Валенці Швыкоўскі
Герб «Агеньчык» | |
Маршалак пружанскі | |
---|---|
1854 — 1863 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | к. 1817 |
Памёр | 3 сакавіка 1900 Варшава |
Пахаваны | |
Род | Швыкоўскія |
Бацькі | Пётар Швыкоўскі Караліна з Навамейскіх[d] |
Жонка | Гермінія Важынская |
Дзеці | няма |
Дзейнасьць | фальклярыст |
Вале́нці Пятро́віч Швыко́ўскі гербу «Агеньчык» (к. 1817 — 3 сакавіка 1900, Варшава) — маршалак пружанскі, удзельнік паўстаньня 1863 году, мэцэнат.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька накіраваў Валенція разам зь Люцыянам Крашэўскім ехаць за адукацыяй у Дэрпцкі ўнівэрсытэт (зараз горад Тарту, Эстонія), але правучыўшыся там каля году, Валенці «ня вытрымаў разгул і нягоды студэнцкага жыцьця і кінуў вучобу» (па ўспамінах Каятана Крашэўскага), але хутчэй за ўсё ў сям’і не ставала сродкаў для працягу навучаньня.
У 1841 ажаніўся з шляхцянкай Ашмянскага павету Гермініяй Парфір’еўнай Важынскай. Бацька яе, Парфірый Важынскі, быў адным з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў у Польшчы, Летуве і Беларусі. Шлюб быў бязьдзетны.
У 1843 па сьмерці бацькі Пятра Бэрнардавіча атрымаў ва ўласнасьць пружанскі ключ; ягоны брат Міхаіл атрымаў новаўтвораны маёнтак Белавусаўшчына[1]. У 1854 Валенці быў абраны маршалкам Пружанскага павету.
Ёсьць зьвесткі пра тое, што Швыкоўскі падтрымаў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, дапамагаючы ім лекамі, грашыма і зброяй (у 2003 годзе ў гарадзкім парку Пружаны ля палацыку было знойдзена сховішча зброі тых часоў). Сам пружанскі маршалак ня быў заўважаны ў баявых дзеяньнях супраць царскіх войскаў. Тым ня менш, ягоную сядзібу сканфіскавалі, а самому яму давялося шукаць прытулку ў Бэльгіі, Францыі, Італіі.
Чатыры гады, з 1863 па 1867, правёў пружанскі маршалак у выгнаньні. Увесь гэты час яго жонка Гермінія Парфір’еўна дабівалася праўды. Яна пісала да расейскага імпэратара Аляксандра ІІ, і ў рэшце рэшт ён сваім асабістым загадам зьняў арышт на маёмасьць Швыкоўскіх і вярнуў усё, што належала ім да 1863 году. У 1867 Швыкоўскаму пашчасьціла вярнуцца ў свой маёнтак, дзе ўвесь час жыла Гермінія. Пахаваўшы ў 1888 жонку, Валенці яшчэ сем гадоў жыў у сядзібе, займаўся гаспадарчай дзейнасьцю. У 1895 састарэлы памешчык прадаў маёнтак графу Ўладзімеру Пятровічу Кляйнміхелю.
Апошні пэрыяд свайго жыцьця В. Швыкоўскі бавіў час у Варшаве, дзе і памёр 3 сакавіка 1900 году, пражыўшы 83 гады. Пахаваны ён побач з жонкай на каталіцкіх могілках у Пружане. Магіла Швыкоўскіх зьбераглася да нашага часу.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Валенці Швыкоўскі вызначаўся руплівай грамадзкай і гаспадарчай дзейнасьцю. Свой талент і веды пружанскі маршалак скіраваў на ўласную гаспадарку. Гэтымі справамі Валенці займаўся сам, ужываючы перадавыя мэтады і тэхналёгію, і дасягнуў значных посьпехаў. Вось як вызначалі стан гаспадаркі В. Швыкоўскага ацэншчыкі зь Віленскага аддзяленьня Дзяржаўнага банка, якія склалі ў 1895 г. апісаньне маёнтка з нагоды пераходу яго да В. П. Кляйнміхеля: «За усе 52 гады (валоданьня маёнткам В. Швыкоўскім. — У. П.)… утрымлівалася ў дастатковай колькасьці жывёла і ўсе ворныя землі, а асабліва тыя, якія ляжаць пры галоўнай сядзібе, настолькі палепшыліся, што ў дадзены момант рэзка адрозьніваюцца ад усіх суседніх».
