Перайсьці да зьместу

Шанхай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шанхай
Населены пункт
  • Кароткая назва: 滬 і 沪
Краіна Кітай
Дата заснаваньня 1292
Кіраўніцтва і ўлада
мэр Шанхаю[d] Гун Чжэн[d]
Выканаўчая ўлада Shanghai Municipal People's Government[d]
Заканадаўчы орган Shanghai People's Congress[d][1]
Геаграфія
Плошча 6340,5 км²
Вышыня НУМ 4 м
Часавы пас
Каардынаты 31°12′ пн. ш. 121°30′ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 23 019 148 чал. (2010)
Этнахаронімы Shanghaïen[2] і Shanghaïenne[2]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код 21
Паштовы індэкс 200000
Нумарны знак 沪A
Сайт shanghai.gov.cn
Шанхай на мапе Кітаю
Шанхай
Шанхай
Шанхай

Шанха́й (па-кітайску: 上海市) — найбуйнейшы горад Кітаю й адзін з самых буйных гарадоў сьвету, разьмешчаны ў дэльце ракі Янцзы. Адзін з чатырох гарадоў цэнтральнага падначаленьня КНР, важны фінансавы й культурны цэнтар краіны, а таксама найбуйнейшы ў сьвеце марскі порт. Да пачатку XX стагодзьдзя Шанхай пераўтварыўся з маленькага рыбацкага мястэчка ў найважнейшы горад Кітаю й адзін зь вядучых сусьветных фінансавых цэнтраў. Акрамя гэтага горад стаў цэнтрам масавай культуры, інтэлектуальных спрэчак і палітычных інтрыгаў у рэспубліканскім Кітаі. Пасьля перамогі КПК у грамадзянскай вайне ў 1949 годзе ўрад абклаў Шанхай высокімі падаткамі, буржуазія падвергнулася перасьледам, і ягоные былое багацьце хутка сышло на не.

Пасьля таго як улады ў 1992 годзе санкцыянавалі аднаўленьне рынкавага разьвіцьця эканомікі Шанхаю, ён хутка абыйшоў Шэньчжэнь і Гуанчжоў, у якіх пачыналіся рынкавыя рэформы ў Кітаі. У пачатку XXI стагодзьдзя Шанхай прэтэндуе на то, каб вярнуць сабе званьне гораду сусьветнага ўзроўню й стаць асноўным эканамічным цэнтрам Усходняй Азіі.

Выява старога гораду ў часы панаваньня дынастыі Мін.

Падчас панаваньня дынастыі Сун Шанхай быў павышаны ў статусе зь вёскі ў гандлёвы горад у 1074 годзе, а ў 1172 годзе ля горада дзеля стабілізацыі берагавой лініі акіяна была пабудавана другая марская сьцяна, якая дапаўняла сыстэму з раней узьведзеных дамбаў[3]. Падчас панаваньня дынастыі Юань з 1292 году да 1927 году, калі паселішча афіцыйна стала горадам, тэрыторыя Шанхаю была пазначана як цэнтральнае месца прэфэктуры Сангджанг[4].

Дзьве важныя падзеі садзейнічалі разьвіцьцю Шанхаю падчас панаваньня дынастыі Мін. Гарадзкая сьцяна была пабудавана ў першы раз у 1554 годзе для абароны гораду ад набегаў японскіх піратаў. Яна вымяралася вышынёй 10 мэтраў і была 5 км у акружнасьці[5]. У часы панаваньня Ванлі Шанхай атрымаў важны псыхалягічны імпульс ад узьвядзеньня ў горадзе даоскага храму Чэнхуанмяо ў 1602 годзе. Гэтая ўзнагарода, як правіла, рабілася толькі для месцаў са статусам гораду — сталіцаў прэфэктураў, а ня проста павятовым гарадам, якім быў Шанхай. Гэтая падзея, верагодна, адлюстроўвае важнае эканамічнае значэньне гораду, у адрозьненьне ад ягонага нізкага палітычнага статусу[5].

Набярэжная Вайтань у 1928 годзе.

У часы панаваньня дынастыі Цын, Шанхай стаў адным з найбольш важных марскіх партоў у рэгіёне дэльты Янцзы, у выніку чаго адбыліся дзьве важныя палітычныя зьмены: па-першае, імпэратар Кансі ў 1684 годзе адмяніў папярэднія забароны дынастыі Мін, якія дзейнічалі з 1525 году, на выхад суднаў у акіян. Па-другое, у 1732 годзе імпэратар Юнчжэн перанес мытню ў правінцыю Цзянсу й ейную сталіцу горад Шанхай, і надаў яму эксклюзіўныя правы на кантроль над зьнешнім гандлем. У выніку гэтых двух важных рашэньняў да 1735 году Шанхай стаў асноўным гандлёвым портам усёй ніжняй вобласьці ракі Янцзы, нягледзячы на ўсё яшчэ нізкі адміністрацыйны ўзровень у палітычнай герархіі[6].

Міжнародная ўвага да Шанхаю ўзрасла ў XIX стагодзьдзі з-за ягонага эканамічнага й гандлёвага патэнцыялу. У часы Першай опіюмнай вайны ў 1839—1842 гадох брытанскія войскі часова захапілі горад. Вайна скончылася ў 1842 годзе ў выніку падпісаньня Нанкінскай дамовы, паводле якой Кітай абавязваўся адчыніць для міжнароднага гандлю свае асноўныя порты, у сьпіс якіх увайшоў і Шанхай. Разам з тым з Брытаніяй была падпісана яшчэ адна асобная Хумэнская дамова ў 1843 годзе, якая дазволіла брытанцам займацца гандлем на кітайскай зямлі. Праз год пабодная дамова была падпісана й з ЗША, якая атрымала назоў Вансяская дамова. У выніку Брытанія, Францыя й Злучаныя Штаты Амэрыкі атрымалі значныя саступкі й па-за сьценамі горада, якім па-ранейшаму кіравалі кітайцы.

