На ростанях

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
На ростанях
На ростанях
U Paleskaj hłušy.jpg
Вокладка першага выданьня першай кнігі трылёгіі «На ростанях» (Вільня, 1923)
Аўтар: Якуб Колас
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 19211955
Асобнае выданьне: 1955

«На ростанях» — эпічная трылёгія клясыка беларускай літаратуры Я. Коласа, адзін зь першых беларускіх раманаў, які меў вялікае значэньне для разьвіцьця жанру рамана ў беларускай літаратуры[1]. Складаецца з трох частак: «У палескай глушы», «У глыбі Палесься» і «На ростанях». У іх намаляваная шырокая карціна жыцьця вясковай інтэлігенцыі і працоўнага сялянства пачатку XX стагодзьдзя[2].

Трылёгія займае выключнае месца ў творчасьці пісьменьніка[3], ён працаваў над яе тэкстам са значнымі перапынкамі больш за 30 гадоў[2]. Пачатак напісаньня першай кнігі адносяць да 19211922 гг., а асобным выданьнем увесь твор выйшаў толькі ў 1955 годзе[3].

Падыход да тэмы, трактоўка вобраза галоўнага героя вызначаліся навізной: Якуб Колас абраў жанравую форму сацыяльна-псыхалягічнай аповесьці з шырокім выкарыстаньнем аўтабіяграфічнага матэрыялу. Такі шлях і насамрэч быў новы, бо сталай традыцыі мастацкага псыхалягізму, традыцыі псыхааналізу ў «вялікай прозе» беларуская літаратура на пачатку 20-х гадоў яшчэ ня выпрацавала[4].

Гісторыя напісаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя подступы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1902 г., у час свайго настаўніцтва, Я. Колас пачаў працаваць над вялікім па задуме творам на расейскай мове «Адзін з сотні»[5], фрагмэнты якога ў перапрацаваным выглядзе былі выкарыстаныя ў аповесьці «У палескай глушы»[2]. Галоўны герой — Сошкін — меў некаторыя рысы Лабановіча. Брат пісьменьніка М. М. Міцкевіч сьведчыць, што «гэта ёсьць пачатак аповесьці «У палескай глушы». Толькі там Лабановіч завецца Сошкін. А Лабановіч-Сошкін — гэта ў значнай меры аўтапартрэт Коласа ў пэўны пэрыяд ягонага жыцьця»[6].

У вершах была запісана легенда пра Яшукову гару, пачатая пісьменьнікам у Люсіне[5]. Сцэны ў астрозе, якімі заканчваецца трылёгія, нагадваюць успаміны Я. Коласа пра зьняволеньне ў астрозе, надрукаваныя ім хутка пасьля пераезду ў Менск[5].

Праца над тэкстам і публікацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вокладка першага выданьня другой кнігі трылёгіі «У глыбі Палесься» (Вільня, 1927)

У лістападзе 1921 году Я. Колас напісаў Я. Карскаму[5]:

« Цяпер пішу бытавую аповесьць з жыцьця настаўніцтва і так званай сельскай інтэлігенцыі. Аповесьць мае назву «У палескай глушы» »

Над першай часткай трылёгіі ён працаваў у 1921—1922 гадах[3]. Урыўкі зь яе друкаваліся ў часопісах: «Вольны сьцяг», Менск, 1921, № 6(8) і «Адраджэньне», Менск, 1922. Асобным выданьнем аповесьць упершыню выйшла ў Вільні ў 1923 г., а затым другім і трэцім выданьнямі — у Менску ў 1927 і 1928 гг. У канцы 1928 г. аповесьць была выдадзеная на харвацкай мове, у 1929 — на расейскай, у 1950 — на польскай, у 1956 — на фінскай мовах[2]. Цікава, што сам Я. Колас вызначыў свой першы буйны празаічны твор як «апавяданьне», які паводле жанравай прыналежнасьці ўяўляе сабой разгорнутую аповесьць.

Аўтограф прадмовы да трэцяй кнігі трылёгіі «На ростанях»

У прадмове да першага выданьня аповесьці Я. Колас зазначыў, што мае на думцы пашырыць і паглыбіць выяўленьне жыцьця вясковай інтэлігенцыі і сялянства ў сваіх далейшых творах, якія маюць быць працягам «У палескай глушы»[2].