За гады свайго знаходжаньня ў маёнтку В. Швыкоўскі правёў тут вялікія пераўтварэньні: рэканструяваў тэрыторыю сядзібы, узьвёў «палацык», бровар, цагельню, шмат іншых жылых і гаспадарчых пабудоваў. У вёсцы Дабучын існавала створаная ўладальнікам школа для навучаньня сялянскіх дзетак.
Пра ўзровень адукаванасьці і культурныя інтарэсы мужа і жонкі Швыкоўскіх сьведчыць сьпіс кнігазбору, які месьціўся ў «палацыку», у кабінэце Валенція. Гэты сьпіс маецца ў інвэнтарным вопісе рухомай і нерухомай маёмасьці пружанскага маршалка, складзеным у 1864—1866 гг. з нагоды канфіскацыі маёнтку. Кнігазбор налічваў 1407 адзінак розных найменьняў на польскай, расейскай, нямецкай і францускай мовах.
Гаспадары «палацыку» былі вядомы сваёй гасьціннасьцю. Іх дом наведвалі славуты Я. Крашэўскі і мастак Н. Орда. Тут бываў нястомны дасьледчык этнаграфіі і фальклёру Беларусі Міхал Федароўскі. У адным з нумароў часопісу «Ziemia» за 1911 г. ён надрукаваў краязнаўчы артыкул «Пружана і яе ваколіцы», дзе ёсьць нямала пахвальных словаў пра Швыкоўскіх і іхнюю сядзібу. Валенці названы там «сапраўдным увасабленьнем нашай культуры».
У часы свайго маршалкоўства В. Швыкоўскі прыклаў шмат намаганьняў да паскарэньня культурнага разьвіцьця Пружаны і паляпшэньня дабрабыту жыхароў краю: арганізацыі ў горадзе грамадзкай бібліятэкі, коннай пошты і правядзеньня праз Пружану паштовага тракту. Трэба адзначыць ягоны чынны ўдзел у будаўніцтве новага каталіцкага храма ў горадзе. Праект быў складзены выдатным архітэктарам Г. Марконі, да якога зьвярнуўся, відаць, сам маршалак. Месца было выбрана каля старога драўлянага касьцёлу. Будаўніцтва касьцёлу пачалося ў 1857 г., але з-за недахопу сродкаў неўзабаве замарудзілася. Дзеля пакрыцьця выдаткаў В. Швыкоўскім ладзіліся ў горадзе тэатральныя пастаноўкі, музычныя вечарыны, пашыраліся лятарэі, прыбытак ад якіх ішоў на пабудову храма. Да гэтага мерапрыемства далучылі і Я. Крашэўскага. У траўні — чэрвені 1861 у лісьце да пісьменьніка Швыкоўскі прасіў таго скласьці рэкамэндацыю і запрасіць якога-небудзь «будаўнічага» кіраўніка работ па ўзьвядзеньні касьцёлу.
Але ўсё зьмянілася пасьля падзеяў 1863 г. Няскончаны храм аддалі ў праваслаўнае ведамства, якое дабудавала яго. А новага касьцёлу ў Пружане каталікі ўсё ж дачакаліся, дзякуючы няспынным намаганьням таго ж В. Швыкоўскага, які выступаў даверанай асобай вернікаў гораду. У 1877 г. гарадзенскі губэрнатар даў згоду на пабудову храма. Праект быў зацьверджаны напрыканцы 1878 г. У 1884 г. касьцёл асьвяцілі. Ен разьмяшчаўся на той самай вуліцы, дзе стаяў праваслаўны храм, але на поўнач ад цэнтру.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ admin. (8 студзеня 2014) Валенці Швыкоўскі. Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык». Праверана 27 чэрвеня 2014 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- admin. (8 студзеня 2014) Валенці Швыкоўскі. Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык». Праверана 27 чэрвеня 2014 г.