Сабор Аляксандра Неўскага (Пружаны)
Славутасьць | |
Сабор Аляксандра Неўскага
| |
Сабор Аляксандра Неўскага
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Пружаны |
Каардынаты | 52°33′21.25″ пн. ш. 24°27′26.59″ у. д. / 52.5559028° пн. ш. 24.4573861° у. д.Каардынаты: 52°33′21.25″ пн. ш. 24°27′26.59″ у. д. / 52.5559028° пн. ш. 24.4573861° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Берасьцейская |
Тып будынка | сабор |
Архітэктурны стыль | клясыцызм |
Аўтар праекту | Міхайлоўскі, Залатароў |
Дата заснаваньня | 1866 |
Будаваньне | 1865—1866 гады |
Рэліквіі і сьвятыні | абраз «Маці Божай, якая плача» «Незгаральны абраз Божай Маці» мошчы Аляксандра Неўскага |
Апошні плябан | а. Міхаіл Носка[1] |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | дзейны |
Сабор Аляксандра Неўскага | |
Сабор Аляксандра Неўскага на Вікісховішчы |
Сабо́р у імя дабраве́рнага вялі́кага кня́зя Алякса́ндра Не́ўскага — праваслаўны сабор у Пружанах Берасьцейскае япархіі, збудаваны ў гонар абаронцы Расейскай імпэрыі сьв. князя Аляксандра Неўскага. Асьвячэньне адбылося 22 кастрычніка 1866 году.
У храме знаходзіцца абраз «Багародзіца, якая плача», які лічыцца цудадзейным.
Пабудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сувязі з падзеямі паўстаньня 1863 року царызм адводзіў вялікую ролю ў далейшай русіфікацыі краю праваслаўнай царкве. На яе падтрымку было накіравана 10% ад кошту ўсяе канфіскаванае маёмасьці ўдзельнікаў паўстаньня. Ва ўсіх губэрнскіх і павятовых мястэчках былі створаныя камітэты па будаўніцтве праваслаўных цэркваў. У Пружане ён быў арганізаваны ў 1865 року на чале з кіраўніком места і павету капітанам Элісам.
Вырашана было будаваць царкву ў гонар нябеснага абаронцы Расеі Сьвятога Аляксандра Неўскага як падзяку расейскаму імпэратару Аляксандру II за скасаваньне прыгоннага права і паншчыны. Праект стварыў гарадзенскі губэрнскі архітэктар Міхайлоўскі, які карыстаўся альбомам праектаў Сыноду. У 1864 року першую цагліну ў падмурак храма паклаў у дзень сьвятых Пятра і Паўла берасьцейскі япіскап, вікарый Літоўскай япархіі Ігнаці (Жалязоўскі).
Цэгла на будаўніцтва паступала бясплатна з канфіскаванага ў Валенція Швыкоўскага цагельнага заводу ў Палянове, а таксама зь недабудаванага касьцёлу. Сродкі на будоўлю зьбіраліся па ўсёй імпэрыі, а кожны сялянскі двор Пружаншчыны мусіў здаць на пабудову па 50 капеек і на адзін дзень выдзеліць на дапамогу мужчыну.
Іканастас быў створаны найлепшымі майстрамі Пецярбургу Козеравым і Срабраковым паводле праекту архітэктара Сычова. Ён таксама распрацаваў нарыс бакавых ківотаў. Абразы для яго былі напісаныя ў пецярбурскім Сьвята-Ўваскрасенскім і маскоўскім Новадзявочым манастырох.
Званы для сабору былі прывезеныя з заводу пецярбурскага купца Пікіева. Рызьніца, посуд, кнігі і іншае царкоўнае начыньне падараванае маскоўскім купецтвам.
Адкрыцьцё храму было заплянаванае на верасень 1866 року да дню памяці Аляксандра Неўскага, аднак неспадзяванка змусіла перанесьці ўрачыстасьць на месяц: падчас транспартаваньня быў пашкоджаны іканастас, зроблены ў Пецярбургу, і праз шчыліны ў яго трапіла вада, таму яго давялося наноў склейваць і пакрываць пазалотай[2].
22 кастрычніка [ст. ст. 9 кастрычніка] 1866 япіскап берасьцейскі Ігнаці (Жалязоўскі) асьвяціў храм[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першым настаяцелем сабору стаў протаярэй Андрэй Чарвякоўскі[4], за ім — мітрафорны протаярэй Мікалай Жуковіч (10.01.1827—29.07.1908). Пахаваны ў капліцы на праваслаўных могілках Пружанаў.
У 1891 сабор атрымаў у падарунак ад мескай думы абраз са сьвятымі, аднайменнымі чальцам царскай сям’і.
9 красавіка 1934 року з абразом тыпу «Ўкрыжаваньне» адбыўся цуд: з вачэй Божай Маці пачалі капаць сьлёзы. З тае пары шторок 9 красавіка і ў Сьветлую пятніцу Велікоднага тыдню вернікі адзначаюць сьвята празванай цудадзейнай «Пружанскай Галгофы» (або «Багародзіцы, якая плача»).
Акрамя гэтага, сюды перанесены «Незгаральны абраз Божай Маці», які ацалеў падчас пажару ў Прачысьценскай царкве ў часе Другой сусьветнай вайны, а таксама «Ўладзімерскі абраз Божае Маці», які абнавіўся ў аднаго з жыхароў Сланімцоў[5].
