^ Lech Wyszczelski. Wstępna faza walk // Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. — 1. — Warszawa: Bellona, 2010. — С. 52—53. — ISBN 978-83-11-11934-5
  31. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
  32. ^ Добучин (рас.). Древо (14 студзеня 2011). Праверана 19 жніўня 2014 г.
  33. ^ Pruzhany history (анг.) Ancestral towns Праверана 22 кастрычніка 2011 г.
  34. ^ а б Pruzana list 1930 (анг.). Children of Pruzany and the Surrounding Area. Праверана 19 жніўня 2014 г.
  35. ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 14 kwietnia 1934 r. o zmianie granic miasta Prużany w powiecie prużańskim, województwie poleskiem, Dz. U. Nr 33, poz. 306 (пол.) (pdf) Internetowy System Aktów Prawnych. Kancelaria Sejmu RP. Праверана 19 жніўня 2014 г.
  36. ^ Andrzej Święciński. Wspomnienia prużańskie (Cz.2) // Echa Polesia. — 2011. — № 2.
  37. ^ Пружаны // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. — С. 486
  38. ^ а б в Abraham Breski. Pruzhany’s Saint Kehila destruction summary (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 26 сьнежня 2011 г.
  39. ^ Avraham Har’shalom (Friederg). The tempest (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 26 сьнежня 2011 г.
  40. ^ Дажынкі-2003 в Пружанах (рас.) Брестчина. Управа спорту і турызму Берасьцейскага аблвыканкаму. Праверана 19 жніўня 2014 г.
  41. ^ Валентина Мартинович. (29 жніўня 2007) Большое тепло малой «Льдинки»: Ледовый дворец в Пружанах (рас.) Спортивные сооружения. Архитектура и строительство. Праверана 19 жніўня 2014 г.
  42. ^ Николай Синицын. (10 кастрычніка 2013) «Ежемесячно уходит порядка 500 миллионов» (рас.) Goals.by Праверана 19 жніўня 2014 г.
  43. ^ Адлегласьці ад Пружаны да розных местаў транспартнымі шляхамі (укр.) Автоперевезення. DELLA. Праверана 16 жніўня 2017 г.
  44. ^ а б в Pruzhany (анг.). Jewish virtual library. Праверана 19 жніўня 2014 г.
  45. ^ а б О. Э. Проценко. П. Бобровский и А. Киркор об уездных городах Гродненской губернии в середине и второй половине XIX в. // Редакторы: Н. П. Дудко, Н. Н. Красницкая 60-летие образования Гродненской области. Материалы Международной научной конференции : Научное издание. — Гродно: Учреждение образования «Гродненский государственный университет имени Янки Купалы», 2004. — С. 86.
  46. ^ Пружаны // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  47. ^ Prużana // Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
  48. ^ Даведка № 4-4/133 ад 02.07.96 // Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь, Горадня
  49. ^ Through Tears and Laughter. Personal memoirs by Luba Bat (анг.). Children of Pruzany and the Surrounding Area. Праверана 21 ліпеня 2014 г.
  50. ^ Численность наличного населения городов и других поселений, районов, районных центров и крупных сельских населенных мест на 15 января 1959 года по республикам, краям и областям. Белорусская ССР (рас.) Демоскоп Weekly. Институт демографии Национального исследовательского университета «Высшая школа экономики». Праверана 19 жніўня 2014 г.
  51. ^ Пружаны // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  52. ^ а б в Belarus (анг.) Citypopulation.de. Thomas Brinkhoff (7 красавіка 2014). Праверана 19 жніўня 2014 г.
  53. ^ Пружаны // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  54. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  55. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  56. ^ Учреждения образования Пружанского района (рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 19 жніўня 2014 г.
  57. ^ Коллективы любительского творчества (рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 19 жніўня 2014 г.
  58. ^ Решение Брестского областного исполнительного комитета от 22 декабря 2007 г. №1094 «Об утверждении перечня местных автомобильных дорог Брестской области» (рас.) Спэцпраект «Зона». Валеры ЛеванеўскіПраверана 19 жніўня 2014 г.
  59. ^ Пружаны (рас.) Транспарт Беларусі Праверана 19 жніўня 2014 г.
  60. ^ Пружаны // Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  61. ^ Туристические маршруты (рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 19 жніўня 2014 г.
  62. ^ Усадьба «Пружанская». Город Пружаны. Брестская область. Республика Беларусь (рас.) Каталог сельских усадеб Беларуси. TamBY.info — Информационно-справочный портал. Праверана 21 ліпеня 2014 г.
  63. ^ Усадьба «Пружанская» (рас.) Каталог белорусских усадеб Праверана 21 ліпеня 2014 г.
  64. ^ Усадьба «Пружанская», Брестская область (рас.) Брестская область. Справочник агротуризма в Беларуси. Праверана 21 ліпеня 2014 г.
  65. ^ Ірына Сядова. (8 чэрвеня 2011) Улица первая. Тормасова (рас.) Генеалогический форум ВГД Праверана 19 жніўня 2014 г.
  66. ^ Региональное сотрудничество (рас.). Амбасада Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Баўгарыя. Праверана 19 жніўня 2014 г.
  67. ^ Галіна Каляда. (1 красавіка 2014) Пружаны атрымалі ў падарунак ад баўгарскага Паўлікені мартэніцы Культура. Раённыя будніПраверана 19 жніўня 2014 г.
  68. ^ Мікола Антонаў. У Пружан з’явіўся балгарскі пабрацім // Раённыя будні. — 26 кастрычніка 2013. — № 84 (9629). — С. 1—2.
  69. ^ а б Lutsenko Valeriy. «Sprut» type fishing freezer super trawler (анг.) Fishing Fleet of Communist and Post-Communist Countries Праверана 22 красавіка 2016 г.
  70. ^ Pruzani (рас.) Водный транспорт Праверана 22 красавіка 2016 г.
  71. ^ Pruzani — 7610438 — trawler (анг.) Maritime-connector Праверана 22 красавіка 2016 г.
  72. ^ Pruzhany — IMO 7610438 (анг.) Shipspotting Праверана 22 красавіка 2016 г.
  73. ^ Владимир Садовский. (16 красавіка 2016) На просторах Мирового океана: белорусские города в названиях морских судов (рас.) Грамадзтва. TUT.BYПраверана 22 красавіка 2016 г.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Пружанысховішча мультымэдыйных матэрыялаў