Перайсьці да зьместу

Расна (Берасьцейская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Расна
трансьліт. Rasna
Расна
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Камянецкі
Сельсавет: Расьнянскі
Насельніцтва: 848 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1631
Паштовы індэкс: 225071
СААТА: 1240870041
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°23′32″ пн. ш. 23°24′31″ у. д. / 52.39222° пн. ш. 23.40861° у. д. / 52.39222; 23.40861Каардынаты: 52°23′32″ пн. ш. 23°24′31″ у. д. / 52.39222° пн. ш. 23.40861° у. д. / 52.39222; 23.40861
Расна на мапе Беларусі ±
Расна
Расна
Расна
Расна
Расна
Расна
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ра́сна[1]вёска ў Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці. Расна ўваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Расьнянскага сельсавету. Вёска знаходзіцца за 32 км на захад ад Камянцу па дарозе на Высокае, за 45 км ад Берасьця.

Назва вёскі паходзіць ад слова «ря(а)сно», што азначае багата, шчодра, прыгожа, па-польску называная таксама rzęsna, што азначае «вейка».

Першая вядомая на сёньня пісьмовая згадка пра Расну сягае ў XV ст. Упершыню мясцовасьць згадваецца ў мэтрыцы ВКЛ у 1466 годзе як маёнтак, які перайшоў да Трачэвічаў ад Баярскага. У 1507 годзе маёнткам валодаў Ігнат Нікіціч. У 1511 годзе вялікі князь Літоўскі і кароль Польскі Жыгімонт I пацьвердзіў пажыцьцёвае права валоданьня Івану Багданавічу Храптовічу-Літавору. Затым маёнткам валодалі вядомыя шляхецкія роды: Ёдкі, Пяткевічы і Хлявіцкія.

Бязьдзетны Станіслаў Хлявіцкі прадаў Расну Войнам. Лаўрын Война, новы ўладальнік Расны, падскарбі дворны ВКЛ, выстаўляў у войска 35 коньнікаў. Пасьля яго сьмерці (каля 1580) правы валоданьня перайшлі да яго сына Андрэя. У 1631 годзе Расна адыходзіць да яго сына Пятра Андрэевіча Войны.

Доўгі час Расна належыла роду Сапегаў і пры іх, да XVIII ст., ужо мела статус мястэчка. Сапегі набылі маёнтак Расна ў Лукаша Андрэевіча Войны (яшчэ аднаго сына Андрэя Войны) у 1647 годзе. Набыў яго ваявода віцебскі Павал Ян Сапега, пазьней гетман ВКЛ. Менавіта пры Сапегах (у часы Міхала Сапегі) у Расьне была ўзьведзена драўляная сядзіба і разьбіты парк, пачалі праводзіцца вялікія кірмашы. Яны асабліва славіліся гандлем коньмі.

Разьвіцьцё гандлю прывяло да засяленьня Расны габрэямі, якія мелі тут сынагогу, піцейны дом, крамы.

Падчас баявых дзеяньняў у ходзе Паўночнай вайны (1700—1721 гг.) Расна і ваколіцы моцна пацярпелі. У 1718 годзе Міхал Сапега вымушаны быў аддаць Расну і Высокае пад заклад у 45000 тынфаў Аўгусту Касьцюшку-Сяхновіцкаму.

Ад 1722 году мястэчка належыла роду Матушэвічаў. У якасьці кампэнсацыі за даўгі Сапегаў Расна перайшла Юзафу Матушэвічу, бацьку вядомага паэта, перакладчыка і мэмуарыста і дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Марціна Матушэвіча (1714—1773), аўтара «Дыярыюша майго жыцьця…».

З восені 1760 году ў Расьне ў Марціна Матушэвіча пасяліўся паэт і перакладчык Ануфры Карытынскі (1719–1770).