У 1855 годзе горад быў захоплены паўстанцамі з таварыства малых шабляў, але быў вернуты пад імпэратарскую ўладу ў лютым 1855 году[7]. У 1854 годзе быў створаны Шанхайскі муніцыпальны савет дзеля кіраваньня замежнымі паселішчамі. У пэрыяд з 1860 па 1862 гады тайпінскія паўстанцы двойчы напалі на Шанхай і зьнішчылі ўсходнія й паўднёвыя прыгарады горада, але ня здолелі захапіць яго самаго[8]. У 1863 годзе брытанскае паселішча на поўдзень ад ракі Суджоў і амэрыканскае паселішча на поўначы ўзьядналіся з мэтай фармаваньня Шанхайскага інтэрнацыянальнага паселішча. Францускае паселішча адмовіліся ад Шанхайскага гарадзкога савета й захавала сваю канцэсію на поўдні й паўднёвым захадзе.

Месца правядзеньня першага Ўсекітайскага зьезду Камуністычнай партыі Кітаю.

Грамадзяне многіх краінаў з усіх кантынэнтаў прыехаў у Шанхай, каб жыць і працаваць на працягу наступных дзесяцігодзьдзяў. Тыя, хто жылі ў горадзе працягу доўгага часу — некалькі пакаленьняў — называлі сябе «шанхайлэндцы». У 1920-х і 1930-х гадох амаль 20 тысячаў расейцаў пераехала сюды, большая частка якіх былі прадстаўнікамі белага руху падчас грамадзянскай вайны ў Расеі. Расейцы ў Шанхаі на той час складалі другую па велічыні замежную супольнасьць. Да 1932 году Шанхай стаў пятым у сьвеце горадам паводле велічыні й быў домам для 70 тысячаў замежнікаў. У 1930-х гадох 30 тысячаў габрэйскіх уцекачоў з Эўропы прыбылі ў горад[9].

Кітайска-японская вайна скончылася падпісаньнем сіманасэскай дамовай, якая дала магчымасьць Японіі стаць яшчэ адной замежнай дзяржавай у сфэры эканомікі Шанхаю. Японцы пабудавалі завод у горадзе, які неўзабаве былі скапіяваны іншымі замежнымі дзяржавамі. Шанхай быў тады самым важным фінансавым цэнтрам на Далёкім Усходзе, у выніку чаго горад атрымаў мянушку «Вялікія Атэны Кітаю»[10].

Падчас кіраваньня гэтай тэрыторыяй Кітайскай рэспублікай ў 1911—1949 гадох, палітычны статус Шанхаю, нарэшце, быў павышаны да статусу муніцыпалітэту ад 14 ліпеня 1927 году. Нягледзячы на тое, што тэрыторыі замежных канцэсіяў не былі ўключаны ў сфэру іхняга кантролю, новы кітайскі муніцыпалітэт меў плошчу ў 828,8 км², у тым ліку ў ягоны склад уваходзілі сучасныя раёны Баошан, Янгпу, Жабэй, Нансі й Пудун. 28 студзеня 1932 году японскія войскі высадзіліся ў гораде й захапілі яго, нягледзячы на кітайскі супраціў, які быў скончаны ў траўні таго ж году. У выніку бітвы за Шанхай у 1937 годзе кітайскія гарадзкія зоны былі акупаваны японскімі жаўнерамі ў той час, калі міжнародная зона й француская канцэсія заставаліся вольнымі. Аднак і гэтыя тэрыторыі таксама былі акупаваныя 8 сьнежня 1941 году й заставаліся пад кантролем Японіі да ейнай капітуляцыі ў 1945 годзе. Падчас акупацыі назіраліся шматлікія вайсковыя злачынствы[11].

Дэльта ракі Янцзы.

Шанхай разьмешчаны ў дэльце ракі Янцзы на ўсходнім узьбярэжжы Кітая на прыкладна роўнай адлегласьці ад Пэкіна й Ганконга. Муніцыпалітэт у цэлым складаецца з паўвострава паміж Янцзы й Ханчжоў Бэй, а таксама шэрагу дробных астравоў. Гарадзкі муніцыпалітэт мяжуе на поўначы й захадзе з правінцыямі Цзянсу, на поўдні з правінцыяй Чжэцзян, а на ўсходзе з Усходне-кітайскім морам. Уласна горад дзеліцца напалову ракой Хуанпу, якая зьяўляецца адным з прытокаў Янцзы. Гістарычны цэнтар горада, раён Пусі, разьмешчаны на заходнім беразе Хуанпу, у той час як нядаўна распрацаваны раён Пудонг, які зьмяшчае цэнтральны фінансавы рэгіён, быў пабудаваны на ўсходнім беразе.

Пераважная большасьць гарадзкой плошчы зьяўляецца плоскай па тыпу ляндшафта, за выключэньнем некалькіх пагоркаў у паўднёва-заходнім рэгіёне, зь сярэдняй вышынёй 4 мэтры[12]. Разьмяшчэньне горада на плоскай алювіяльнай раўніне азначае, што новыя хмарачосы павінны быць пабудаваны з глыбокім бэтонным мурам, каб спыніць іхняе апусканьне ў мяккі грунт. Самая высокая кропка знаходзіцца на высьпе Дадзінсян і мае 103 мэтраў у вышыню[12]. У горадзе месьцяцца шмат рэк, каналаў і азёр, ён, таксама, вядомы сваімі багатымі воднымі рэсурсамі як частка вадазборнага басэйна Тайху[13].

