Пружанскі палацык
Музэй-сядзіба Пружанскі палацык | |
Месцазнаходжаньне | Пружана, Беларусь |
---|---|
Адрас | вул. Савецкая, 50 |
Тэматыка калекцыі | краязнаўчая, мастацкая |
Плошча экспазыцыі | 386 м² |
Створаны | 1993[a] 1999[b] г. |
Заснавальнік | Валенці Швыкоўскі |
Дырэктар | Юры Зялевіч |
Геаграфічныя каардынаты | 52°33′55.12″ пн. ш. 24°27′27.57″ у. д. / 52.5653111° пн. ш. 24.4576583° у. д.Каардынаты: 52°33′55.12″ пн. ш. 24°27′27.57″ у. д. / 52.5653111° пн. ш. 24.4576583° у. д. |
Музэй-сядзіба Пружанскі палацык | |
museum.pruzhany.by |
Устано́ва культу́ры «Музэ́й-сядзі́ба Пружа́нскі пала́цык» — музэй у Пружанах Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Разьмешчаны ў будынку мескага сядзібнага дому XIX стагодзьдзя па адрасе: вул. Савецкая, 50. Сядзіба — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры нэарэнэсансу, адзіная адноўленая такога тыпу ў Беларусі[1].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старая сядзіба
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатку XIX стагодзьдзя сядзіба, якая пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай перайшла ва ўласнасьць Румянцавых, уяўляла сабою даволі вялікі гаспадарчы комплекс. У склад сядзібы ўваходзілі панская хата і 5 дваровых пабудоваў (найхутчэй драўляныя). З паўночнага і заходняга боку прымыкаў зялёны масіў[2].
Пасьля пераходу ва ўласнасьць Швыкоўскіх сядзіба займела абсалютна адрозны ад плянаў пачатку стагодзьдзя выгляд. Быў пабудаваны новы двухпавярховы жылы дом з сасновага брусу. Ён быў павернуты тарцом да дарогі, што вяла ў места. Колькасьць іншых сядзібных пабудоваў дасягнула 10[2]. Агульная плошча маёнтку складала 4 тысячы дзесяцінаў[3].
Разбудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Атрымаўшы пасьля сьмерці бацькі ў 1843 маёнтак ва ўласнасьць, маршалак Валенці Швыкоўскі заняўся далейшай рэканструкцыяй комплексу. Ён збудаваў у сваім маёнтку два заводы: бровар і цагельню, якая, імаверна, вырабляла цэглу і для перабудовы палацыку. Пры ім сядзіба займела той выгляд, які яна мае ў цяперашні час[2]. Аўтарам праекту лічыцца архітэктар італьянскага паходжаньня Францішак Лянчы, хоць наўпроставых доказаў ягонага аўтарства няма. Аднак пры стварэньні сядзібы выкарыстаныя менавіта тыя асноўныя прыёмы і прынцыпы, якія распрацаваў Лянчы для пабудоваў такога кшталту[4].
За Валентам Швыкоўскім пры палацыку была пабудаваная аранжарэя з чырвонай цэглы. Яна мела гонтавы дах, 2 ганкі, 9 дзьвярэй і 9 вокнаў. Даўжыня будынку складала 8 сажняў 1 аршын (17 м). Усярэдзіне падзелены на 6 пакояў з дашчанай падлогай. У памяшканьнях стаялі тры печы і комін[2]. У аранжарэі і цяпліцах расло 100 найменьняў кветак і 60 дрэваў, у асноўным экзатычных — камэліі, валькамэрыі, адаліі, мацыёлы, пальмы, агавы, мірты, воскавыя, апэльсінавыя і лімонныя дрэвы[4]. Этнограф Федароўскі пісаў:
На ўсю Літву была вядома аранжарэя Швыкоўскіх. Падобнай ёй ня мелі і Радзівілы | ||
У аранжарэі быў так званы «трэпгаўз», дзе захоўваліся ёмістасьці з рашчынамі ды хімікатамі.
Разам з маёнткам была ўпарадкаваная таксама тэрыторыя парку, які быў пераплянаваны ў пэйзажны. Ягоная плошча склала 8 га. Уздоўж алеяў разьмяшчаліся лавы для адпачынку, канал на паўночным ускрайку сядзібы пераходзіў у сажалку з выспай, злучаны зь берагам мастком. У 1908—1912 парк быў пашыраны за іншы бок каналу, у ім былі насаджаныя іншаземныя расьліны. У 1939 року гэтая частка парка зьнішчаная, на ейным месцы цяпер разьмяшчаецца стадыён[4].
Канфіскацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1863 року маёнтак быў канфіскаваны за падтрымку Швыкоўскім паўстанцаў. Пры гэтым быў складзены пералік сэквэстраванай маёмасьці, які дае ўяўленьне пра маштаб перабудовы. Усіх пабудоваў налічвалася 15, зь іх 4 цагляныя. Два будынкі прызначаліся пад жыльлё, 13 мелі гаспадарчае прызначэньне. Жылая гаспадарская хата мела даўжыню 16 сажняў 13/4 аршына (каля 35 м), шырыню 9 сажняў 11/4 аршына (больш за 19 м). Парадны ганак з каменна-цаглянай падлогай, чыгунныя парэнчы. На вежы, што высілася над уваходам, на драўляным крузе цыфэрблят гадзіньніка, аддзелены чорнаю алейнаю фарбай (імаверна, бутафорскі)[5].
Большая частка расьлінаў з аранжарэі была перавезеная ў царскі палац у Белавескай пушчы, кнігі і іншая маёмасьць распрададзеныя з аўкцыёну, цагельня разабраная. У будынку месьцілася павятовая адміністрацыя. Але ўжо ў 1867 маёнтак быў вернуты ўладальніку.
Пасьля Швыкоўскіх
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1895 року састарэлы Валенцы прадаў сядзібу графу Ўладзімеру Кляйнміхелю. Ягоная дачка Вера (у шлюбе Джамбакурыян-Арбэліяні(ka), 1877—1948), унучка міністра шляхоў зносінаў П. А. Кляйнміхеля, якой дастаўся палац, стала ў сядзібе не пражывала. Большую частку часу будынак здаваўся ў арэнду розным асобам і ўстановам. У 1903 року быў збудаваны новы бровар. Пасьля кастрычніцкага перавароту гаспадыня эмігравала ў Парыж[4].
За польскім часам у сядзібе разьмяшчалася павятовае староства, у вайну — штаб генэрала Гудэрыяна, інтэрнат нямецкіх афіцэраў[6]. Па прыходзе Саветаў тут сьпярша быў створаны інтэрнат агратэхнічнай вучэльні, пасьля досьледная аграбіястанцыя (з пачатку 1960-х), дзіцячы садок (да 1986), стаматалягічная лякарня. З 1989 — на рэстаўрацыі.
Заснаваньне музэю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]24 ліпеня 1993 року на аснове збораў пружанскага краязнаўчага аб’яднаньня «Спадчына» быў адкрыты раённы краязнаўчы музэй у будынку бібліятэкі па вуліцы Савецкай. Пазьней, пры падрыхтоўцы места да Дажынак-2003, гэты будынак быў зьнесены[7].
У 1998 року музэй перамясьціўся ў іншае памяшканьне — былую сядзібу Швыкоўскіх у мескім парку. Аснова канцэпцыі музэю, які з тае пары атрымаў назву музэй-сядзіба «Пружанскі палацык», была распрацаваная навуковай групай супрацоўнікаў Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музэю[8]. 19 чэрвеня 1999 року адбылося ягонае ўрачыстае адкрыцьцё[9].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шторок музэй наведваюць каля 8000 турыстаў, у тым ліку з замежжа. Колькасьць экспазыцыі ў фондах музэю — больш за 6 тысячаў адзінак. Практычна ўсе экспанаты перададзеныя ў музэй бясплатна[10].
Акрамя навуковай працы, супрацоўнікі музэю ладзяць лекцыі, экскурсіі па горадзе і раёне, арганізоўваюць мастацкія, краязнаўчыя і адукацыйныя выставы.
У музэі праводзяцца музычна-літаратурныя вечарыны, навуковыя канфэрэнцыі.
На тэрыторыі комплексу былі зьнятыя першыя кадры фільму «Берасьцейская крэпасьць». Супрацоўнікі музэю складалі частку масоўкі для шматсэрыйнага тэлефільму «Талаш», у якім дырэктар палацыку іграў ролю царскага афіцэра. Плянуюцца здымкі сэрыялу «Паляваньне на гаўляйтэра»[11].
Экспазыцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Салён
- Кветкавая заля
- Паляўнічы кабінэт. Тут знаходзіцца канапка, якая захавалася ад часоў Валенція Швыкоўскага
- Трафэйны пакой
- Музэй этнаграфіі
- Res Sacrae — выстава твораў сакральнага прызначэньня Пружанаў і ваколіцаў[12]. Адзін з найстарэйшых экспанатаў музэю — унікальны абраз XVI стагодзьдзя «Таемная вячэра».
У фондах музэю захоўваюцца таксама экспазыцыі, прысьвечаныя Крашэўскім; Міхасю Забэйду-Суміцкаму; творчасьці літаратара Міколы Купрэева; калекцыя майстра Міколы Тарасюка; друкаваныя выданьні XIX — пачатку XX стагодзьдзяў, датычных Пружаншчыны; жывапіс ды графіка; банкноты краінаў сьвету; філюмэнічная калекцыя[10].
Архітэктурны ансамбль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ансамбль сядзібы ўлучае мураваны дом і 2 флігелі. Сядзібны дом складаецца зь дзьвюх групаў двухпавярховых аб’ёмаў, аб’яднаных аднапавярховым корпусам.