У Расьне ў 1765 нарадзіўся Тадэвуш Матушэвіч — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага і Царства Польскага, пасол Чатырохгадовага Сойму ад Берасьцейскага павету, міністар фінансаў Царства Польскага і міністар Герцагства Варшаўскага, удзельнік Паўстаньня 1794 г., літаратар.

З 2-й паловы XIX ст. сядзіба ў Расьне належыць кальвіністам Грабоўскім. У 1849-м яе выкупіў за 10 711 рублёў срэбрам граф Ян Грабоўскі. Грабоўскія збудавалі новую мураваную аднапавярховую сядзібу на месцы старой. Сядзібна-паркавы комплекс на беразе некалькіх прудоў уключаў таксама альтанку, млын і шэраг гаспадарчых пабудоваў. Да сёньня захаваліся фрагмэнты гаспадарчага двара. Гэта рэшткі 2-х вялікіх будынкаў XIX ст., якія стаяць бяз даху. Абодва будынкі былі вымурованы з вялікіх камянёў з уключэньнямі цэглы, яны змацаваныя вапнай, якая дэкараваная чырвоным і чорным друзам.

26 красавіка 2013 году цэнтар Расьнянскага сельсавету перанесены зь вёскі Абяроўшчына ў Расну[2].

На пачатку XIX ст. у Расьне быў узьведзены невялікі кальвінскі збор, у якім знаходзілася ўсыпальніца роду Грабоўскіх. Храм быў збудаваны ў стылі класіцызму. Унутры храму разьмяшчаліся, падвешаныя на ланцугах, саркафагі роду Грабоўскіх, частка пахаваньняў таксама ў крыпце. У часы савецкай улады храм выкарыстоўваўся ў якасьці складу.

Перад пачаткам Першай сусьветнай вайны Расна была адной з трох кальвінісцкіх парафіяў у Гарадзенскай губэрні (яшчэ былі Ізабелін пад Ваўкавыскам, якім валодалі Грабоўскія, і Непакойчыцы каля Жабінкі). Кальвінісцкая парафія ў Расьне ўваходзіла ў склад Віленскага дыстрыкту ў межах акругі Віленскага Эвангельска-Рэфармацкага Сыноду Расейскай імпэрыі, дзе ўсяго налічвалася 41 парафія.

У апошняй чвэрці XIX ст. у Расну і Непакойчыцы з Ізабеліна пэрыядычна прыязджаў да сваіх вернікаў-кальвіністаў пастар Юзаф Мандзялоўскі (нар. 11.02.1843, пастар з 11.07.1869).[3]

У часы Уніі ў Расьне існавала ўніяцкая парафія сьв. Міхаіла Арханёла, якая належыла да Камянецкага дэканату. Уніяцкую царкву ў Расьне збудаваў Марцін Матушэвіч. Перад скасаваньнем Уніяцкай Царквы парафія ў Расьне налічвала ў 1837 г. 2030 вернікаў. Парафія валодала 4 валокамі зямлі, мела 3-х фундушовых сялянаў, а гадавы даход складаў 70 руб. срэбрам.[4]

Праваслаўная царква

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля ліквідацыі Уніі царква сьв. Міхаіла Арханёла стала належыць праваслаўным. Яна была перабудавана і нанова асьвечана ў 1842 годзе.

Згодна з рашэньнем Савету па справах Расейскай Праваслаўнай Царквы пры Саўміне СССР ад 28 лістапада 1962 году царква была зачынена з рэкамэндацыяй перадачы яе пад клюб. Аднак мясцовыя атэістычныя ўлады з сельсавету і калгасу «Савецкая Беларусь» у 1964 годзе старую драўляную царкву разбурылі цалкам.

Новая мураваная праваслаўная царква сьв. Міхаіла ў Расьне была закладзена 9 красавіка 1991 году. Фундатарам будаўніцтва царквы выступіў мясцовы калгас «Савецкая Беларусь». Храм (архітэктар — А. М. Гуляка) будавалі 8 гадоў, яшчэ 3 гады рабілі росьпіс у храме. Паводле словаў старшыні калгасу Ўладзімера Бядулі, які з 1956 году больш за паўстагодзьдзя працаваў старшынём калгасу «Савецкая Беларусь», гаспадарка выдаткавала 500 тыс. даляраў на будаўніцтва храму ў Расьне.[5]

Касьцёл і кляштар марыянаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1744 годзе[6] менскі чашнік Юры Матушэвіч фундаваў пабудову ў Расьне на беразе р. Пульвы касьцёла Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштара айцоў-марыянаў.

Пасьля падаўленьня Паўстаньня 1863 году кляштар марыянаў у Расьне быў зачынены распараджэньнем генэрал-губэрнатара М. Мураўёва 4 (16) верасьня 1864 году за ўдзел марыянаў у паўстаньні.[7] Каталіцкі храм царскія ўлады тады ж перадалі праваслаўным.[6]

Храм быў вернуты католікам у 1918-м і асьвечаны ў гонар сьв. Ганны Маці Найсьвяцейшай Панны Марыі.[6] 9 кастрычніка 1919 году падчас візытацыі дыяцэзіі Расну наведаў віленскі біскуп Юры Матулевіч (сёньня — блаславёны Каталіцкай Царквы), які на пачатку XX ст. аднавіў дзейнасьць Ордэну марыянаў.[8] Ён прыняў рашэньне вярнуць марыянаў у Расну, якія пасяліліся там у чэрвені 1920 году[8]. Генэрал Ордэну марыянаў Юры Матулевіч, як біскуп віленскі, вярнуў марыянам іх даўні кляштар пры касьцёле сьв. Ганны сваім рашэньнем ад 9 лістапада 1920 году[8].

Гэта быў першы кляштар, які вярнуў сабе адноўлены Ордэн марыянаў у міжваеннай Польшчы. Паводле задумы Генэрала марыянаў Юрыя Матулевіча, у Расьне павінен быў разьмясьціцца навіцыят Ордэну марыянаў. Апрача касьцёлу і закінутага кляштару ў Расьне марыянам належыла 108 га зямлі. Аднак польскія дзяржаўныя ўлады не жадалі яе вяртаць і марыяне шмат гадоў вялі судовыя спрэчкі за гэтую сваю ўласнасьць.[9]

Навіцыят Ордэну марыянаў фактычна быў перанесены ў Расну зь Бялянаў у Варшаве яшчэ летам 1920-га. 28 сьнежня 1920 году біскуп Юры Матулевіч як Генэрал Ордэну марыянаў накіраваў Апостальскаму нунцыю ў Польшчы А. Рацьці ліст з просьбай аб зацьвярджэньні Апостальскім Пасадам у Рыме пераносу навіцыяту марыянаў зь Бялянаў у Расну, якая належыла да парафіі ў Высокім-Літоўскім Берасьцейскага дэканату Віленскай дыяцэзіі.[10] Абгрунтаваньне біскупа і Генэрала марыянаў Ю. Матулевіча было наступным: «Дом законны ў Расьне цалкам адпаведны для разьмяшчэньня ў ім навіцыяту, больш таго, дзеля свайго разьмяшчэньня прыдатны для засяроджаньня розуму і практыкаваньня ўнутранага жыцьця, сад і маёнтак зьяўляюцца дастатковымі для ўтрыманьня навіцыяў». Ватыкан даў свой афіцыйны дазвол праз нунцыя 2 студзеня 1921 году.