Шанхай мае вільготны субтрапічны клімат, згодна з кліматычнай клясыфікацыяй Кёпэна, і мае чатыры розных сэзонаў. Зімы халодныя й вільготныя, у гэты пэрыяд назіраюцца халодныя паўночна-заходнія вятры з Сыбіры, якія могуць стаць чыньнікам паніжэньня тэмпэратуры ніжэй за нуль, аднак у большасьці дзён зімы назіраюцца толькі адзін альбо два сьнегапады. Лета гарачае й вільготнае, у сярэднім каля 8 дзён трымаецца тэмпэратура, вышэйшая за 35 °C; у гэты сэзон магчымы выпадковыя ліўні альбо навальніцы. Горад таксама ўспрымальны да тайфунаў у летні пэрыяд і напачатку восені, ні адзін зь якіх у апошнія гады не прынёс значных стратаў[14]. Самы прыемны сэзон ёсьць вясна, хоць яна часьцяком бывае зьменлівай і дажджлівай, і восень, якая, як правіла, зьяўляецца сонечнай і сухой. Горад у сярэднім мае тэмпэратуру 4,2 °C у студзені й 27,9 °C у ліпені, гадавы паказчык складае 16,1 °C. Шанхай атрымоўвае ў сярэднім 1878 гадзінаў сонечнага сьвятла ў год, самая высокая тэмпэратура за ўсю гісторыю складала 40,2 °C, а самая нізкая была роўная -12,1 °C[15].

 Кліматычныя зьвесткі для Шанхаю 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдні максымум t, °C 8,1 9,2 12,8 19,1 24,1 27,6 31,8 31,3 27,2 22,6 17,0 11,1 20,2
Сярэдні мінімум t, °C 1,1 2,2 5,6 10,9 16,1 20,8 25,0 24,9 20,6 15,1 9,0 3,0 12,9
Норма ападкаў, мм 50,6 56,8 98,8 89,3 102,3 169,6 156,3 157,9 137,3 62,5 46,2 31,7 1164,7
Вільготнасьць, % 75 74 76 76 76 82 82 81 78 75 74 73 76,8
Крыніца: China Meteorological Administration
Адзін з раёнаў Шанхаю.

Шанхай зьяўляецца камэрцыйным і фінансавым цэнтрам мацерыковага Кітая й займае пятае месца ў сьпісе глябальных фінансавых цэнтраў за 2011 год[16]. Гэта быў самы вялікі й квітнеючы горад на Далёкім Усходзе ў 1930-х гадох, і ягонае хуткае паўторнае разьвіцьцё пачалося ў 1990-х гадох[17]. Прыкладам гэтага можа служыць раён Пудун, які стаў пілётнай тэрыторыяй інтэграваных эканамічных рэформаў. Да канца 2009 году ў горадзе налічвалася 787 фінансавых інстытутаў, 710 зь якіх былі з замежнымі інвэстыцыямі[18]. У 2009 годзе Шанхайская фондавая біржа займала трэцяе месца сярод біржаў сьвету па аб'ёму гандлю й шосты радок з пункту гледжаньня агульнай капіталізацыі пералічаных кампаніяў. А па аб'ёмах таргоў такіх тавараў як каўчук, медзь і цынк Шанхайская біржа ф’ючэрсаў займала першае месца ў сьвеце[19].

У апошнія два дзесяцігодзьдзі Шанхай зьяўляецца адным з самых хутка разьвіваючыхся гарадоў сьвету. З 1992 году Шанхай меў двухзначны паказчык росту амаль кожны год, за выключэньнем пэрыяду глябальнага эканамічнага спаду 2008 і 2009 гадоў[20]. У 2010 годзе агульным аб'ём СУП Шанхаю ўзрос да 1,687 трыльёнаў юаняў ($256,3 мільёнаў), а СУП на душу насельніцтва склаў 76 тысячаў юаняў ($ 11540)[21]. Трыма найбуйнейшымі галінамі сфэры паслугаў у эканоміцы горада ёсьць фінансавыя паслугі, розьнічны гандаль і нерухомасьць. Вытворчасьць й сельская гаспадарка склала 39,9 адсотка й 0,7 адсотка ад агульнага аб'ёму адпаведна. Сярэдні гадавы прыбытак жыхароў Шанхаю, на выснове першых трох кварталаў 2009 году склаў 21871 юаняў[22]. Разьмешчаны ў самым сэрцы дэльты ракі Янцзы, Шанхай мае ажыўлены порт. Шанхай імкнецца стаць міжнародным цэнтрам суднаходства ў найбліжэйшай будучыні[23].

Шанхай зьяўляецца адным з асноўных прамысловых цэнтраў Кітая, гуляючы адну з галоўных роляў у цяжкай прамысловасьці Кітая. Вялікая колькасьць прамысловых зонаў, у тым ліку Шанхайскай зоны эканамічнага й тэхналягічнага разьвіцьця й іншых, зьяўляецца асновай другаснага сэктара эканомікі Шанхаю. На цяжкія галіны прыпадае 78% СУП прамысловасьці ў 2009 годзе. Найбуйнейшы сталеліцейны завод Кітая Baosteel Group і суднабудаўнічы завод Jiangnan, адзін з найстарэйшых суднабудаўнікоў Кітая, разьмешчаны ў Шанхаі[24]. Аўтавытворчасьць зьяўляецца яшчэ адной важнай галіной. Shanghai Automotive Industry Corporation («SAIC») зьяўляецца адным з трох найбуйнейшых аўтамабільных карпарацыяў у Кітаі. Кампанія мае стратэгічнае партнэрства з Volkswagen і General Motors[25].

У Шанхаі маецца разгалінаваная сыстэма грамадзкага транспарту, якая ўлучае мэтро, лініі гарадзкіх аўтобусаў, паромы й таксі. Ува ўсіх памянёных сыстэмах можна скарыстацца картку грамадзкага транспарту Шанхаю[26].

Цягнік на 9-й лініі Шанхайскага мэтрапалітэну.

Сыстэма хуткага транспарту гораду, як то Шанхайскі мэтрапалітэн, улучае лініі мэтро й лёгкага мэтро. Яны лучаць між сабою кожны з асноўных раёнаў места, а таксама сягаюць суседніх прадмесьцяў[27]. На 2021 год налічвалася 19 лініяў мэтро, за выключэньнем шанхайскага цягніка маглеў і Цзіньшанскай чыгункі, на якіх месьцяцца 515 станцыаў, а дзейныя лінія агулам сягаюць 803 км, што робіць шанхайскую сетку найдаўжэйшай у сьвеце[28]. 8 сакавіка 2019 году мясцовае мэтро ўсталявала рэкорд штодзённай колькасьці пасажыраў, калі ім скарысталася 13,3 мільёнаў чалавек[29]. Сярэдні тарыф вагаецца ад 3 да 9 юанаў у залежнасьці ад адлегласьці падарожжа[30].

