Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі (Пружаны)
Касьцёл | |
Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Пружаны |
Каардынаты | 52°33′42.47″ пн. ш. 24°27′23″ у. д. / 52.5617972° пн. ш. 24.45639° у. д.Каардынаты: 52°33′42.47″ пн. ш. 24°27′23″ у. д. / 52.5617972° пн. ш. 24.45639° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Пінская дыяцэзія |
Тып будынка | храм |
Архітэктурны стыль | нэаклясыцызм |
Заснавальнік | Валенці Швыкоўскі |
Будаваньне | 1878—1883 гады |
Асноўныя даты: 29 верасьня 1883 — Скончанае будаўніцтва
8 верасьня 1884 — Асьвячэньне 2 сакавіка 1948 — Апячатаны бальшавікамі 19 красавіка 1951 — Аддадзены пад Дом культуры 8 сьнежня 1991 — Першае дазволенае ўладамі набажэнства 1 лютага 1993 — Вернуты каталікам 1993—1998 — Рэстаўрацыя 14 жніўня 1998 — Адкрыцьцё адрэстаўраванага храму | |
Прыбудоўкі | Плябанія |
Вядомыя насельнікі | Казімер Сьвёнтак |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | дзейны |
Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі | |
Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі на Вікісховішчы |
Касьцёл Унебаўзя́цьця Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і, сустракаецца таксама варыянт Міхайлаўскі касьцёл[1][2] — каталіцкі храм у Пружанах Пінскае дыяцэзіі, збудаваны ў 1883 року. Помнік архітэктуры нэаклясыцызму.
Пабудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэдзіне XIX стагодзьдзя было вырашана пабудаваць для каталікоў новы храм побач са старым драўляным, збудаваным яшчэ ў 1522 року. За яго пабудову ўзяўся мясцовы шляхціч Валенці Швыкоўскі, які дзеля гэтай мэты запрасіў з Варшавы славутага архітэктара Генрыка Марконі. Аднак пасьля падзеяў паўстаньня 1863 року яшчэ недабудаваны касьцёл быў адабраны і перабудаваны пад праваслаўную царкву.
Паколькі стары храм згарэў, вернікі-каталікі дамагаліся таго, каб у Пружане быў хоць адзін касьцёл. Урэшце ў 1877 дазвол быў атрыманы з умоваю, што касьцёл ня будзе ўзвышацца над іншымі пабудовамі места, а 21 сьнежня 1878 року зацьверджаны праект[3]. Узьвядзеньне храма ізноў фундаваў Валенці Швыкоўскі; частку сродкаў (22 000 рублёў) выдзялілі царскія ўлады[4].
Храм узводзіўся на зямлі, выкупленай парафіянамі ў 1881 у памешчыка Быліны. Будаўніцтва касьцёлу скончылася ў 1883 року, 29 верасьня ён быў перададзены духоўным уладам. Ля касьцёлу была збудаваная двухпавярховая званіца вышынёй амаль 8 мэтраў, у алтары якой былі зьмешчаныя абразы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Божай з кляштару ў Бярозе-Картускай, Маці Божай Ружанцовай, Сьвятога Антонія, Сьвятога Міхаіла і інш.
8 верасьня 1884 року касьцёл быў асьвечаны пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, сьв. Ганны і сьв. Караля Барамэя[4]. Мерапрыемствы зладзіў сьвятар Караль Грынявіцкі.
У 1886 побач была збудаваная драўляная плябанія.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Храм зазнаў значныя пашкоджаньні ў Першую сусьветную вайну: пацярпеў будынак, амаль зьнішчаная арганная частка.
У 1926—28 роках вікарыем парафіі быў Фабіян Пачобут-Адляніцкі[5].
У 1929—1930 пры матэрыяльнай падтрымцы пружанскіх шляхціцаў Дзяконскага і Марачэўскага былі праведзеныя грунтоўныя аднаўленча-будаўнічыя працы. Храм поўнасьцю адрамантавалі, замянілі дах і вокны, правялі электраасьвятленьне. Было адноўленае арганнае памяшканьне. Перабудавалі й плябанію, пры якой зьявілася дадатковае памяшканьне для парафіянаў.
У 1939 року вікарыем быў пастаўлены Казімер Сьвёнтак. Пасьля прыходу Саветаў быў арыштаваны, знаходзіўся ў вязьніцы. З прыходам нацыстаў вызвалены, вярнуўся ў касьцёл і служыў да 17 сьнежня 1944, калі зноў быў арыштаваны бальшавікамі. Празь няпоўныя два рокі ў Польшчу зьехаў пробашч парафіі кс. Антоні Ройка (польск. Antoni Rojko), баючыся перасьледу ўладаў. Вернікі працягвалі зьбірацца ў касьцёле на малітвы нават безь сьвятара яшчэ два рокі, пакуль ён ня быў апячатаны 2 сакавіка 1948 року.
