Перайсьці да зьместу

Целяханы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Целяханы
лац. Cielachany
Першыя згадкі: 1554
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Івацэвіцкі
Сельсавет: Целяханскі
Вышыня: 152 м н. у. м.
Насельніцтва: 3993 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1645
Паштовы індэкс: 225275
СААТА: 1234855906
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°30′46″ пн. ш. 25°50′32″ у. д. / 52.51278° пн. ш. 25.84222° у. д. / 52.51278; 25.84222Каардынаты: 52°30′46″ пн. ш. 25°50′32″ у. д. / 52.51278° пн. ш. 25.84222° у. д. / 52.51278; 25.84222
Целяханы на мапе Беларусі ±
Целяханы
Целяханы
Целяханы
Целяханы
Целяханы
Целяханы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Целяха́ны[2] — мястэчка ў Беларусі, на Агінскім канале. Цэнтар сельсавету Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 3993 чалавекі[1]. Знаходзяцца за 45 км на паўднёвы ўсход ад Івацэвічаў, за 181 км ад Берасьця, на аўтамабільнай дарозе Івацэвічы — Пінск.

Целяханы — даўняе мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны), на захадзе Палесься. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Агінскіх.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Целяханы. На думку навукоўцаў, паселішча мае патранамічную назву, якая ўтварылася ад прозьвішча Целях (сэнсавае значэньне — 'калода, кругляк'[3] — цэлае, неапрацаванае бервяно)[4][5]. Паводле мясцовай легенды, назва пайшла ад спалучэньня словаў «Цела хана»: нібыта ў часе вялікай бітвы з татарамі загінуў хан, якога пахавалі зь вялікай пашанай і насыпалі высокі курган. Паселішча, што ўзьнікла каля кургана, пачалі называць Целяханамі[6].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Целяханы датуецца 1554 годам. Паселішча ляжала на даўнім шляху зь Пінску да Слоніму і знаходзілася ў валоданьні княскаму роду Дольскіх (прозьвішча ўтварылася ад паселішча Дольску). У ХVІ стагодзьдзі Целяханы ўвайшлі ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У ХVІІ стагодзьдзі яны атрымалі статус мястэчка і перайшлі да роду Вішнявецкіх.

З 1744 году Целяханы знаходзіліся ў валоданьні Міхала Казімера Агінскага, які ў 1775—1778 гадох заснаваў тут фаянсавую мануфактуру. Прадпрыемства вырабляла дэкаратыўныя вазы, скульптуру малых формаў, фрызы і карнізы для комінаў. У 1767—1783 гадох з пабудовай Канала Агінскага распачаўся эканамічны рост мястэчка. Тут працавала прыстань, быў добры рум, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні, на якіх выраблялі роўнадонныя баркі і паўбаркі рознай зьмяшчальнасьці. У канцы XVIII стагодзьдзя М. К. Агінскі збудаваў у Целяханах шыкоўны палац па-над Агінскім каналам (не зьбярогся), Траецкую царкву (у 1839 годзе гвалтоўна далучаная да Маскоўскага патрыярхату, не захавалася).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Целяханы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У пачатку ХІХ стагодзьдзя мястэчка перайшло ў валоданьне Пуслоўскіх, якія ў 1817 годзе збудавалі тут касьцёл (зьбярогся часткова). Апроч таго, у мястэчку існавалі дзьве сынагогі, прыстань, мытня.

Неаднаразова (у 1830, 1880 і 1886 гадох) Целяханы цярпелі ад пажараў. У 1837 годзе ў мястэчку пачала працаваць лякарня. На 1885 год у Целяханах было 65 будынкаў, дзеялі царква, каталіцкая капліца і сынагога, працавалі валасная ўправа, расейская народная вучэльня, паштова-тэлеграфная станцыя, паліцэйская ўправа на дзьве воласьці — Целяханскую і Сьвятавольскую. У 1895 годзе на былой вуліцы Касьцельнай, на зямлі зямяніна Ф. Пуслоўскага, заснавалі гуту, на якой застасоўваліся найнавейшыя дасягненьні навукі і тэхнікі. Найбольшую славу Целяханская гута прыдбала сабе за вырабы з крышталю і каляровага шкла, іх высокі мастацкі ўзровень і якасьць. Паводле перапісу 1897 году, у Целяханах было 450 будынкаў, валасная ўправа, пошта, лякарня на 10 ложкаў, царква, капліца, тры юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, паравы млын, шмат крамаў (зь іх 20 малочных); пры Агінскім канале было 23 дамы; у маёнтку — 14 будынкаў, бровар; на шкляным заводзе — чатыры баракі; на станцыі — восем двароў; побач зь мястэчкам знаходзілася сяло, насельнікі якога займаліся толькі сельскай гаспадаркай, 90 хатаў, хлебазапасны магазын. У 1909 годзе Целяханы сталі цэнтрам воласьці Пінскага павету Менскай губэрні (маёнтак — 8 будынкаў; мястэчка — 230 двароў; сяло — 210 хат; гута — 70 будынкаў).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Целяханы занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Лінія фронту (стаяў да лютага 1919 году) усталявалася ўздоўж Агінскага канала, усе гідратэхнічныя збудаваньні якога былі разбураныя. У гэты пэрыяд немцы збудавалі вузкакалейку з Івацэвічаў да Целяханаў і па ёй вывозілі лес.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Целяханы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Целяханы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 79 будынкаў. На 1935 год у Целяханах знаходзілася прадстаўніцтва ўраду водных камунікацыяў (па вайне аднавіўся і дзеяў Агінскі канал), пошта, тэлеграф, шпіталь, аптэка, гатэль, страўня, крама; землі ключа Целяханскага належалі графам Пуслоўскім і займалі 23 тыс. гектараў.