Цягнік маглеву выпраўляецца з аэрапорту Пудун.

Адкрыты ў 2004 годзе, Шанхайскі маглеў ёсьць першым і найхутчэйшым камэрцыйным высакахуткасным маглевам у сьвеце з максымальнай хуткасьцю руху 430 км/г[31]. Цягнік можа праехаць 30-кілямэтровы адрэзак шляху паміж станцыяй Ланян і міжнародным аэрапортам Пудун за 7 хвілінаў 20 сэкундаў[32], у той час як цягнік мэтрапалітэну робіць гэты шлях за 32 хвіліны[33], а аўтам гэтая дарога зойме 30 хвілінаў. Квіток у адзін бок каштуе 50 або 40 юаняў, у залежнасьці ад наяўнасьці авіяквітка або карты грамадзкага транспарту. Кошт білету туды й назад каштуе 80 юаняў, а VIP-білеты каштуюць удвая больш за стандартны тарыф[34].

Шанхайскі тралейбус.

Першая трамвайная лінія пачала эксплюатавацца ў 1908 годзе. Калісьці трамваі былі шалёна папулярныя ў Шанхаі на пачатку XX стагодзьдзя. Да 1925 году налічвалася 328 трамваяў і 14 маршрутаў, якія сумесна эксплюатаваліся кітайскімі, францускімі й брытанскімі кампаніямі[35]. У 1949 годзе ўсе яны былі нацыяналізаваныя пасьля прыходу да ўлады камуністычнай партыі. З 1960-х гадоў многія трамвайныя лініі былі альбо дэмантаваныя, альбо замененыя на тралейбусныя або аўтобусныя маршруты[36]. Апошняя трамвайная лінія была закрытая ў 1975 годзе[37]. Шанхай аднавіў трамвайную сетку ў 2010 годзе, пабудаваўшы сучасную сыстэму з гумовымі коламі ў раёне Чжанцзян ва Ўсходнім Шанхаі[38]. У 2018 годзе ў раёне Сунцзян пачаў працаваць трамвай на сталёвых колах[39]. Шанхай мае самую шырокую ў сьвеце аўтобусную сетку, а таксама найстарэйшую ў сьвеце бесьперапынна дзейную тралейбусную сыстэму з 1575 лініямі агульнай працягласьцю 8997 км на 2019 год[28]. Сыстэма кіруецца некалькімі кампаніямі[40]. Праезд у аўтобусе звычайна каштуе 2 юані[41]. У Шанхаі таксама ёсьць тры сыстэмы хуткага аўтобуснага транспарту, а менавіта сыстэма аўтобуснага транспарту сярэдняй ёмістасьці Yan’an Road, Fengpu Express і Nantuan Express.

На 2019 год у Шанхаі працавала ў агульнай складанасьці 40 тысяч таксовак[28]. Базавы тарыф на таксі складае 14 юані, які ахоплівае першыя 3 км і ўлучае паліўны збор. Кожны дадатковы кілямэтар каштуе 2,7 юані[42].

Дарогі й аўтатрасы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Транспартная разьвязка ў Шанхаі.

Шанхай уважаецца буйным вузлом сеткі хуткасных дарогаў Кітаю. Многія нацыянальныя хуткасныя магістралі, якія маюць прэфікс G, цягнуцца праз Шанхай або заканчваюцца ў ім, у тым ліку хуткасныя аўтадарогі Пэкін—Шанхай, Шэньян—Хайкоў, Шанхай—Сіянь ды многія іншыя[43]. Маюцца таксама мноства гарадзкіх хуткасных дарогаў з прэфіксам S[43]. На 2019 год у Шанхаі было ў агульнай складанасьці 12 мастоў і 14 тунэляў, якія перасякаюць раку Хуанпу[44]. Сетка хуткасных дарог у цэнтры гораду складаецца з надземнай дарогі Поўнач—Поўдзень, надземнай дарогі Яньань і ўнутранай колцавай дарогі. Іншыя колцавыя дарогі ў Шанхаі ўлучаюць Сярэднюю колцавую дарогу, Вонкавую колцавую хуткасную аўтастраду й Шанхайскую колцавую хуткасную аўтастраду.

Адная з станцыяў пракатных ровараў.

Наяўнасьць роварных дарогаў ёсьць звычайнай зьявай у Шанхаі. Яны аддзяляюць нематарызаваны рух ад аўтамабільнага. Аднак на некаторых галоўных дарогах, у тым ліку на ўсіх хуткасных, рух ровараў і матацыклаў забаронены. У апошнія гады папулярнасьць ровараў аднавілася дзякуючы зьяўленьню вялікай колькасьці сыстэмаў абмену роварамі на грунце распрацоўцы й укараненьню мабільных дадаткаў[45][46]. На сьнежань 2018 году сыстэмы сумеснага выкарыстаньня ровараў мелі ў сярэднім 1,15 мільёнаў карыстальнікаў штодня ў горадзе[47].

У горадзе хутка расьце прыватнае валоданьне аўтамабілямі. Гэтак у 2019 годзе ў горадзе налічвалася блізу 3,4 мільёнаў прыватных самаходаў, што было на 12,5% больш чым у леташнім годзе[28]. Стаіць забарона на рух без нумарнога знака на новых прыватных аўтамабілях, а такія знакі прадаюцца на штомесячных аўкцыёнах нумароў. Блізу 9500 нумарных знакаў выстаўляюцца на аўкцыён кожны месяц, а сярэдняя цана ў 2019 годзе сягала 89 тысяч юаняў[48]. Згодна з распрацаванымі ў чэрвені 2016 году правіламі карыстаньня гарадзкім транспартным сродкам, браць удзел у аўкцыёне могуць толькі жыхары, зарэгістраваныя ў горадзе й тыя, хто рабіў выплаты ў сацыяльны страхавальны фонд або адлічаў падаходны падатак у Шанхаі больш за тры гады запар. Такая палітыка ставіла за мэту абмежаваньне росту аўтамабільнага руху й памяншэньне колькасьці коркаў[49]. Грамадзкі транспарт, роварная інфраструктура й пешаходныя зоны агулам дазваляюць жыць у горадзе без аўтамабіля[50][51][52]. Нумарныя знакі для электрамабіляў або гібрыдных транспартных сродкаў, якія падлучаюцца да сеткі, цалкам дармовыя[53].

Паветраны й марскі транспарт

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Інтэр’ер тэрміналу міжнароднага аэрапорту Пудун.

Шанхай ёсьць адным з найбуйнейшых вузлоў паветранага транспарту ў Азіі[54]. У горадзе ёсьць два камэрцыйныя аэрапорты, як то шанхайскі міжнародны аэрапорт Пудун і шанхайскі міжнародны аэрапорт Хунцяо[55]. Пудун уважаецца галоўным міжнародным аэрапортам, у той час з Хунцяо выконваюцца перадусім унутраныя рэйсы з абмежаванымі міжнароднымі рэйсамі на кароткія адлегласьці. У 2018 годзе аэрапорт Пудун абслужыў 74,0 мільёны пасажыраў і апрацаваў 3,8 мільёнаў тон грузаў, што робіць яго дзевятым паводле колькасьці пасажыраў і трэцім паводле аб’ёму грузаў аэрапортам у сьвеце[56]. У тым жа годзе міжнародны аэрапорт Хунцяо абслужыў 43,6 мільёны пасажыраў, што робіць яго 19-м аэрапортам паводле колькасьці пасажыраў[56].

Порт Яншань.

З моманту сваёй працы Шанхайскі порт хутка пашырыўся й стаў найбуйнейшым портам Кітаю[57]. У 2005 годзе быў пабудаваны новы порт Яншань, які здольны прымаць вялікія кантэйнэравозы. Гэты порт злучаны з мацерыком праз 32-кілямэтровы мост Дунхай. Зважаючы на тое, што порт знаходзіцца ў падпарадкаваньні Шанхайскай міжнароднай партовай групы пры ўрадзе Шанхаю, адміністрацыйна ён належыць акрузе Шэньсі правінцыі Чжэцзян[58]. Абышоўшы порт Сынгапуру ў 2010 годзе[59], порт Шанхаю стаў самым загружаным портам у сьвеце паводле кантэйнэрных перавозак. Акрамя грузаў, шанхайскі порт абслугоўвае круізныя лайнэры[28].

Шанхай уважаецца часткай Марскога шаўковага шляху XXI стагодзьдзя, які праходзіць ад кітайскага ўзьбярэжжа на поўдзень ускрайкам Індыі да Мамбасы, а адтуль у Міжземнае мора, дзе злучаецца з паўночнаітальянскім вузлом у Трыесьце й чыгуначкай з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропай[60][61][62].

Культура Шанхаю сфармавалася шляхам спалучэньня культуры Ўюэ й культуры Хайпай. Уплыў культуры Ўюэ выяўляецца ў мове Шанхаю, якая ўлучае дыялектныя элемэнты Цзясіна, Сучжоў і Нінбо, і шанхайскай кухні, на якую паўплывалі кухні Цзянсу й Чжэцзяну[63]. Культура Хайпай узьнікла пасьля таго, як Шанхай расквітнеў у пачатку XX стагодзьдзя, калі ў горадзе зьявіліся замежнікі з Эўропы, Амэрыкі, Японіі й Індыі[64]. Гэтая культура спалучае элемэнты заходніх культураў у спалучэньні зь мясцовай культурай Уюэ, і ейны ўплыў распаўсюджваецца на літаратуру, моду, архітэктуру, музыку й кухню[65]. Тэрмін Хайпай быў прасунуты пэкінскімі пісьменьнікамі ў 1920 годзе, каб раскрытыкаваць шанхайскіх навукоўцаў за захапленьне капіталізмам і заходняй культурай[65][66]. У пачатку XXI стагодзьдзя Шанхай апынуўся пад уплывам культуры кібэрпанку[67].

Кітайскі мастацкі музэй.

Культурны асяродак у Шанхаі пашырыўся ў 2013 годзе, калі ў горадзе было адкрыта некалькі новых музэяў[68]. Гэта часткова было павязанае з плянамі разьвіцьця гораду на 2018 год, якія былі скіраваныя на тое, каб зрабіць Шанхай глябальным местам[69]. Шанхайскі музэй мае адную з найбуйнейшых калекцыяў кітайскіх артэфактаў у сьвеце, у тым ліку зьмяшчае вялікую калекцыю старажытнакітайскіх бронзавых вырабаў і керамікі[70]. Кітайскі мастацкі музэй уважаецца за адзін з найбуйнейшых музэяў у Азіі, у якім выстаўленая анімаваная копія карціны XII стагодзьдзя «Ўздоўж ракі падчас сьвята Цынмін»[71]. Шанхайскі музэй прыродазнаўства й Шанхайскі музэй навукі й тэхналёгіяў адпаведна зьмяшчаюць калекцыі прыродазнаўства й навукі. Таксама маюцца шмат невялікіх спэцыялізаваных музэяў, разьмешчаных у гістарычных месцах, сярод якіх вылучаецца музэй Сунцзэ[72], Дом-музэй першага зьезда Камуністычнай партыі Кітаю, сядзіба былога Часовага ўраду Рэспублікі Карэя[73], Шанхайскі музэй габрэйскіх выгнанцаў і Шанхайскі музэй пошты, які месьціцца ў будынку галоўнага паштамту гораду[74].

Сяоланбао.

Кухня Бэньбан палягае на падыходзе прыгатаваньня ежы, які ўзьнік у XVII стагодзьдзі пад уплывам навакольных правінцыяў. У ім робіцца акцэнт на выкарыстаньні прыправаў, захоўваючы пры гэтым арыгінальныя смакавыя якасьці сырых інгрэдыентаў. Цукар ёсьць важным складнікам у кухні, асабліва ў спалучэньні з соевай падлівай. Сярод фірмовых страваў гэтай кухні вылучаецца сяоланбао, тушаная сьвіная грудзінка ў чырвонай падліве й кітайскі рудавусы краб[75].

Згодна з хайпайскай традыцыяй таксама выкарыстоўваюцца элемэнты францускай, брытанскай, расейскай, нямецкай і італьянскай кухняў, адаптаваныя да мясцовых смакавых перавагаў і мясцовых інгрэдыентаў[76]. Стравы хайпайскай кухні ўлучаюць боршч па-шанхайску, хрумсткія сьвіныя адбіўныя й шанхайская салата, якая паходзіць ад салаты аліўе[77]. У кухнях Бэньбан і Хайпай выкарыстоўваюцца розныя морапрадукты, у тым ліку прэснаводная рыба, крэвэткі й крабы[78].

Выяўленчае мастацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Школа Сунцзян, у якую ўваходзіла школа Хуацін, заснаваная Гу Чжэн’і[79], была невялікай школай жывапісу ў Шанхаі у часы дынастыяў Мін і Цын[80]. Ейным прадстаўніком быў Дун Цічан. Школа лічылася пашырэннем школы У з Сучжоў, культурным цэнтры рэгіёну Цзяннань на той час[81]. Уласна шанхайская школа зьявілася ў XIX стагоддзі, засяроджваючыся на візуальным зьмесьце жывапісу праз выкарыстаньне яскравых колераў і канцэнтруючыся на такіх прадметах у якасьці тэмаў, як то кветкі й птушкі[82]. Заходняе мастацтва зьявілася ў Шанхаі ў 1847 годзе, дзякуючы гішпанскаму місіянэру Хаанэсу Фэрэру[83]. У часы Кітайскай Рэспублікі ў Шанхаі жылі такія мастакі, як то Чжан Дацянь, Лю Хайсу, Сюй Бэйхун, Фэн Цзыкай і Янь Вэньлян, што дазволіла гораду стаць мастацкім цэнтрам Кітаю. У месьце шырыліся й квітнелі такія віды мастацтва, як то фатаграфія, разьба па дрэве, скульптура, маньхуа. Пэрсанаж кітайскіх коміксаў Саньмао быў створаны, каб драматызаваць хаос, выкліканы Другой кітайска-японскай вайной[84]. Вялікая колькасьць аб’ектаў мастацтва выстаўленая ў Кітайскім мастацкім музэі, які месьціцца ў Шанхаі[85][86].

З 2001 году ў Шанхаі кожны красавік і кастрычнік ладзіцца Шанхайскі тыдзень моды. Асноўная пляцоўка гэтай імпрэзы знаходзіцца ў парку Фусін, а цырымоніі адкрыцьця й закрыцьця звычайна маюць месца ў Шанхайскім цэнтры моды. Красавіцкая сэсія таксама ёсьць часткай месячнага Шанхайскага міжнароднага фэстывалю моднай культуры[87].

Грын-пры Кітаю Формулы-1 у Шанхаі.

У Шанхаі існуюць некалькі футбольных камандаў, але найбольш вядомымі ёсьць «Шанхай Шэньхуа»[88] й «Шанхай Порт»[89]. Баскетбольны клюб «Шанхай Шаркс» з Кітайскай баскетбольнай асацыяцыі вядомы тым, што ў ім быў выхаваны гулец Яо Мін, перад тым як той далучыўся да Нацыянальнай баскетбольнай лігі[90][91]. Бэйсбольны клюб «Шанхай Голдэн Іглз» выступае ў Кітайскай бэйсбольнай лізе[92]. Сярод прафэсійных атлетаў, павязаных з Шанхаем, вылучаюцца бягун зь перашкодамі на 110 мэтраў Лю Сян[93], гулец у настольны тэніс Ван Ліцінь[94] і бадмінтаністка Ван Іхань[95].

Тэнісны матч у Шанхаі.

Шанхайскі крыкетны клюб існуе з 1858 году, калі ён упершыню згуляў матч супраць каманды афіцэраў Брытанскага флёту. Мясцовая крыкетная каманда ладзіла розныя міжнародныя матчы паміж 1866 і 1948 гадамі, фактычна выступаючы як нацыянальная зборная Кітаю па крыкеце. Пасьля заняпаду ў 1949 годзе, і па заснаваньні КНР, клюб быў адноўлены ў 1994 годзе экспатрыятамі, што жылі ў горадзе, і ад таго часу налічвае ў сваім складзе больш за 300 сябраў[96].

У Шанхаі штогод арганізуюцца некалькі міжнародных спартовых падзеяў. З 2004 году ён прымае этап чэмпіянату сьвету Формулы-1, вядомы як Гран-пры Кітаю[97]. У горадзе таксама разыгрываецца тэнісны турнір Шанхай Мастэрз, які ўваходзіць у Сусьветны тур майстроў АТП 1000, а таксама тат ладзяцца прэстыжныя гольф-турніры[98]. У 2023 годзе ў Шанхаі было зарганізавана 118 спартовых падзеяў, у якіх узялі ўдзел 190 тысячаў чалавек, а агульная колькасьць гледачоў склала 1,29 мільёнаў, што забясьпечыла спажывецкія выдаткі ў памеры 3,713 мільярда юаняў[99].

  1. ↑ National Database of Laws and Regulations — 2021.
  2. 1 2 http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
  3. ↑ Danielson, Eric N. (2004). «Shanghai and the Yangzi Delta». — С. 9.
  4. ↑ Danielson, Eric N. (2004). «Shanghai and the Yangzi Delta». — С. 9, С. 11—12, С. 34.
  5. 1 2 Danielson, Eric N. (2004). «Shanghai and the Yangzi Delta» — С. 10.
  6. ↑ Danielson, Eric N., «Shanghai and the Yangtze Delta», 2004, pp.10–11
  7. ↑ Scarne, John. «Twelve years in China». Edinburgh: Constable, 1860: 187-209.
  8. ↑ Williams, S. Wells (1904). «The Middle Kingdom: A Survey of the Geography, Government, Literature, Social Life, Arts, and History of the Chinese Empire and its Inhabitants», Volume 1, Scribner, New York. — С. 107.
  9. ↑ Ling Woo Liu. «Shanghai Sanctuary». Time.com
  10. ↑ Gordon Cumming, C. F. (Constance Frederica), «The inventor of the numeral-type for China by the use of which illiterate Chinese both blind and sighted can very quickly be taught to read and write fluently», London : Downey, 1899, archive.org
  11. ↑ «149 comfort women houses discovered in Shanghai», Xinhua, 16
  12. 1 2 «Topographic Features». Basic Facts. Shanghai Municipal Government.
  13. ↑ «Water Resources». Basic Facts. Shanghai Municipal Government.
  14. ↑ Spencer, Richard (19 верасьня 2007) 1.6m flee Shanghai typhoon. The Daily Telegraph (UK). Архіўная копія
  15. ↑ «Extreme Temperatures Around the World». mherrera.org
  16. ↑ «Taipei still in 19th place as financial center: survey». The Taipei Times.
  17. ↑ Scott Tong (October 2009). «Shanghai: Global financial center? Aspirations and reality, and implications for Hong Kong». Hong Kong Journal.
  18. ↑ «Shanghai Municipality». hktdc.com.
  19. ↑ «The rise of Lujiazui Financial City in Shanghai». CCTV News – CNTV English.
  20. ↑ «Growth rate of major national economic indicators over preceding year (1978~2010)». stats-sh.gov.cn
  21. ↑ «Shanghai GDP rises 9.9% last year, beating target». Shanghai Daily.
  22. ↑ «Average income hits 21,871 yuan». Shanghai Daily.
  23. ↑ «Shanghai aims at int'l financial and shipping center». China Daily.
  24. ↑ «Shipping industry woes». China Daily.
  25. ↑ «上海汽车工业(集团)总公司|上汽集团». Saicgroup.
  26. ↑ «上海公共交通卡 用卡范围». Shanghai Public Transport Card.
  27. ↑ «上海地铁». Shanghai Metro.
  28. 1 2 3 4 5 «2023年上海市国民经济和社会发展统计公报». Shanghai Municipal Bureau of Statistics.
  29. ↑ «3月8日上海地铁客流创历史新高». WeChat.
  30. ↑ «Metro & Maglev Train». The Official Shanghai China Travel Website.
  31. ↑ Hunt, Hugh (19.01.2017). «How we can make super-fast hyperloop travel a reality». Independent.
  32. ↑ «上海磁悬浮列车示范运营线通过验收». gov.cn.
  33. ↑ «沪地铁2号线19日起末班车时间延后 部分列车直通浦东机场». Xinhua News.
  34. ↑ «上海磁浮列車 Shanghai Maglev Train 票價、時刻表、班距、轉乘資訊分享». Rainieis.
  35. ↑ Warr, Anne (2007). «Shanghai Architecture». The Watermark Press. — ISBN 978-0-949284-76-1.
  36. ↑ «第三节 公共交通». Office of Shanghai Chronicles.
  37. ↑ «第三节 轨线». Office of Shanghai Chronicles.
  38. ↑ «上海首条现代化有轨电车新年正式载客运营». Central People's Government of the People’s Republic of China.
  39. ↑ Barrow, Keith (26.12.2018). «Shanghai Songjiang Tramway opens». International Railway Journal.
  40. ↑ «公交行业概况». Shanghai Municipal Transportation Commission.
  41. ↑ «公交票价». Shanghai Municipal Transportation Commission.
  42. ↑ «本市出租汽车运价结构和收费标准». Shanghai Municipal Transportation Commission.
  43. 1 2 «高速公路网». Shanghai.gov.cn.
  44. ↑ «黄浦江上第13座大桥开始主塔施工,除了可以"走",还有哪里与众不同». Jiefang Daily.
  45. ↑ «Ofo, Mobike, BlueGogo: China's Messy Bikeshare Market». What’s on Weibo.
  46. ↑ «Hai Guide. Everything you need to know about those shared bikes». City News Service.
  47. ↑ «共享单车最新调查 上海共享单车一年时间缩水一大半,"共享经济"是伪命题吗». Jiefang Daily.
  48. ↑ «10月沪牌拍卖结果出炉:中标率6.1%,最低成交价8.93万元». Jiefang Daily.
  49. ↑ «沪牌拍卖规定修订完善调整申请人资格条件 名下已有沪牌额度的不可再参拍». Shanghai Municipal Government.
  50. ↑ Taylor, Mike (17.08.2023). «China’s public transit system continues to set world records — here’s what the U.S. could learn». Yahoo.
  51. ↑ «Living in Shanghai Guide». Maxview realty.
  52. ↑ «Getting around in Shanghai». Expat Arrivals.
  53. ↑ Li, David Daokui (2024). «China’s World View: Demystifying China to Prevent Global Conflict»]. New York, NY: W. W. Norton & Company. — С. 168. — ISBN 978-0393292398.
  54. ↑ Chan, KG (15.08.2019). «New satellite terminals to propel Shanghai’s ascent». Asia Times Online.
  55. ↑ «Transportation». Shanghai Focus.
