Паўстаньне 1863 году на Пружаншчыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паўстаньне 1863 року на Пружаншчыне
Міхал Эльвіра Андрыёлі. «Паўстанцкі бой» (1895)
Дата: зіма — восень 1863
Месца: Пружанскі павет, Расейская імпэрыя
Вынік: перамога расейцаў
Супернікі
Польскія і літоўскія паўстанцыСьцяг Расеі Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Сьцяг Вялікага Княства Літоўскага Канстанцін Каліноўскі
Сьцяг Вялікага Княства Літоўскага Валеры Ўрублеўскі
Сьцяг Расеі Аляксандар II
Сьцяг Расеі Міхаіл Мураўёў

Паўста́ньне 1863 го́ду на Пружа́ншчыне — вайсковыя дзеяньні паўстанцкіх аддзелаў з Царства Польскага, а пасьля таксама ўласных фармаваньняў і аддзелаў з суседніх паветаў Гарадзенскай губэрні, у склад якой уваходзіў Пружанскі павет. На той час ягоная тэрыторыя займала землі сучасных Пружанскага, часткі Бярозаўскага і Камянецкага раёнаў Берасьцейскай вобласьці, а таксама Гайнаўскага павету Падляскага ваяводзтва (Польшча).

Яшчэ да выданьня маніфэсту Літоўскага правінцыйнага камітэту вайсковыя дзеяньні на тэрыторыі павету распачалі польскія аддзелы Рамана Рагінскага, Станіслава Сангіна і Браніслава Рыльскага, якія імкнуліся такім чынам распаўсюдзіць паўстаньне далей на ўсход. Першыя ўласныя аддзелы ў Гарадзенскай губэрні пачалі стварацца ў сакавіку — красавіку 1863 року. Найбольшую актыўнасьць у Пружанскім павеце праявілі аддзелы Ўрублеўскага. Уласны аддзел сфармаваў пружанскі памешчык Фэлікс Улодак, зь якім пазьней прыняў удзел у Мілавідзкай бітве. Дзейнічалі аддзелы з суседніх Ваўкавыскага, Слонімскага, Гарадзенскага паветаў.

Касьцяк паўстаньня склала дробная шляхта і жыхары мястэчак. У Гарадзенскай губэрні адсотак сялянаў сярод удзельнікаў паўстаньня быў большым, чым ва ўсіх іншых беларускіх губэрнях. Аднак шырокае падтрымкі дабіцца не атрымалася з прычыны перавагі «белых» і антыпольскай прапаганды расейскага ўраду.

На задушэньне паўстаньня былі кінутыя вялізныя сілы. За карнымі апэрацыямі на Гарадзеншчыне асабіста сачыў віленскі генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў, які за сваю жорсткасьць у задушэньні паўстаньня атрымаў мянушку «вешальнік». У насельніцтва ладзіліся ператрусы ў мэтах пошуку паўстанцкай зброі; за дапамогу паўстанцам або падазраваных ва ўдзеле шляхцічаў высылалі з краю, а іхняя маёмасьць сэквэстравалася.

Да канца 1863 паўстаньне на Пружаншчыне было задушанае. Пасьля гэтага распачалася палітычная рэакцыя і татальная маскалізацыя, усталяваўся рэжым выключных законаў.

Абвяшчэньне паўстаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паўстаньне 1863—1864 гадоў
Маніфэст Часовага нацыянальнага ўраду

21 студзеня [ст. ст. 10 студзеня] 1863 Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве выдаў маніфэст з заклікам да паўстаньня. У адмысловай адозьве да насельніцтва Літвы і Беларусі Цэнтральны камітэт ад імя Часовага нацыянальнага ўраду заклікаў падтрымаць паўстаньне, якое пачалося ў Польшчы ў ноч на 23 студзеня.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі паўстаньне рыхтаваў Літоўскі правінцыйны камітэт, які стварыў гарадзенскую, менскую, наваградзкую, беластоцкую і іншыя рэвалюцыйныя арганізацыі. Гурткі дзейнічалі ў Берасьці, Слоніме, Ваўкавыску, Пружанах, Кобрыні[1]. Атрымаўшы першую вестку пра пачатак паўстаньня ў Польшчы, 1 лютага ЛПК зьвярнуўся да насельніцтва Літвы і Беларусі з маніфэстам, які паўтараў асноўныя палажэньні маніфэсту і дэкрэтаў Часовага нацыянальнага ўраду.

Хада паўстаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб паўстанцаў: Польшча, ВКЛ і Ўкраіна

Першыя аддзелы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аднак першыя паўстанцкія аддзелы на Пружаншчыне зьявіліся яшчэ да адозвы Літоўскага правінцыйнага камітэту, у канцы студзеня 1863. Некаторыя польскія камандзіры, якія імкнуліся распаўсюдзіць паўстаньне на ўсход, рухаліся на Гарадзенскую, Менскую губэрні і далей. Такім чынам на Пружаншчыне дзейнічалі аддзелы пад кіраўніцтвам Рамана Рагінскага, Станіслава Сангіна і Браніслава Рыльскага[2]. Найбольш пасьпяхова дзейнічала злучэньне Рагінскага. Пасьля паразы пад Сямятычамі яно, нягледзячы на перасьлед праціўніка, здолела праз Пружанскі павет дайсьці да Менскай губэрні, робячы рэйды па вёсках.

11 лютага [ст. ст. 30 студзеня] 1863 каля вёскі Каралёў Мост Пружанскага павету адбылася сутычка аддзелу Рагінскага з расейскімі войскамі пад камандаваньнем флігель-ад’ютанта Носьціца і падпалкоўніка Вімберга ў складзе 5 ротаў Пскоўскага палку, 3 ротаў Рэвельскага палку, казакаў 24 Данскога палку і 4 гарматаў. Сілы былі няроўныя, частка паўстанцаў вымушаная была адступіць назад у Польшчу, астатнія са стратамі схаваліся ў пушчы. Як паведамлялася ў афіцыйным данясеньні, «з шайкі загінула 12 чалавек, патанулі 5, узятыя ў палон 4 і на другі дзень 16»[3].

Аднак ужо назаўтра, 12 лютага [ст. ст. 31 студзеня] , аддзел паўстанцаў з 200 чалавек, узброеных ружжамі, пісталетамі, кінжаламі, захапіў мястэчка Шарашова, дзе быў прыхільна сустрэты местачкоўцамі. Тут паўстанцы прыдбалі паўкажушкі, боты, вопратку і, узяўшы 93 рублі казённых грошай у сельскім праўленьні, рушылі ў кірунку да Пружанаў[2].