Другая частка «У глыбі Палесься» зьявілася працягам аповесьці «У палескай глушы». Датай напісаньня твора ўва ўсіх прыжыцьцёвых выданьнях пазначаюцца 1926—1927 гады, аднак ёсьць падставы меркаваць, што пачатак працы прыпадае на 1924 год, бо ў канцы гэтага году ў часопісе «Полымя», № 4 паведамлялася, што Я. Колас ужо напісаў палову другой палескай аповесьці, якая будзе называцца «У глыбі Палесься»[2].

Да выхаду ў сьвет асобным выданьнем у 1927 годзе гэтая аповесьць друкавалася ў часопісах: «Асьвета» (1926, № 1) — урыўкі пад загалоўкам «Рэдактар», «Панямонскія ведамасьці», «Па мястэчку» і «Трохі фантастыкі»; «Узвышша» (1927, № 2, 3) — разьдзелы XIII—XV пад агульнай назвай «На новым месцы» і разьдзелы XXI—XXIV; «Полымя» (1927, № 4) — разьдзелы XVI, XVIII—XX; «Маладняк» (1927, № 5, 7—8) — разьдзелы X—XII, XXVII—XXIX[2].

Да працы над трэцяй часткай, аднайменнай усёй трылёгіі, аўтар прыступіў у 1948 годзе[3]. Дата завяршэньня аповесьці — 24 чэрвеня 1954 году[2]. Друкавалася ў часопісе «Полымя» (1949, № 2, 11; 1950, № 4, 8; 1951, №6; 1952, № 11; 1953, №2, 11; 1954, № 1, 3, 8). Пачатак яе — першыя тры разьдзелы — зьмешчаныя таксама і ў часопісе «Беларусь» (1949, № 1)[2].

Пасьля завяршэньня трэцяй кнігі трылёгіі аўтар палічыў неабходным аб’яднаць цыкль палескіх аповесьцяў і выдаць іх асобнай кнігай пад агульнай назвай «На ростанях». Рыхтуючы трылёгію да друку аосбным выданьнем (1955), Я. Колас перапрацаваў асобныя мясьціны і нават цэлыя разьдзелы, напісаў новыя, унёс у тэкст шматлікія зьмены і папраўкі. Істотна перапрацаваная ў ідэйных і стылёвых адносінах трэцяя кніга трылёгіі «На ростанях». У першых дзьвюх аповесьцях аўтарскія зьмены і праўкі носяць пераважна моўна-стылёвы характар. Канчаткова падрыхтаваўшы трылёгію да друку Я. Колас у лісьце да Яўг. Мазалькова ад 25/VII 1955 г. паведамляў: «Все повести внимательно просмотрены перед сдачей в печать»[2].

Асобным выданьнем трылёгія «На ростанях» выйшла ў Менску ў 1955 годзе.

Месца дзеяньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеяньне трылёгіі адбываецца на тэрыторыі Палесься, Случчыны і Наднямоньня. Я. Колас зьмяняе[3] некаторыя геаграфічныя назвы ў першай кнізе: Люсіна→Цельшына, Мікалаеўшчына→Мікуцічы, Пінкавічы→Выганы, Стоўбцы→Стаўбуны, Верхмень→Верхань, але апісаньні ім дае даволі дакладныя, што робіць іх вядомымі для жыхарохоў тых месцаў. Ува ўсім творы аўтар згадвае шмат тапонімаў і мікратапонімаў, якія служаць арыенцірамі для вызначэньня мясьцін, дзе адбываюцца падзеі трылёгіі[3].

Час дзеяньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая частка ахоплівае прамежак ад 1902 па 1904 гады. Канчаецца трылёгія сцэнаю, для якой аўтар дае[5] дакладную дату — 15 верасьня 1911 году. Такім чынам дзеяньне трылёгіі адбываецца прыкладна цягам дзесяцігодзьдзя[3].

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва трылёгіі была дадзена аўтарам з пэўнай мэтай паказаць шырыню праблематык, вялікае кола пытаньняў і адказаў на іх, якія Я. Колас падымае ў творы. Пісьменьнік настойваў, каб назва «На ростанях» была захавана менавіта такой і ў расейскім перакладзе[5].

