Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

НАРБ з тыльнага боку будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Абрэвіятура НАРБ
Дата ўтварэньня 28 траўня 1927 (92 гады таму)
Тып архіў
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта захоўваньне архіўнага фонду Беларусі
Штаб-кватэра Менск, Першамайскі раён, прасп. Незалежнасьці, д. 116
Месцазнаходжаньне Беларусь
Каардынаты Каардынаты: 53°55′52″ пн. ш. 27°38′46″ у. д. / 53.93111° пн. ш. 27.64611° у. д. / 53.93111; 27.64611
Кіраўнік Андрэй Дземянюк
Матчына кампанія Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
Сайт narb.by
Колішняя назва Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР (да ліпеня 1938 г.), Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР (да траўня 1993 г.), Беларускі дзяржаўны архіў (да чэрвеня 1995 г.)

Нацыяна́льны архі́ў Рэспу́блікі Белару́сь — дзяржаўны архіў Беларусі, заснаваны ў траўні 1927 году ў Менску.

НАРБ захоўвае дакумэнты органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня Беларусі, рэспубліканскіх, партыйных, камсамольскіх, прафсаюзных, грамадзкіх і каапэратыўных установаў, ВНУ, установаў Часовага ўраду Расеі на землях Беларусі, беларускіх нацыянальных і нямецкіх акупацыйных установаў часоў акупацыі Нямеччынай і Польшчай, асабістыя фонды дзяржаўных і грамадзкіх дзеячоў Беларусі з сакавіка 1917 году да нашых дзён. Дакумэнты адлюстроўваюць падзеі Лютаўскай рэвалюцыі і кастрычніцкага перавароту, усталяваньня савецкай улады ў Беларусі, утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай ССР, дзейнасьць Камуністычнай партыі Беларусі і Ленінскага камсамолу Беларусі, аднаўленьне народнай гаспадаркі і разьвіцьцё культуры ў 1920-я гады, сацыялістычнае будаўніцтва, народна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, нямецкі акупацыйны рэжым, барацьбу беларускага народа супраць акупантаў, разьвіцьцё партызанскага руху і патрыятычнага падпольля ў гады Нямецка-савецкай вайны, аднаўленьне і разьвіцьцё гаспадаркі і культуры ў пасьля ваенны час, станаўленьне сувэрэннай Рэспублікі Беларусь. Архіў вядзе навукова-дасьледчую дзейнасьць, распрацоўвае пытаньні дакумэнтазнаўства, тэорыі і мэтодыкі архівазнаўства. Рыхтуе дакумэнтальныя выданьні[1].

Чытальня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2017 год чытальня НАРБ большую частку году працавала з аўторка па чацьвер з 9:00 да 20:00, у пятніцы — з 9-й да 18-й гадзіны, у суботы — з 9-й да 15-й гадзіны. Улетку расклад працы з панядзелка па чацьвер быў з 9:00 да 17:30, у пятніцы — з 9:00 да 16:15. Для працы ў чытальні патрабавалі пашпарт, фота памерам 3×4 см і заяву або накіраваньне з ВНУ для студэнтаў і асьпірантаў або іншай установы для яе прадстаўнікоў[2].

24 траўня 2012 г. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ухваліла Пастанову № 133 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі пра парадак карыстаньня архіўнымі дакумэнтамі ў чытальных залях дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь». Паводле 19-га артыкула Інструкцыі, «Адначасова для карыстаньня можа быць выдадзена 5 вопісаў, 10—20 справаў або 10—20 адзінак захоўваньня кінафонадакумэнтаў з часам гучаньня ня больш за 3 гадзіны, 30—50 ка́лек навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі». Паводле 20-га артыкула, «Вопісы і іншыя архіўныя даведнікі выдаюцца карыстальніку на тэрмін да 5 дзён, асабліва каштоўныя дакумэнты — да 5 дзён, унікальныя дакумэнты па дазволе кіраўніка архіва — на 1 дзень, справы, мікракопіі, друкаваныя выданьні — на 1 месяц»[3].

Паслугі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2017 год Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляў за плату:

  • апісаньне і прыём дакумэнтаў на захоўваньне;
  • кансультаваньне і распрацоўку заканадаўства і мэтодыкі ў архіўнай справе і справаводзтве;
  • адказ на запыты пра жыцьцяпіс і радавод, якія тычацца маёмасных і спадчынных правоў;
  • капіяваньне і пераклад дакумэнтаў з замежных моваў;
  • падбор дакумэнтаў для выкарыстаньня ў радыё- і тэлеперадачах;
  • выставы дакумэнтаў, лекцыі і экскурсіі па архівах[4].