13 лютага [ст. ст. 1 лютага] Пружаны без аніякага супраціву былі ўзятыя аддзелам Сангіна і Рагінскага з 100 чалавек. Жыхары места прыхільна паставіліся да паўстанцаў, а ўлады ня здолелі даць ім адпор. Начальнік пружанскай каманды ўнутранай варты ўцёк, пераапрануўшыся ў сялянскае адзеньне. З цэйхгаўза паўстанцы забралі ўсю зброю, амуніцыю, патроны. У казьне ўзялі 10 808 руб., выпусьцілі з турмы ўсіх вязьняў і напалі на кватэру гараднічага. Меркавана гэты напад на казначэйства стаўся першым у часе паўстаньня, таму яно і так званая «белая турма» ахоўваліся адно інваліднай камандай на чале з паручнікам Платонам Галаўнёй. Ужо празь пяць дзён Міністэрства фінансаў прыняло загад аб адпаведнай ахове ўсіх дзяржаўных фінансавых установаў[4]. У доме фэльдмаршала (верагодна, Палацык) была зладжаная сустрэча каліноўцаў зь мясцовай шляхтай і купцамі; дабраахвотнікамі ў паўстанцы запісаліся некалькі шляхцічаў. Па рашэньні Польскага нацыянальнага ўраду павятовым начальнікам быў прызначаны Міхал Жукоўскі, які меў маёнтак Лукомер каля Малечу[3], а памочнікам — Мэдард Скачынскі з Галенаў[5].

Адсюль частка паўстанцаў на чале з Станіславам Сангіным і Браніславам Рыльскім накіравалася назад на Сямятычы, аднак 15 лютага [ст. ст. 3 лютага] яны былі разьбітыя пад в. Рэчыца Пружанскага павету. Сангін у гэтым баі загінуў, а Рыльскі з 9 паўстанцамі трапіў у палон.


« 3 февраля. Дело при ферме Речице, Пружанскаго уезда. Русский отряд состоял из 2-ой стрелковой и 3 и 7 линейной рот Псковскаго полка с казаками, под командою подп. Вимберга. Убито 2, ранено 3. Состав шайки до 250 чел. Начальник ея Рыльский (он убит). Убито 83 чел., ранено 34, в плен взято 14. »

—З афіцыйнае хронікі, Лідзкі летапісец. Валер Антоні Урублеўскі ў паўстанні 1863-1864 гг.

Рагінскі праз Кобрынскі павет рушыў углыб Палесься, маючы намер узьняць на паўстаньне мясцовых сялянаў і шляхту. 25—26 лютага ягоны аддзел пацярпеў паразу пад Боркамі (цяпер у Ганцавіцкім раёне) ад царскага падразьдзяленьня пад камандаваньнем Альбертава. Канчаткова паўстанцы былі разьбітыя ў Слуцкім павеце, дзе іх урэшце здолелі дагнаць расейскія войскі. 3 сакавіка Раман Рагінскі трапіў у палон у маёнтку шляхціца Млынскага каля Турава[6].

Уласныя аддзелы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Валеры Антоні Ўрублеўскі

Першыя аддзелы ў Гарадзенскай губэрні пачалі стварацца толькі ў сакавіку-красавіку 1863. Сыгналам для выступу зьяўляліся вусныя або пісьмовыя загады, якія перадавалі сябрам паўстанцкай арганізацыі[7]. На ўзбраеньні меліся паляўнічыя стрэльбы, косы, пікі і дубінкі.

Аддзел Урублеўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтрам паўстанцаў была Белавеская пушча. Тут знаходзіўся цэнтралізаваны штаб, а таксама найбуйнейшы паўстанцкі аддзел (да 400 чалавек), створаны начальнікам Сакольскай егерскай школы Валерыем Урублеўскім[7]. У яго склад увайшлі вучні егерскай школы і мясцовая варта Белавескай пушчы. Аддзел падзяляўся на дзьве роты па 200 чалавек, якія ў сваю чаргу падзяляліся на дзясяткі. З усіх толькі 230 чалавек было ўзброена паляўнічымі стрэльбамі, а астатнія косамі. Сам Урублеўскі атрымаў пасаду начальніка штаба ўсіх паўстанцкіх сілаў, аддзелам камандаваў Ануфры Духінскі, а конную групу ачольваў Казімер Кабылінскі.

Першы бой аддзелу адбыўся 29 красавіка [ст. ст. 17 красавіка] пад Пілатоўшчынай або Валіламі ў Сакольскай (Крынскай) пушчы. Паўстанцы атрымалі цяжкую паразу і ўцяклі, пакінуўшы вазы, скарб, афіцыйную пячатку ваяводы Духінскага і 32 чалавекі забітымі[8]. Аднак неўзабаве аддзел атрымаў падмацаваньне, потым пад націскам карнікаў перайшоў у Пружанскі і Ваўкавыскі паветы, дзе працягнуў барацьбу.

Аддзел Влодэка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20 красавіка быў сфармаваны паўстанцкі аддзел каля карчмы Пінак у ваколіцах Сяльца. Яго дзеяньнямі кіраваў шляхціц Фэлікс Улодак (мянушкі Шчасны, Самуха, Зьдзяхоўскі), які меў маёнткі Кабакі ў Пружанскім і Матыкалы ў Берасьцейскім паветах. Пасьля паўстаньня яны былі канфіскаваныя. Аддзел Улодка налічваў каля 100 чалавек і дзейнічаў на тэрыторыі цяперашніх Пружанскага, Бярозаўскага, Янаўскага раёнаў. Харчаваньне куплялі або забіралі ў сялянаў. Так пра гэта казаў удзельнік аддзелу Ўлодка адстаўны падпаручнік Станіслаў Трамбіцкі:


« Что же касается до пищи, то шайка её доставала следующим образом: что откомандировывались небольшие отряды в ближайшие деревни и забирали там что только находили съестного, и таким образом пропитывались со дня на день. »

—Станіслаў Трэмбіцкі, Радкевіч versus Каліноўскі? — часть четвёртая.

21 траўня 1863 року браў удзел у бітве пад Мілавідамі.

Аддзел Яна Ваньковіча (псэўданім Ляліва), які дзейнічаў пачаткова на Падляшшы, а потым перайшоў у Кобрынскі павет, перайшоў на Пружаншчыну. 13 чэрвеня [ст. ст. 30 траўня] 1863 за некалькі кілямэтраў ад Чорнага возера, непадалёк ад в. Пескі, іхні аб’яднаны аддзел прыняў бой з царскімі войскамі (2 роты пяхоты і некалькі дзясяткаў казакаў). Пасьля гэтага адышоў у Пінскі павет[6].