Праблематыка трылёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўным матывам трылёгіі для Я. Коласа стала імкненьне паказаць значэньне ролі інтэлігенцыі ў працэсе асэнсаваньня беларусамі свайго месца ў сьвеце, сваёй нацыянальнай самасьвядомасьці[5].

Асноўным пытаньнем, якое ставіць перад сабою галоўны герой зьяўляецца фраза «Для чаго чалавек жыве на зямлі?». У адказе на яго сьветапогляд Лабановіча зьмяняецца ад пазыцыяў забесьпячэньня ўласнага камфорту і дабрабыту сваёй сям’і праз ланцужок «я→сям’я→бліжэйшае асяродзьдзе→радзіма→увесь народ» да высновы, што чалавек мае маральны абавязак ня толькі сумленна працаваць на сваім месцы, але таксама павінен памятаць пра больш агульныя і далёкія мэты на карысьць усяго грамадзтва.

Трылёгія ўздымае пытаньні клясавых адносін у беларускіх вёсках, праблему непісьменнасьці сялянаў тых часоў, міжасобасныя адносіны і г. д. Аўтар паказвае рознакаляровую палітку грамадзкага і палітычнага жыцьця на фоне маляўнічых краявідаў і прыродных сцэн. Але прырода выступае ў Я. Коласа ня толькі фонам, яна актыўны герой яго рамана. Аўтар праводзіць паралелі паміж станам прыроды і станам грамадзтва. Так, у трэцяй кнізе пасьля сцэны разгулу завірухі пісьменьнік пераходзіць да развагаў аб жорсткай рэакцыі, якая наступіла пасьля рэвалюцыі 1905 году[5].

Аўтабіяграфічнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэмарыяльная шыльда на школе ў в. Люсіна, у якой працаваў Я. Колас

Многія падзеі, у якіх удзельнічаў Лабановіч, адбываліся з самім Я. Коласам. У першую чаргу ўласна асноўная праца жыцьця Лабановіча — настаўніцтва ў невялікіх вёсках — была ўзята з аўтабіяграфіі пісьменьніка, які пачынаў свой працоўны шлях у в. Люсіна, якая стала правобразам Цельшына[5]. Пісьменьнік прымаў удзел у аграрных хваляваньнях мясцовых сялянаў, напісаў на іх просьбу пэтыцыю да мясцовага памешчыка Скірмунта. У якасьці пакараньня за гэта быў пераведзены на працу ў вёску Верхмень (у творы — Верхань)[7].

Аўтар, як і галоўны герой, удзельнічаў у рэвалюцыйных выступленьнях, нелегальным настаўніцкім зьезьдзе. Ён быў звольнены з пасады, пераехаў у Вільню, працаваў у рэдакцыі газэты «Наша ніва», быў асуджаны і зьняволены ў турме[3]. Нават імя па бацьку Лабановіча спачатку было Міхайлавіч, як і ў пісьменьніка, толькі потым яно зьмянілася на Пятровіч[3].

Амаль усе асноўныя падзеі, з аглядкай на мастацкую перапрацоўку, адбываліся з блізкімі і знаёмымі Я. Коласа[3]. Многія героі маюць сваіх прататыпаў, выступаючы пад іх уласнымі імёнамі ці пад крыху або зусім зьмененымі[3]. Напрыклад, у вобразе Алеся Садовіча выведзены Аляксандар Антонавіч Сянкевіч, які вучыўся разам з Я. Коласам[8]. Прататыпам рэдактара-выдаўца Уласюка Мікіты Аляксандравіча стаў рэдактар «Нашай нівы» амаль ад пачатку яе выхаду да 1914 г. Аляксандр Уласаў, а ў Ясі і Стафане Ліскоўскіх можна пазнаць братоў Івана і Антона Луцкевічаў[9]. Прататыпам Івана Тадорыка стаў Янка Маўр, зь якім Колас сябраваў, а потым і парадніўся праз шлюб сына Коласа Міхася з дачкой Маўра Натальляй[10]. Прататыпам Кандаковіча стаў Сяргей Скандракоў.

