Ганчарства на Пружаншчыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Гісто́рыя ганчарства на Пружа́ншчыне налічвае ня менш за пяць стагодзьдзяў.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ваколіцах Пружанаў даўней былі знойдзеныя вялізныя запасы высокаякаснае гліны, і таму тут зь сярэднявечча бурна стала разьвівацца ганчарная справа. Што праўда, беларуская краязнаўца Натальля Пракаповіч, галоўны захавальнік фондаў музэю-сядзібы «Пружанскі палацык», лічыць, што гэтай справай насельнікі тутэйшых мясьцінаў займаліся яшчэ ад найстаражытнейшых часоў, а менавіта з нэаліту[1].

У цяперашні час ганчарства на Пружаншчыне амаль не разьвіваецца, а большасьць ведаў і сакрэтаў рамяства страчаныя. Намаганьні адрадзіць гэты від традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пакуль не даюць сур’ёзных вынікаў.

Пружана[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ганчарны выраб на паштовай марцы Беларусі (1992)

За каралевай польскай і вялікай княгінай літоўскай Ганнай Ягелонкай места стала цэнтрам вытворчасьці кафлі і чорнага глінянага посуду.

Напрыканцы XIX стагодзьдзя ў Пружанскім павеце было зарэгістравана больш за 700 розных рамесьнікаў. Сярод іх «гаршэчнікі» ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя складалі 200 чалавек, у 1865 — 106 з 542 майстроў, а напачатку XX стагодзьдзя — 250 з 748. Пружанскія ганчары пражывалі пераважна на вуліцах Горка і Хватка[1].

Ганчарныя вырабы на кірмашы ў Пружанах (1915)

За польскім часам агенты Варшаўскага таварыства дапамогі народным промыслам закуплялі творы пружанскага майстра Антона Такарэўскага дзеля продажу ў сталіцы. У 1939 року, паводле дакумэнтаў, у Пружане працавала ля 60 ганчароў.

На жаль, па Другой сусьветнай вайне ў месьце засталося толькі 10 ганчароў, сярод якіх той самы сусьветна вядомы майстар Антон Такарэўскі, Міхаіл Такарэўскі, Мікалай Калбышэўскі, Язэп і Міхаіл Вяркевічы, Антон Баханкевіч, Міхаіл Жукоўскі. Да гэтых людзей за савецкім часам ладзіліся экскурсіі, наведваліся дасьледнікі, калекцыянэры і журналісты, складаліся даведнікі і інтэрвію[1].

Керамічныя вырабы пружанскіх майстроў захоўваюцца ў музэях Пружанаў, Берасьця, Менску, Масквы, Бэрліну, Манрэалю, у Люўры[1].

Ружаны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядома, што напрыканцы XIX стагодзьдзя ў Ружанах жыло некалькі дзясяткаў майстроў, існавала вуліца Ганчарная.

У 1925 — 3 ганчары, аднак ужо ў 1930-я рокі — 35. У гэты час асаблівую папулярнасьць набыло глязураваньне ганчарных вырабаў, дагэтуль у асноўным вырабляўся чорнаглянцавы задымлены посуд.

Пасьля Другой сусьветнай вайны ў мястэчку працавалі Мікалай, Аляксандар і Васіль Савуцічы, Пётар, Канстанцін і Зьміцер Хварастоўскія, Пётар, Іван і Георгі Гаеўскія, Сяргей Багдановіч, Зыгмунт Жылінскі, Станіслаў Жытніцкі, Іван Буткевіч, Антон Севярын. Кацярына Жылінская і Вольга Давідзенка-Хварастоўская атрымалі вядомасьць у галіне цацачнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва[1].

Творы ружанскіх ганчароў таксама экспануюцца ў беларускіх музэях.

Характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заходнепалеская кераміка, найперш пружанская, выяўляе амаль поўныя аналёгіі з дэкорам і формамі вырабаў паўночных раёнаў Валыні (Ракіта, Камень-Кашырскі) і ганчарных цэнтраў Падляшша.

Адметныя рысы палескай керамікі, выразнымі прадстаўнікамі якое зьяўляліся пружанская і ружанская, а таксама гараднянская і пагост-загародзкая, зьяўляюцца глянцаваны дэкор у чорназадымленых і ангобная размалёўка чырвонага колеру ў белагліняных вырабах, 1-2 вушкі ў пячнога посуду, шарападобнасьць гаршкоў і інш. вырабаў[2].

Пружанскае ганчарства вядомае найперш сваімі вырабамі чорнаглянцавай задымленай керамікі. Выраблялі тут традыцыйны посуд: глякі і гарлякі, макотры і гладышы, збаны і друшлякі, слоікі, місы і мялачкі, спарышы і трайнікі, бабошкі й інш. У аснове — простыя геамэтрычныя фігуры (шар, цыліндар, конус). Перад абпалам посуд апрацоўвалі гладкім крэменем, якім на падсушанай пасудзіне наводзілі разнастайныя ўзоры ў выглядзе вэртыкальных і касых палосак, раўналежных простых лініяў, рамбічнай сеткі, сьпіралепадобных завіткоў, «елачкі». Абпаленыя вырабы пасьля такое апрацоўкі набывалі мэталёвы бляск, эфэктна вылучаючыся на матава-чорнай ці сіняватай паверхні[3].

Выраблялі пружанскія майстры таксама кафлю і непаліваную белую, а з пачатку XX стагодзьдзя і паліваную кераміку.

Вядомасьць атрымала ружанская вытворчасьць народных гліняных цацак і сьвістулек у выглядзе розных жывёлаў: коней, качак, сабак. У некаторых выпадках карычневыя цацкі размалёўваліся яркімі фарбамі. Да 1930-1940-х рокаў на Пружаншчыне адзначаецца вытворчасьць гліняных патэльняў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Натальля Пракаповіч. Ганчарства на Пружаншчыне Культура. Рэха БерасьцейшчыныПраверана 21 траўня 2012 г.
  2. ^ Купаліна. (31 студзеня 2012) Палеская кераміка Этнічны слоўнік. Родныя вобразы. Праверана 21 траўня 2012 г.
  3. ^ Ганчарства Беларусі kursach.com Праверана 21 траўня 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]