Аддзел Стравінскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ваўкавыскі паўстанцкі аддзел на чале з паручнікам Мурамскага пяхотнага палку Густавам Стравінскім утварыўся ў асноўным зь сялянаў, моладзі, дробнай шляхты і аднадворцаў мястэчка Лыскава ды вакольных вёсак. Аддзел налічваў 136 чалавек і падзяляўся на стралкоў, касінераў і коньнікаў[9].

Стравінскі правёў 2 траўня пасьпяховую бітву з царскімі войскамі ў Міхалінскіх лясох ля Бярозы-Картускай, браў удзел у Мілавідзкай бітве. Пэўны час пры ягоным аддзеле знаходзіўся галоўны штаб паўстанцаў Гарадзенскай губэрні[10].

Іншыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ноч з 2 на 3 траўня 1863 паўстанцкі аддзел быў створаны з жыхароў мястэчка і маёнтка Сялец, места Пружаны і яшчэ некалькіх мястэчак. Дысьлякаваўся каля Сяльцу. Пружанскі павятовы военачальнік даносіў камандаваньню, што перасьледаваць гэтыя аддзелы бязь веданьня мясцовасьці немагчыма[11].

Баявыя дзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пружанскі павет у складзе Гарадзенскай губэрні (1820)
Мапа бітваў паўстаньня на тэрыторыі Беларусі, Летувы і Ўкраіны

2 траўня 1863 аддзел з 60 чалавек напаў на паштовую станцыю Свадзьбічы, у выніку чаго захапілі 18 коней і зброю. Пасьля 12 траўня атакавалі Бярозаўскую заставу, зьнішчылі шлягбаўм, забралі казённыя грошы, дакумэнты, затрымалі абоз. Супраць паўстанцаў была накіраваная восьмая рота Рэвельскага пяхотнага палку і 30 казакаў. У сутычцы каля мястэчка Сялец паўстанцы пацярпелі значныя страты.

13 траўня ля в. Смалярка адбыўся бой паўстанцаў Ф. Улодка з расейскімі войскамі[1].

14—15 траўня ў Міхалінскіх лясох, ля в. Міхалін адбыўся бой паўстанцаў Густава Стравінскага («Млотка») з расейскімі войскамі. Дапамога, што падасьпела, уратавала царскія войскі ад разгрому[1].

22 траўня адбылася бітва пад Мілавідамі. Тут сабраліся 5 аддзелаў паўстанцаў агульнай колькасьцю каля 800 чалавек:

Агульнае камандаваньне зьдзяйсьняў Ляндэр (палкоўнік Лянкевіч). Паўстанцам супрацьстаялі 5 ротаў жаўнераў з 4 гарматамі. Цягам некалькіх гадзінаў царскія войскі ня здолелі ўзяць лягер, адступіўшы зь вялікімі стратамі. Уначы паўстанцы неўпрыкмет пакінулі лягер.

23 траўня на Пружаншчыну прыйшоў аддзел паўстанцаў з Ваўкавыскага павету. У в. Броўск яны адабралі ў лесьніка зброю, 30 траўня ва ўрочышчы Броўск спалілі канцылярыю лясьніцтва, узялі казённыя грошы і адышлі ў Ваўкавыскі павет.

Тадэвуш Айдукевіч. Эпізод паўстанцкага бою (1875)

4 чэрвеня [ст. ст. 24 траўня] 1863 адбылася жорсткая сутычка аддзелу пад кіраўніцтвам пружанскага шляхціца Ўлодка «Шчаснага» з расейскім войскам ля вёскі Ласасін. Паўстанцы пацярпелі цяжкія страты: 40 чалавек забітымі. Урублеўскі з часткаю аддзелу здолеў вырвацца з акружэньня[15]. Пасьля бою казакі налічылі на адным левым флянгу 127 забітых, у палон быў узяты беластоцкі памешчык Рафал Карыцкі.

24 траўня адбыўся вялікі бой у Ружанскай пушчы, дзе батальён Неўскага пяхотнага палку атакаваў частку аддзелу Лянкевіча, якая ня ўдзельнічала ў Мілавідзкай бітве, і нанёс ёй адчувальныя страты[16].

8 чэрвеня адбыўся бой з расейцамі над ракой Сьцярцежай у Ружанскай пушчы. Духінскі быў адрэзаны ад асноўнай часткі аддзелу Ўрублеўскага, і апошні тройчы вадзіў жаўнераў у атаку, каб адбіць Духінскага. Пасьля пасьпяховага наступу паўстанцы адышлі, забіраючы параненых[8].

У сярэдзіне чэрвеня да аддзелу Ўрублеўскага далучыліся сілы Аляксандра Лянкевіча і Густава Стравінскага з Ваўкавыскага і Гарадзенскага паветаў. Неўзабаве аддзел перанёс лягер зь Пераезьдзіка ў Вялікі Кут.

Уночы з 14 на 15 чэрвеня аддзел Ануфрыя Духінскага разьмясьціўся на старой базе ваўкавыскага аддзелу. 15 чэрвеня [ст. ст. 2 чэрвеня] 1863 коньнікі Казімера Кабылінскага з гэтага аддзелу ўварваліся ў Ружаны з боку Слоніма. Напачатку схапілі камэнданта, адабралі зброю і 65 рублёў 12 капеек. Пасьля, акружыўшы кашары, паранілі 4 жаўнераў, забралі 22 карабіны, 903 набоі, значную частку амуніцыі і іншыя рэчы. У канцылярыі зьнішчылі афіцыйныя паперы і архівы[17].

15 чэрвеня зь лягеру на захад ваяводзтва выправіліся 96 паўстанцаў на чале зь Юльянам Эйтміновічам, 16 чэрвеня — 56 чалавек Лянкевіча. Удзень 16 чэрвеня [ст. ст. 3 чэрвеня] 1863 да лягеру наблізіліся ворагі, што гналіся за Кабылінскім і яго людзьмі. Ля мястэчка Лыскава паўстанцы на чале з Урублеўскім аказалі моцны супраціў маскоўцам[16], якія вымушаныя былі адысьці, пакінуўшы 11 чалавек забітымі і 17 параненымі. У паўстанцаў загінуў Пётар Радавіцкі і трое параненыя.

Касінеры

Аддзел Стравінскага ля вёскі Пашкоўскія Астраўкі Ваўкавыскага павету злучыўся з групай Засуліча і аддзелам пружанца Шчаснага. 9 жніўня на аддзел нечакана напалі карнікі. Ня маючы штыкоў, паўстанцы адышлі пад прыкрыцьцём 40 стралкоў. Неўзабаве Шчасны зьехаў у Царства Польскае, а рэшткі аддзелу ўзначаліў Ільдэфонс Хадакоўскі[18].

15 жніўня камандзір паўстанцаў Духінскі атрымаў адстаўку і выехаў за мяжу. Пасьля гэтых падзеяў Урублеўскі на прапанову Кастуся Каліноўскага быў афіцыйна прызначаны камандуючым усімі ўзброенымі сіламі Гарадзенскай губэрні. Ягоны аддзел зьмяніў тактыку, падзяліўшыся на драбнейшыя аддзелы па 20—30 чалавек. На поўначы Ваўкавыскага павету дзейнічаў «Янка з-пад Гародні», на поўдні — «Юзік зь Беластоку» (Засуліч) з аддзелам на 120 чалавек; да Шарашова пайшоў «Марэль», у Белавескую пушчу — «Галабурда»; група з 60 чалавек на чале з Вашкевічам рушыла ў Бельскі, яшчэ 60 чалавек на чале з Талкінавым — у Сакольскі павет. Камандзіры атрымалі інструкцыю выкарыстоўваць любую магчымасьць для абнародаваньня мясцовым жыхарам маніфэсту Нацыянальнага ўраду.

У канцы жніўня царскія ўлады прадпрынялі меры па пошуку і разгроме аддзелу Ўрублеўскага. У Пружанскім павеце Белавескую пушчу і вакольныя лясы прачэсвалі жаўнеры Стараінгерманляндзкага пяхотнага, Пскоўскага, Курляндзкага палкоў зь места Сьвіслач, а таксама Пружанскі пяхотны полк ды Белавескі 3-і стралковы батальён[9]. 30 жніўня паўстанцы былі насьцігнутыя ля в. Глыбокі Кут і на працягу гадзіны разьбітыя; страціўшы 31 чалавека забітымі і 2 паланёнымі, аддзел Урублеўскага адышоў у Белавескую пушчу, схаваўшыся на балоцістай высьпе пад Чадзелем. Аднак хутка і гэтая схованка была выкрытая, пасьля чаго было вырашана ў бой з расейцамі не ўступаць і адысьці далей[19]. У калёніі Папялёў аддзел падзяліўся. Група з 120 паўстанцаў Густава Стравінскага, зь якой знаходзіўся й штаб Гарадзенскага ваяводзтва з Духінскім і Ўрублеўскім, рушыла на поўнач Ваўкавыскага павету і спынілася ва ўрочышчы Масьцішча ў Сьвіслацкай пушчы; Урублеўскі накіраваўся на Горбач. Аддзел Стравінскага неўзабаве быў распушчаны, а сам кіраўнік зьехаў за мяжу.

Застаўшыся адным з апошніх дзейных камандзіраў, Валеры Ўрублеўскі зноў вярнуўся ў Белавескую пушчу праз Боркі[19]. Выкрыты пад Гарадзечна аддзел здолеў 12 верасьня прарваць акружэньне каля вёскі Рудня Ваўкавыскага павету і сысьці ў кобрынскія лясы[20].

Напрыканцы лета Нацыянальны ўрад прызнаў, што працягваць паўстанцкія дзеяньні ў заходніх расейскіх губэрнях немэтазгодна. 28 жніўня быў выдадзены загад пра спыненьне вайсковых дзеяў дзеля таго, каб аднавіць змаганьне ўвесну наступнага року[7]. Удзельнікі паўстаньня на зімовы пэрыяд мусілі сканцэнтравацца ў Каралеўстве Польскім. Частка паўстанцаў прабралася ў Горацкія лясы Кобрынскага павету або ў Берасьцейскі павет, дзе працягвала змаганьне з намерам пераправіцца праз Буг, але большасьць касінэраў вярнуліся ў свае вёскі і мястэчкі. Гэтаму таксама паспрыяў маніфэст ураду з абяцаньнем памілаваць удзельнікаў паўстаньня, якія добраахвотна зьявяцца да мясцовых уладаў. Акрамя таго, як зазначаў у рапарце гарадзенскаму губэрнатару 19 верасьня пружанскі павятовы военачальнік, многія паўстанцы пачалі вяртацца дадому з тае прычыны, што ім усё цяжэй здабываць харчаваньне ад насельніцтва ў сувязі са сталым перасьледам войскамі ды стварэньнем пастаяннай сельскай варты[21].

Апошні бой аддзел Урублеўскага правёў 28 кастрычніка, пасьля чаго, уцякаючы ад карнікаў, перайшоў у Люблінскую губэрню. Ягоныя паўстанцы правялі на тэрыторыі Гарадзенскай губэрні 58 баёў з расейскімі войскамі[22].

Увосень арганізаваная ўзброеная барацьба на тэрыторыі беларускіх паветаў Гарадзенскай губэрні спынілася.

Паўстанцкая ўлада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адозва паўстанцкага ўраду ў Варшаве да сялянаў

На тэрыторыі, ахопленай паўстаньнем, усталёўвалася рэвалюцыйная ўлада. Замест губэрняў ствараліся ваяводзтвы, якія тэрытарыяльна супадалі з губэрнямі. Выключэньнем стала Гарадзеншчына, якая была падзеленая на паўночнае і паўднёвае ваяводзтвы. Асобнай адзінкай стаў Наваградзкі павет, вылучаны са складу Менскай губэрні і непасрэдна падначалены Вільні.

У паўночных (Беластоцкім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім, Сакольскім і Слонімскім) паветах ваяводзкім быў прызначаны паплечнік Кастуся Каліноўскага Эразм Заблоцкі, у паўднёвых (Бельскім, Берасьцейскім, Кобрынскім і Пружанскім) — памешчык Апалін Гафмейстар[23], начальнікам Наваградзкага павету — шляхціч Канстанцін Кашыц[7], сын паўстанца 1830—31 рокаў Юзэфа.

На чале кожнага павету стаялі павятовыя, на чале акругаў — акруговыя. Гэтыя пасады займаліся цывільнымі справамі ў межах сваіх адміністрацыйных адзінак.

Вайсковымі дзеямі ў ваяводзтвах кіравалі ваенныя начальнікі, у ваяводзтвах былой Гарадзенскай губэрні гэтую пасаду сьпярша займаў Валеры Ўрублеўскі.

Падчас рэйдаў па вёсках паўстанцы зьбіралі жыхароў ваколіцаў, знаёмілі іх з маніфэстам Часовага ўраду, пісалі акт пра перадачу зямлі ва ўласнасьць сялянаў, прыводзілі іх да прысягі, пасьля чаго рухаліся далей. Пастаянны перасьлед царскімі войскамі вымушаў паўстанцаў абмяжоўвацца толькі дэклярацыяй новага парадку. Ажыцьцяўляць новыя законы не было часу[7].

Цывільныя ахвяры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама: Штылетнікі

Вядомыя выпадкі, калі паўстанцы каралі сьмерцю праваслаўных сьвятароў, якіх называлі «схізматыкамі».

Адным з найбольш вядомых выпадкаў на Пружаншчыне стала забойства ярэя Рамана Рапацкага, які служыў настаяцелем прыходу ў вёсцы Котра. 3 ліпеня 1863 року яго схапілі на сенакосе і павесілі на грушы, пасьля чаго адзін з паўстанцаў стрэліў яму ў грудзі. Побач зь ім быў павешаны мясцовы селянін Канстанцін Швэд за тое, што паведамляў уладам месцазнаходжаньне паўстанцаў[24]. У віленскім Прачысьценскім саборы захоўваецца памятная дошка зь пералікам 349 ахвяраў паўстаньня, дзе Раман Рапацкі значыцца адным зь першых[25].

У Лыскаве на рынкавым пляцу памешчык Засуліч з паўстанцаў застрэліў настаўніка народнае вучэльні Фрыдрыха Вішгальца за тое, што выкладаў па-расейску і ня зьняў партрэты імпэратарскіх асобаў. Цела ягонае праляжала там тры дні, бо паўстанцы забаранілі чапаць і хаваць забітага пад пагрозай сьмерці. Толькі на чацьверты дзень удава Вішгальца здолела пахаваць мужа на полі за мястэчкам, як загадаў кіраўнік паўстанцкага аддзелу, мясцовы памешчык Зьдзіслаў Быхавец: «Закапай там, дзе сабакі скавычуць»[24].

Стаўленьне насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артур Гротгер. «Вітаньне паўстанца» (1866)

У Гарадзенскай губэрні, часткай якое зьяўляўся Пружанскі павет, рэвалюцыйны рух дасягнуў найбольшага размаху на тэрыторыях былога Вялікага Княства Літоўскага[1]. Касьцяк паўстаньня склалі жыхары мястэчкаў — дробныя чыноўнікі, інтэлігенцыя, рамесьнікі, навучэнцы, — сярод якіх падрыхтоўчая праца вялася ўжо з пачатку 60-х рокаў, былі загадзя створаныя падразьдзяленьні.

Арганізатарам паўстаньня Кастусю Каліноўскаму і Валеру Ўрублеўскаму ўдалося падняць на барацьбу сялянаў губэрні, і паўстанцы карысталіся шырокай падтрымкай сялянаў. Яны былі фуражырамі, выведнікамі, праважатымі для паўстанцаў. Асаблівую радушнасьць адзначалі паплечнікі Ўрублеўскага сялянаў вёсак Лыскава, Мілавіды і Крынкі[8].

У вайсковых дзеях зь сялянаў найболей удзельнічалі безьзямельныя і малазямельныя шляхцічы, аднадворцы. У Гарадзенскай губэрні паўстаньне падтрымаў найбольшы адсотак дзяржаўных сялянаў сярод беларускіх губэрняў (каля 20%). Памеснае дваранства разам зь сьвятарамі складалі толькі каля 6% удзельнікаў паўстаньня. Збольшага дваранства аказвала матэрыяльную дапамогу. Сярод духавенства паўстаньне падтрымалі ў асноўным каталіцкія сьвятары; пратэстанцкае, мусульманскае і юдэйскае духавенства да ідэяў паўстаньня ставілася абыякава. Дапамога сьвятароў заключалася найчасьцей у забесьпячэньні аддзелаў, агітацыі і вярбоўцы мясцовага насельніцтва. Так, у аддзел Урублеўскага народ заклікаў ксёндз Валіцкі з Сакольскага павету, у аддзелы Улодака і Ўрублеўскага ўваходзіў ксёндз Манюшка[26].

Тым ня менш, абмежаваная праграма паўстаньня і прыход да кіраўніцтва «белых» выключалі магчымасьць шырокага ўдзелу ў ім сялянства Беларусі і Літвы. Недавер у сялянаў выклікаў факт падтрымкі паўстаньня з боку мясцовых польскіх памешчыкаў, абмежаваная праграма яго кіраўнікоў, лёзунг аднаўленьня польскай дзяржавы. Да таго ж улады і праваслаўная Царква распаўсюджвалі ілжывыя чуткі, быццам польскія памешчыкі паўсталі супраць расейскага цара за тое, што ён вызваліў сялянаў з прыгону, і імкнуцца аднавіць прыгонны лад[27]. Актыўнасьць афіцыйнае прапаганды, дазвол часоваабавязаным сялянам выкупляць зямлю з 1 траўня вызначылі пазыцыю сялянства. Ужо ў першы летні месяц пачалося актыўнае стварэньне ўзброеных вясковых каравулаў, кожны зь якіх складаўся з 60—100 сялянаў на чале з унтэр-афіцэрам кадравых войскаў[28].

Задушэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артур Гротгер. «На пабоішчы» (1863)

Яшчэ ў лютым 1863 у Гарадзенскай губэрні было ўведзенае вайсковае становішча. У насельніцтва рабілі ператрусы, шукалі зброю. У лясох рабілі прасекі, каб аблегчыць пошук паўстанцаў[21].

Артур Гротгер. «Паход на Сыбір» (1867)

У разгар паўстаньня віленскім генэрал-губэрнатарам стаў Міхаіл Мураўёў, атрымаўшы ад цара надзвычайныя паўнамоцтвы і рэгулярнае войска колькасьцю 318 рот жаўнераў (па розных падліках ад 90 да 145 тысячаў чалавек[1]), 48 кавалерыйскіх швадронаў і 18 казацкіх соцень[7] або 60 казацкіх соцень[1], ад 120[7] да 146[1] палявых гарматаў. 10 траўня ён падпісаў цыркуляр, паводле якога дазвалялася накладаць грашовую кантрыбуцыю на тых жыхароў Заходняга краю, што не паведамілі пра перамяшчэньні паўстанцаў[29]. Насельніцтву, за выняткам сялянаў, было забаронена без дазволу ўладаў адыходзіць ад месца свайго жыхарства далей, чым на 30 вёрстаў; па падазрэньні ва ўдзеле ў паўстаньні шляхцічаў высылалі з краю.

Зь лета 1863 мясцовае кіраўніцтва стала даволі пасьпяхова выкрываць тых, каго падазравалі ў сувязях з паўстанцамі. У Пружанах дзейнічала адмысловая вайсковая камісія па разглядзе справаў мяцежнікаў, якая разьмяшчалася ў доме Кярсноўскага на вул. Новасялецкай. Падазраваных было столькі, што для іхняга ўтрыманьня, акрамя астрогу, былі занятыя яшчэ тры прыватныя дамы[19].

Калі да ўраду дайшлі чуткі пра тое, што паўстанцы маюць намер распусьціць аддзелы на зіму, а ўвесну працягнуць паўстаньне, Мікалай Мураўёў выдаў загад праводзіць пільныя ператрусы ў насельніцтва з мэтай выяўленьня зброі. Для пошукаў Урублеўскага на загад віленскага генэрал-губэрнатара, які асабіста сачыў за карнымі апэрацыямі на Гарадзеншчыне, была створаная адмысловая група зь лясных аб’езьнікаў.

Уласьнік Пружаны Валенці Швыкоўскі захоўваў у сваёй сядзібе паўстанцкую зброю

Жорстка каралася насельніцтва, якое спачувала паўстанцам. Напрыклад, за дастаўку прадуктаў паўстанцам раніцай 20 верасьня [ст. ст. 8 верасьня] расейскія жаўнеры акружылі вёску Піняжкі. У прысутнасьці мясцовых памешчыкаў, шляхты, сялянаў быў зачытаны загад пра зьнішчэньне вёскі і высяленьне ўсіх жыхароў у аддаленыя губэрні Расеі. Усе хаты былі спаленыя, маёмасьць прададзеная з аўкцыёну, зямля перададзеная Сухопальскай вясковай грамадзе.

Паводле афіцыйных зьвестак, на Беларусі і Летуве ў баёх загінулі 5934 паўстанцы, 1361 трапілі ў палон. 128 чалавек было пакарана сьмерцю, выслана на катаргу 853, адпраўлена ў Сыбір на пасяленьне 504 чалавекі і 825 чалавек выслана з пазбаўленьнем усіх правоў. 320 удзельнікаў паўстаньня былі адпраўлены шарагоўцамі ў войска, 767 — у арыштанцкія роты. Адміністрацыйным парадкам з краю было выслана 7836 чалавек. Агулам было выселена з краю 12 483 чалавекі[7]. Маёмасьць пакараных канфіскоўвалася, а высланых — сэквэстравалася.

Дакладна невядомая колькасьць сьвятароў, якія падтрымалі паўстаньне: гэтыя зьвесткі розьняцца ў розьных дасьледнікаў. Паводле дасьледаваньня В. М. Зайцава, у Гарадзенскай губэрні было пакарана 62 каталіцкія і 4 праваслаўныя сьвятары; дасьледніца С. М. Байкова называе 49 прадстаўнікоў духавенства, якія наўпрост або ўскосна дапамагалі паўстанцам[26].

Насіць жалобу па забітых было забаронена, перасьледавалася выкарыстаньне «паўстанцкай сымболікі» (мэталёвыя спражкі з гербамі Польшчы й ВКЛ).

Падчас ссылкі ў Іркуцку. Зьлева направа: Мар’ян Дубецкі(pl), Генрык Вольф, Бэнэдыкт Дыбоўскі, Фэлікс Зянковіч, Лявон Дамброўскі

За дапамогу паўстанцам пружанскі маршалак Валенці Швыкоўскі быў пазбаўлены ўласнае сядзібы і правёў у выгнаньні за мяжой чатыры рокі. У 1867 прысуд яму скасаваны, і ён здолеў вярнуцца на радзіму. У 2003 року ў пружанскім парку ля палацыку было знойдзенае вялікае сховішча зброі, якая, як мяркуецца, належала паўстанцам. Юзэф Ігнацы Крашэўскі быў пазбаўлены права жыць у краі як «небясьпечны для палітычнага парадку»[30]. Адам Быхавец вымушаны быў прадаць маёнткі Зэльзін і Юзэфполь, пастаўлены перад фактам іхняй канфіскацыі ў іншым выпадку[31].

Раман Рагінскі быў прыгавораны да 20 рокаў катаргі, Фэлікс Зянковіч — да 12 рокаў[32]. Флярыян Ажэшка, арыштаваны ў Пружанскім павеце ў ліпені 1863 року, быў высланы ў Томск; уладальнік маёнтку Доўгае Люцыян Крашэўскі высланы ў Кунгур Пермскай губэрні; бацька будучага мастака-пэйзажыста Станіслава Жукоўскага Юльян быў пазбаўлены свайго маёнтку Стараволя; сын уладальніка вёскі Нямковічы Севярын Пацэвіч высланы ў Сыбір[30]. Сасланы ў Заходнюю Сыбір ксёндз пружанскае павятовае вучэльні Аляксандар Грынявіцкі[26]. У турме ж пабывалі, паводле згадак паўстанцкага лекара Аляксандра Акінчыца, ці ня ўся шляхта раёну. Сярод асобаў, якія сядзелі ў зьняволеньні, згаданыя Фэлікс Дзяконскі з Крыніцы, Люцыян Крашэўскі з Доўгага, пісар Шарашоўскай воласьці Шусьціцкі й іншыя, а таксама жанчыны й дзеці[19].

Да канца 1863 паўстаньне на Пружаншчыне было задушанае.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскі мэдаль за здушэньне паўстаньня

Пасьля задушэньня паўстанцкага супраціву распачалася палітычная рэакцыя і татальная маскалізацыя, усталяваўся рэжым выключных законаў. Баючыся ўплыву на мясцовае насельніцтва польскіх чыноўнікаў, урад забараніў апошнім набываць зямлю ў Беларусі і Літве, браць пазыкі ў банках; у навучальных установах дазвалялася толькі расейская мова. У першае дзесяцігодзьдзе па паўстаньні расейцы набылі на Пружаншчыне маёнткі Калкі, Бакуны, Дымнікі, Перасмыкі, Рэчыца, Тэўлі, Бяроза-Картуская і Нараўка; наўзамен выселеным зь Піняжкаў жыхарам таксама прыйшлі расейскія сяляне[19].

У 1865 быў створаны Часовы пружанскі камітэт для ўладкаваньня справаў праваслаўнай царквы. Па ягоным рашэньні былі зачыненыя касьцёлы ў Сяльцы і Бярозе Пружанскага павету[19]. Штрафы і кантрыбуцыі выкарыстоўваліся для будаўніцтва праваслаўных цэркваў і ўтрыманьня праваслаўнага духавенства[7]. На сканфіскаваныя ва ўдзельнікаў паўстаньня сродкі, напрыклад, была пабудаваная царква Аляксандра Неўскага ў Пружане. Каталіцкая царква ў сядзібным комплексе Стары Куплін, збудаваная ў 1834 як усыпальніца роду Крашэўскіх, была перададзеная праваслаўным. Недабудаваны Валенціем Швыкоўскім касьцёл паводле праекту італьянскага архітэктара Генрыка Марконі па паўстаньні быў адкрыты як праваслаўная Прачысьценская царква, а ксёндз Гансеўскі, які хаваў у гэтым касьцёле рэчы і зброю для паўстанцаў, быў сасланы ў Архангельскую губэрню.

