Перайсьці да зьместу

Мікалаеўшчына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалаеўшчына
лац. Mikałajeŭščyna
Школа імя Якуба Коласа
Школа імя Якуба Коласа
Першыя згадкі: 1555
Магдэбурскае права: XVII стагодзьдзе[1][2]
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Стаўпецкі
Сельсавет: Мікалаеўшчынскі
Насельніцтва (2015)
колькасьць: 562 чал.[3]
колькасьць двароў: 265[3]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1717
Паштовы індэкс: 222698
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°21′0″ пн. ш. 26°49′0″ у. д. / 53.35° пн. ш. 26.81667° у. д. / 53.35; 26.81667Каардынаты: 53°21′0″ пн. ш. 26°49′0″ у. д. / 53.35° пн. ш. 26.81667° у. д. / 53.35; 26.81667
Мікалаеўшчына на мапе Беларусі ±
Мікалаеўшчына
Мікалаеўшчына
Мікалаеўшчына
Мікалаеўшчына
Мікалаеўшчына
Мікалаеўшчына
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Мікала́еўшчына — вёска ў Беларусі, на правым беразе Нёмана. Цэнтар сельсавету Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2015 год — 562 чалавекі[3]. Знаходзіцца за 12 км на паўднёвы ўсход ад Стоўпцаў, за 30 км на паўночны захад ад Нясьвіжу.

Мікалаеўшчына — даўняе магдэбурскае[1][2] мястэчка на мяжы гістарычных Меншчыны і Наваградчыны[a], асноўным заняткам жыхароў якога былі плытагонства і будаваньне віцінаў[4]. Малая радзіма Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Лёсіка і шэрагу іншых грамадзкіх і культурных дзеячоў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, зьнішчаны расейскімі ўладамі дзеля пабудовы царквы-мураўёўкі.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Мікалаеўшчына ўпамінаецца ў сярэдзіне XVI ст. як уладаньне Осьцікавічаў. Сваю назву паселішча атрымала, відаць, ад імя Мікалая Осьцікавіча. У 1555 годзе Мікалаеўшчыну набыў Л. Сьвірскі. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1596 годзе Мікалаеўшчына перайшла ў валоданьне М. К. Радзівіла «Сіроткі», які далучыў яе да Нясьвіскай ардынацыі. У гэты час тут было 17 двароў, карчма, бровар, прыстань. На мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў паселішча атрымала статус мястэчка. У 1617 годзе сядзібу Яна Радзівіла ў Мікалаеўшчыне наведаў каралевіч і вялікі княжыч Уладзіслаў. На 1628 год у мястэчку быў Рынак і 5 вуліцаў (Сьверынаўская або Узьдзенская, Дворная, Мастовая, Менская, Тыльная), 114 двароў, касьцёл, ратуша, гасьціны двор, млын, вэрф (сточня), 13 складоў тавараў. У 1652 годзе маршалак вялікі Аляксандар Людвік Радзівіл заснаваў тут касьцёл Яна Хрысьціцеля. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1664 годзе Мікалаеўшчыну зьнішчылі маскоўскія захопнікі[5]. На 1669 год у мястэчку засталося толькі 20 двароў, на 1700 год — 63, на 1777 год — 62. У гэты час празь Нёман узьвялі драўляны Калінавы мост даўжынёй у адну вярсту з чвэрцю.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мікалаеўшчына апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Менскім павеце[6] Менскай губэрні. У XIX ст. статус паселішча панізілі да сяла.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1867 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі тутэйшы касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1882 годзе каля Мікалаеўшчыны ў засьценку Акінчыцах нарадзіўся Канстантын Міцкевіч (Якуб Колас). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку быў 141 двор, дзеяла царква, працавалі карчма і крама, у пачатку XX ст. — 168 двароў. 9 ліпеня 1906 году тут адбыўся зьезд настаўнікаў Менскай губэрні.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Мікалаеўшчыну занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мікалаеўшчына абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мікалаеўшчына апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Стаўпецкім павеце Наваградзкага ваяводзтва. На 1921 год у мястэчку было 164 двары.

У 1939 годзе Мікалаеўшчына ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету Стаўпецкага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. 3 1970 году тут працуе турыстычная база «Высокі Бераг», з 1972 году — Коласаўскі дзяржаўны заказьнік. На 1997 год у вёсцы было 360 двароў, на 1 студзеня 2004 году — 309 двароў. У 2000-я гады Мікалаеўшчына атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

  • XIX стагодзьдзе: 1860 год — 500 чал.; 1886 год — 640 чал.; 1897 год — 935 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 1204 чал.; 1921 год — 929 чал.; 1939 год — 1000 чал.; 1997 год — 743 чал.[5]; 1999 год — 845 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2004 году — 679 чал.[7]; 2010 год — 872 чал.

У Мікалаеўшчыне працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, пошта.

Мікалаеўшчына — паселішча поплаўнага тыпу, якое сфармавалася на прасторы высокай тэрасы Нёмана[8]. Грамадзка-культурны цэнтар знаходзіцца непадалёк ад моста на старым пляцы колішняга мястэчка (гістарычным Рынку), дзе разьмяшчаецца будынак сельскай адміністрацыі і помнік Якубу Коласу. На паўночны ўсход знаходзіцца новы пляц, на якім разьмяшчаецца царква. Паміж старым і новым пляцамі ўзвышаецца гмах школы. Асноўная забудова аднапавярховая, пераважна драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу, радзей — цаглянымі катэджамі. Новае будаваньне вядзецца ў паўднёва-ўсходнім кірунку, у бок Русаковічаў.

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Наднёманская вуліца Дворная вуліца (XVII ст.)
Алеся Сянкевіча вуліца Менская вуліца (XVII ст.)
Сьвіная вуліца (як самастойная вуліца)
Стаўпецкая вуліца (XIX ст.)
Школьная вуліца Маставая вуліца (XVII ст.) Казённая вуліца (XIX ст.)
Якуба Коласа вуліца Сьверынаўская вуліца (XVII ст.)
Тыльная вуліца (XVII ст.)
Сьценка (XIX ст.)

Гістарычны Рынак, які таксама называлі Грудком, у наш час ня мае афіцыйнай назвы. Вуліцы Беларуская, Язэпа Лёсіка, Піянэрская і Новая ўзьніклі ў паваенны час.

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Уваходзіла ў склад Менскага павету, аднак прытым належала да Нясьвіскай ардынацыі, цэнтар якой уваходзіў у склад Наваградзкага павету, таксама касьцельная парафія належала да Наваградзкага дэканату
  2. ^ Шыфр: 613В000617
  1. ^ а б Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 312.
  2. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. С. 588.
  3. ^ а б в Список сельских населенных пунктов и численность населения по Миколаевщинскому сельскому совету Столбцовского района
  4. ^ Жолуд С. «Сабачы хлеб» Нёманскіх плытагонаў // Беларуская думка. № 10, 2017. С. 41.
  5. ^ а б Шаблюк В. Мікалаеўшчына // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 137.
  6. ^ Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 400.
  7. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004.
  8. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. С. 602.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]