Перайсьці да зьместу

Якуб Колас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Канстанцін Міцкевіч»)
Якуб Колас
лац. Jakub Kołas
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Канстантын Міхайлавіч Міцкевіч
Псэўданімы Агарак; К.Адзінокі; К.Альбуцкі; Андрэй «сацыяліст»; К.Белорус; Тамаш Будава; Ганна Груд; Тарас Гушча; Дземяноў Гуз; Пятрусь Дзягель; Дзядзька Карусь; Дубовы Ліст; Ганна Крум; Кудесник; Карусь Лапаць; Левы; Лесавік; Марцін з-за рэчкі; Мікалаевец; М.Міцкевіч; Наднёманец; Народный учитель; Свой чалавек; Стары шут; Иван Торба і іншыя
Нарадзіўся 22 кастрычніка (3 лістапада) 1882[1]
Памёр 13 жніўня 1956(1956-08-13)[2][3][1] (73 гады)
Пахаваны
Бацькі Міхась Міцкевіч
Ганна Юр'еўна Міцкевіч
Сужэнец Марыя Міцкевіч
Дзеці Даніла Міцкевіч[d] і Міхась Міцкевіч[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, паэт, перакладнік
Гады творчасьці 1906—1956
Мовы беларуская, польская
Дэбют «Наш родны край» // «Наша доля», 14 верасьня 1906
Прэміі Сталінская прэмія (1946 і 1949)
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Чырвонага Сьцяга ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР мэдаль «Партызану Айчыннай вайны» мэдаль „Партызану Айчыннай вайны“ I ступені
Дзяржаўная прэмія СССР Сталінская прэмія Народны паэт Беларусі
Творы на сайце Knihi.com

Яку́б Ко́лас (сапраўднае імя Канстанці́н Міха́йлавіч Міцке́віч; 3 лістапада [ст. ст. 22 кастрычніка] 1882, засьценак Акінчыцы, цяпер у межах гораду Стоўбцы — 13 жніўня 1956, Менск) — клясык беларускае літаратуры, грамадзкі дзяяч, перакладнік, пэдагог, адзін з заснавальнікаў сучаснае беларускае літаратуры й беларускае літаратурнае мовы. Народны паэт БССР (1926). Ганаровы дзяяч навукі Беларускае ССР (1944). Узнагароджаны пяцьцю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сьцягу, Працоўнага Чырвонага Сьцягу й мэдалямі. Сябра КПСС ад 1945 г.

Грамадзкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Якуб Колас у 1908 годзе

Бацька паэта — Міхась Казімеравіч Міцкевіч, лясьнік ва ўладаньнях Радзівілаў, маці — Ганна Юр’еўна Лёсік, сястра Язэпа Лёсіка.

Раньнія дзіцячыя гады прайшлі ў лесьніковых сядзібах Ласток і Альбуць, што недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. У 1898 годзе паступіў у Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, якую пасьпяхова скончыў у 1902. Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёну (1902—1904), Пінкавічы Пінскага раёну (1904—1906). За рэвалюцыйную прапаганду настаўнік Канстантын Міцкевіч у 1906 быў пераведзены зь Пінкавічаў у Верхменскую народную вучэльню Ігуменскага павету. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьездзе 10 ліпеня 1906 году быў звольнены. Зімой 1906—1907 жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У траўні-чэрвені 1907 году працаваў у газэце «Наша Ніва» ў Вільні, быў загадчыкам літаратурнага аддзелу, але на загад паліцыі мусіў пакінуць Вільню. У 1908 — у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёну. 15 верасьня 1908 за ўдзел у настаўніцкім зьезьдзе й нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакараньне ў менскім астрозе. У 1912—1914 працаваў настаўнікам у 3-й прыходзкай навучальні ў Пінску.

Дом-музэй Якуба Коласа ў Пінску

У час першае сусьветнае вайны разам зь сям’ёй эвакуяваўся ў Дзьмітраўскі павет Маскоўскае губэрні, настаўнічаў у сяле Старыкава. Быў мабілізаваны ў армію (верасень 1915). Скончыў Аляксандраўскую ваенную навучальню (Масква, 1916). Служыў у запасным палку ў Пярмі. Летам 1917 у чыне падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуяваны ў горад Абаянь на Куршчыне, дзе жыла ягоная жонка зь дзецьмі. Працаваў там настаўнікам, школьным інструктарам. У 1917 ад БСГ выстаўляўся кандыдатам у дэпутаты Ўстаноўчага сходу Расеі. Паводле дэкрэту Савецкага ўраду ў пачатку 1918 звольнены з войска як настаўнік.

На выклік ураду БССР у траўні 1921 пераехаў у Менск. Па прыезьдзе працаваў у Навукова-тэрміналягічнай камісіі Народнага камісарыяту асьветы, выкладаў у Менскім беларускім пэдагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасьцю ў Інстытуце беларускае культуры. З дня ўтварэньня Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН БССР) (1 студзеня 1929 г.) быў яе нязьменным віцэ-прэзыдэнтам. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэсу ў абарону культуры ў Парыжы. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 — лістапад 1943), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадзкай дзейнасьцю. У сьнежні 1944 г. вярнуўся ў Менск. Быў сябрам ЦВК БССР (1929—1931, 1935—1938), дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР (1946—1956) і БССР (1938—1956), зьяўляўся старшынём Беларускага рэспубліканскага камітэту абароны міру. Акадэмік АН БССР. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1934 г.

Якуб Колас і савецкая ўлада

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стаўленьне Якуба Коласа да савецкае ўлады можна пабачыць у зборніку «Казкі жыцьця», дзе ў алегарычным выглядзе быў апісаны й кастрычніцкі пераварот, як праява шаленства, хаосу й трыюмфу чалавечае нянавісьці. Гэта, а таксама зборнік вершаў «Водгульле» сьведчаць, што стварэньне Савецкага Саюзу Колас трактаваў пачаткова як спробу аднаўленьня ідэі царскае імпэрыі, якая сілком гуртавала розныя народы ў адной дзяржаве.

Ужо ў 1925 у Коласа быў праведзены ператрус, а потым і допыт у сувязі з так званай «лістападаўскай справай» на Случчыне. У 1930-я гг. савецкая крытыка абвінаваціла яго ў нацыянал-дэмакратызьме, у прапагандзе ідэі бясклясавасьці беларускае нацыі, знаходзіла ў яго творах ідэалізацыю хутарское гаспадаркі й апяваньне мэсіянскай ролі інтэлігенцыі. Сваякі Коласа былі рэпрэсаваныя. У 1937 пагроза арышту навісла над самім паэтам. Яго выклікалі на допыты; 6 лютага 1938 у яго доме зноў правялі ператрус. У самы апошні момант было прынятае рашэньне не арыштоўваць Коласа.

Каб уратаваць сваё жыцьцё й жыцьцё сваіх родных, у 1931 Якуб Колас надрукаваў твор «Адшчапенец», у якім, насуперак сваім поглядам і ідэалам, паказаным у «Новай зямлі», даказваў, што калектывізацыя зьяўляецца шчасьцем для беларускае вёскі.

Асноўны зьмест ягоных твораў — жыцьцё й побыт, сацыяльны й нацыянальны прыгнёт беларускага народу, яго барацьба за свае правы, за лепшую будучыню. Творчай манэры Коласа ўласьцівы глыбокі псыхалягізм, пэйзажнае майстэрства, гармонія формы й зьместу, яснасьць, празрыстасьць стылю, пастаноўка вострых актуальных праблемаў, філязофскі роздум над вечнымі праблемамі жыцьця, услаўленьне духоўнага багацьця й маральнае прыгажосьці чалавека.

Першыя літаратурныя спробы адносяцца да часу навучаньня ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі — гэта верш і байка на расейскай мове «Весна» («Вясна») і «Ворона и лисица» («Варона й ліса»), фальклёрны сшытак «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». У друку дэбютаваў вершам, напісаным па-беларуску «Наш родны край» (1 верасьня 1906 г. газэта «Наша доля»). У 1910 у Вільні выйшаў першы зборнік вершаў «Песьні-жальбы» (факсымільнае выданьне ў 1982), затым — кнігі прозы «Апавяданьні» (1912), «Родныя зьявы» (1914). У Пецярбургу ў 1913 асобнымі выданьнямі выйшлі апавяданьні «Тоўстае палена» й «Нёманаў дар», апавяданьні вершам «Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы сапяжанкі» і «Батрак. Як Юрка збагацеў». У савецкі час выдадзены кніга апавяданьняў «Казкі жыцьця» (1926, 1-е выданьне — Коўна, 1921), зборнік вершаў «Водгульле» (1922), паэма «Новая зямля» (1923), якая ёсьць своеасаблівай паэмай вясковага жыцьця, аповесьць «У палескай глушы» (1923), зборнікі апавяданьняў «Крок за крокам», «На рубяжы», «Першыя крокі», «У ціхай вадзе», паэма «Сымон-музыка» (усе ў 1925), аповесьць «На прасторах жыцьця» (1926, экранізавана ў 1929; уключаны й апавяданьні, 2-е дапоўненае выданьне ў 1928), аповесьці «У глыбі Палесься» (1927), «Адшчапенец» (1932), «Дрыгва» (1934), зборнікі вершаў «Нашы дні» (1937), «Адпомсьцім» (1942), «Голас зямлі» (1943), паэмы «Суд у лесе» (Масква, 1943), «Адплата» (1946), зборнік вершаў «Мой дом» (1946), паэма «Рыбакова хата» (1947), трылёгія «На ростанях» (1955, інсцэнавана пад назвай «Навальніца будзе» ў 1958; экранізавана ў 1960—1961 гг.), зборнік вершаў «Жыве між нас геній» (1952) і інш. Няскончанай засталася паэма «На шляхах волі», распачатая ў 1926 г. Многія вершы Я.Коласа пакладзены на музыку.

Аўтар твораў для дзяцей — паэмы «Міхасёвы прыгоды» (1935), вершаванае казкі «Рак-вусач» (1938), зборнікаў вершаў «На рэчцы зімой» (1941), «Вершы для дзяцей» (1945), зборнікаў апавяданьняў «У старых дубах» (1941), «Раніца жыцьця» (1950). Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.

Аўтар п’есаў «Антось Лата» (1917, пастаўлена ў 20-х гадах), «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927, канчатковая рэдакцыя ў 1938, пастаўлена ў 1937), «У пушчах Палесься» (1938, пастаўлены ў 1937), аднаактоўкі «На дарозе жыцьця» (1917).

Выступаў у галіне публіцыстыкі й літаратурнае крытыкі. У 1957 г. выйшаў зборнік «Публіцыстычныя й крытычныя артыкулы». Выдаў падручнікі «Другое чытаньне для дзяцей беларусаў» (Пецярбург, 1909) і «Мэтодыка роднае мовы» (1926).

Пераклаў на беларускую мову паэмы «Палтава» Аляксандра Пушкіна, паасобныя творы Тараса Шаўчэнкі, П.Тычыны, Адама Міцкевіча, Рабіндраната Тагора й інш. Быў адным з рэдактараў «Русско-белорусского словаря» (1953).

Выйшлі зборы твораў у 7-мі (1952), 12-ці (1961—1964), 14-ці (1972—1978) тамох. Неаднаразова перавыдаваліся выбраныя творы (апавяданьні, вершы й паэмы).

Ляўрэат Дзяржаўнае прэміі СССР (1946) за вершы ваеннага часу, Дзяржаўнае прэміі СССР (1949) за паэму «Рыбакова хата».

Таксама Якуб Колас пісаў пад псэўданімамі: Агарак; К.Адзінокі; К.Альбуцкі; Андрэй «сацыяліст»; К.Белорус; Тамаш Будава; Ганна Груд; Тарас Гушча; Дземяноў Гуз; Пятрусь Дзягель; Дзядзька Карусь; Дубовы Ліст; Ганна Крум; Кудесник; Карусь Лапаць; Левы; Лесавік; Марцін з-за рэчкі; Мікалаевец; М.Міцкевіч; Наднёманец; Народный учитель; Свой чалавек; Стары шут; Иван Торба; крыптанімы: Т. Г.; К.; Я.К-с; К. М.; К.П-ій і іншымі.

3 чэрвеня 1913 ажаніўся з настаўніцай Марыяй Зьмітраўнай Каменскай. Вянчаўся ў Варварынскай царкве Пінску, якая з 1906 году належала чыгуначнаму ведамству[4]. Зь ёй меў сыноў Данілу й Юрыя (1917—1941 гг.), Міхася.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Памятная манэта НБ Беларусі, прысьвечаная 120-годзьдзю з народзінаў Якуба Коласа

У 1959—1965 гадах прысуджалася літаратурная прэмія імя Я. Коласа. Ад 1972 году прысуджалася Дзяржаўная прэмія імя Якуба Коласа за найлепшыя празаічныя й літаратуразнаўчыя працы. Ягонае імя нададзенае Менскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства НАН РБ, Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру ў Віцебску, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі й іншым бібліятэкам. Імем Я. Коласа быў названы Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй зь філіяй. Імя Я. Коласа носяць школы, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі.

Помнікі паэту пастаўленыя ў Менску (на плошчы, названай у яго гонар), у вёсцы Мікалаеўшчыне, Наваградку, у вёсцы Плоскае Талачынскага раёну. Бюст паэту ўсталяваны ў Нясьвіжы. Прысьвечаныя паэту помнікі за мяжой устаноўлены ў Ташкенце[5] і ў кітайскім горадзе Цяньцзінь[6]. У Менску працуе Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа, ягоныя філіялы знаходзяцца ў Акінчыцах, Смольні, Мікалаеўшчыне й Альбуці. У 1990 годзе ў в. Пінкавічы запрацаваў музэй Якуба Коласа пад кіраўніцтвам Івана Калошы. На адкрыцьці прысутнічаў сын Коласа.

У сярэдзіне 1980-х гадоў пачалі ладзіцца навуковыя чытаньні, паводле якіх выдаецца зборнік «Каласавіны» (ад 1986), прысьвечаны жыцьцёваму й творчаму шляху Коласа. У сьнежні 2006 году Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Я. Коласа атрымаў грант ЮНЭСКО на ладжаньне міжнароднае навуковае канфэрэнцыі «Каласавіны» ў лістападзе 2007 году, а таксама на выданьне мультымэдыйнага зборніку «Каласавіны». Апроч таго, на гэты грант будзе выданы каталёг твораў мастацтва (жывапісу, графікі, скульптуры), прысьвечаных Якубу Коласу.

У 2002 годзе да сьвяткаваньня 120-годзьдзя з дня нараджэньня Якуба Коласа ў вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёну на месцы, дзе разьмяшчалася школа, у якой працаваў клясык, устаноўлены памятны знак[7].

У горадзе Ганцавіцах 4 верасьня 2011 году пад час сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства ўстаноўлены помнік Якубу Коласу. 3 лістапада 2022 году на 140-я ўгодкі народзінаў Якуба Коласа ў Стоўбцах усталявалі скульптуру народнага паэта Беларусі. Над выкананьнем помніка працавалі скульптары Іван Міско, Сяргей Логвін і Ўладзімер Піпін, а таксама дойліды Ўладзімер Архангельскі і Аляксандар Кобрусеў. Ва ўрачыстым адкрыцьці помніка ўзялі ўдзел 1-ы намесьнік міністра культуры Беларусі Валеры Грамада і старшыня Менскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандар Турчын[8].

Вывучэньнем жыцьця й творчасьці паэта займаецца адна з галінаў беларускае літаратурнае навукі — коласазнаўства.

Пераклады твораў Якуба Коласа

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творы Якуба Коласа перакладзеныя на больш чымся сорак моваў народаў сьвету. Асобнымі кніжкамі яны выйшлі на ангельскай (1970), баўгарскай («Выбраныя вершы», 1962; «На ростанях», 1963), ідышы (1936, 1938), казаскай (1956, 1982), каракалпацкай (1964), карэйскай («У старых дубах» у перакладзе Кім Мі Нэ, 1959), кітайскай («Дзед Талаш», Шанхай, 1953), латыскай (1962, 1982), летувіскай (1962, 1980), малдаўскай (1957, 1958, 1968, 1982), мангольскай (1950), нямецкай (1960, 1988), румынскай (1962, 1967), славацкай (1965), таджыцкай (1956, 1965, 1982), татарскай (1962), туркмэнскай (1941, 1981), узбэцкай (1942, 1962, 1983), фінскай (1956, 1957), харвацкай («У Палескай глушы» ў перакладзе С.Кірына, Заграб, 1928), чэскай («На ростанях» і «Рыбакова хата», 1960), эстонскай (1968, 1977, 1984) мовах.

Найбольш Я. Колас перакладаўся на расейскую, украінскую й польскую мовы. Па-расейску выйшла больш за 80 кніг, у тым ліку зборы твораў у чатырох (1951—1952), трох (1958) і чатырох (1982—1983) тамох, паасобныя выданьні. Украінскія кніжныя выданьні (больш за 10) пачынаюцца з «Пракурора» ў перакладзе А. Сарокі (Харкаў, 1930, пад псэўданімам Тарас Гушча), польскія — з «На прасторах жыцьця» (пераклад І. Мірэцкага, Менск, 1928) . Нявысьветленымі застаюцца абставіны выхаду ў 1933 г. зборніка аповесьцяў Я. Коласа ў Трыесьце ў перакладзе І. Дрэна (І. Будала).

  • «Песьні жальбы» (1910)
  • «Водгульле» (1922)
  • «Нашы дні» (1937)
  • «Адпомсьцім» (1942)
  • «Голас зямлі» (1943)
  • «Мой дом» (1946)
  • «Жыве між нас геній» (1952)
  • «Прапаў чалавек» (1913)
  • «Новая зямля» (1923)
  • «Сымон-музыка» (1925)
  • «Суд у лесе» (1943)
  • «Адплата» (1946)
  • «Рыбакова хата» (1947)
  • «На ростанях» (1955)

Зборнікі апавяданьняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Апаведаньня. (1912)
  • «Тоўстае палена» (1913)
  • «Нёманаў дар» (1913)
  • «Казкі жыцьця» (1921)
  • «У ціхай вадзе» (1925)
  • «Крок за крокам» (1925)
  • «На рубяжы» (1925)
  • «Першыя крокі» (1925)
  • «Казкі жыцьця» (1926)
  • «На прасторах жыцьця» (1926)
  • «Нёмнаў дар і іншыя расказы» (1928)

Апавяданьні вершам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • «Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы сапяжанкі» (1913)
  • «Батрак. Як Юрка збагацеў» (1913)
  • «У палескай глушы» (1923)
  • «На прасторах жыцьця» (1926)
  • «У глыбі Палесься» (1927)
  • «Адшчапенец» (1932)
  • «Дрыгва» (1934)
  • «Антось Лата» (1917)
  • «На дарозе жыцьця» (1917)
  • «Забастоўшчыкі» (1925)
  • «Вайна вайне» (1938)
  • «У пушчах Палесься» (1938)
  • «Другое чытаньне для дзяцей беларусаў» (1909)
  • «У старых дубох. Дзеравеншчына. Злучыліся» (1933)
  • «Рак-вусач» (1938) (вершаваная казка)
  • «Міхасёвы прыгоды» (1935) (паэма)
  • «На рэчцы зімой» (1941) (зборнік вершаў)
  • «У старых дубах» (1941) (зборнік апавяданьняў)
  • «Вершы для дзяцей» (1945)
  • «Раніца жыцьця» (1950) (зборнік апавяданьняў)
  • Т. Шаўчэнка. Выбраныя творы.
  • У перакладзе з украінскай мовы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Глебкі, З. Бядулі, П. Броўкі, А. Куляшова, К. Крапівы. (1941)
  • Т. Шаўчэнка. «Кабзар».
  • У перакладзе з украінскай мовы Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, З. Бядулі, М. Клімковіча, П. Глебкі, А. Куляшова, П. Броўкі. (1952)
  • Збор твораў у 2-х тамах. 1928—1929
  • Збор твораў у 7 тамах. 1952—1954
  • Збор твораў у 12 тамах. 1961—1964

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]