Аднак рэпрэсіям падвяргаліся не адно ўдзельнікі паўстаньня. Ксёндз Г. Бычкевіч у 1864 быў сасланы ў Сыбір за вянчаньне каталіцка-праваслаўнае пары. Калі ў 1860 року ў Пружанах налічвалася 1187 вернікаў, дык у 1870 — усяго 404[19]. Агулам у другой палове XIX стагодзьдзя ў павеце засталося толькі тры каталіцкія парафіі, у той час як колькасьць праваслаўных дасягнула 19-ці[35].

З-за паўстаньня Пружана пазбавілася магчымасьці мець чыгуначнае злучэньне. Яшчэ да зьяўленьня ў Беларусі чыгунак група буйных палескіх землеўласьнікаў, сярод якіх былі князі Эдвін Друцкі-Любецкі, Уладзіслаў і Раман Сангушкі, Пётар Вітгенштайн, графы Іван Тышкевіч, Аўгуст Замойскі, Стэфан і Канстантын Патоцкія, хадайнічалі аб пракладцы чыгункі ад Беластоку цераз Пружану ў Пінск і далей на Валынь. 28 чэрвеня 1862 року цар Аляксандар II ужо даў на гэта свой дазвол. Аднак у сувязі з паўстаньнем Заходні камітэт, створаны дзеля ўзмацненьня адміністратыўнага нагляду ў краі, пераглядзеў пытаньне пра мэтазгоднасьць пабудовы чыгункі, зрабіўшы наступную выснову: яе пабудова, «не адпавядаючы меркаванай мэце, прывяла б толькі да злучэньня Заходніх губэрняў з Царствам Польскім, што зусім неадпаведна відам ураду, які імкнецца зьвязаць Заходнія губэрні чыгункай ня з Царствам Польскім, а з цэнтрам Імпэрыі». 28 траўня 1863 року гэтае рашэньне атрымала ўхвалу імпэратара[36].

Аднак, нягледзячы на паразу паўстаньня, яно аслабіла пазыцыі царызму і вымусіла пайсьці на саступкі. Скасаваньне прыгоннага права (1861) і паскарэньне аграрнай рэформы пасьля паўстаньня (скарачэньне выкупных плацяжоў на 20%, скасаваньне стану «часоваабавязаных» і да т. п.) станоўча адбіліся на эканамічным разьвіцьці Пружаншчыны[30]. У другой палове XIX стагодзьдзя адбыўся значны рост насельніцтва і павелічэньне колькасьці прыватных прадпрыемстваў.

Паўстаньне паспрыяла абуджэньню нацыянальнае сьвядомасьці беларускага народу і зрабіла велізарны ўплыў на ажыўленьне рэвалюцыйнага руху ў Эўропе[7].

Удзельнікі паўстаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Флярыян Ажэшка — урач, выпускнік Пецярбурскай мэдыка-хірургічнай акадэміі, ураджэнец Кобрынскага павету. Удзельнічаў у паўстаньні на Пружаншчыне ў складзе аддзелу Рамуальда Траўгута. 5 ліпеня 1863 арыштаваны, сасланы ў Томск, дзе пражыў да сьмерці ў 1905 р[37].
  • Аляксандар Акінчыц — шляхціч, доктар мэдыцыны. Далучыўшыся да аддзелу Стравінскага, аказваў параненым паўстанцам мэдычную дапамогу. Быў сасланы ў Сыбір, ды здолеў уцячы. Пераехаў у Францыю, дзе працягнуў лекарскую дзейнасьць. Пра свой удзел у паўстаньні напісаў мэмуары «Ўспаміны з побыту ў Расеі ў 1863 г.»
  • Уладзіслаў Акінчыц — зь нешматлікіх зьвестак вядома, што ён жыў у Пружанскім павеце і ўдзельнічаў у ваўкавыскім аддзеле паўстанцаў.
  • Станіслаў Брант (Brandt), сын уладальніка маёнтку Зэльзін Казімера Бранта.
Уваход у камэру, дзе сядзеў Рамуальд Траўгут. X павільён Варшаўскай цытадэлі
Помнік 40 паўстанцам, загінулым у баі пад Ласасінам 24 траўня 1863

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гонар паўстанцаў, палеглых у бітве пад Ласасінам 24 траўня 1863, мясцовыя жыхары паставілі на месцы пахаваньня 40 жаўнераў ва ўрочышчы Гантарыя драўляны крыж. Улады міжваеннай Польшчы ў 1928 року паставілі на гэтым месцы гранітны помнік з выбітым надпісам: «Prochom 40 powstanców polskich poległych w 1863 r. w walkach z najezdzcą. Mieszkańcy powiatu». З прыходам савецкай улады помнік быў узарваны. За нямецкім часам на магіле быў пастаўлены драўляны крыж, але ў хуткім часе партызаны сьпілавалі й яго[42]. У 1989 року група энтузіястаў (настаўнік з Клепачоў Мікалай Пянка, вясковец з Ласасіна Якуб Заяц) з дапамогай краязнаўцаў з Ружанаў (Аляксандар Пракапеня і Юры Малышэўскі) і Пружанаў (Генадзь Сарока, Язэп Машкала, Іван Здановіч) знайшлі і аднавілі помнік. Матэрыяламі і транспартам дапамаглі Пружанская ПМК і радыёзавод. Аднак у 1998 року помнік быў расстраляны з шрубалёту (побач знаходзіцца вайсковы палігон). Чарговы раз помнік адноўлены ў 2000, 8 кастрычніка таго ж року адбылося ягонае ўрачыстае адкрыцьцё і асьвячэньне з удзелам каталіцкага сьвятара з Ружанаў Януша і праваслаўнага айца Ўладзімера з Варанілавічаў[15].

Пружанскі паэт Мікола Антаноўскі прысьвяціў паўстанцам верш «Касінерам Каліноўскага», выдадзены ў ягоным зборніку «Сьвятаяньнік».

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж Эдвард Зайкоўскі. За зямлю і за волю. Культурна-асьветніцкі клюб «Спадчына». Праверана 11 кастрычніка 2011 г.
  2. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на. — С. 27
  3. ^ а б Ірына Сядова (11 чэрвеня 2011) Улица вторая. Красноармейская. Генеалогический форум ВГД. Праверана 30 лістапада 2011 г.
  4. ^ Ірына Сядова (11 чэрвеня 2011) Улица вторая. Красноармейская. Генеалогический форум ВГД. Праверана 30 лістапада 2011 г.
  5. ^ Натальля Пракаповіч. Хроніка паўстання: зіма 1863 года // Раённыя будні. — 23 лютага 2013. — № 15 (9560). — С. 5.
  6. ^ а б Павел Дайлід (люты 2010) Наш край у паўстаньні 1863—1864 гадоў (pdf). «Дзедзіч». Праверана 14 ліпеня 2012 г.
  7. ^ а б в г д е ё ж з і Паўстанне Каліноўскага (pdf) Мая пружанская зямліца. Праверана 29 сьнежня 2011 г.
  8. ^ а б в Станіслаў Суднік. Валер Антоні Урублеўскі ў паўстанні 1863-1864 гг. Частка другая // Лідскі летапісец : Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс.
  9. ^ а б Ваўкавышчына ў др. палове XIX — пач. XX ст. Исторические заметки о Волковысске. Волковыск в старых фотографиях (11 траўня 2014). Праверана 7 верасьня 2014 г.
  10. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2
  11. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на. — С. 28
  12. ^ Таксама вядомы як «Млотак».
  13. ^ Таксама вядомы як «Ляндэр».
  14. ^ Таксама вядомы як «Шчасны».
  15. ^ а б Уладзімер Крукоўскі. Двойчы расстраляныя. Адноўлены помнік паўстанцам Шчаснага // «Наша Ніва». — 2000. — № 42.
  16. ^ а б Алесь Смалянчук. Радкевіч versus Каліноўскі? // пад. рэд. А.Ф. Смаленчука з удзелам І.М. Дубянецкай. Homo Historicus. — Вільня: ЭГУ, 2008. — С. 36. — ISBN 978-9955-773-16-0.
  17. ^ Witold Karpyza. Różana // Ziemia Wołkowyska. — Lębork: 2006.
  18. ^ Алесь Смалянчук. Радкевіч versus Каліноўскі? // пад. рэд. А.Ф. Смаленчука з удзелам І.М. Дубянецкай. Homo Historicus. — Вільня: ЭГУ, 2008. — С. 38. — ISBN 978-9955-773-16-0.
  19. ^ а б в г д е ё Наталля Пракаповіч. Хроніка паўстання: восень 1863 году // Раённыя будні. — 23 кастрычніка 2013. — № 83 (9628). — С. 5.
  20. ^ Станіслаў Суднік. Валер Антоні Урублеўскі ў паўстанні 1863-1864 гг. Частка трэцяя // Лідскі летапісец : Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс.
  21. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на. — С. 29
  22. ^ Станіслаў Суднік. Валер Антоні Урублеўскі ў паўстанні 1863-1864 гг. Частка чацьвертая // Лідскі летапісец : Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс.
  23. ^ В. Ф. Шалькевич Кніга В. Шалькевіча. Культурна-асьветніцкі клюб «Спадчына». Праверана 8 красавіка 2012 г.
  24. ^ а б Диакон Гордей Щеглов. (30 лістапада 2012) Жертвы польского восстания 1863—1864 годов (рас.) Статьи. ИА Rex. Праверана 24 студзеня 2013 г.
  25. ^ Герман Шлевис. Вильнюс. Пречистенский собор (рас.) Живой колос Праверана 24 студзеня 2013 г.
  26. ^ а б в О. В. Карпович. Участие духовенства в повстанческом движении на белорусских землях в 1863 г. // Хрысьціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.. — Горадня: ГрДУ імя Я. Купалы, 2008.
  27. ^ Міхась Біч. Паўстанне 1863-1864 гг. Кастусь Каліноўскі // Гістарычны Альманах. — 2002. — Т. 6.
  28. ^ Алесь Смалянчук. Радкевіч versus Каліноўскі? // пад. рэд. А.Ф. Смаленчука з удзелам І.М. Дубянецкай. Homo Historicus. — Вільня: ЭГУ, 2008. — С. 37. — ISBN 978-9955-773-16-0.
  29. ^ Радкевіч versus Каліноўскі? — часть пятая Поразава Porozowo Порозово. Праверана 16 лютага г.
  30. ^ а б в Пружаны: экскурс у гісторыю (pdf) Мая пружанская зямліца. Праверана 16 сьнежня 2011 г.
  31. ^ Witold Karpyza. Łysków // Ziemia Wołkowyska. — Lębork: 2005.
  32. ^ а б Wasilij Wasiliew. Feliks Zienkowicz (1842—1910) // Głos znad pregoły. — Kaliningrad: lipiec-sierpień 2003. — № 7-8 (84-85). — С. 9.
  33. ^ Спісокъ политическимъ преступникамъ, лишеннымъ по суду правъ состоянія, имущества коихъ подлежатъ конфискаціи въ казну (рас.) Восстание 1863—1864 гг на территории Литвы и Белоруссии. Лыков И.П.
  34. ^ Wykaz dóbr ziemskich skonfiskowanych przez rządy zaborcze w latach 1773—1867 (пол.) Genealogia. Stankiewicze z przyjaciółmi. Janusz Stankiewicz.
  35. ^ Ірына Сядова (12 чэрвеня 2011) Улица первая. Тормасова (рас.). Генеалогический форум ВГД. Праверана 10 лістапада 2011 г.
  36. ^ Андрей Киштымов, Валентина Яновская. По семи губерниям // Транспортный вестник. — 10 траўня 2012.
  37. ^ Удзельнікі паўстання 1863—64 гг. на Пружаншчыне // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 43—44.
  38. ^ Пракаповіч, Натальля. Ружаны: позірк у мінулае. Усё пра Ружаны. Праверана 27 кастрычніка 2011 г.
  39. ^ Зялевіч А. Сын Пружанскага краю: [да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага навукоўца, пісьменніка, прыродазнаўца і мастака Фелікса Паўлавіча Зянковіча] // заснавальнікі: Грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры», Вытворчае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Светач», Гілеп Уладзімір Аляксандравіч Краязнаўчая газета. — 2011. — № 2.
  40. ^ Зянковіч Фелікс Паўлавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  41. ^ Калубовіч, Аўген. Нашы папярэднікі. Частка 2 Навіны. Беларуская вунія. Праверана 10 кастрычніка 2011 г.
  42. ^ Мікола Канаховіч. Расстраляны помнік расстраляным героям-каліноўцам не знішчыць! // Народная воля. — 26 студзеня 2010.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Старонкі мінулага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 27—29.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]