Герб Пружанаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Герб Пружанаў
Герб гораду Пружаны
Сучасны герб Пружанаў
Сучасны герб Пружанаў
Апісаньне
Першыя згадкі 3 траўня 1588 (431 год таму)
Зацьверджаны 6 траўня 1589 (430 гадоў таму)
Носьбіт Пружаны

Герб го́раду Пружа́ны ўяўляе сабой выяву зьвілістай блакітнай зьмяі з залатой каронай на галаве, якая вывяргае дзіця[a], на срэбным полі.

Першапачаткова нададзены гораду 3 траўня 1588 Ганнай Ягелонкай, дачкой каралевы Боны Сфорцы, разам з магдэбурскім правам. У наш час зацьверджаны рашэньнем пружанскага райвыканкаму № 1214 ад 20 кастрычніка 1998 году. У гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь занесены 21 сьнежня 1998 пад №31[1].

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 траўня 1588 року каралева Ганна Ягелонка даравала мястэчку Магдэбурскае права разам зь пячаткаю і гербам «у срэбным полі зьвілістая блакітная зьмяя з залатой каронай на галаве вывяргае дзіця». Праз рок, 6 траўня 1589[2], кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза пацьвердзіў прывілей уласнай граматай[3]. Ягоны дакумэнт — адзіная крыніца, якая тлумачыць сэнс выяўленых на гербе фігураў: «дзіця зьяўляецца з пашчы зьмяі, што сымбалізуе наноў прабуджаную заўжды маладую сілу ў спалучэньні з мудрасьцю, здольнасьць сьвету да самаачышчэньня і абнаўленьня»[4].

Мілянскія карані гербу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб роду Сфорцаў

Нададзены Пружанам герб вельмі падобны да родавага гербу Сфорцаў. Першапачаткова выява зьяўлялася гербам мілянскага роду Вісконці. Існуе некалькі легендаў пра паходжаньне гербу.

Згодна зь легендай, у крыжовым паходзе ў 1187 Атон Вісконці сустрэўся ў паядынку з сарацынскім прынцам. Атон насіў выяву зь сям’ю каронамі, выразанымі на шчыце, бо ён забіў семярых асілкаў, няверны маўр меў на шчыце выяву зьмяі, якая глытае дзіцё. Гэта зьяўлялася насьмешкай з хрысьціянаў, бо немаўля сымбалізавала Хрыста. Атон забіў сарацына, забраў ягоны шчыт і са славай вярнуўся дадому, пасьля чаго вырашыў абраць выяву на шчыце сваім гербам[5].

Лічыцца, што гэтая легенда ўзыходзіць да часоў Матэо Вісконці Вялікага (1250—1322). Матэо Вялікі, азірнуўшыся на цёмнае мінулае сваёй сям’і, вырашыў, што неабходна стварыць слаўную сагу пра Вісконці, і зьвярнуўся да прыдворных пісьменьнікаў, каб тыя стварылі фамільныя легенды і вынайшлі слаўных продкаў. Такім чынам, была створана легенда пра вэтэрана Першага крыжовага паходу, які памёр у Рыме ў 1111[6].

Паводле іншай вэрсіі, намаляваны дракон называўся Tarantasio, у V стагодзьдзі (або ў XIII стагодзьдзі[5]) спусташаў навакольлі Міляну на возеры Герунда (цяпер зьніклага). Дракон еў дзяцей, атручваў сваім дыханьнем ваду і прымушаў людзей хварэць, пакуль ня быў забіты родапачынальнікам роду Умбэрта Вісконці.

Мяркуюць таксама, што Вісконці для свайго герба проста выкарыстоўвалі старажытны лямбардзкі сымбаль — блакітную зьмяю, якую насілі ў якасьці абярэга[6].

У цяперашні час Мілян мае іншы герб — чырвоны крыж на срэбным полі. Выява зьмея зь дзіцём выкарыстоўваецца на лягатыпе Alfa Romeo.

Рэч Паспалітая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзякуючы працам Анатоля Цітова і Эдмундаса Рымшы(lt) ёсьць магчымасьць аднавіць выгляд гербу, які выкарыстоўваўся ў XVI—XVIII стагодзьдзях.

  • У 1589—1592 роках выкарыстоўвалася пячатка дыямэтрам 29 мм з надпісам у атоку «* SIGILLVM [CIVITATIS] [PRVZA]NENSIS * 1589». На картушы выяўлены зьвіты вуж, з пашчы якога выходзіць палова дзіцяці.
  • У 1671—1763 выкарыстоўвалася іншая пячатка, дыямэтрам 27 мм з надпісам у атоку «* SIGILLVM * CIVITATIS * PRVZANENSIS». Малюнак той самы, аднак ужо не на картушы, а на тарчы[7].

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Пружанаў часоў Расейскай імпэрыі

Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Пружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Гербы местаў сталі замяняцца паняцьцем «герб павятовы», пры стварэньні якіх улічваліся асаблівасьці цэлага рэгіёну, а не канкрэтнага места. Такім чынам у самым пачатку XIX стагодзьдзя Пружаны атрымалі герб зь дзьвюх частак: «у верхняй палове коньнік на сярэбраным полі, узброены мячом у правай і шчытом у левай руцэ[b], у ніжняй — выява зубра»[8]. Такі герб амаль цалкам паўтараў сам знак Гарадзенскай губэрні, у склад якой уваходзілі Пружаны.

