Перайсьці да зьместу

Пружанскі раён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пружанскі раён
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус раён Беларусі
Уваходзіць у Берасьцейская вобласьць
Адміністрацыйны цэнтар Пружаны
Дата ўтварэньня 15 студзеня 1940
Кіраўнік Юры Бісун[d][1]
Насельніцтва (2018) 46 864 чалавекі[2]
Шчыльнасьць 16,5 чал./км²
Нацыянальны склад
Плошча 2834[3] км²
Вышыня па-над узр. м.
 · сярэдняя вышыня

 151 м[4]
Месцазнаходжаньне Пружанскага раёну
Пружанскі раён на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC+3
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Пружа́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Мяжуе з Камянецкім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім і Кобрынскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці, Слонімскім, Зэльвенскім, Ваўкавыскім, Сьвіслацкім раёнамі Гарадзенскай вобласьці, а таксама з Рэспублікай Польшчай.

У складзе раёну 245 населеных пунктаў, у тым ліку места Пружаны, пасёлкі гарадзкога тыпу — Ружаны і Шарашоў. Тэрыторыя адміністрацыйна падзеленая на 12 сельскіх саветаў.

Паводка на Мухаўцы. Пружана, 1916

Раён знаходзіцца на паўночным захадзе Берасьцейскай вобласьці. Мяжуе з Камянецкім раёнам на паўднёвым захадзе, Кобрынскім раёнам на поўдні, Бярозаўскім ды Івацэвіцкім раёнамі на ўсходзе (усе —  Берасьцейская вобласьць), Ваўкавыскім, Зэльвенскім, Слонімскім ды Сьвіслацкім раёнамі Гарадзенскай вобласьці на поўначы, а таксама з Рэспублікай Польшчай на паўночным захадзе.

Плошча раёну складае 2834 км², у тым ліку на сяльгасугодзьдзі даводзіцца 1316 км². Большая частка тэрыторыі раёну знаходзіцца ў межах Прыбужанскай раўніны. 80% тэрыторыі разьмешчаная на вышыні 150—170 м над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт раёну — 202 м (за 6 км на паўночны ўсход ад Ружанаў), найніжэйшы — 142 м (канал ракі Мухавец)[5].

Асноўныя рэкі — Ясельда, Зальвянка, Ружанка, Левая Лясная, Нараўка, Мухавец, Каменка, Вінец. Агулам па тэрыторыі раёну працякае 19 рэкаў працягласьцю 262 км 22 возеры і вадасховішчы: Паперня, Гута, Залесьсе, Стаі, Пружанскае, Рудніцкае і іншыя.

У заходняй частцы Пружанскага раёну пачынаецца нацыянальны парк Белавеская пушча. На тэрыторыі раёну месьцяцца таксама заказьнікі рэспубліканскага значэньня — «Ружанская пушча» і «Буслаўка», мясцовага значэньня — «Выдранка» ды «Зяльвянка». Помнікі прыроды мясцовага значэньня: «Ліноўскі піхтарнік», «Парк Блізная», «Парк Віднае», «Пружанскі парк», «Сквэр Рэкуця», «Гарадзечанскія хвоі», «Напалеонаўскі дуб», «Зеляневіцкія лістоўніцы»[5].

Карысныя выкапні — торф, гліна.

Як сьцьвярджаюць археолягі, землі Пружанскага раёну пачалі засяляцца блізу 8—9 тысячаў гадоў таму. Першыя паселішчы, што паўсталі ўздоўж берагоў Ясельды і Мухаўца, далі пачатак будучым вёскам Носкі, Харава, Труханавічы, Смаляніца, Руднікі. Зьмяшчаючыся на адлегласьці 3—5 кілямэтраў адна ад аднае, гэтыя паселішчы нібы пунктырна пазначаюць найстаражытнейшы і найкарацейшы шлях «з варагаў у грэкі», які зьвязвае цераз рэкі Нараў і Ясельду Прыбалтыку ды Прычарнамор’е. Пазьней гэты шлях страціў значэньне праз забалочваньне міжрэчча і ўтварэньне балотнага масіву Дзікае. У гэты ж час існаваў і іншы шлях у Балтыйскі басэйн — па рэках Ружанка, Зальвянка і Нёман. Балтыйскія плямёны рухаліся ўверх па далінах гэтых рэк і паступова засялялі ўсю сучасную тэрыторыю Пружаншчыны, асымілюючыся зь індаэўрапейскімі плямёнамі, якія пасяліліся тут раней.

У VIII—X стагодзьдзях усю тэрыторыю Берасьцейшчыны засялялі дрыгавічы. Найбольш старажытныя іх помнікі — курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспаленьня, з канца X стагодзьдзя — з пахавальным абрадам трупапалажэньня на гарызонце або ў падкурганнай яме, часам на попельна-вугальнай падсыпцы. Самы раньні курганны могільнік Берасьцейшчыны, які датуецца не пазьней за VIII стагодзьдзе, вядомы яшчэ з канца XIX стагодзьдзя ва ўрочышчы Пель за 1,1 км на паўднёвы захад ад вёскі Бярэзьніца Пружанскага раёну.

Пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да фэадалізму ў плямён, якія засялялі тэрыторыю Беларусі, адбываўся ў VI—IX стагодзьдзях. Пачала разьвівацца папарная сыстэма земляробства, хатнія рамёствы паступова ўтваралі асобную галіну рамеснай вытворчасьці — апрацоўку жалеза, каляровых мяталаў, наладжваліся зьнешнія сувязі.

У канцы 1 тысячагодзьдзя на тэрыторыі расьсяленьня дрыгавічоў склалася Тураўскае княства, у якое ўвайшла ўся тэрыторыя сучаснай Берасьцейскай вобласьці. Першы верагодны князь — Сьвятаполк Уладзімеравіч (Акаянны), загінуў у барацьбе за вялікакняскую ўладу. Пасьля ягонай сьмерці ў 1019 годзе Яраслаў Мудры ўключыў княства ў склад Кіеўскай Русі.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За часамі сярэднявечча Пружаншчына апынулася на скрыжаваньні істотных гандлёвых і вайскова-транспартных шляхоў між Заходняй Эўропай і Масковіяй, а таксама Прыбалтыкай і Ўкраінай.

Першыя гістарычныя зьвесткі пра Прушанскую воласьць адносяцца да 1433 году. Пад 1563 годам у «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі праз каралеўскага рэвізора Дзьмітрыя Сапегу» згадваецца эканамічны абшар, які ўлучаў эканомію мястэчка Дабучын (Пружаны). На той час Дабучынская воласьць складалася зь дзьвюх частак: абшара двара Дабучынскага і абшара двара Блудзенскага[6].

Захавалася мноства гістарычных дакумэнтаў, курганаў, помнікаў, вядомых і безыменных пахаваньняў, якія сьведчаць пра тагачасныя вайсковыя канфлікты: войны Рэчы Паспалітай з Расеяй 1654—1667 гадоў і Паўночная (1700—1721), напалеонаўскае нашэсьце 1812 году, Першую і Другую сусьветныя войны.

Адзін зь першых беларускіх летапісаў XVI стагодзьдзя «Хроніка Быхаўца» быў знойдзены ў вёсцы Магілёўцы.

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра бітву часоў 1812 году між расейскім і напалеонаўскімі войскамі нагадвае адноўленая каплічка каля вёскі Паддубна.

Не абмінулі Пружаншчыну і падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Актыўна дзейнічаў на Кобрыншчыне паўстанцкі атрад, сфармаваны ў родавым маёнтку кіраўніка паўстаньня Тытуса Пуслоўскага — Плянта. У атрадзе Антона Бронскага на Ружаншчыне прымалі актыўны ўдзел і мясцовыя сяляне[7].

У 1846—1848 гадах Пружанскі павет стаў месцам, дзе разгарнуўся антыалькагольны рух сялянаў. Неўзабаве ён перакінуўся на іншыя паветы Беларусі й Расеі як форма пратэсту супраць увядзеньня манаполіі памешчыкаў на прыгатаваньне і продаж алькаголю.

Паўстаньне 1863 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў супраць царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага мелі шырокую падтрымку значнае часткі шляхты, жыхароў гораду і мястэчак, сялянаў-аднадворцаў, каталіцкага духавенства. З дасягненьняў паўстанцаў — захоп гораду Пружаны ў ноч з 12 на 13 лютага 1863, напад дзеля пакараньня здраднікаў і даносчыкаў на мястэчка Шарашова ў жніўні 1863, баі ля вёсак Міхалін, Гута, Ласасін ды іншых.

Першая сусьветная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увосені 1915 году Пружанскі павет акупавалі аўстрыйскія войскі. Да гэтага дзясяткі тысячаў жыхароў Пружаншчыны зьехалі ў глыб Расейскай імпэрыі. Кайзэраўская акупацыя працягвалася да сканчэньня вайны; у 1919—1921 гадох тэрыторыя раёну пераходзіла пад уладу то бальшавікоў, то палякаў.

Другая Рэч Паспалітая

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 сакавіка 1921 паводле ўмоваў Рыскай мірнай дамовы тэрыторыя раёну ўвайшла ў склад Польскай рэспублікі.

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР раён стаў 15 студзеня 1940. На тэрыторыі Пружаншчыны былі ўтвораны таксама Шарашоўскі і Ружанскі раёны.

У гады нямецкай акупацыі на Пружаншчыне дзейнічаў падпольны антыфашысцкі камітэт, а з 1943 году — падпольныя райкамы камуністычнае партыі і камсамолу.

17 сьнежня 1956 тэрыторыя Шарашоўскага раёну ўвайшла ў склад Пружанскага раёну. 14 красавіка 1960 з Пружанскага ў Бярозаўскі раён перададзеная тэрыторыя Малецкага і Падкрайчаўскага сельсаветаў. 25 сьнежня 1962 да Пружанскага раёну далучаная большая частка Ружанскага раёну.

Раён знаходзіцца на мяжы Заходнепалескага (дзе пераважае славянская тапаніміка) і Цэнтральнабеларускага (суіснуе славяна-балцкая тапаніміка) тапанімічных рэгіёнаў.

Сучасныя гісторыкі сьцьвярджаюць, што поўнач Пружаншчыны засялялася пераважна балтамі. Этнографы мяжы XIX—XX стагодзьдзяў адзначалі, што насельніцтва, якое жыло на поўнач ад лініі, утворанай вярхоўямі Нарава і Ясельды — Белавеская пушча — Пружана — Бяроза — рэкі Шчара, Бобрык — Лунінец, называла паўднёвых суседзяў палешукамі, а тыя, у сваю чаргу, сваіх паўднёвых суседзяў — ліцьвінамі[8].

Падчас «вялікага перасяленьня народаў» гэтыя землі насяліла племя дрыгавічоў. У другой палове XIII ст. з дазволу вялікалітоўскага князя Трайдзеня тут пасяліліся прусы.

  • XXI стагодзьдзе: 2009 год — 52 511 чалавек[9] (перапіс); 2016 год — 47 910 чалавек[10]; 2017 год — 47 340 чалавек[11]; 2018 год — 46 864 чал.[2]
Нацыянальны склад насельніцтва раёну (2009)
Агулам,
чалавек
У тым ліку Мескае
насельніцтва
Вясковае
насельніцтва
У адсотках
мужчыны жанчыны
Усё насельніцтва 52 511 24 404 28 107 24 074 28 437 100
беларусы 45 940 21 362 24 578 21 140 24 800 87,49
расейцы 3378 1540 1838 1661 1717 6,43
украінцы 1786 848 938 500 1286 3,4
палякі 972 425 547 554 418 1,85
цыганы 91 38 53 75 16 0,17
татары 49 24 25 26 23 0,09
малдаване 39 21 18 12 27 0,07
армяне 31 17 14 2 29 0,06
летувісы 28 16 12 16 12 0,05
узбэкі 16 11 5 9 7 0,03
немцы 14 14 3 11 0,03
азэрбайджанцы 12 7 5 6 6 0,02
чувашы 9 2 7 3 6 0,02
мардва 7 2 5 1 6 0,01
удмурты 6 1 5 2 4 0,01
грэкі 4 3 1 1 3 < 0,01
жыды 4 2 2 4 < 0,01
латышы 4 2 2 2 2 < 0,01
асэтыны 3 2 1 3 < 0,01
башкіры 3 3 2 1 < 0,01
грузіны 3 3 2 1 < 0,01
казахі 2 2 1 1 < 0,01
марыйцы 2 1 1 2 < 0,01
эстонцы 2 2 1 1 < 0,01
баўгары 1 1 1 < 0,01
кітайцы 1 1 1 < 0,01
Национальный состав населения Брестской области  (рас.) // Общая численность населения, его состав по возрасту, полу, состоянию в браке, уровню образования, национальностям, языку и источникам средств к существованию. Брестская область. — Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, паводле вынікаў перапісу 2009.

Прамысловы комплекс раёну складаюць 15 прадпрыемстваў (сярэднесьпісавая колькасьць працаўнікоў 2,7 тысячы чалавек). Вядучыя месцы займаюць ААТ «Пружанскі малочны камбінат», філія Пружанскага райва (райпо) «Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці», УП «Ружанская мэблевая фабрыка» і РУП «Пружанскі завод радыёдэталяў», на долю якіх даводзіцца адпаведна 47,7%, 16,4%, 6,9% і 4,9% ад агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасьці.