  56. 1 2 «Preliminary world airport traffic rankings released». Airports Council International.
  57. ↑ «上海:一个城市的传奇和梦想». Sina News.
  58. ↑ «2017年统计用区划代码和城乡划分代码:嵊泗县». National Bureau of Statistics of China
  59. ↑ «Shanghai overtakes S’pore as world’s busiest port». The Straits Times.
  60. ↑ Wolf D. Hartmann, Wolfgang Maennig (2017). «Run Wang: Chinas neue Seidenstraße».
  61. ↑ Jiang, Bao; Li, Jian; Gong, Chunxia (1.06.2018). «Maritime Shipping and Export Trade on „Maritime Silk Road“». The Asian Journal of Shipping and Logistics. 34 (2): 83—90. — doi:10.1016/j.ajsl.2018.06.005.
  62. ↑ «Neue Seidenstraße: Das Mega-Projekt aus China». Merkur.
  63. ↑ The key ingredients of Shanghai culture. Shanghai Daily (02.06.2018). Архіўная копія ад 16.02.2020 г.
  64. ↑ Shanghai-style Culture. Top China Travel. Архіўная копія ад 22.10.2019 г.
  65. 1 2 The Culture of Shanghai. Beijing Архіўная копія ад 16.12.2012 г.
  66. ↑ Yu, Jianhua (俞剑华) . — Shanghai: The Commercial Press.
  67. ↑ Архівавана 14 студзеня 2012 году.
  68. ↑ 3 New Museums to Look Out for in 2018 Архіўная копія ад 16.01.2018 г.
  69. ↑ Shanghai releases blueprint for becoming global cosmopolis by 2035 // The Straits Times, 05.01.2018 г. Архіўная копія ад 15.01.2018 г.
  70. ↑ Free Art in Shanghai. BBC (18.12.2011). Архіўная копія ад 07.09.2024 г.
  71. ↑ China Art Museum. Travel China Guide. Архіўная копія ад 10.03.2021 г.
  72. ↑ 【文化】小编带你走进上海崧泽遗址博物馆. 绿色青浦 (22.07.2018). Архіўная копія ад 10.03.2021 г.
  73. ↑ 朴槿惠在沪为"大韩民国临时政府旧址"展馆更新启用剪彩. Xinhua News (22.07.2018). Архіўная копія ад 10.03.2021 г.
  74. ↑ The Shanghai Post Office Museum. www.mytravels.asia (23.08.2017). Архіўная копія ад 10.03.2021 г.
  75. ↑ A Brief Intro to Shanghai "Hu" Cuisine. theculturetrip.com (21.12.2017). Архіўная копія ад 28.08.2019 г.
  76. ↑ Pan, Junxiang; Duan, Lian . — 中华工商联合出版社, 2007. — ISBN 9787801934925
  77. ↑ 上海故事“吃西菜到红房子”:海派西餐那些事. The Paper (19.11.2018). Архіўная копія ад 18.02.2020 г.
  78. ↑ Shanghai Food. Travel China Guide. Архіўная копія ад 30.06.2008 г.
  79. ↑ 崔庆国. 松江画派:价格与地位不符 // 鉴宝, 09.04.2009 г. Архіўная копія ад 04.09.2019 г.
  80. ↑ 上海通志>>第三十八卷文化艺术(上)>>第六章美术、书法、摄影>>节. Office of Shanghai Chronicles. Архіўная копія ад 27.09.2015 г.
  81. ↑ 董其昌與松江畫派. mam.gov.mo (05.2005). Архіўная копія ад 04.09.2019 г.
  82. ↑ 海上画派的艺术特点及对后世的影响. sohu.com (18.03.2019). Архіўная копія ад 05.09.2019 г.
  83. ↑ 171年前一个西班牙人来到上海,西洋绘画由此传播开来. sohu.com (17.07.2018). Архіўная копія ад 05.09.2019 г.
  84. ↑ "三毛"最早诞生于1935年7月28日《晨报》副刊. Jiefang Daily (29.07.2010). Архіўная копія ад 23.08.2017 г.
  85. ↑ New museums add colour to Shanghai art landscape. France 24 (01.10.2012). Архіўная копія ад 10.04.2019 г.
  86. ↑ 赋能国际文化大都市建设,中华艺术宫十载打造"人民美术馆". Shanghai Pudong Media Center (17.10.2024).
  87. ↑ 历届回顾 COLLECTION Архіўная копія ад 13.02.2020 г.
  88. ↑ 绿地宣布接手申花 朱骏时代宣告终结. sports.163.com (01.02.2014). Праверана 02.02.2014 г. Архіўная копія ад 02.02.2014 г.
  89. ↑ Памылка выкліку Шаблён:Спасылка: Парамэтры url / спасылка і загаловак / title павінны прысутнічаць. Sina Sports (07.11.2018). Праверана 12.11.2018 г. Архіўная копія ад 11.11.2018 г.
  90. ↑ Памылка выкліку Шаблён:Спасылка: Парамэтры url / спасылка і загаловак / title павінны прысутнічаць. Shanghai Sharks. Праверана 31.07.2020 г. Архіўная копія ад 04.05.2015 г.
  91. ↑ Passa, Dennis. Chinese great Yao Ming retires from basketball // Yahoo! Sports Архіўная копія ад 30.11.2011 г.
  92. ↑ Will Lingo Baseball America 2007 Almanac: A Comprehensive Review of the 2006 Season. — Simon and Schuster, 2007. — ISBN 978-1932391138
  93. ↑ Liu sets new world hurdles record // BBC News, 11.07.2006 г. Архіўная копія ад 17.09.2016 г.
  94. ↑ Wang Liqin others also retire from the nat. Table Tennis Master (12.2013). Праверана 21.07.2020 г. Архіўная копія ад 14.11.2017 г.
  95. ↑ Памылка выкліку Шаблён:Навіна: Парамэтры спасылка і загаловак павінны прысутнічаць // China News, 26.09.2008 г. Архіўная копія ад 05.12.2009 г.
  96. ↑ About the Shanghai Cricket Club. Shanghai Cricket Club. Праверана 23.05.2019 г. Архіўная копія ад 11.04.2019 г.
  97. ↑ Grand Prix Shanghai Set to Go. China.org.cn (22.10.2002). Праверана 04.10.2010 г. Архіўная копія ад 13.05.2011 г.
  98. ↑ European Tour, CGA unveil BMW Masters. China Daily (25.04.2012). Праверана 26.04.2012 г. Архіўная копія ад 26.04.2012 г.
  99. ↑ 《2023年上海市体育赛事影响力评估报告》发布-新华网. sh.news.cn. Праверана 10.07.2024 г. Архіўная копія ад 10.07.2024 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]