Перамяненьне Панскае
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Перамяненьне Гасподняе — летняе Гасподняе сьвята, якое адзначаецца хрысьціянамі 6 жніўня:
- у Каталіцкай Царкве — паводле грыгарыянскага календара;
- у большасьці праваслаўных Цэркваў — паводле юліянскага календара (паводле старога стылю) — 19 жніўня.
Усходняя традыцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвята Перамяненьня Гасподняга адно з найбольшых сьвятаў Гасподніх у царкоўным календары. Першыя пачалі сьвяткаваць яго цэрквы ў Палестыне, адкуль яно пашырылася па ўсім хрысціянскім Усходзе, дзе яно было добра вядомае не пазьней як у канцы 5га ст. У 8м ст сьвятыя Косма і Ян Дамаскін напісалі каноны ў гонар Перамяненьня. На Захадзе гэтае сьвята было афіцыйна ўстаноўленае толькі ў 1457г папам Калістам ІІІ і ніколі не атрымала такога значэньня як на Ўсходзе.[1]
Сьвята зьвязана з наступнай эвангельскай падзеяй. Незадоўга да Сваёй мýкі Ісус Хрыстос узяў трох найбліжэйшых вучняў — Пятра, Якава і Яна і ўзышоў зь імі памаліцца на гару Табор. Зрабіў Ён гэта дзеля таго, каб раскрыць ім Сваю Божую славу і падтрымаць у іх веру, калі ўбачаць яны зь цягам часу Ягоныя пакуты. Пакуль Ісус маліўся, вучні, стаміўшыся, паснулі. Калі ж яны прачнуліся, то ўбачылі Хрыста, што Ён перамяніўся: твар Ягоны зьзяў, як сонца, а вопратка стала белая й зіхатлівая. У гэты час зьявіліся да яго два прарокі, Майсей і Ільля, і гутарылі зь ім аб пакутах і сьмерці, якія Яму належыла зазнаць у Ерусаліме. Раптам сьветлае воблака агарнула вучняў, і яны пачулі голас Бога Айца: «Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце!» (Мц 17:5). Вучні ў страху кінуліся долу, Ісус Хрыстос падышоў да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся», пасьля чаго яны ўбачылі Яго ў звычайным выглядзе. Сыходзячы з гары, Ісус Хрыстос загадаў вучням не расказваць пра тое, што яны бачылі, да часу Яго ўваскрасеньня зь мёртвых. Сьвята гэтае ў народзе называецца «Другім Спасам», ці «Спасам Яблычным», бо ў гэты дзень у храмы прыносяць для асьвячэньня яблыкі і іншую садавіну новага ўраджаю.
Перамяненьне мае шмат супольнага са сьвятам Хрышчэньня. У абодвух выпадках Хрыстос паказаў сябе тым кім ён ёсьць - спрадвечным Богам, і Ягоная Боскасьць была падцьверджана голасам з гары. Хрышчэньне Хрыста адбылося на пачатку Ягонага публічнага служэньня, перамяненьне - незадоўга да Ягоных мукаў і крыжовай сьмерці. У перамяненьні Хрыстос адкрыў вучням вечную і непрамінальную рэальнасьць, што пераўзыходзіць бачную рэальнасьць гэтага сьвету. Гэтым Ён умацаваў іхнюю веру перад часам выпрабаваньняў.[1]
У Перамяненьні Госпад паказаў красу чалавечае прыроды, злучанай з Боствам, робячы Сваё перамяненьне і нашым перамяненьнем.[1]
Літургічныя сьпевы ў гонар сьвята
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ніжэй пададзеныя асноўныя літургічныя сьпевы на сьвята Перамяненьня Гасподняга ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ і ў перакладзе а. Аляксандра Надсана (БГКЦ).
- БПЦ:
Трапар сьвята Праабражэньня Гасподняга, глас 7
- Праабразіўся Ты на гары,Хрысьце Божа,
- паказаўшы вучням Тваім славу Тваю, наколькі было ім магчыма.
- Няхай і нам, грэшным, зазьзяе сьвятло Тваё вечнае,
- па малітвах Багародзіцы, Сьвятладаўца, слава Табе.
Кандак сьвята Праабражэньня Гасподняга, глас 7
- На гары праабразіўся Ты,
- і вучні Твае бачылі славу Тваю, Хрысьце́ Божа, наколькі маглі ўспрыня́ць яе,
- каб, убачыўшы Цябе расьпінаемага,
- зразумелі, што мукі Твае дабравольныя,
- і сьвету прапаведалі,
- што Ты сапраўды ёсьць Ойчае зьзяньне.
Задастойнік сьвята Праабражэньня Гасподняга
- Велічай, душа мая, Госпада, які праабразіўся на Фаворы. Нараджэньне зь Цябе было цнатлівым: Бог выйшаў з Твайго ўлоньня, зьявіўся на зямлі ў плоці і жыў зь людзьмі. Таму Цябе, Багародзіца, мы ўсе велічаем.
Трапар сьвята Перамяненьня Гасподняга (тон 7).
- Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім славу Тваю, наколькі яны маглі ўспрыняць. Хай зазьзяе і нам, грэшным, сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, слава Табе!
Кандак сьвята Перамяненьня Гасподняга (тон 7).
- Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, і вучні Твае ўбачылі славу Тваю, наколькі ім магчыма было, каб пасьля, убачыўшы Цябе ўкрыжаванага, маглі зразумець дабравольныя Твае цярпеньні і сьвету аб’явіць, што Ты – сапраўды зьзяньне Айца.
Задастойнік сьвята Перамяненьня Гасподняга
- Блаславі, душа мая, Госпада, які перамяніўся на гары.
- Ірмас (тон 4). Тваё сынараджэньне нятленным было: Бог выйшаў з улоньня Твайго і, зьявіўшыся на зямлі як чалавек, пажыў сярод людзей. Дзеля гэтага мы ўсе, Багародзіца, Цябе ўзьвялічваем.[2]
Рыма-каталіцкая традыцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Рыма-Каталіцкім касьцёле сьвята ўсталяванае ў 1456 годзе папам Калістам ІІІ у гонар перамогі хрысьціянскай (праваслаўна-каталіцкай) кааліцыі над туркамі пад Бялградам у 1456 годзе. У сучасным рыма-каталіцкім календары сьвяту надаецца меншае значэньне, але яно шырока сьвяткуецца ў праваслаўных Цэрквах (19 жніўня), у армянскай Царкве і ва ўсходніх каталіцкіх Цэрквах.
- ^ а б в а. Аляксандар Надсан "Выбраныя Сьвяточныя Службы. Перамяненьне Госпада, Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста. Усьпеньне Найсьіяцейшае Багародзіцы" Выдавецтва "Божым Шляхам" 1996, ст. 4
- ^ а. Аляксандар Надсан "Выбраныя Сьвяточныя Службы. Перамяненьне Госпада, Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста. Усьпеньне Найсьіяцейшае Багародзіцы" Выдавецтва "Божым Шляхам" 1996