Перайсьці да зьместу

Савецкае ўварваньне ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Савецкае ўварваньне ў Польшчу»)
Савецкае ўварваньне ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну
Дата: 17—29 верасьня 1939
Месца: Польшча
Вынік: Перамога савецкіх войскаў,
зьяўленьне нямецка-савецкай мяжы
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Далучэньне

Зах. Украіны да УССР,
Зах. Беларусі да БССР,
часткі Віленскага краю да Летувы

Супернікі
Сьцяг СССР СССРСьцяг Польшчы Польшча
Камандуючыя
Клімэнт Варашылаў

Барыс Шапашнікаў
Міхаіл Кавалёў
Сямён Цімашэнка
Сямён Крывашэін

Васілій Чуйкоў
Эдвард Рыдз-Сьміглы

Саве́цкае ўварва́ньне ў Захо́днюю Белару́сь і Захо́днюю Ўкраі́ну (польск. Agresja ZSRR na Polskę, рас. Польский поход Красной армии) — ваенная апэрацыя савецкіх войскаў у верасьні 1939 году на заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх землях Польскай Рэспублікі (этнічныя тэрыторыі беларусаў і ўкраінцаў, абвешчаныя ў 1918 годзе часткамі Беларускай Народнай Рэспублікі і Ўкраінскай Народнай Рэспублікі адпаведна), акупаваных ёй паводле вынікаў Рыскага падзелу 1921 году. Вынікам савецкай агрэсіі стаў фактычны падзел Польшчы паміж Савецкім Саюзам і Нацысцкай Нямеччынай, і далучэньне Заходняй Беларусі (частковае, бяз большай часткі Віленшчыны зь Вільняй, паўднёва-ўсходняй Троччыны з Трокамі і часткі Браслаўшчыны, якія Сталін перадаў Летуве насуперак меркаваньню мясцовых жыхароў) і Заходняй Украіны да адпаведных савецкіх рэспублік (БССР і УССР), якое ажыцьцяўлялася ў адпаведнасьці з сакрэтным пратаколам да пакту Молатава — Рыбэнтропа.

У апэрацыі бралі ўдзел вайсковыя злучэньні Кіеўскай і Беларускай вайсковых акругаў, узмоцненыя часткамі Калінінскай і Маскоўскай вайсковых акругаў.

28 кастрычніка 1938 году, яшчэ да пакту Молатава-Рыбэнтропа, начальнік штабу Беларускай адмысловай вайсковай акругі(en) (БАВА) Максім Пуркаеў(en) накіраваў першаму сакратару Камуністычнай партыі Беларусі Панцеляймону Панамарэнку заяўку на ўлучэньне ў гаспадарчы плян 1939 году вайсковай мабілізацыі. 1 жніўня 1939 году, таксама да пакту, начальнік мабілізацыйнай часткі паліўнай управы БАВА Ляпёхін накіраваў у Цэнтральны камітэт Усесаюзнай кампартыі заяўку на выданьне ў Менску 1,4 млн «улётак да войскаў ворага», 54% зь якіх па-польску[1].

17 верасьня 1939 году ўрад Савецкага Саюзу перадаў ноту польскаму амбасадару Гржыбоўскаму за подпісам народнага камісара замежных справаў Вячаслава Молатава пра тое, што «спынілі свае дзеяньні ўмовы, складзеныя паміж Польшчай і СССР». У якасьці прычыны прыводзіліся вынікі нямецкага наступу ў ходзе Польска-нямецкай вайны: «На працягу 10 дзён ваенных апэрацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава, як сталіца Польшчы, не існуе больш». Тым часам, з 13 верасьня ўрад Польскай Рэспублікі знаходзіўся ў Залешчыках (Тарнопальскае ваяводзтва) на мяжы з Румыніяй. У ноце ўрада СССР адзначалася, што «ў зьвязку з такой абстаноўкай Савецкі ўрад аддаў распараджэньне Галоўнаму камандаваньню Чырвонай арміі даць загад войскам перайсьці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыцьцё і маёмасьць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі»[2]. 18 верасьня 1939 году беларуская газэта «Зьвязда» выйшла пад агульным загалоўкам «Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»[3].

Міжнародны водгук

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 верасьня 1939 году былы брытанскі прэм’ер Лойд Джордж у лісьце да польскага амбасадара ў Лёндане Эдварда Рачынскага адзначыў, што савецкае войска ўвайшло на землі, якія не былі польскімі і якія Польшча гвалтам анэксавала па Першай сусьветнай вайне[4].

  1. ^ Анатоль Вялікі. «Вызвольны паход» рыхтаваўся за год да пакту Молатава-Рыбэнтропа // Наша Ніва, 24 верасьня 2014 г. Праверана 25 верасьня 2014 г.
  2. ^ Вячаслаў Молатаў. Нота ўрада СССР, уручаная польскаму паслу ў Маскве раніцай 17 верасьня 1939 году // Зьвязда : газэта. — 18 верасьня 1939. — № 215 (6492). — С. 1.
  3. ^ «Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь» // Газэта «Зьвязда», 15 верасьня 2021 г. Праверана 19 верасьня 2021 г.
  4. ^ Уладзімер Давыдаў. Цярністы шлях узьяднаньня // Беларуская думка : часопіс. — Верасень 2009. — № 9. — С. 19-27. — ISSN 0023-3102.