Пячатка ад 1916 року

6 красавіка 1845 расейскі цар зацьвердзіў іншы варыянт гербу: «у залатым полі зялёная елка, на галінах якой вісіць паляўнічы ражок», што сымбалізавала повязь зь Белавескай пушчай. Пазьней у верхняй палове шчыту быў разьмешчаны зубар — герб Гарадзенскай губэрні.

У 1861 року быў складзены праект гербу ў адпаведнасьці з геральдычнымі прынцыпамі Бэрнгарда Кёнэ. Елка заняла ўсё поле шчыту, губэрнскі герб быў падняты ў верхнюю правую частку. Па-за шчытом былі дададзеныя два молаты, аперазаныя Аляксандраўскай стужкай, зьверху зьявілася карона. Гэты праект ня быў афіцыйна зацьверджаны[9].

Цікава, што на пячатцы 1916 року спалучаная выява расейскага гербу і даўняга пружанскага гербу з выявай зьмяі.

Другая Рэч Паспалітая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Пружаны ў 1921—1939 роках

У пэрыяд з 1921 па 1939 урад Пілсудзкага вярнуў Пружанам герб, нададзены ў XVI стагодзьдзі, аднак колер шчыту зьменены на зялёны, а вуж застаўся без кароны. Замест гэтага герб атрымаў шляхецкую карону на тарчу і ўпрыгожваньне ў выглядзе дзьвюх пальмавых галінак вакол яе[10].

Савецкі час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У складзе БССР Пружаны, як і іншыя месты, свайго ўласнага гербу ня мелі. Пэўны час на паштоўках, значыках, вымпелах, брашурах, пры ўезьдзе ў места ўжывалі малюнак «у верхняй частцы елка, у ніжняй — зубар»[8].

Рэспубліка Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1996 року быў абвешчаны конкурс на стварэньне праекту гербу, у якім мог узяць удзел кожны ахвочы. 25 сакавіка 1997 году Пружанскі райвыканкам пастановай №329 абвясьціў пераможцу — праект Леаніда Спаткая. Паводле афіцыйнага апісаньня герба гораду:

« Срэбны гербавы шчыт, акаймаваны золатам, падзелены блакітным вілападобным зьвілістым крыжом на тры палі. У верхняй частцы — рог дастатку натуральнага колеру; у правай — блакітны вуж з залатой каронай, з пашчы якога нараджаецца дзіця (натуральнага колеру); у левай — гарлач чорнай керамікі. »

—Натальля Пракаповіч, Геральдыка на Пружаншчыне

Вілавідны крыж сымбалізуе сутокі рэкаў Вец і Муха у Мухавец, рог — працавітасьць і заможнасьць мясцовых жыхароў. Вуж, узяты са старажытнага гербу Пружанаў, — славутую мінуўшчыну і старажытнасьць места. Гарлач — адзін зь відаў ганчарнага майстэрства, якое існавала ў горадзе да 1970-х гадоў.

Аднак з прычыны неадпаведнасьці дадзенага праекту геральдычным канонам новы герб ня здолеў прыжыцца. Неўзабаве быў вернуты першапачатковы варыянт гербу гораду, зацьверджаны рашэньнем Пружанскага райвыканкаму № 1214 ад 20 кастрычніка 1998 году.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дзіця зьяўляецца з пашчы зьмяі, што сымбалізуе вечна юную сілу ў злучэньні з мудрасьцю, здольнасьць сьвету да самаачышчэньня і абнаўленьня.
  2. ^ Герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гербовый матрикул Республики Беларусь(рас.) Гербы городов Брестской области Праверана 5 траўня 2012 г.
  2. ^ Prużana // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 110.
  3. ^ Старонкі мінулага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Менск: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 24.
  4. ^ Чистова Ольга Васильевна. Дневник овч » Гербы » Герб г. Пружаны. Беларусь(рас.) Праверана 27 сьнежня 2011 г.
  5. ^ а б Il Biscione tra Storia e Leggenda
  6. ^ а б Biscione e il Mistero del Lago Gerundo.htm Lo stemma dei Visconti: Il 'Biscione'
  7. ^ Вольга Міронава. Да пытання аб колерах герба Пружанаў // Выдавец і рэдактар — Аляксей Шаланда. Герольд Litherland. — Горадня: 2004. — № 1-2 (13-14). — С. 36.
  8. ^ а б Натальля Пракаповіч. Геральдыка на Пружаншчыне Усё пра Ружаны Праверана 30 сакавіка 2016 г.
  9. ^ Пружаны герб(рас.) Гербы Брестской области Праверана 17 студзеня 2012 г.
  10. ^ Вольга Міронава. Да пытання аб колерах герба Пружанаў // Выдавец і рэдактар — Аляксей Шаланда. Герольд Litherland. — Горадня: 2004. — № 1-2 (13-14). — С. 37—38.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Герб Пружанаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў