Івацэвічы
| Івацэвічы лац. Ivacevičy | |||||
| Населены пункт | |||||
Палац Юндзілаў | |||||
| |||||
| Краіна | Беларусь | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Вобласьць | Берасьцейская | ||||
| Раён | Івацэвіцкі | ||||
| Першыя згадкі | 1508 | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча |
| ||||
| Вышыня НУМ | 148 ± 1 м | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 52°42′32″ пн. ш. 25°20′20″ у. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 23 458 чал. (2018)[1] | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | +375 1645 | ||||
| Паштовы індэкс | 225295 | ||||
| СААТА | 1234501000 | ||||
| Нумарны знак | 1 | ||||
| Сайт | ivacevichi.brest.by | ||||
| Івацэвічы на мапе Беларусі ± Івацэвічы | |||||
Івацэ́вічы — места ў Беларусі, на правым беразе ракі Грыўды. Адміністрацыйны цэнтар Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 23 458 чалавек[1]. Знаходзяцца за 135 км на паўночны ўсход ад Берасьця. Чыгуначная станцыя на лініі Берасьце — Баранавічы.
Івацэвічы — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваліся палац Юндзілаў у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст., і касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Івацэвіцы ўтварыўся ад прозьвішча Івацэвіч (відаць, заснавальніка паселішча)[2].
Таксама існуе народнае паданьне, паводле якога ў часе паляваньня адзін слуга, якога звалі Іван Цэвіч, выратаваў заможнага пана ад нападу вепрука. Апошні ў якасьці падзякі падараваў свайму выратавальніку гэтыя землі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першы пісьмовы ўпамін пра Івацэвічы зьмяшчаецца ў зэльвенскай касьцёльнай кнізе ў зьвязку зь сьмерцю Мікалая Ільлініча[3] і датуецца 1508 годам. Пад 26 траўня 1519 году ў Літоўскай Мэтрыцы значыцца ўгода паміж Мікалаем Ільлінічам і гарадзенскімі жыдамі Ісакам і Лазарам, якія атрымалі ад Ільлініча за доўг маёнтак, як тады пісалі, Івачэвічы. У 1540 годзе маёнтак перайшоў да Яна, сына Мікалая Ільлініча. У 1559[3] годзе, згодна з дакумэнтамі, Івацэвічы знаходзіліся ў валоданьні слонімскага судзьдзі Яна Віктарына, які атрымаў маёнтак за жонкай Ганнай, дачкой Яна Ільлініча. У 1565[3] годзе, па сьмерці Яна Віктарына, ягоная жонка Ганна прадала частку маёнтку Яну Багуматку.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Івацэвічы ўвайшлі ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. З 2-й паловы ХVI стагодзьдзя яны ўваходзілі ў склад Боркінскай воласьці. У 1594 годзе маёнтак належаў І. Сапегу. На мапе Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай М. К. Радзівілам у 1613 годзе, Івацэвічы значацца як мястэчка. У 1631 годзе яны перайшлі ў валоданьне Стэфана Кандзежаўскага. З 1654 году маёнтак належаў Юндзілам.
У 1750 годзе ў Івацэвічах збудавалі касьцёл Сьвятога Крыжа. З 1784 году маёнтак — уласнасьць Яна Сяплюцкага, тут працавалі бровар і смалакурня.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Івацэвічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскай, з 12 сьнежня 1796 году ў Літоўскай губэрні, з 28 жніўня 1802 году ў Слонімскім павеце[4] Гарадзенскай губэрні. З адкрыцьцём Маскоўска-Варшаўскай шашы (1 сьнежня 1846 году) у 1848 годзе пачала дзеяць паштовая станцыя. У 1860 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1871 годзе з пракладаньнем чыгункі Варшава — Масква (увод у эксплюатацыю адбыўся 28 лістапада 1871 году) адкрылася чыгуначная станцыя Івацэвічы, пры якой узьнікла паселішча.
За часамі Першай сусьветнай вайны у 1915 годзе Івацэвічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Івацэвічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[5]. У 1919—1920 гадох мястэчк займалі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Івацэвічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва. У 1922 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам. У 1935 годзе мястэчка — цэнтар павету. У гэты час тут дзеяла чыгуначная станцыя, пры якой быў буфэт; існавалі пошта, тэлеграф, аптэка, амбуляторыя, аўтамабільная запраўка, некалькі гатэляў, дваровая капліца графаў Юндзілаў, уладальнікаў вялікіх лясных абшараў у Косаўскім і Слонімскім паветах. Паравы рухавік забясьпечваў электрычнасьцю ня толькі тартак, але і мястэчка, працавала пачатковая школа. У 1936 годзе страйкавала 306 работнікаў лесапільных заводаў. Іх падтрымалі працаўнікі на ўрэгуляваньні ракі Грыўды. Прычынаю страйку была нізкая аплата працы.