Многія пэрсанажы таксама мелі рэальных прататыпаў (панна Ядвіся — Ядвіга Ігнатаўна Баранцэвіч, Саханюк — настаўнік Дылеўскі, Вольга Віктараўна Андросава — настаўніца Вольга Віктараўна Ганцова, Янка Тукала — настаўнік Сымон Самахвал)[2].

Трылёгія ў тэатры і кіно[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1958 інсцэніравана пад назвай «Навальніца будзе» (аўтар п’есы — Алесь Звонак, пастаўлена ў Драматычным тэатры імя Якуба Коласа), у 1960—1961 быў пастаўлены фільм «Першыя выпрабаваньні» (аўтары сцэнарыя А. А. Куляшоў і М. Лужанін)[11].

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трылёгія перакладалася на расейскую мову, у 1963 годзе выходзіла на баўгарскай, у 1928 на харвацкай («У Палескай глушы» ў перакладзе С. Кірына, Заграб), у 1960 — на чэскай.

У культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трылёгія натхніла на графічныя работы розных мастакоў. Графік Л. П. Асецкі стварыў сэрыю «Паводле матываў трылёгіі Я. Коласа „На ростанях“» у 1973 годзе[12], а У. Я. Сулкоўскі намаляваў шэраг карцін, тэматычна зьвянаных з трылёгіяй, у тым ліку «Люсінскае навакольле. (Целяшоў дуб)», «Ядвіся»[13].

Ілюстрацыі для выданьня трылёгіі 2006 году стварыў М. С. Басалыга[14][15].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Акадэмік МІЦКЕВІЧ Канстанцін Міхайлавіч (Якуб Колас) (рас.)
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к Колас Я. Збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9. Трылогія «На ростанях». Мн., Маст. літ., 1975. С. 759—763. — 800 с.
  3. ^ а б в г д е ё ж з і к Трылогія «На ростанях». Беларуская літаратура: Падручнік для 10 кл. / В. Я. Ляшук, А. А. Майсейчык, К. М. Мароз і інш. пад рэд. В. Я. Ляшук.- Мн.: Рэдакцыя часопіса «Крыніца», 1997.-608 с.: іл. ISBN 5-87659-009-6
  4. ^ Прадмова М. І. Мушынскага, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, прафесара
  5. ^ а б в г д е ё ж з Трылогія «На ростанях». Шкраба Р. В. Беларуская літаратура: Падр. для 10-га кл. сярэдн. шк.— Мн.: Маст. літ., 1996.—223 с.: 121 л. іл.
  6. ^ «Беларускі летапіс», 1937, № 6—7
  7. ^ Шамякіна А. І. «Вобразы мілыя роднага краю...»: Прастора і час у трылогіі Я. Коласа «На ростанях» / А. І. Шамякіна; НАН Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мн.% Бел. навука, 2004. — 175 с.
  8. ^ Кісялёў У. І прататып у класічных творах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Полымя. — ISSN 0131-2669., № 4, 1987. С.12—13
  9. ^ Нашаніўцы ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях»: вобразы і прататыпы
  10. ^ 125 лет Янке Мавру (рас.)
  11. ^ Книжно-документальная выставка к 125-летию со дня рождения Якуба Коласа (1882—1956) (рас.)
  12. ^ т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  13. ^ Колас Якуб. Новая зямля (паэма), На ростанях (трылогія). Сулкоўскі Уладзімір. Радзіма Якуба Коласа (серыял жывапісных палотнаў)
  14. ^ Вокладка кнігі
  15. ^ Ілюстрацыя М. С. Басалыгі

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Пшыркоў, Ю. С. Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» / Ю. С. Пшыркоў. — Мінск : Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1956. — 226 с.
  • Пшыркоў, Ю. С. Эпас рэвалюцыі : паэмы Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях» / Ю. С. Пшыркоў. — Мінск : Вышэйшая школа, 1975. — 238 с.
  • Прастора ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» / Алеся Шамякіна // Полымя: Літ.-грамад. і грамад.-паліт. часоп. / Заснав.: М-ва інфарм. Рэсп. Беларусь ― 2007. ― № 11. ― С. 103―109

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg На ростаняхсховішча мультымэдыйных матэрыялаў