У кляштары марыянаў у Расьне 2 кастрычніка 1921 г. біскуп Віленскі Юры Матулевіч высьвяціў на сьвятара марыяніна Яўгена Кулешу (быў катаваны і забіты каля Друі 30 чэрвеня 1941 г. савецкімі жаўнерамі), адносна якога 9 лютага 2021 г. распачаты бэатыфікацыйны працэс.[11]

Аднак ў 1922 годзе навіцыт быў перанесены ў Скурац (Польшча), што на Падляшшы, дзе ён месьціўся да 5 студзеня 1926 году, пасьля чаго ўлады Ордэну марыянаў зноў вярнулі навіцыят у Расну.[9] У 1921—1926 у Расьне разьмяшчалася малая сэмінарыя Ордэну марыянаў — ювэнат, у якой атрымлівалі адукацыю на ўзроўні 4-х клясаў каля 50 навучэнцаў, па заканчэньні якой кандыдаты для манаскага жыцьця і сьвятарства прымаліся ў навіцыят.[12]

У 1938—1939 гг. пробашчам і старэйшым Дому марыянаў у Расьне служыў а. Юры Кашыра (1904—1943), які пазьней прыняў мучаніцкую сьмерць (спалены жыўцом разам зь вернікамі ў Росіцы) і вызнаны блаславёным Каталіцкай Царквы. У чэрвені 1938 году разам зь іншымі беларускімі марыянамі а. Юры Кашыра як «нядобранадзейны» быў дэпартаваны польскімі ўладамі з кляштару марыянаў у Друі і апынуўся ў Расьне. У верасьні 1939-га, пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны, а. Юры Кашыра і ўсе марыяне вымушаны былі пакінуць Расну, бо новая савецкая атэістычная ўлада забрала будынак кляштару.

Кляштар марыянаў у Расьне згарэў у 1944-м.

Манаскі дом сясьцёр-эўхарыстак

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У міжваенны час у Расьне працавалі таксама рыма-каталіцкія манахіні з Кангрэгацыі Сёстраў Служэбніц Ісуса ў Эўхарыстыі (Сёстры Эўхарысткі), якія мелі тут свой манаскі дом. На 1939 год у Расьне знаходзілася 7 манахіняў.[13] Перад пачаткам вайны ў 1939-м старэйшай манаскага дому ў Расьне была сястра Моніка Скурат.

  • 2010 год — 848 чалавек
  • 1999 год — 860 чалавек
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 174
  2. ^ «О переносе административного центра Ряснянского сельсовета в агрогородок Рясна». Решение Каменецкого районного Совета депутатов от 26 апреля 2013 г. № 189(недаступная спасылка) (рас.)
  3. ^ Die Evangelisch-Reformierte Kirche in Russland.1914.
  4. ^ Marian Radwan. Carat wobec Kościoła Greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Polski Instytut Kultury Chrześcijańskiej, Roma-Lublin, 2001. S. 228.
  5. ^ Ирина Гуринович. Неистовый Бедуля, «Советская Белоруссия», № 39, 28.02.2005.
  6. ^ а б в Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w R. P. 1939. Stan diecezji na dzień 1 stycznia 1939 roku. — Wydawnictwo drukarni diecezjalnej. Pińsk, 1939. S. 71.
  7. ^ Odrodzenie Zgromadzenia Księzy Marianów w latach 1909—1910 (Dokumenty) / Mariański Instytut historyczny. Fontes Historiae Marianorum 1. — Warszawa, 1995. S. 11.
  8. ^ а б в Błogosławiony Jerzy Matulewicz. — Wydawnictwo księży marianów MIC. Warszawa, 2005. S. 338.
  9. ^ а б Błogosławiony Jerzy Matulewicz. — Wydawnictwo księży marianów MIC. Warszawa, 2005. S. 339.
  10. ^ Stolica Apostolska a biskup Jerzy Matulewicz 1916—1921. — Mariański Instytut Historyczny. Fontes historiae marianorum, 2. — Warszawa, 1996. S. 266.
  11. ^ Sługa Boży ks. Eugeniusz Kulesza (1891-1941) (пол.) Праверана 23 лістапада 2021 г.
  12. ^ Błogosławiony Jerzy Matulewicz. — Wydawnictwo księży marianów MIC. Warszawa, 2005. S. 340.
  13. ^ Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w R. P. 1939. Stan diecezji na dzień 1 stycznia 1939 roku. — Wydawnictwo drukarni diecezjalnej. Pińsk, 1939. S. 171.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]