Таксама НАРБ адказваў на пісьмовыя і электронныя запыты аб: 1) удзеле ў партызанскім і падпольным руху; 2) раскулачваньні, пазбаўленьні правоў і высяленьні; 3) узнагароджаньні ордэнамі і мэдалямі; 4) знаходжаньні ў нацысцкіх канцлягерах і турмах; 5) знаходжаньні на акупаванай тэрыторыі Беларусі і на прымусовай працы; 6) рэпрэсіях і рэабілітацыі; 7) працоўным стажы і заробку[5].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле стану на 1 студзеня 2017 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь зьмяшчаў 1244 фонды, якія ўлучалі 3434 вопісы і 1 106 989 адзінак захоўваньня, а таксама 2486 дакумэнтаў[6]. Архіў складаўся з 8 аддзелаў: 1) забесьпячэньня захаванасьці дакумэнтаў і фондаў; 2) справаводзтва і фармаваньня Нацыянальнага архіўнага фонду; 3) фондаў асабістага паходжаньня; 4) аўтаматызаваных архіўных тэхналёгіяў; 5) інфармацыйна-пошукавых сыстэмаў; 6) навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакумэнтаў; 7) выкарыстаньня дакумэнтаў і інфармацыі; 8) публікацыяў[7].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 траўня 1927 г. Цэнтральны выканаўчы камітэт (ЦВК) і Савет народных камісараў БССР зацьвердзілі Пастанову аб стварэньні Цэнтральнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі (ЦАКР) БССР[8]. На 1 кастрычніка 1927 г. ЦАКР БССР зьмяшчаў звыш 161 000 справаў. Будынак архіва, дзе да 1922 г. месьцілася царква сашэсьця Сьвятога Духа, абсталявалі 37 стэлажамі агульнай даўжынёй 2400,55 пагонных мэтраў. Фонды разьмясьцілі ў архівасховішчах плошчай 315,4 м². У яшчэ адным сховішчы плошчай 20,53 м² захоўвалі дарэвалюцыйныя дакумэнты, якія ў 1938 годзе перадалі ў Цэнтральны гістарычны архіў БССР. Да пачатку 1928 году ўсе сховішчы занялі дакумэнтамі, таму ў 1-й палове 1928 году абсталявалі 2-і паверх з дадатковай плошчай 204,16 м². На 1 кастрычніка 1928 г. агульная плошча архівасховішчаў склала 687,93 м² з 45 усталяванымі стэлажамі даўжынёй 2986,54 пагонных мэтраў. На іх разьмясьцілі 243 441 адзінку захоўваньня, аб’яднаную ў 660 фондаў, і 4350 кг россыпу. Да канца 1930 году ў архіў паступіла 92,9 тыс. справаў і 4,3 тоны россыпу. У жніўні 1929 г. ЦВК БССР зацьвердзіў Пастанову аб пераводзе ЦАКР у Магілёў у сувязі з памежным становішчам Менску. 15 кастрычніка 1930 г. зацьвердзілі Палажэньне аб Цэнтральным архіўным кіраўніцтве БССР, паводле якога ў ЦАКР БССР стварылі архіў кінафотадакумэнтаў і сакрэтны архіў. У 1930 г. архіў перавезьлі ў Магілёў[1], дзе разьмясьцілі ў былым будынку касьцёла сьвятога Станіслава.