Заходняя частка з эркерам накрытая двусхільным дахам з прылеглай вежай і аднапавярховай прыбудовай з паўкруглай вэрандай. Усходні аб’ём Г-падобны ў пляне, утварае на галоўным фасадзе неглыбокі рызаліт, завершаны шчытом. Дваровы фасад зь вялікай тэрасай на 2 калёнах. Пляніроўка анфіладная.
Ваконныя праёмы маюць паўцыркульныя аркавыя завяршэньні. На першым паверсе памяшканьні аздобленыя прафіляванымі ляпнымі гзымсамі, столі — пляскатыя з падугамі. Паверхі злучаныя пакручастымі драўлянымі лесьвіцамі.
Будынак аранжарэі захаваўся, але быў перабудаваны. Старажылы згадваюць, што да вайны ён меў вялікую колькасьць высокіх вокнаў з паўкруглым завяршэньнем. Уваход з паўночнага боку меў выгляд паўкруглай зашклёнай вэранды[4].
Па ўсходні бок ад уваходу ў палацык усталяваны каменны ідал, перавезены зь вёскі Буцькі.
Парк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З боку места да сядзібы вядзе шырокая алея, вакол разьмешчаны парк пэйзажнага тыпу.
У інвэнтарным апісаньні 1864—1866 рокаў згадваецца сад, які знаходзіўся з паўночнага боку будынку. Вакол саду разьмяшчаўся парк. Сад і двор былі агароджаныя драўлянай агароджай, на ўезьдзе ў сядзібу стаяла брама з двума малымі весьнічкамі, пафарбаваная чорнай алейнай фарбай. Пры Веры Арбеліяні вароты замененыя на каменныя. У канцы 1940-х рокаў брама была зруйнаваная[13].
У цяперашні час парк займае тэрыторыю больш за 8 га. Пераважаюць ясень, вольха, граб, дуб. З поўдня на поўнач парк перасякае алея. Сьлядоў саду не захавалася.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Этнаграфічная заля. Ткацтва
-
Заля прыроды
-
Паляўнічы кабінэт
-
Выстава твораў Мікалая Тарасюка
-
Падчас здымкаў фільму «Берасьцейская крэпасьць»
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «Пружанскі палацык» // «Народная газета». — 25 жніўня 2009.
- ^ а б в г Планіроўка сядзібы. Пабудовы. Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык». Праверана 3 жніўня 2013 г.
- ^ Пярвышын У.М. Сядзіба: ад Румянцавых да Швыкоўскіх // Пружанскі палацык — Пружанский палацик: Гіст.-архіт. нарыс. — Мн.: Полымя, 1992. — С. 8. — (Помнікі беларускага дойлідства). — 5300 ас. — ISBN 5-345-00488-9
- ^ а б в г д Мая Пружанская зямліца (chm). Раённая адукацыйная сетка г. Пружаны. Праверана 3 жніўня 2013 г.
- ^ «Палац». Унутраны і зьнешні выгляд Сядзіба. Музей-сядзіба Пружанскі палацык. Праверана 3 жніўня 2013 г.
- ^ Святлана Яскевіч. На ўсе Пружаны — палацык // Звязда.
- ^ Кацярына Пашкевіч. «Музэй — гэта машына часу» // Раённыя будні. — 24 ліпеня 2013. — № 57 (9602). — С. 1.
- ^ Зялевіч, Юры. Сардэчна запрашаем на афіцыйны сайт музея-сядзібы «Пружанскі палацык»!. Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык». Праверана 3 жніўня 2013 г.
- ^ Мікола Антонаў. Далёкі Кітай стаў бліжэй // Раённыя будні. — 26 чэрвеня 1999.
- ^ а б Кацярына Пашкевіч. «Музэй — гэта машына часу» // Раённыя будні. — 24 ліпеня 2013. — № 57 (9602). — С. 5.
- ^ Ірына Арлова. Пружанскі палацык — адзіная адноўленая сядзіба стылю мадэрн у Беларусі // Народная газета. — 27 жніўня 2011.
- ^ Марфа Шило. (14 траўня 2010) Экспозиция RES SACRAE открылась в музее-усадьбе «Пружанскі палацык» (рас.). Белорусский православный новостной портал. Праверана 11 лістапада 2011 г.
- ^ Планіроўка сядзібы. Парк і сад. Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык». Праверана 3 жніўня 2013 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 112Г000585 |
- Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 37.
- Пярвышын У. М. Пружанскі палацык — Пружанский палацик: Гіст.-архіт. нарыс. — Мн.: Полымя, 1992. — 79 с. — (Помнікі беларускага дойлідства). — 5300 ас. — ISBN 5-345-00488-9
- Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора, Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-017-3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная бачына
- Сядзібна-паркавы комплекс Швыкоўскіх, Radzima.org
- Пружанскі палацык у Facebook
- Пружанскі палацык у X
- Пружанскі палацык у Instagram
|