Перайсьці да зьместу

Чыгунка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чыгунка

Чыгу́нка — наземны від транспарту, у якім па рэйках рухаюцца цягнікі, ці адзінкавыя вагоны, ці кабіны. У шырокім значэньні чыгунка азначае інфрастуктуру — рэйкі, станцыі, тэхнічныя ўсталяваньні і г. д.

Чыгунка складаецца з матэрыяльнай часткі (чыгуначны пуць, цягавы і нецягавы рухомы састаў, кантактная сетка і г. д.) і эксплюатацыйнай (дысьпечарскае кіраўніцтва, распрацоўка аптымальных прыёмаў кіраўніцтва перавозачным працэсам).

Сучасны грузавы цягнік у ЗША

Чыгуначны пуць — складаная канструкцыя, якая складаецца зь верхняй і ніжняй будовы пуці. Да верхняй адносяцца рэйкі, шпалы, рэйкавыя злучэньні і г. д. Да ніжняй адносяць зямляное палатно і штучныя пабудовы (масты, тунэлі, пуцяпровады і г. д.)

Сучасны пасажырскі цягнік у Нямеччыне

Рухомы састаў бывае: цягавы — лякаматывы (цеплавозы, электравозы, паравозы), электрацягнікі і дызель-цягнікі і няцягавы — вагоны (пасажырскія, грузавыя), а таксама спэцыяльны рухомы састаў.

Цягнік — гэта састаўленыя і сцэпленыя вагоны з адным ці некалькімі дзейнічаючымі лякаматывамі ці маторнымі вагонамі, якія маюць усталяваныя сыгналы.

Сваё крыніцы чыгунка мае ў старажытнасьці ад конных каляінаў, якія выдзяўбаліся ў каменных плітах дарогаў, якія ўзьніклі на некаторых дарогах пры ўезьдзе ў Рым. Жалабовы транспарт быў вядомы ўжо ў Асырыі 2500 гадоў таму.

Да ХХ стагодзьдзя рэйкавы транспарт шырока выкарыстоўваўся ў шахтах, дзе ён служыў для транспартыроўкі здабытых выкапняў на паверхню.

Разьвіцьцё чыгуначнага транспарту ў сучасным сэнсе слова пачалося з 1825 году, калі пачала дзейнічаць чыгуначная лінія Стоктан — Дарлінгтан у Вялікабрытаніі, пабудаваная Джорджам Стэфансанам. У Беларусі першая чыгунка Санкт-Пецярбург — Варшава пачала дзейнічаць у 1862 годзе, праходзячы праз такія беларускія гарады, як Дзьвінск, Вільню, Горадню, Беласток.

У нашы дні чыгуначны транспарт застаецца адным з асноўных відаў транспарту ў сьвеце.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыгункасховішча мультымэдыйных матэрыялаў