У 1939 годзе Івацэвічы ўвайшлі ў БССР, з 1940 году ў складзе Косаўскага раёну. У гэты час тут было 600 двароў, МТС, лесазавод, сьпіртзавод, смалакурня, электрастанцыя, млын, абутковая арцель, 7-гадовая школа, пошта, лякарня. У Другую сусьветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
20 верасьня 1947 году Івацэвічы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам раёну (у 1962—1965 гадох у складзе Бярозаўскага раёну). 28 траўня 1966 году паселішча атрымала статус места. На 1970 год тут працавалі лесазавод, леспрамгас, хімлясгас, сьпіртзавод, маслазавод, раённае аб’яднаньне «Сельгастэхніка», камбінат побытавага абслугоўваньня; дзеялі 2 сярэднія школы, школа працоўнай моладзі, музычная і дзіцячая спартовая школы, дзіцячы садок і 2 дзіцячыя ясьлі-садкі, дом піянэраў, кінатэатар, 2 клюбы, 3 масавыя бібліятэкі, лякарня, аптэка, крамы. У 1973 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю Івацэвіцкага льнозаводу. 12 верасьня 1995 году пачала выдаецца рэгіянальная «Газэта для Вас». У 2009 годзе Івацэвічы адзначылі свой юбілей — 490-годзьдзе з дня першага ўпаміну ў пісьмовых крыніцах.
- Мястэчка на старых здымках
- Касьцёл, 1916 г.
- Касьцёл па аднаўленьні, 1924—32 гг.
- Перад касьцёлам, 1924—32 гг.
- Гаспадарчы двор, 1918 г.
- Палац Юндзілаў, 1931 г.
- Палац Юндзілаў, да 1939 г.
- Чыгуначная станцыя, 1930-я гг.
- Упарадкаваньне вуліцы, да 1939 г.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай, машынабудаўнічай і лёгкай прамысловасьці. Мэтэастанцыя.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Івацэвічаў |
|---|
|
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XX стагодзьдзе: 1905 год — 60 чал. у маёнтку Івацэвічах; 37 чал. у вёсцы Івацэвічах; 1921 год — 78 чал у маёнтку Івацэвічах; 151 чал. у фальварку Івацэвічах; 144 чал. у чыгуначнай станцыі Івацэвічах; 1935 год — 1860 чал.[6]; 1940 год — 2415 чал.; 1945 год — 3,7 тыс. чал.; 1959 год — 5,2 тыс. чал.; 1971 год — 8 тыс. чал.; 1979 год — 10 870 чал.; 1981 год — 12,6 тыс. чал.; 1991 год — 18,7 тыс. чал.; 1994 год — 19,8 тыс. чал.[7]; 1997 год — 19,7 тыс. чал.; 1998 год — 19,7 тыс. чал.[8]
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 24,2 тыс. чал.; 2006 год — 24,2 тыс. чал.; 1 студзеня 2008 году — 26,2 тыс. чал.; 2009 год — 22 958 чал.[9] (перапіс); 2016 год — 23 280 чал.[10]; 2017 год — 23 440 чал.[11]; 2018 год — 23 458 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Івацэвічаў працуюць 4 сярэднія, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 8 дашкольных установаў.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі, кінатэатар.
Мас-мэдыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Выдаюцца раённая «Івацэвіцкі весьнік» і незалежная «Газэта для Вас».
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
| 60 год Кастрычніка вуліца | Працоўная вуліца |
| Гойшпіка вуліца | Таварная вуліца |
| Заводзкая вуліца | Фабрычная вуліца |
| Леніна вуліца | Шашэйная вуліца |
| Маркса вуліца | Чыгуначная вуліца |
| Матросава вуліца | Гранічная вуліца |
| Савецкая вуліца | Кметна-Пінская вуліца |
| Талочкі вуліца | Надрэчная вуліца |
| Чарткова вуліца | Косаўская вуліца[12] |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Рынак[13].
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Спыніцца можна ў мескім гатэлі[14].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Дуга Струвэ, пункт (1830)
- Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1750-я; захаваўся часткова, знаходзіцца на тэрыторыі выпраўленчай калёніі[15])
- Палац Юндзілаў (XVIII ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Царква Сьвятога Спаса (1943)
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 143.
- 1 2 3 Грынявецкі В. Івацэвічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 663.
- ↑ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 309.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Зайка А. Івацэвічы: да 490-годдзя горада // Газета для вас. 16 кастрычніка 2009 г.
- ↑ ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 468.
- ↑ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 157.
- ↑ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Брестчина. — Минск, 2009.
- ↑ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 28.
- ↑ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ↑ Касьцёл Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, globustut.by
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Івацэвічы , Radzima.org
- Зайка А. Івацэвічы: да 490-годдзя горада, Газета для вас, 16 кастрычніка 2009 г.
| ||||||||