Па нямецка-савецкай вайне быў распрацаваны плян забудовы Пружанаў, паводле якога непасрэдна ля сабору было заплянаванае ўзьвядзеньне пяціпавярховае жылое хаты. У гэтым разе вернікі былі б пазбаўленыя царкоўнага пагосту, а храм быў бы заслонены пабудовай. Супрацьстаяньне вернікаў пабудове цягнулася месяц: на званіцы сабору дзяжурыла прыхаджанка Марыя Мардань, якая пачынала званіць, ледзь заўважыўшы набліжэньне будаўнічае тэхнікі. На заклік з усіх канцоў места сыходзіўся праваслаўны люд, не даючы пачаць будаўніцтва, падаючы нават пад коўш экскаватара. Урэшце рэшт будаўніцтва жылога дома пачалося па-за межамі царкоўнага двара[2].
У 1990-я жыцьцё парафіі актывізавалася, адбыўся маштабны рамонт царквы, пабудаваная нядзельная школа, паўстаў новы чыгунны плот.
Ад студзеня 2006 року ў саборы знаходзіцца частка мошчаў дабравернага князя Аляксандра Неўскага[3].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры позьняга клясыцызму з элемэнтамі рэтраспэктыўна-рускага стылю.
Храм — прастакутная ў пляне трохнэфавая базыліка, пакрытая двухсхільным дахам. Алтарная частка вышынёй 14 м 60 см з паўавальнай трохяруснай апсыдай, другі і трэці ярусы вырашаныя як ратонда. Верхні ярус — сьветлавы барабан з круглымі вокнамі й купалам.
Сьцены аперазаныя шырокім антаблемэнтам, раскрапаваны пілястрамі ў прасьценках высокіх арачных аконных праёмаў у кілепадобных ліштвах. Уваходы ў будынак з трох бакоў падкрэсьленыя франтонамі.
Званіца з 9 званамі заводу пецярбурскага купца Пікіева завяршаецца купалам з навершнікам. У XXI стагодзьдзі — вышынная дамінанта старое часткі места.
Ваконныя і дзьверныя праёмы з паўцыркульнымі арачнымі заканчэньнямі маюць кілепадобныя абоймы.
Заля падзеленая 6 квадратнымі ў пляне слупамі на 3 нэфы. Цэнтральны нэф, перакрыты цыліндрычным зводам, падоўжаны паўкруглай апсыдай з іканастасам, спраектаваным у 1880 року архітэктарам Залатаровым. Бакавыя нэфы перакрытыя крыжовымі зводамі.
Настаяцелі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Андрэй Чарвякоўскі
- Мікалай Жуковіч
- Канстанцін Губараў (? — 1931)
- Флявіян (Дзьмітрыюк) (1931—1940)
- Мікалай Уваскрасенскі
- Уладзімер Пілінкевіч[6]
- Ёсіф Марозаў[6]
- Антоні Былявец[6]
- Ёсіф Балюк (да 2007)
- Міхаіл Носка (ад 2007)
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Два прыдзелы: у імя Сьвятога Аляксандра Неўскага і ў імя абразу Божай Маці «Жываносная крыніца».
Набажэнствы ладзяцца ў пятніцы, нядзелі і сьвяточныя дні. Дзейнічае нядзельная школа, ладзяцца катэхізацыйныя гутаркі з дарослымі, утворанае праваслаўнае сястрынства імя «Плачучага абразу Божай Маці».
Галерэя выяваў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Царква ў Першую сусьветную вайну
-
Выгляд царквы з паветра
-
Выгляд з боку алтарнае часткі
-
Фасад
-
Памятная таблічка на тле ўваходу
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1923—1925 роках абавязкі рэгенту царкоўнага хору выконваў Рыгор Шырма[7].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пружанское благочиние (рас.). Брест Православный. Праверана 6 чэрвеня 2013 г.
- ^ а б г. Пружаны. Собор во имя Св. блгв. Кн. Александра Невского (1866) (рас.) Православие.By Праверана 29 лютага 2012 г.
- ^ а б Пружаны. Собор во имя Александра Невского (рас.). Сынадальны паломніцкі аддзел Беларускай праваслаўнай царквы. Праверана 11 студзеня 2012 г.
- ^ Святыни Брестской епархии (рас.) Русский православный календарь. Приход Свято-Петропавловского собора г. Минска (29 лістапада 2011). Праверана 14 траўня 2012 г.
- ^ Священник Собора Св. Александра Невского иерей Игорь (Мрыхин) (28 лістапада 2001) История православной церкви г. Пружаны (рас.). Средняя школа №3 г. Пружаны. Праверана 31 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б в Галіна Каляда. Рэстаўрацыя духоўнасьці // Раённыя будні. — 3 жніўня 2013. — № 60 (9605). — С. 3.
- ^ Евгений Днепровский. Красный псаломщик (рас.). Гістарычная брама №1 (25) 2010 г.. Праверана 11 студзеня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 36—37.
- Наталля Пракаповіч. Летапіс духоўнасці: праваслаўная архітэктура Пружаншчыны // Рэха Берасцейшчыны. — кастрычнік 2010. — № 1 (4). — С. 4—5.
- Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область // / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — ISBN 5-85700-017-3
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4. — С. 50.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 113Г000590 |
Сабор Аляксандра Неўскага (Пружаны) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Сабор Аляксандра Неўскага, Radzima.org
- Фатаздымкі на «Глобусе Беларусі»
- Энцыкляпэдыя «Дрэва» (рас.)
- Пружанскі абраз Божай Маці, якая плача (рас.)
- Фотаальбом на Pruzhany.com
- Гісторыя праваслаўнай царквы г. Пружаны (рас.)
|