Жабінка
Жабінка | |||||
трансьліт. Žabinka | |||||
![]() Чыгуначная станцыя | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1816 | ||||
Горад з: | 1871 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Жабінкаўскі | ||||
Насельніцтва: | 13 371 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1641 | ||||
Паштовыя індэксы: | 225101, 225102, 225110 | ||||
СААТА: | 1225501000 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°11′50″ пн. ш. 24°0′42″ у. д. / 52.19722° пн. ш. 24.01167° у. д.Каардынаты: 52°11′50″ пн. ш. 24°0′42″ у. д. / 52.19722° пн. ш. 24.01167° у. д. | ||||
Жабінка на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Жабінка | |||||
![]() | |||||
http://zhabinka.brest-region.by |
Жа́бінка — места ў Беларусі, пры ўтоку ракі Жабінкі ў Мухавец. Адміністрацыйны цэнтар Жабінкаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 13 371 чалавек[1]. Знаходзіцца за 30 км на паўночны ўсход ад Берасьця. Чыгуначны вузел (кірункі на Берасьце, Бярозу і Кобрынь). Аўтамабільныя дарогі на Берасьце, Кобрынь, Камянец.
Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тапонім «Жабінка» паходзіць альбо ад расьліны жабнік звычайны (адлюстроўваецца на гербе места), альбо ад малога прытоку Мухаўца, ракі Жабінкі, якая ўпершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакумэнтах XVII ст.[2] На думку географа В. Жучкевіча, у аснове назвы — асабовае імя-мянушка Жаба з вытворнымі ад яго прозьвішчамі[3].
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Жабінку заснавалі ў канцы XVIII стагодзьдзя як мызу (хутар) фальварку Плошчы[4][5].
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Жабінка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Кобрынскім павеце Гарадзенскай губэрні. У 1816 годзе маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Ганецкіх. У сярэдзіне ХІХ ст. ён перайшоў да Трамбіцкіх[6].
У 1871 годзе зьявілася станцыя Жабінка Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі[7]. Гэты год лічыцца афіцыйнай датай заснаваньня паселішча. У 1888—1905 гадох праз Жабінку прайшла шаша Федзькавічы — Камянец. На 1890 год у вёсцы было 30 двароў, 6 крамаў, гасьцініца, пошта, 3 карчмы, царква, сынагога. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, колькасьць будынкаў узрасла да 45.
У 1901 годзе ў Жабінцы збудавалі нафтавы склад продажу газы, у 1902 годзе — паравы млын, а неўзабаве — сукнавальню і лесапільню. У 1907 годзе пачало дзейнічаць Жабінкаўскае пазыкова-ашчаднае таварыства, якое ўтварылі 47 найбольш заможных жыхароў.
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жабінка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Жабінка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Зьбіроскай гміне Кобрынскага павету Палескага ваяводзтва. У 1928 годзе мястэчка стала цэнтрам аднайменнай гміны; у гэты час тут адкрыўся касьцёл.
У 1939 годзе Жабінкаў увайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 21 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 красавіка 1952 году Жабінка атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У 1959—1962 гадох яна ўваходзіла ў склад Камянецкага раёну, у 1962—1966 гадох — Кобрынскага раёну. 23 сьнежня 1970 году Жабінка атрымала статус места. 13 кастрычніка 2007 году ў месьце прайшлі абласныя «Дажынкі-2007».
- Жабінка на старых здымках
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- XIX стагодзьдзе 1890 год — 282 чал.[8]; 1897 год — 332 чал.
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 272 чал.[7]; 1959 год — 2,9 тыс. чал.; 1989 год — 11 тыс. чал.[2]; 1991 год — 11,9 тыс. чал.; 1997 год — 12,5 тыс чал.[9]; 1998 год — 12,5 тыс чал.
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 12,8 тыс. чал.; 2008 год — 13,0 тыс. чал.; 2009 год — 13 084 чал.[10] (перапіс); 2016 год — 13 357 чал.[11]; 2017 год — 13 299 чал.[12]; 2018 год — 13 371 чал.[1]
Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзейнічае царква Покрыва Багародзіцы. У 1999 годзе ў Жабінцы збудавалі касьцёл Сьвятога Язэпа.
Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Жабінцы працуюць 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, спэцшкола-інтэрнат, 5 дзіцячых дашкольных установаў.
Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.
Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзенічаюць 4 бібліятэкі, дом культуры.
Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- «Бадзёрасьць» — фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Мае дзьве залі для міні-футболу, баскетболу, валейболу, вялікага тэнісу. Два басэйны (для дарослых і для дзяцей), трэнажорная заля зь вялікай колькасьцю розных трэнажораў, баксэрскі рынг. У гэтым, адным з найбуйнейшых у Берасьцейскай вобласьці, фізкультурна-аздараўленчым комплексе дзейнічаюць спартовыя сэкцыі для дзяцей і падлеткаў па таэквандо, валейболу, боксу, лёгкай атлетыцы, плаваньню, міні-футболу, паліятлёну. Ёсьць некалькі сталоў для малога тэнісу, більярдавы стол. Саўна.
У Жабінцы праводзяцца міждзяржаўныя турніры і розныя спаборніцтвы.
Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Найстаражытнейшая вуліца Жабінкі — імя Т. Касьцюшкі (цяпер вул. Леніна), забудаваная ў асноўным прыватнымі драўлянымі дамамі і крамамі.
Сучаснае места разьвіваецца ў паўднёва-ўсходнім кірунку ўздоўж чыгункі, якая падзяляе мескую тэрыторыю на 2 часткі: паўднёвую — жылую і паўночную — прамысловую. У паўночна-заходняй частцы за чыгункай разьмяшчаецца мястэчка цукровага заводу. Тут збудавалі 3—5-павярховыя жылыя дамы, школа, дзіцячы садок-ясьлі, крамы, камбінат побытавага абслугоўваньня і інш. Архітэктурна-плянавальную структуру места вызначаюць вуліцы Кірава, Волі, Шашэйная, Піянэрская, Камсамольская, якія ўтвараюць разам зь іншымі вуліцамі невялікія кварталы. Будынкі адміністрацыйна-грамадзкіх і культурна-асьветных установаў канцэнтруюцца на вул. Кірава — галоўнай вуліцы места і цэнтральнага пляца на ёй. Тут месьцяцца будынкі адміністрацыі раёну, Дома культуры, кінатэатру, вузла сувязі, навучальна-вытворчага камбіната, лякарні, паліклінікі, унівэрмага, камбіната побытавага абслугоўваньня, рэстарана, сталоўкі Жабінкаўскай дыстанцыі шляху і інш. Да цэнтральнага пляцу прылягае парк.
Капітальная забудова галоўным чынам засяроджваецца на вуліцах Кірава і Волі. Тут збудавалі 3—5-павярховыя жылыя дамы. Да вул. Кірава ў паўднёвай частцы прылягае новы мікрараён, які забудоўваецца сучаснымі добраўпарадкаванымі жылымі дамамі. Тут збудавалі крамы, дзіцячы садок і інш. Генэральным плянам, распрацаваным у 1978 годзе Беларускім навукова-досьледным і праектным інстытутам местабудаўніцтва, прадугледжваюцца разьвіцьцё места на ўсход уздоўж правага берага р. Мухаўца, забудова шматпавярховымі жылымі дамамі цэнтральнай часткі места, індывідуальная жылая забудова (у т.л. катэджавага тыпу) заходняй часткі.
Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
- ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» — адзін з чатырох існых у Беларусі цукровых заводаў. Дата заснаваньня «Жабінкаўскага цукровага заводу» — 20 студзеня 1963 году
- ААТ «Жабінкаўскі камбікормавы завод» — буйны вытворца камбікормаў і кормаў для хатніх жывёлаў з гандлёвай маркай «Рэкс»
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.
Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Магіла 9 жаўнераў Арміі Краёвай з аддзелу Батра І Першай Палескай акругі АК, палеглых 27 кастрычніка 1943 году ў барацьбе зь немцамі каля Сяхновічаў Малых. Пахаваныя ў ёй п. ін. пор. Станіслаў Мураўскі, мянушка — «Станіслаў» і шэф аддзелу, ст. сярж. Язэп Казімерчак, мянушка — «Бзура»[13].
- Царква Покрыва Багародзіцы (1885)
- Чыгуначная станцыя (1920-я)
Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Касьцёл (1920-я)
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Краявіды Жабінкі
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б Жабинка (Жабінка, Zhabinka), Гербы Брестской области
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Менск: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 119.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Жабінкаўскага р-на. — Менск, 1999.
- ^ Грынявецкі В. Жабінка // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 622.
- ^ Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 716
- ^ а б История, Жабинковский районный исполнительный комитет
- ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
- ^ БЭ. — Менск: 1998 Т. 6. С. 409.
- ^ Перепись населения — 2009. Брестская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Rąkowski G. Czar Polesia. — Pruszków: Oficyna Wydawnicza «Rewasz», 2005. — Seria: Smak Kresów. S. 86 i 90.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Жабінкаўскага р-на. — Менск: Ураджай, 1999. — 510 с. (8) л. іл. ISBN 985-04-0272-5
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Жабінка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў