Перайсьці да зьместу

Зьміцер Жылуновіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «З. Жылуновіч»)
Зьміцер Жылуновіч
лац. Źmicier Žyłunovič
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Цішка Гартны і інш.
Нарадзіўся 23 кастрычніка (4 лістапада) 1887
Памёр 11 красавіка 1937(1937-04-11) (49 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, драматург, паэт, палітык, журналіст
Мова беларуская мова і расейская мова
Дэбют у газэце «Наша ніва» (1908); першая кніга — «Pieśni» (1913)
Творы на сайце Knihi.com

Зьмі́цер Хве́даравіч Жылуно́віч (псэўд. Ці́шка Га́ртны; 4 лістапада [ст. ст. 23 кастрычніка] 1887, мяст. Капыль Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Менская вобласьць — 11 красавіка 1937, Магілёў) — беларускі пісьменьнік, грамадзкі і дзяржаўны дзяяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907 гадоў.

Іншыя псэўданімы і крыптанімы: Авадзень; Авадзён; Аглядальнік; В.Аса; Беларус; Беларус-Камуніст; Бэйгар; Вар; П.Вартавы; Паўлюк Вартавы; Васа; Сымон Гляк; Габрусь Друк; Сымон Друк; Зета; Зьміжыла; Зьміцер; Знаёмы; Зьмітро Капылянін; Янка Кліч; Мешчанін; Мінчанін; Цішка Г.; Мужык; С.Смык; Я.Смык; Стары С-Д; Твой сын Зьмітро; Чырвонь; Язэп Чырвонь; Шулятнік; А.; Ц. Г.; Д. Ж.; З. Ж.; У. Ж.; Ул. Ж.; Д.Ж-ч; З.Ж-ч; Я.К-іч і інш.

Працаваў рамесьнікам-гарбаром у Капылі, Летуве, Украіне, на заводзе ў Санкт-Пецярбургу. Друкавацца пачаў з 1908 году ў газэце «Наша ніва». Першая кніга «Pieśni» выйшла ў 1913 годзе. Прадстаўляў беларускія інтарэсы ў Дэмакратычнай нарадзе ў Петраградзе з 14(27) верасьня па 23 верасьня(6 кастрычніка) 1917 году, як прадстаўнік Беларускай сацыялістычнай грамады.[1] Быў абраны ў склад Дэмакратычнай Рады, што была пераўтворана ў Часовую Раду Расейскай рэспублікі (Перадпарлямэнт).[2][3][4][5] У 1918 годзе сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газэты «Дзяньніца». З кастрычніка 1918 году ў РКП(б). З 1 студзеня па 3 лютага 1919 году — старшыня Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Потым — палітработнік Чырвонай Арміі.

У 1921 годзе ў Бэрліне наладзіў выданьне беларускіх кніг. Пасьля вяртаньня ў Менск — рэдактар газэты «Савецкая Беларусь», ініцыятар стварэньня літаратурнага аб’яднаньня і часопіса «Полымя», узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намесьнікам наркама асьветы БССР, у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

У 1923 годзе пленум ЦК КП(б)Б прыняў пастанову пра прысваеньне Ц. Гартнаму званьня Народнага паэта Беларусі, але яна так і не была выкананая[6]. Акадэмік БелАН з 1928 году. Быў знаёмы і падтрымліваў сяброўскія, творчыя сувязі й вёў перапіску зь Юліасам Фучыкам, Здэнекам Неедлым, Ёханесам Бехерам, Францам Вайскопфам і інш. Апрача беларускай і расейскай, ведаў нямецкую, польскую і ўкраінскую мовы.

Бюст Цішкі Гартнага (скульптар Заір Азгур)
Помнік Цішку Гартнаму (Капыль, 2000 год)
Магіла Цішкі Гартнага з помнікам 1989 году (Магілёў, 2020 год)

Выключаны з ВКП(б) 16 студзеня 1931 году з фармулёўкай «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі». Арыштаваны 15 лістапада 1936 году. 7 красавіка 1937 году пераведзены ў Магілёўскую псыхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (паводле афіцыйнай вэрсіі ад гангрэны лёгкіх; паводле іншых зьвестак — скончыў жыцьцё самагубствам).

Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве[7].

Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15 кастрычніка 1955 году. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10 верасьня 1987 году.

Цішка Гартны айтар раманаў: першы беларускі вялікі эпічны твор «Сокі цаліны» і «Перагуды»; зборнікаў вершаў: «Pieśni», «Песьні працы і змаганьня», «Урачыстасьць»; зборнікаў п’есаў: «Хвалі жыцьця», «Сацыялістка», «На стыку», «Дзьве сілы»; зборнікаў апавяданьняў: «Трэскі на хвалях» і «Прысады»; публіцыстычных нарысаў «Па чатырох краінах»; артыкулаў па літаратурнай крытыцы й пра падзеі сьведкам якіх ён быў.

Мікола Равенскі вельмі ўдала паклаў на музыку верш Зьмітра Жылуновіча «Ах ты, Нёман-рака», які тады й доўга пасьля меў вялікую папулярнасьць, ня меншую хіба за «Люблю наш край» Канстацыі Буйлы — так блізкімі ўсім былі, у праніклым музычным агучэньні Равенскага, ягоныя заключныя словы пра тое,

«
…Што надыйдзе пара —

Зьнемажэньне міне,
Адраджэньня зара
Над народам блісьне,
І з збалелых грудзей
Беларусі дзяцей
Над табой загудзе
Песьня вольных людзей…

»

—Цішка Гартны, [8]

Песьні на словы Цішкі Гартнага яшчэ стварылі: Міхаіл Мацісон[9][10][11][12], Несьцер Сакалоўскі, Альбін Стаповіч, Аляксей Туранкоў[13].

Жонка — Жылуновіч Надзея Сьцяпанаўна (народжаная ў верасьні 1894 г. у Ленінградзе ў сям’і рабочага). 8 кастрычніка 1938 году асобай нарадай пры НКУС БССР асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» і «саўдзел у антысавецкай дзейнасьці» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баровічы Ленін­град­зкай вобласьці. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 17 чэрвеня 1966 году Вярхоўным судом БССР.

Дачка Галіна нарадзілася 21 лютага 1917 году ў Ленінградзе. Сябра ВЛКСМ, паступіла ў Менскі мэдычны інстытут. 25 жніўня 1937 году ў Менску арыштавана, 8 кастрычніка 1938 году асобай нарадай пры НКУС БССР разам з маці асу­джана за «неданясеньне» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баровічы Ленінградзкай вобласьці. Пасьля вызваленьня жыла ў Беларусі. Рэабілітавана 17 чэрвеня 1966 году Вярхоўным судом БССР[14]. Беларускі мовазнавец (беларуская, расейская мовы), кандыдат філялягічных навук, складальнік зборніка ўспамінаў пра Цішку Гартнага.

  • Ciška Hartny. Pieśni. — Pieciarburh: «Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce», 1913. — 50 с.
  • Цішка Гартны. Песьні працы і змаганьня. — Бэрлін: выданьне Навукова-літэрацкага адзьдзела Камісарыяту асьветы БССР, 1922. — 102 с.
  • Цішка Гартны. Урачыстасць. Цыклы: 1. Урачыстасць рэвалюцыі; 2. Урачыстасць жыцьця. (Вершы). — 2-е дапоўненае выданьне. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928. — 133 с. — 3000 ас.
  • Цішка Гартны. Вершы. Са зьместу: Да Нёмна; Бяздольны; Сявец; Сонейка вечнае зіяе...; Пажарыска; Восень; Роднай краіне; Красуй, збожжа!; У дарозе; Восень і інш. / укладальнік і аўтар прадмовы Сьцяпан Александровіч; рэдкалегія: Пімен Панчанка (галоўны рэдактар) і інш.. — Менск: Беларусь, 1967. — 142 с. — (Бібліятэка беларускай паэзіі). — 5300 ас.
  • Цішка Гартны. Хвалі жыцьця: Драма ў 3 дзеях. // Зажынкі : Першы збор твораў беларускіх песняроў і пісьменнікаў, выйшаўшых з сям’і працоўнага народу. — Масква: Выданьне Беларускага нацыянальнага камісарыяту, 1918.
  • Цішка Гартны. Сацыялістка. // Сцэнічныя творы: у 2 кніжках. — Менск: Беларускае каапэрацыйнае выдавецкае таварыства «Савецкая Беларусь», 1924. — В. Кніга 2.
  • Цішка Гартны. Прысады: апавяданьні. На стыку: п'еса ў 5 дзеях; Дзьве сілы: драматычныя сцэны з жыцьця прамысловага цэнтру. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1927. — 273 с. — 3000 ас.

Апавяданьні, аповесьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Цішка Гартны. Трэскі на хвалях : апавяданьні. — Менск: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Савецкая Беларусь», 1924. — 254 с. — 3000 ас.
  • Цішка Гартны. Выбраныя апавяданні: Лайдак; Вялікодная каробка; «Дойдзем, сынок»; Сымонка ― інжынер; Бягунец. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1926. — 60 с. — (Сялянская бібліятэка; № 58). — 3000 ас.
  • Цішка Гартны. Трэскі на хвалях : апавяданьні. — 2-е выданьне. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1927. — 309 с. — 3000 ас.
  • Цішка Гартны. Прысады: апавяданьні. Зьмест: Прысады; Ядзя-Жучок; Праводзіны; Хільшчык Шлёма Брыкер; Чапіла душы; Таварыш інспэктар; Дыягназ; Таварышы; Свае блінцы; На стыку: п'еса ў 5 дзеях; Дзьве сілы: драматычныя сцэны з жыцьця прамысловага цэнтру. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1927. — 273 с. — 3000 ас.
  • Цішка Гартны. Прысады: апавяданьні. — 2-е выданьне. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928. — 287 с.
  • Цішка Гартны. Гаспадар: апавяданьні / Прадмова Міхаіла Пятуховіча. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1930. — 90 с. — (Мастацкае слова — масам). — 5000 ас.
  • Цішка Гартны. На новым месцы: аповесьць. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1930. — 93 с. — (Мастацкае слова — масам). — 5000 ас.
  • Цішка Гартны. Прысады: апавяданьні. Зьмест: Прысады; Больш за ўсіх; Спатканьне; Распусьніца; Дойдзем, сынок; Лайдак. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1930. — 104 с. — (Мастацкае слова масам). — 5000 ас.
  • Цішка Гартны. Зялёны шум: Аповесьць. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1931. — 5000 ас.
  • Цішка Гартны. Гоман зарніц: апавяданьні. Зьмест: Гаспадар; Напевы Сірэн; Зялёны шум; Пахучы зяб; Круты паварот Смерць Германа Васэрмана. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1932. — 297 с. — 3000 ас.
  • Цішка Гартны. Выбраныя апавяданні. Зьмест: Лайдак; Велікодная каробка; Штрэйхбрэхер; Дойдзем, сынок; Грэскі на хвалях; Свае блінцы; Прысады; Гаспадар; Смерць Германа Васэрмана; Касьян Рулін / Складаньне,падрыхтоўка тэкста, прадмова, камэнты і заўвагі Аляксей Клачко. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1962. — 279 с. — 6000 ас.
  • Цішка Гартны. . Насустрач сонцу: Выбраныя апавяданні. Змест: Насустрач узышоўшаму сонцу; Думкі; На ўсходзе сонца; Адвячоркам; Шукаючы працы; Штрэйкбрэхер; Лайдак; Велікодная каробка; Распусніца; Дойдзем, сынок і інш. / Укладаньне Аляксея Клачко. — Менск: Мастацкая літаратура, 1978. — 365 с. — (Бібліятэка беларускай прозы). — 10 000 ас.
  • Цішка Гартны. Завяўшая краса: Апавяданні / Укладаньне: Роліч Г. В.. — Менск: Мастацкая літаратура, 2001. — 223 с. — 2500 ас. — ISBN 985-02-0510-5

Пераклады зь іншых моў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крытыка, рэцэнзіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Ізвѣщенія. 22 авг. въ 7 ч. веч. въ помѣщеніи «Бѣлорусской Соціалистической Грамады» (Знаменская ул. 36, кв. 54), состоится общее собраніе всѣхъ членовъ «Б. С. Г.» и сочувствующихъ, на которомъ будутъ сдѣланы слѣдующіе доклады: 1. Члена Особаго Совѣщанія—1. Я. Воронко на тему «Государственное Совѣщаніе въ Москвѣ и національный вопросъ». II. Старшины «Б. С. Г».—Д. Ф. Жилуновича—«Конференція Национально-Соціалистическихъ Партій». III. І. А. Лавриновича—Центральная Бѣлорусская Рада въ Минскѣ. / Фёдар Дан // Извѣстія Петроградскаго Совѣта Рабочихъ и Солдатскихъ Депутатовъ. : газэта. — Копейка, 22.08.1917/02.09.1917. — № 150. — С. 12.
  2. ^ Демократическое совѣщаніе. Засѣданіе 22 сентября. / Ф. А. Степунъ // Армія и Флотъ Свободной Россіи(Русскій инвалид) : газэта. — Петроградъ: 23 верасьня (6 кастрычніка) 1917. — № 218. — С. 2.
  3. ^ Руднева С.Е. Демократическое совещание (сентябрь 1917 г.): История форума.. — Москва: Наука, 2000. — С. 148. — 256 с. — 500 ас. — ISBN 5-02-010200-8
  4. ^ Дѣйствія правительства. Объ учрежденіи Временнаго Совѣта Россійской Республики. / М. Б. Войцеховичъ // Вестник Временного правительства : газэта. — Петроград: 1917, 03 окт. (16 окт.). — № № 167(213). — С. 1.
  5. ^ Руднева С.Е. Предпарламент. Октябрь 1917 г.: опыт исторической реконструкции.. — Москва: Наука, 2006. — 279 с. — 500 ас. — ISBN 5-02-035534-8
  6. ^ Дзве даты // «Звязда» №216 (26824) 4 лістапада 2010
  7. ^ Эла Дзьвінская. Да 100-годдзя БССР. Літаратурны вобраз кіраўніка першага ўраду БССР. (Размова зь пісьменьнікам Эрнэстам Ялугіным). // Наша слова : штотыднёвая газэта. — 2 студзеня 2019. — № 1 (1412). — С. 4.
  8. ^ Мікола Равенскі / Укладальнік Лявон Юрэвіч; Навуковы рэдактар Натальля Гардзіенка. — Менск: «Кнігазбор», 2020. — С. 47. — 164 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-7227-83-9
  9. ^ Міхаіл Мацісон. Словы Цішкі Гартнага. Рэвалюцыйныя песьнi. (Ноты). — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1929. — Т. Выпуск 1., Рыгор Пукст
  10. ^ Цішка Гартны. Калысная песня. // Дзянніца : газэта. — 1918, 7 лістапада. — № 37. — С. 3.
  11. ^ Рыгор Пукст. Словы Цішкі Гартнага. Калысная песня (Калыханка): «Спі, дзіцятка, люлі, люлі...»:. — М: Музгиз, 1930.
  12. ^ Рыгор Пукст. Рамансы (Ноты) : для голасу з фартэпіяна. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя музычнай літаратуры, 1958. — 128 с. — 1000 ас.
  13. ^ Аляксей Туранкоў. Песьні будаўніцтва (Ноты): 6 масавых песень з нотамі на 2 голасы (без суправадж).. — Менск: 1931. — 14 с. — 3000 ас.
  14. ^ ГАРТНЫ Цішка
  15. ^ Уля Шубзда, Ганна Шарэнда. (27 кастрычніка 2018) «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».. БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]