19 красавіка 1951 року райвыканкам вырашыў перабудаваць будынак пад Дом культуры. Драўляныя дэталі аргану выкарыстоўваліся для яго абагрэву[3], мэталёвыя здадзеныя на мэталалом; касьцёльнае ўбранства і вопратка пушчаныя на пашыўку тэатральных касьцюмаў[4]. Частка маёмасьці была распрададзеная.
У пачатку 90-х рокаў мінулага стагодзьдзя вернікі сталі дамагацца вяртаньня касьцёлу. 4 жніўня 1991 ў Пружану быў прысланы на душпастырскую дзейнасьць кс. Эдвард Лоек, 2 сьнежня ўлады дазволілі правядзеньне набажэнстваў у будынку Дому культуры ў нядзелі і сьвяточныя дні. Першая мша адбылася ўжо 8 сьнежня 1991[6].
1 лютага 1993 року вернуты каталікам і асьвечаны ў гонар Маці Божай[3]. 6 лютага з гэтай нагоды ўрачыстую мшу цэлебраваў арцыбіскуп Казімер Сьвёнтак.
Рэстаўрацыя цягнулася да 1998 року. Поўную інвэнтарызацыю і дакумэнтацыю па рэканструкцыі бясплатна зрабіў прафэсар Інстытуту кансэрвацыі помнікаў Кракаўскай палітэхнікі Віктар Зін. Давялося аднаўляць чатыры слупы, якія трымалі скляпеньні і дах. Разбураныя печы і коміны, пастаўленыя падчас перабудовы пад Дом культуры, заменены стары дах, вокны атрымалі свой ранейшы выгляд, і інш.
14 жніўня 1998 адбылася ўрачыстая рэкансэкрацыя сьвятыні. Акт пра гэта на беларускай і польскай мовах захоўваецца ў храме. Да 2005 року вакол касьцёла была збудаваная агароджа і ўпарадкаваная тэрыторыя. На месцы зьнішчанага за камуністамі помніку Хрысту Збаўцы пастаўлены юбілейны крыж да 2000-годзьдзя хрысьціянства[6].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры нэаклясыцызму.
Прастакутны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае строгую сымэтрычна-восевую двухярусную кампазыцыю, ягоная асноўная прастакутная плоскасьць завершаная высокім шчытом з трыкутным франтонам, пастаўленым на прастакутны атык з бакавымі ўвагнутымі валютамі.
Галоўны ўваход разьмешчаны ў глыбіні лёджыі, завершанай цыркульнай аркай. Бакавыя фасады рытмічна расчлененыя пілястрамі і прастакутнымі ваконнымі праёмамі ў 2 ярусы.
З прычыны таго, што ўладамі была агавораная ўмова, што будынак касьцёлу ня мог быць вышэйшым за іншыя пабудовы места, архітэктар адмовіўся ад узьвядзеньня вежаў[7]. Скляпеньні былі паднесеныя амаль пад самы дах, каб максымальна выкарыстаць адведзеную прастору.
Сьвятары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Караль Грынявіцкі
- Зігмунд Цасельскі (1889—1892)
- Фабіян Пачобут-Адляніцкі (1926—1928)
- Браніслаў Келбас (1929—1930)
- Андрэй Ніва (1931—1939)[8]
- Станіслаў Лазар (1937—1938)[8]
- Казімер Сьвёнтак (1939—1944)
- Антоні Ройка (Роек; 1946)[8]
- Эдвард Лоек (1994—2006)[8]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 39.
- ^ XXII. Пружаны. 1527. Михайловский костёл // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 353. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-017-3
- ^ а б в Пракаповіч Н. С. Летапіс духоўнасці: культавая архітэктура Всё о Ружанах Праверана 25 лістапада 2011 г.
- ^ а б в Ks. Robert Iskrzycki CM. Krótka historia kościoła Prużańskiego (пол.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2 (30). — С. 25.
- ^ Дополнения и поправки (рас.). Католические новомученики России. Праверана 25 лістапада 2011 г.
- ^ а б Ks. Robert Iskrzycki CM. Krótka historia kościoła Prużańskiego (пол.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2 (30). — С. 26.
- ^ Натальля Пракаповіч. Шматпакутны лёс касцёла // «Раённыя будні». — 21 сьнежня 2011. — № 100 (9443). — С. 5.
- ^ а б в г br. Jan Fibek OFMCap. (5 жніўня 2008) Najnowsze wiadomości (пол.) Kościół Wniebowzięcia NMP. Радзіма майго духу. Праверана 18 студзеня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Ks. Robert Iskrzycki CM. Krótka historia kościoła Prużańskiego (пол.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2 (30). — С. 25—26.
- Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 39.
- Натальля Пракаповіч. Шматпакутны лёс касцёла // «Раённыя будні». — 21 сьнежня 2011. — № 100 (9443). — С. 1, 5.
- XXII. Пружаны. 1527. Михайловский костёл // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-017-3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 113Г000591 |
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, Radzima.org
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі (рас.), Глёбус Беларусі
|