У 1939 годзе Целяханы ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам раёну Пінскай вобласьці (з 1954 году ў Берасьцейскай вобласьці). У гэты час у мястэчку было 397 двароў. На 1951 год у Целяханах працавалі раённы прамысловы камбінат, лясная прамысловая гаспадарка, чыгунка, лясная гаспадарка, хімічная лясная гаспадарка, прамысловы арцель з крухмала-патачным і вапнавым заводамі. На 1954 год у мястэчку працавалі сярэдняя школа, друкарня, пошта, лазьня, МТС, раённы спажывецкі саюз, іншыя раённыя ўстановы, налічвалася 126 жылых дамоў. 25 сьнежня 1956 году Целяханы атрымалі афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. З 8 жніўня 1959 году мястэчка знаходзілася ў Лагішынскім, з 25 сьнежня 1962 году — Пінскім, з 6 студзеня 1965 году — Івацэвіцкім раёнах.

6 лістапада 2004 году ў Целяханах адбылося асьвячэньне помніка Баляславу Пачопку[7].

  • XIX стагодзьдзе: 1885 год — 584 чал.; 1886 год — 558 чал.[8]; 1892 год — каля 607 чал.[9]; 1897 год — 1039 чал. у мястэчку Целяханах; 114 чал. пры Агінскім канале; 58 чал. у маёнтку Целяханах; 152 чал. пры Целяханскай гуце; 28 чал. пры станцыі Целяханы; 591 чал. у сяле Целяханах.
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1120 чал. у мястэчку Целяханах; 147 чал. у маёнтку Целяханах; 460 чал. пры Целяханскай гуце; 28 чал. пры станцыі Целяханы; 1328 чал. у сяле Целяханах; 1921 год — 895 чал., зь іх 361 беларус; 1935 год — 1,1 тыс. чал.; 1951 год — 1174 чал.; 1959 год — 4052 чал.; 1997 год — 4,8 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 4,6 тыс. чал.[10]; 2006 год — 4,6 тыс. чал.[11]; 2008 год — 4660 чал.; 2009 год — 4198 чал.[12] (перапіс); 2016 год — 3959 чал.[13]; 2017 год — 3985 чал.[14]; 2018 год — 3993 чал.[1]

У Целяханах працуюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, музычная школа, навучальна-вытворчы камбінат, тры дашкольныя ўстановы.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і аптэка.

Дзеюць дзьве бібліятэкі, дом культуры з народным тэатрам.

Афіцыйная назва Гістарычная назва
? Баравая вуліца
? Касьцельная вуліца
? Рынак пляц

Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Целяханаў
  • Рэспубліканскае ўнітарнае лесагаспадарчае прадпрыемства «Целяханы» (лыжы, паркет адзінкавы, вешалкі, дошка апрацоўчая, шкант, дэталі профільныя, кухонная мэбля і ложкі, садова-паркавая мэбля).
  • СВК «Целяханы-агра».
  • Целяханскі завод салярных вырабаў.
  • Целяханскі лясгас.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Агінскі канал — помнік гідратэхнікі XVIII стагодзьдзя
  • Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1817; перабудаваны пад кінатэатар)
  • Лысая гара — пагорак на паўночным усходзе мястэчка, дзе паводле легенды пахавалі татарскага хана
  • Могілкі: каталіцкія, дзе пахаваны ўніяцкі сьвятар Баляслаў Пачопка і маці маршала Савецкага Саюзу К. Ракасоўскага Антаніна Аўсяньнікава; юдэйскія
  • Царква Сьвятой Тройцы (1934)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Палац Агінскіх (XVIII ст.)
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 148.
  3. ^ Зайка А. Целяханы: старонкі 455-гадовай гісторыі // Газета для вас. № 724, 13 лістапада 2009. С. 13.
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 372.
  5. ^ Александровіч Р. Татарскі след у назвах зямлі беларускай // Беларусь у ХХ стагоддзі. Вып. 3. — Менск: 2004.
  6. ^ Лішка С. Назвы Івацэвіцкага раёна // Гістарычная брама. № 2—3 (15—16), 2000 г.
  7. ^ Асьвячэньне помніка айцу Баляславу Пачопку прайшло ў мястэчку Целяханы(недаступная спасылка), Pbnf.org
  8. ^ Rakowski G. Czar Polesia. — Pruszków: Rewasz, 2001.
  9. ^ Jelski A. Telechany // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 282.
  10. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 98.
  11. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  12. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]