Прадпрыемствы раёну выпускаюць пладовагароднінавыя кансэрвы, цьвёрдыя сыры, жывёльнае масла, цэльнамалочную прадукцыю, кандытарскія і кілбасныя вырабы, крухмал, пладовыя віны, піва, безалькагольныя напоі, будаўнічыя матэрыялы, піламатэрыялы, мэблю, мэблевыя дадаткі, прадукты радыёэлектронікі, ільновалакно, нятканыя матэрыялы і іншыя віды прадукцыі.

Пастаўка лесаматэрыялаў, мэблі, ільну-сырцу, цьвёрдых сыроў і іншых відаў прадукцыі зьдзяйсьняецца ў Расейскую Федэрацыю, Украіну, Нямеччыну, Бэльгію, Францыю, Нідэрлянды[12].

Сельская гаспадарка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульная плошча сяльгаснадзелаў 131,2 тысячы гектараў, зь іх асушана 47,6 тысячы гектараў. Сярэдні бал сяльгаснадзелаў па раёне складае 29,4, у тым ліку пашні — 32,1.

Сельскую гаспадарку раёну складаюць 21 калгас, 5 камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 3 адкрытыя акцыянэрныя таварыствы, 2 рэспубліканскія ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 27 фэрмэрскіх гаспадарак.

Сялянская гаспадарка спэцыялізуецца пераважна на малочна-мясной жывёлагадоўлі. На 100 га сяльгаснадзелаў даводзіцца 48,6 галавы буйнога рагатага скату, у тым ліку 17,3 каровы.

Узрошчваюцца зерневыя і кармавыя культуры, лён, бульба і цукровыя буракі.

Сярэднегадавая колькасьць працаўнікоў сельскай гаспадаркі складае болей за 6 тысячаў чалавек.

На тэрыторыі раёну працуюць установа адукацыі «Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж», РУП «Берасьцейская дзяржаўная абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя», КУСГП «Берасьцейская абласная праектна-дасьледчая станцыя хімізацыі»[13].

На тэрыторыі раёну разьмешчаныя 286 гандлёвых прадпрыемстваў, у тым ліку 181 крама Пружанскага райва, 12 крамаў РУГВП «Ваенсервіс г. Пружаны», 14 фірмовых і ведамасных гандлёвых прадпрыемстваў і 72 гандлёвыя аб’екты індывідуальных прадпрымальнікаў. Працуе 51 прадпрыемства грамадзкага харчаваньня[14].

Цераз раён праходзіць чыгунка Берасьце — Менск — Ворша, а таксама аўтадарогі:

Культура і адукацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У раёне дзейнічаюць дамы культуры, адзін аўтаклюб, 2 школы народнае творчасьці, 12 народных калектываў, раённая бібліятэка, гарадзкая бібліятэка, 2 гарпасялковыя бібліятэкі, 3 дзіцячыя, 40 сельскіх бібліятэк, 5 сельскіх бібліятэк-клюбаў, музэй, дзіцячы парк, 4 дзіцячыя школы мастацтваў, 2 музычныя школы[15].

На тэрыторыі раёну знаходзіцца 6 помнікаў археалёгіі, 42 помнікі архітэктуры, 115 помнікаў гісторыі і 9 старажытных паркаў.

  1. ^ https://www.sb.by/articles/kadrovye-resheniya-prezidenta1605.html
  2. ^ а б Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Район (рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 16 кастрычніка 2011 г.
  4. ^ GeoNames (анг.) — 2005.
  5. ^ а б Прыродныя рэсурсы Пружанскага раёну (рас.) Экалёгія. Пружанскі раённы выканаўчы камітэтПраверана 3 чэрвеня 2020 г.
  6. ^ Мікола Валошчык. З сівой мінуўшчыны. «Гістарычная брама» №6 (10) 1998. Праверана 27 лютага 2012 г.
  7. ^ Пракаповіч, Натальля Ружаны: позірк у мінулае. Усё пра Ружаны. Праверана 17 кастрычніка 2011 г.
  8. ^ Наталля Пракаповіч. Загадкавыя імёны зямлі Пружанскай // Газета для вас. — 9 кастрычніка 2009. — № 719.
  9. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  10. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Промышленность(недаступная спасылка) (рас.)
  13. ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Сельское хозяйство(недаступная спасылка) (рас.)
  14. ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Торговля(недаступная спасылка) (рас.)
  15. ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Культура(недаступная спасылка) (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]