На 1 траўня 1933 г. архіў налічваў 6 супрацоўнікаў. На 10 чэрвеня 1936 г. было 16 штатных і 28 пазаштатных супрацоўнікаў. У 1937 годзе архіў выдаў 1784 даведкі. У 1938 годзе ў чытальні працавала 15 дасьледнікаў. У ліпені 1938 г. назву зьмянілі на Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва (ЦАКРСБ) БССР. На пачатак 1941 г. архіў зьмяшчаў 850 тыс. справаў у 2318 фондах. У ліпені 1941 г. аддзел сакрэтных фондаў, які месьціўся ў будынку зачыненай у 1928 годзе царквы Яна Багаслова Богаяўленскага брацкага манастыра, спаліў усе свае дакумэнты ў сувязі з пачаткам Нямецка-савецкай вайны. Узімку 1941—1942 гадоў архіўныя фонды перавезьлі ў клюб швейнікаў па вуліцы Леніна на загад нямецкага камандаваньня, каб вярнуць касьцёл сьвятога Станіслава вернікам. У студзені-лютым 1944 г. нямецкія акупацыйныя ўлады вывезьлі частку архіва ў Рыгу (Райхскамісарыят Остлянд), дзе разьмясьцілі ў будынку Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Латвійскай ССР. У студзені 1944 г. ЦАКРСБ Беларускай ССР аднавіў дзейнасьць у Гомелі са штатам у 38 супрацоўнікаў. У ліпені 1944 г. архіў вярнулі ў Менск[1].

Па вайне ў Магілёве захавалася 30 тыс. справаў, у Рызе — 50 тысячаў, то бок агулам 9,4% ад даваеннага архіва. У 2-й палове 1944 году ў архіў паступілі дакумэнты нямецкіх акупацыйных і беларускіх калябарацыйных установаў, якія разьмясьцілі ў будынку Менскага абласнога архіва па вул. Бакуніна, д. 4. У ліпені 1945 г. з Рыгі вярнулі вывезеныя дакумэнты, якія разьмясьцілі ў будынку зачыненай у 1930-я гады Халоднай сынагогі па вул. Няміга, д. 1Б. У верасьні 1945 г. Савет народных камісараў БССР перадаў архіву будынак зачыненай у 1933 г. Петрапаўлаўскай царквы па вул. Астроўскага, д. 4. На 1 студзеня 1946 г. архіў налічваў 239 фондаў, якія ўлучалі 153 412 адзінак захоўваньня, і 3324,5 кг россыпу. У верасьні 1949 г. звыш 30 тонаў дакумэнтаў Цэнтральнага статыстычнага кіраўніцтва і Дзяржпляна БССР перанесьлі з падвала на 2-і паверх будынка былой Петрапаўлаўскай царквы. У 1950 г. рэшту перавезьлі ў памяшканьне Цэнтральнага архіва фонафотакінадукмэнтаў БССР па Старажоўскай вуліцы. За 1952 год у аддзеле сакрэтных фондаў 10-кратна павялічылі захоўваньне дакумэнтаў, якія ў выніку склалі каля паловы ад агульнага ліку: на 1 студзеня 1952 г. засакрэчанымі былі 23 фонды і 3 часткі фондаў абсягам 4219 адзінак захоўваньня, на 1 студзеня 1953 г. — 62 фонды і 20 частак фондаў абсягам 42 814 адзінак захоўваньня. Большасьць засакрэчаных дакумэнтаў тычылася часу нямецкіх акупацыйных установаў і калябарацыйных установаў Беларусі. У 1953 году ўвесь архіў перавялі ў будынак былой Петрапаўлаўскай царквы, дзе дакумэнты раўнамерна разьмясьцілі на 3-х паверхах. Упершыню прыступілі да карданаваньня і абяспыльваньня дакумэнтаў. У чытальні працавалі 27 дасьледнікаў. У 1954 г. выйшаў зборнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук БССР «З гісторыі змаганьне за ўсталяваньне Савецкай улады ў Беларусі і ўтварэньня БССР», у які ўвайшлі 22 дакумэнты ЦАКРСБ БССР з сакавіка 1917 г. па люты 1919 году. 25 лютага 1956 г. першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў зачытаў на 20-м зьезьдзе КПСС даклад «Аб кульце асобы і яго наступствах». У сувязі з гэтым 31 сакавіка 1956 г. Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову «Аб захадах упарадкаваньня рэжыму захоўваньня і лепшага выкарыстаньня архіўных матэрыялаў міністэрстваў і ведамстваў БССР». У выніку за 1956 г. аддзел сакрэтных фондаў перадаў на агульнае захаваньне 24 937 справаў. За год лік дасьледнікаў у чытальні вырас удвая да 112. З 1958 г. пачалі мікрафільмаваньне дакумэнтаў[9].

У 1960 г. архіў вывелі з падпарадкаваньня Міністэрству ўнутраных справаў БССР. За 1969—1980 гады архіў прыняў звыш 100 000 справаў ад рэспубліканскіх установаў і ў выніку вычарпаў вольныя плошчы. У 1988 годзе ў сувязі з палітыкай перабудовы і галоснасьці зьнялі абмежаваньні на доступ да дакумэнтаў 19 ведамстваў. У 1991 г. архіў пераехаў у новы будынак па вул. Крапоткіна, д. 55. У выніку лік супрацоўнікаў вырас да 80. Цягам 1992—1994 гадоў на захаваньне прынялі 75,4 тыс. справаў. У траўні 1993 г. назву зьмянілі на Беларускі дзяржаўны архіў. У чэрвені 1995 г. архіў атрымаў сучасную назву Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, у які перадалі дакумэнты былога Цэнтральнага архіва КПБ. Да 1999 г. дакумэнты архіва засяродзілі ў будынку па вул. Кірава, д. 43. На 2000 г. меў 200 фондаў, якія налічвалі 916,5 тыс. справаў. Працавала 6 аддзелаў: 1) забесьпячэньня захаваньня дакумэнтаў і фондаў, інфармацыйна-пошукавых сыстэмаў; 2) справаводзтва, камплектаваньня і ведамасных архіваў, навуковага выкарыстаньня дакумэнтаў і інфармацыі; 3) асабістых фондаў; 4) дакумэнтаў Нямецка-савецкай вайны; 5) навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакумэнтаў; 6) публікацыі дакумэнтаў. Таксама працавала ўласная бібліятэка, якая налічвала 8,2 тыс. кніг, 1,7 тыс. гадавых камплектаў часопісаў і 1,5 тыс. гадавых камплектаў газэтаў[1].

У жніўні 2007 году НАРБ пераехаў у новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе заняў 17—21 паверхі. Цягам 2011 году ў НАРБ працавалі 2,5 тыс. дасьледнікаў, у тым ліку замежнікі з 5 краінаў (Расеі, Украіны, Польшчы, Францыі і Ізраіля). На 1 чэрвеня 2012 г. налічвалася 8 архівасховішчаў агульнай плошчай 6771 м². У 1319 фондах НАРБ захоўвалі 1 043 778 справаў, што складала 37 930 пагонных мэтраў паліцаў. За 2007—2012 гады архіў выканаў грамадзка-гаспадарчых і 1989 прадметных запытаў. Алічбаваныя 1,5 тыс. справаў займалі 110 дыскаў. Звыш 3000 справаў зьмяшчалі дзяржаўную або службовую таямніцу, таму заставаліся недаступнымі карыстальнікам архіва[8].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Генадзь Баброўскі (30 чэрвеня 1927 — 4 лістапада 1929)
  • Зінаіда Раманава (студзень — жнівень 1931)
  • Пётар Вашкевіч (травень 1936 — лістапад 1937)
  • Георгі Вайцяховіч (1 верасьня 1944 — люты 1946)
  • Яфрэм Карпачоў (люты 1946 — красавік 1952)
  • Валянціна Ільлічова (красавік 1952 — жнівень 1959)
  • Міхаіл Лемяшэўскі (жнівень 1959 — 1969)
  • Мікалай Корзун (1970—1978)
  • Л.Ф. Лемеш (1978—1982)
  • Вячаслаў Селяменеў (1982 — 2010)
  • Мікалай Рудакоўскі (2010—2014)
  • Віктар Кураш (2014—2017)
  • Андрэй Дземянюк (з 2017 году)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Вячаслаў Селяменеў. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 237. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
  2. ^ Чытальная зала // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 15 кастрычніка 2017 г.
  3. ^ Алег Сьліжэўскі. Пастанова Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 24 траўня 2012 г. № 133 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі пра парадак карыстаньня архіўнымі дакумэнтамі ў чытальных залях дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь»(рас.) // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 15 кастрычніка 2017 г.
  4. ^ Платныя паслугі // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 15 кастрычніка 2017 г.
  5. ^ Запыты і паслугі // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 15 кастрычніка 2017 г.
  6. ^ Вопісы // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2017 г. Праверана 15 кастрычніка 2017 г.
  7. ^ Структура архіва // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 15 кастрычніка 2017 г.
  8. ^ а б Павал Берасьнеў. «Бязь веданьня свайго мінулага мы не пабудуем будучыні» // Зьвязда : газэта. — 2 чэрвеня 2012. — № 104 (27219). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ На шляхах станаўленьня (1927-1960)(рас.) // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 15 кастрычніка 2017 г.