Перайсьці да зьместу

Сымон-музыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сымон-музыка
Жанр: паэма
Аўтар: Якуб Колас
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1911—1925
Асобнае выданьне: 1925

«Сымон-музыка» — ліра-эпічная паэма Якуба Коласа, напісаная ў 1911—1925 гадах і ўпершыню выдадзеная ў 1925 годзе ў Менску.

У творы аўтар разважае над шляхамі разьвіцьця нацыянальнага мастацтва і над трагічным лёсам таленту з народа[1][2]. Праз прызму галоўнага героя Я. Колас спрабуе выявіць істотныя рысы сьветаразуменьня і сьветаадчуваньня беларускага працоўнага сялянства[3]. Паэма ўяўляе сабой жывую сэрыю адбіткаў беларускае сялянскае псыхікі і адлюстраваньнем літаратурна-эстэтычных поглядаў паэта на ролю мастацтва ў жыцьці народа[4].

Урывак з паэмы. Аўтограф Я. Коласа. 1952 г.

Задума напісаць паэму ўзьнікла ў Я. Коласа ў часе знаходжаньня ў турме, прыблізна ў 1911. Праца над творам распачалася ў канцы лістапада 1911, неўзабаве пасьля выхаду паэта зь Менскага астрожнага замка. Першая частка паэмы была напісаная ў 1911 годзе; другая — у 1912; трэцяя і чацьвёртая — у канцы 1917; апошняя — у 1918 годзе. У друку паэма зьявілася ў 1917 годзе ў часопісе «Вольная Беларусь» (першыя тры часткі), канец паэмы друкаваўся ў часопісе «Вольны Сьцяг» у 1921 годзе[4].

Згодна з паведамленьнямі друку, у 1923 Якуб Колас зьвярнуўся да карэннага перагляду і перапрацоўкі паэмы, пра што сьведчыць таксама і аўтабіяграфія[5]. Праца над новай рэдакцыяй скончылася 8 ліпеня 1924 году, аднак у часе вяртаньня дамоў па дарозе з Кіславодску яе рукапіс украдзены[3]. Тым ня менш, да канца 1924 тры часткі страчанага рукапісу былі адноўленыя. Канчатковая праца над паэмай завяршылася ў траўні 1925[4].

Ілюстрацыі да паэмы выконваліся мастакамі Эдуардам Агуновічам (1968)[6], Віктарам Александровічам (1986)[7], Міхаілам Барздыкам (2001)[8], Барысам Заборавым (1972)[9], Мікалаем Селяшчуком (1990)[10], Уладзімерам Шоўкам (2002)[11], Галінай Шапялевіч [12].

На аснове паэмы ў 2005 годзе М. Пінігіным была створаная аднайменная містэрыя ў дзьвюх дзеях[13].

  1. Колас Якуб // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. — ISBN 985-11-0108-7
  2. Колас Якуб // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — ISBN 985-11-0277-6
  3. 1 2 Колас Я Сымон-музыка. Паэма. Факсімільнае выданне. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2012.
  4. 1 2 3 Колас Я. Збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6. Паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Мн., Маст. літ., 1974. С. 489—491. — 624 с.
  5. Вялікі пясняр беларускага народа, выд. АН БССР, Мінск, 1959.
  6. Агунович Эдуард Константинович
  7. Александрович Виктор Францевич
  8. Борздыко Михаил Федорович
  9. Заборов Борис Абрамович
  10. Селещук Николай Михайлович
  11. Шолк Владимир Исаакович
  12. Шепелевич Галина Вячеславовна
  13. Сымон-музыка. Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы. Праверана 1 ліпеня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Сымон-музыкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў